Праблема фарміравання лічбавай культуры звязана з агульным працэсам лічбавізацыі, асабліва ў сферы эканомікі. З 2021 года на эканамічным факультэце БДУ ў эксперыментальным парадку чытаецца навучальны курс «Лічбавая культура» для першага курса спецыяльнасці «эканамічная інфарматыка».
Доктар тэхнічных навук прафесар кафедры лічбавай эканомікі Барыс Мікалаевіч ПАНЬШЫН звярнуўся ў рэкдакцыю газеты з прапановай расказаць больш падрабязна супольнасці БДУ пра лічбавую эканоміку і культуру. Ён упэўнены, што было б добра аб’яднаць высілкі розных факультэтаў і чытаць курс «Лічбавая культура» ўсім студэнтам: і фізікам, і лірыкам.

Прафесар кафедры лічбавай эканомікі эканамічнага факультэта БДУ Барыс Паньшын
Лічбавая эканоміка будучыні – эканоміка інклюзіўная і салідарная.
Гэта эканоміка сумеснага карыстання, што азначае максімальнае ўцягванне насельніцтва ў вытворчасць, размеркаванне даходаў у адпаведнасці з калектыўнымі інтарэсамі, максімальную эфектыўнасць выкарыстання рэсурсаў краіны шляхам кааперацыі прадпрыемстваў і асобных людзей на аснове даверу і перанясення адказнасці за працу на ніжнія ўзроўні прыняцця рашэнняў.
Рэспубліка Беларусь мае найбольш «важкія» перадумовы для паспяховасці такой мадэлі лічбавай будучыні. Адзначым, што сацыяльная справядлівасць і давер да кіраўніцтва краіны з’яўляюцца найважнейшымі прыярытэтамі дзяржаўнага кіравання. Дададзім высокую ступень кіравальнасці эканомікай і сацыяльным развіццём з апорай на вытворчую і грамадскую культуру насельніцтва. А таксама тое, што ўсе галіны краіны працуюць як адзіны механізм, а не як асобныя бізнесы.
Лічбавая трансфармацыя эканомікі краіны і грамадства ажыццяўляецца шляхам стварэння лічбавых платформаў гарадоў, галін і буйных прадпрыемстваў, платформаў у спажывецкім сегменце і ў сацыяльнай сферы (медыцына, адукацыя, культура), дзяржаўных сэрвісаў. Усе кампаненты існуюць як узаемазвязаныя складовыя часткі нацыянальнай лічбавай экасістэмы і ствараюць ўмовы для рэалізацыі ў найбліжэйшай перспектыве, на працягу 6-7 гадоў, канцэпцыі «лічбавага дзяржплана і лічбавага стратэгічнага кіравання».
Сінергетычныя эфекты лічбавізацыі залежаць ад інфармацыйнай і лічбавай самаарганізацыі прадпрыемстваў і спецыялістаў. Таму неабходная інтэграцыя прафесійных і культурных ведаў і навыкаў, што патрабуе вывучэння і асэнсавання лічбавай культуры – новага напрамку ў тэорыі і практыцы лічбавай трансфармацыі.
Культурныя выдаткі аказваюць моцны ўплыў на развіццё традыцыйнай эканомікі і маюць яшчэ большыя наступствы ў лічбавай. Чым больш складаныя тэхналогіі, тым вышэйшыя патрабаванні да кваліфікацыі і якасці ўзаемадзеянняў.
Даследаванні паказваюць, што звыш 30% перашкод на шляху да паспяховай лічбавай трансфармацыі прадпрыемстваў абумоўлены менавіта культурнымі і паводніцкімі праблемамі супрацоўнікаў і негатоўнасцю менеджараў эфектыўна камунікаваць у лічбавым асяроддзі.
З гэтай прычыны сусветныя гіганты лічбавай індустрыі (Google, Alibaba і іншыя) ужо даўно выкарыстоўваюць методыкі і алгарытмы вызначэння адпаведнасці супрацоўнікаў спецыфічным патрабаванням лічбавай культуры сучасных «разумных» кампаній (кіраванне рызыкамі, супрацоўніцтва, здольнасць самастойна дзейнічаць у гнуткіх аргструктурах на аснове гарызантальных сувязяў і сеткавай каардынацыі, прыняцці рашэнняў на аснове інтэлектуальнай апрацоўкі даных, асабістага ўдзелу ў прыняцці рашэнняў і г. д.). Таму курс па лічбавай культуры для эканамістаў з’яўляецца не толькі наватарскім, але і вельмі актуальным.
Галоўная задача курса – разуменне студэнтамі важнасці правядзення эканамічнага аналізу з улікам паводзін людзей у лічбавым асяроддзі, іх кампетэнцый і каштоўнасных установак. Гэта разуменне таго, што лічбавая трансфармацыя ў першую чаргу разглядаецца як сацыяльная з’ява, якая ўзнікае з новых формаў камунікацый і ўзаемадзеяння паміж людзьмі пасродкам сацыяльных сетак, лічбавых платформаў і тэхналогій. І, натуральна, разуменне таго, што лічбавае асяроддзе прадвызначае і адпаведную арганізацыйную структуру бізнесу, і паводзіны супрацоўніка (яго кампетэнцыі і каштоўнасці).
З пункту гледжання развіцця грамадства, лічбавую культуру можна разглядаць як гуманітарны рэсурс лічбавізацыі, як інстытут для дасягнення дасканаласці ў прымяненні лічбавых тэхналогій з мэтай стварэння лічбавага асяроддзя максімальна камфортнага для ўзаемадзеяння. Для гэтага лічбавае асяроддзе павінна быць «эстэтычна зараджаным», г. зн. фарміравацца па законах эстэтыкі і рацыяналізацыі, максімальна змяншаючы рызыкі і пагрозы сеткавых камунікацый. Галоўнае месца лічбавай культуры, як і традыцыйнай культуры, гэта ўнутраны свет чалавека і свет супольнасці, для падтрымання якіх патрэбныя пастаянныя самаўдасканаленне і выдаткі чалавечай энергіі, праца над сабой і фарміраванне адпаведных інстытутаў для рэгулявання паводзін і ўзаемадзеянняў у лічбавым асяроддзі.
У самым агульным сэнсе лічбавую культуру можна разглядаць, з аднаго боку, як інстытут для дасягнення дасканаласці ў стварэнні і прымяненні лічбавых тэхналогій, з іншага – як комплекс практык для рэгулявання паводзін людзей і супольнасцяў у лічбавым асяроддзі. Важна, на мой погляд, адзначыць тое, што лічбавая культура пакуль яшчэ навука Х, гэта значыць цалкам не вызначана і з ярка выяўленым міждысцыплінарным характарам. Гэта свайго роду філасофія развіцця лічбавага свету, і для розных спецыялізацый навучанне лічбавай культуры павінна ажыццяўляцца паслядоўна прыкладна па такой агульнай схеме (гл. выяву): пачынаючы ад культуры дыялогу і акадэмічнага пісьма і завяршаючы культурнымі аспектамі стварэння і прымянення сістэм штучнага інтэлекту. Такі падыход дае магчымасць аб’яднаць высілкі ўсіх факультэтаў у даследаваннях і падрыхтоўцы практычных методык па лічбавай культуры і адначасова ўзбагаціць студэнтаў разуменнем складанасці, шматстайнасці і супярэчлівасці развіцця лічбавага свету.
На сёння ў многіх ВНУ розных краін уведзены навучальныя курсы і магістарскія праграмы па лічбавай культуры, створаны кафедры, факультэты, лабараторыі і даследчыя інстытуты. Галоўным чынам, гэта краіны з развітым сегментам крэатыўнай эканомікі (Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, Галандыя, Ізраіль і інш.), у якіх даследаванні засяроджаны на ўзаемадзеянні лічбавай культуры з тэхналогіямі. У Расіі гэта Вышэйшая школа лічбавай культуры ў Нацыянальным універсітэце ІТМО (Санкт-Пецярбург), кафедра лічбавай культуры ў Маскоўскім лінгвістычным універсітэце. У навучальных курсах падкрэсліваецца, што лічбавая трансфармацыя – гэта не тэхналогіі і інструменты, а людзі і, самае галоўнае, культура.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што фарміраванне лічбавай культуры ў эканоміцы і грамадстве надзвычай актуальнае і з’яўляецца паўнавартаснай працай для ўсіх навучальных спецыялізацый.
У Беларусі навучальны курс па лічбавай культуры пакуль афіцыйна аформлены толькі на эканамічным факультэце БДУ. Зыходзячы з нашага досведу і сусветнай практыкі падрыхтоўкі кадраў для лічбавай эканомікі, уяўляецца вельмі актуальным фарміраванне ў БДУ міждысцыплінарнага навучальнага курса па лічбавай культуры як аднаго з асноўных у падрыхтоўцы кадраў для рэалізацыі дзяржаўных задач лічбавага развіцця, а таксама стварэнне даследчай магістратуры «Лічбавая эканоміка + Лічбавая культура».
Лічбавая культура як новы феномен знаходзіцца ў стадыі актыўнага абмеркавання і асэнсавання тэарэтыкамі і практыкамі глабальнай лічбавай трансфармацыі эканомікі і грамадства. Асаблівую вастрыню для сістэмы адукацыі ёй надаюць імклівае пашырэнне выкарыстання нейрасетак і ўскладненне лічбавага свету.