Для камфортнага ўзаемадзеяння з грамадствам і вырашэння прафесійных задач сучаснаму спецыялісту неабходна не толькі ўмела карыстацца інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, але і ведаць правілы карэктных паводзінаў у лічбавым асяроддзі. Сёння ў БДУ існуе мноства інфармацыйных і лічбавых рэсурсаў, якімі супрацоўнікі і студэнты карыстаюцца штодня. Таму іх кампетэнтнасць у валоданні гэтымі сродкамі – «вострае пытанне» для ўніверсітэта.
Экспертныя семінары аб фарміраванні ў супрацоўнікаў і навучэнцаў БДУ культуры лічбавых паводзін і лічбавай гігіены прайшлі 30 сакавіка ў рэктараце. Мадэратарам семінараў выступіў начальнік упраўлення экспертнай і аналітычнай працы БДУ Яўген ХАРУК.
Удзельнікі першага семінара разгледзелі маральна-этычны аспект лічбавай культуры. Эксперты – дэкан факультэта журналістыкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксей БЯЛЯЕЎ, начальнік цэнтра карпаратыўных камунікацый Таццяна ЗАЙКОЎСКАЯ, дырэктар УА «Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ», доктар юрыдычных навук, прафесар Аксана ЗДРОК, начальнік прэс-службы БДУ Алена МАРЦУЛЕВІЧ і начальнік Псіхалагічнай службы БДУ, практычны псіхолаг найвышэйшай катэгорыі Руслан ПАПОК. Яны абмеркавалі ўспрыманне інфармацыйных тэхналогій студэнтамі і выкладчыкамі, важнасць лічбавай гігіены, правілы выкарыстання рабочых інфармацыйных рэсурсаў, закранулі таксама пытанне абароны асабістай інфармацыі. Яўген Харук адзначыў, што, паводле даных статыстычнага аналізу, супрацоўнікі БДУ не ў поўнай меры карыстаюцца магчымасцямі лічбавых рэсурсаў універсітэта, напрыклад, асабістым кабінетам.
Эксперты надалі ўвагу праблеме росту нервова-эмацыйных нагрузак з прычыны павелічэння інфармацыйных плыняў у прафесійнай дзейнасці і праблеме напаўняльнасці рэсурсаў універсітэта ўнікальным кантэнтам. Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што карпаратыўная культура фарміруе адказнасць за свае паводзіны ў лічбавай прасторы. У выніку абмен думкамі паказаў важнасць павышэння медыйнай пісьменнасці і неабходнасць у найбліжэйшы час сфармуляваць канцэпцыю інфармацыйнай палітыкі ўніверсітэта.

Начальнік упраўлення экспертнай і аналітычнай працы БДУ Яўген Харук
Другі семінар быў прысвечаны тэхналагічнаму аспекту фарміравання лічбавай культуры: звычкам лічбавых паводзінаў і карыстання тэхнічнымі сродкамі, якія ёсць у распараджэнні супрацоўнікаў і студэнтаў.
Экспертамі па гэтым напрамку выступілі начальнік цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ Віктар КОЧЫН, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый» Таісія КУЗЬМІНА, прафесар кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі механіка-матэматычнага факультэта, доктар педагагічных навук, прафесар Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЕЎ, старшы выкладчык кафедры лічбавай эканомікі эканамічнага факультэта Таццяна БРОНСКАЯ.
Падчас абмеркавання былі падрабязна разабраны асаблівасці фарміравання і зместу тэхналагічнага асяроддзя лічбавай прасторы ўніверсітэта, выяўлены асноўныя праблемы тэхнічнай пісьменнасці супрацоўнікаў і навучэнцаў. Віктар Кочын падкрэсліў, што вельмі важна прытрымлівацца правілаў лічбавай гігіены пры выкарыстанні рэсурсаў універсітэта. Таксама эксперты абмеркавалі фарміраванне тэхнічнай інфраструктуры БДУ, у тым ліку якія пляцоўкі неабходныя для яе развіцця.
Арганізатар экспертных семінараў – упраўленне экспертнай і аналітычнай работы. Першыя дзве сустрэчы далі старт больш шырокаму абмеркаванню праблематыкі важнай для развіцця ўніверсітэта тэмы.
Ганна КАЗАКОВА