У размове з рэзідэнтамі стартап-цэнтра БДУ неаднаразова чула, што 9 з 10 стартапаў правальваюцца і што гэта патрэбна добра ўсведамляць, каб імі займацца. Пра тое, што дапамагае сучаснай моладзі шукаць сябе ў прадпрымальніцтве новага пакалення, пагутарылі з трыма студэнтамі-рэзідэнтамі.
Да прыняцця ў рэзідэнцтва стартапы ўдзельнічалі ў акселерацыйнай праграме Space University, якая праходзіла ў БДУ на працягу двух з паловай месяцаў у тры этапы – адборачны, навучальны і заключны. Ідэі адсейваліся, калі праектныя каманды не дасягалі пэўных параметраў паводле метрык. Пераможцы праграмы выступілі на прадпрымальніцкім форуме Startup Bootcamp BSU, дзе каманда арганізатараў сабрала разнапрофільнае журы экспертаў-практыкаў як з Беларусі, так і з-за мяжы. Зваротную сувязь па стартапах далі прадстаўнікі «Марозпрадукту», «Сбербанка», бізнес-інкубатара GenerationS і інш. Гэта дало камандам магчымасць ацаніць уласныя праекты, убачыць узровень іх падрыхтоўкі. Затым стартап-цэнтр БДУ аб’явіў набор рэзідэнтаў.
У выніку ў апошні набор, які прайшоў 20 снежня мінулага года, рэзідэнтамі цэнтра сталі каманды 8 ініцыятыў. Далей, як патлумачыў спецыяліст стартап-цэнтра БДУ Ягор АЛІФЕРКА, для кожнага праекта ствараецца дарожная карта (стратэгічны план, па якім развіваецца ініцыятыва). Таксама за кожным з іх замацоўваецца трэкер (спецыяліст, які сочыць, каб яго каманда выконвала ўмовы дарожнай карты) і ментар – уладальнік уласнага бізнесу, які раней меў паспяховы вопыт рэзідэнцтва ў стартап-цэнтры БДУ і цяпер перадае яго студэнтам.

Аляксандр Лукашэвіч
Трэцякурснік Аляксандр ЛУКАШЭВІЧ вучыцца на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Хлопец разам з камандай працуе над праектам All, які ўяўляе сабой распрацоўку воблачнага сховішча на базе тэхналогіі блокчэйн.
– У вас на камп’ютары захоўваецца пэўны масіў даных. Там заканчваецца месца, і файлы пераносяцца на воблачнае сховішча. Але апошнім часам свет сутыкаецца з пагрозамі ўзломаў: асабістыя даныя перастаюць быць асабістымі. Для рашэння гэтага пытання мы прапаноўваем уласны сэрвіс з узмоцненым узроўнем абароны: наша каманда распрацавала тэхналогію, звязаную з блокчэйнам, што адказвае за захоўванне інфармацыі. Для таго, каб узламаць такую сістэму, патрэбны камп’ютары новага пакалення, якія з’явяцца зусім не хутка, – тлумачыць хлопец.
Зараз над стартапам працуе каманда з дзесяці чалавек. Аснову калектыву складаюць пяцёра студэнтаў: з БДУ – трэцякурснікі Аляксандр Лукашэвіч, Юлія Палухоўская і чацвёртакурснік Артур Сакольчык, з БДУІР – чацвёртакурснікі Максім Юшкевіч і Расціслаў Кайко. Ужо зараз праект мае шматфункцыянальны сайт, які прэзентуе прадукт патэнцыйнаму спажыўцу, расказвае пра тэхналогію і бяспечныя метады захоўвання даных. Таксама тут ёсць план інвестыцый у праект і алгарытмы яго прасоўвання. Акрамя таго, праект неаднойчы быў адзначаны на хакатонах рознага ўзроўню.
Напачатку прадпрымальніцкага шляху распрацоўшчыкі вывучылі рынак канкурэнтаў, якія абаранялі сховішчы даных пры дапамозе блокчэйну. Убачыўшы, што ў большасці выпадкаў кампаніі спецыялізуюцца на вузкіх праблемах, і, удасканаліўшы тэхналогію, хлопцы вырашылі пашырыць кліенцкі ахоп. Дарэчы, спажыўцом прадукту могуць быць кампаніі любой скіраванасці. Трэцякурснік расказвае, што для таго, каб у будучым праект стаў больш буйным, патрэбна павялічыць каманду да 30 чалавек і мець 800 тысяч долараў. Усё гэта патрэбна для таго, каб тэхналогіяй займаліся адукаваныя тэхнічныя спецыялісты, а таксама для аплаты магутных сервераў, дзе будуць захоўвацца звесткі.
Галоўнай цяжкасцю ў тым, чым займаецца Аляксандр, з’яўляецца тое, што нямногія з яго асяроддзя разумеюць сутнасць стартапаў. Маўляў, калі няма хуткай эканамічнай аддачы, які сэнс гэтым займацца?
– Калі ёсць нейкія поспехі, рух, блізкія радуюцца. Але калі наступае зацішша, ім цяжка ўсвядоміць, чым я займаюся. У стартапы патрэбна шмат фінансавых укладанняў, таму прыходзіцца паралельна займацца яшчэ чатырма праектамі, якія дазваляюць развіваць All. Акрамя таго, знайсці працу без вопыту складана, а ў стартапах ён якраз набываецца. Самае складанае ў такіх сітуацыях – патлумачыць, што стартаперы не лынды б’юць, – дзеліцца Аляксандр. – Людзі, якія не займаюцца гэтым, баяцца змяніць стабільную працу, якая ў іх ужо ёсць і прыносіць даход, на нешта з туманнымі перспектывамі і няўпэўненасцю, што праект акупіцца. А мы іншыя – крыху адчайныя людзі.
Раман СЯЦЬКО вучыцца на трэцім курсе факультэта журналістыкі. Студэнт кажа, што вольны ад вучобы час у яго звычайна працоўны: хлопец імкнецца сумяшчаць розныя заняткі і паспяваць усё.
– Я захапляюся людзьмі – мне падабаецца знаёміцца з прадстаўнікамі розных краін, узаемадзейнічаць з імі. У гэтым плане я камандны гулец: у адзіноце не магу займацца нічым. А камунікацыя з людзьмі не дае мне згубіцца і натхняе, – апісвае сябе Раман.

Раман Сяцько
Цікавасць хлопца да стартапаў сыходзіць каранямі ў школьныя гады, калі ён пачаў знаёміцца з асновамі прадпрымальніцтва. Пасля таго, як хлопец прайшоў адукацыйны курс, які ладзіў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, ён зразумеў, што бізнесам не толькі можна, але і трэба займацца. Так, школьнік імкнуўся больш паглыбіцца ў тэму: шукаў спецыяльную інфармацыю, праходзіў бясплатныя анлайн-курсы і сустракаўся з людзьмі, якія маглі падзяліцца вопытам.
Пасля паступлення Раман убачыў, што ў БДУ ёсць уласныя акселерацыйныя праграмы, і стаў іх удзельнікам. Гэта дало яму нямала спецыяльных ведаў, а таксама значна пашырыла кола знаёмых. Аднак самае галоўнае, што прынеслі акселерацыйныя праграмы, – перакананне ў неабходнасці ствараць вялікі і цікавы праект самастойна. Паступова думка вылілася ў Child Ed – сямейны дадатак, які дазваляе дзецям выпрацоўваць матывацыю да вучобы.
– Праблема ў тым, што сучасным дзецям цяжка захапляцца вучэбным працэсам. Людзям, малодшым за мяне на 5-7 гадоў, цяжка ўспрымаць інфармацыю, калі яна падаецца традыцыйнымі метадамі. Ды і хто ў большасці выпадкаў можа матываваць дзяцей? Толькі бацькі. Таму мы звярнуліся да дарослых з пытаннем, як можна вырашыць гэту задачу, – тлумачыць Раман Сяцько. – Высветлілі, што найчасцей паміж бацькамі і дзіцем заключаецца сацыяльная дамова, нешта накшталт: «Будзеш вучыцца на 9-10 – атрымаеш тое і тое». Аднак падобныя механізмы не зусім дзейсныя і не да канца зразумелыя дзецям. Бацькі таксама хочуць матываваць школьнікаў, але не разумеюць, як зрабіць гэта больш правільна, чым падтрымліваць фінансава.
У функцыянале дадатку дарослыя змогуць выстаўляць задачы, за выкананне якіх дзеці будуць атрымоўваць віртуальныя манеткі, – гэта ўнясе ў працэс элементы гульні, а таксама дазволіць не заахвочваць школьнікаў грашова. Гэтыя бонусы ў будучым дзіця зможа абмяняць на «плюшкі», загадзя абгавораныя з бацькамі (для гэтага ў дадатку ствараюцца спецыяльныя карткі).
Трэцякурснік дзеліцца, што ў перспектыве распрацоўшчыкі хацелі б змяшчаць у Child Ed таксама карткі іншых «гульцоў» – арганізацый-партнёраў. Напрыклад, каб дзіця ў якасці прыза за паспяховасць магло купіць сабе курс па робататэхніцы, сеанс у анлайн-кінатэатр ці паход з сям’ёй на батуты. Самае галоўнае для каманды – захаваць баланс паміж вучобай, узаемаадносінамі дзіцяці з сям’ёй і яго вольным часам.
Механіка функцыянавання дадатку працуе па алгарытме «пастаноўка задачы – яе выкананне – атрыманне прыза». Раман гаворыць, што каманда не імкнулася вынайсці наноў веласіпед і ўзяла за аснову правераны механізм. Таму перавага гэтага стартапа ў тым, што ён зразумелы і хуткадаступны як для дзяцей, так і для дарослых.
Зараз праект удасканальваюць 6 чалавек – чацвёра студэнтаў і выпускнікоў БДУ, а таксама – двое студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай. Нягледзячы на тое, што стартапу толькі паўгода і прасоўваюць яго распрацоўшчыкі на ўласныя грошы, пэўныя прыступкі яны ўжо скарылі.
– Найпершы наш набытак – тое, што мы дакладна зразумелі, чым павінны займацца. Гэта вельмі няпроста для стартапа, які толькі-толькі развіваецца, таму што напачатку ідэя бачыцца, як кажуць, «сферычным канём у вакууме» – і ўсе разумеюць яе па-рознаму. Другі – добрая каманда. Мы сабралі разам людзей, гатовых шмат працаваць, і робяць гэта класна. Трэці набытак – не менш важны – мы пацвердзілі актуальнасць праблемы, дзякуючы зваротнай сувязі ад экспертаў і патэнцыяльнай аўдыторыі нашага прадукту. Таксама ў нас з’явілася партнёрская база, куды ўваходзяць кампаніі з Партугаліі, «Сбербанк», Фонд ААН у галіне народанасельніцтва і інш. А яшчэ каманда пачала тэсціраваць клікабельны прататып Child Ed, – пералічвае Раман Сяцько. – Кожны стартап павінен вырашаць праблему, інакш яд яго няма сэнсу. Іншая справа, колькім людзям ён дапаможа, паколькі, калі гэта вырашыць цяжкасці толькі аднаго чалавека, для эканомікі ён будзе нерэнтабельны.
Мікіта ПЛАТОНАЎ – другакурснік фізічнага факультэта, які вучыцца па праграме Сумеснага інстытута БДУ і Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта. Яго захапленне прадпрымальніцтвам пачалося з кніг па маркетынгу і бізнесе, а таксама – з інтарэсу да інвестыцый. Хлопец зразумеў, што самыя надзейныя ўкладанні – гэта ўкладанні ў сябе, і пачаў наведваць спецыялізаваныя канферэнцыі, знаёміцца са спецыялістамі з розных бізнес-напрамкаў, прасоўваў першы асабісты праект. І цяпер студэнт – заснавальнік стартапа Managic, што адказвае за кіраванне ўсімі працэсамі бізнесу. Гэта ідэя нарадзілася з практыкі: як чалавек, які сам кіруе маркетынгавым агенцтвам, Мікіта не знаходзіў сэрвісаў, якія б маглі комплексна вырашыць пытанне кіравання бізнес-працэсамі. І цяпер над яе рэалізацыяй працуюць 5 чалавек – студэнты БДУ, БДМУ і БДУІР.

Мікіта Платонаў
– Бізнес вельмі падобны да арганізма чалавека. Аднак, калі ў арганізме многія працэсы запраграмаваны генетычна і іх не трэба карэкціраваць, то ў бізнесе шмат рэчаў патрэбна закладваць і рэгуляваць чалавеку. Напрыклад – выбудаваць работу двух аддзелаў, наладзіць узаемадзеянне з кліентамі, прасачыць за выкананнем задач, адсачыць фінансы і інш. У наш час добрых менеджараў не так шмат, таму настройка жыццёва неабходных працэсаў бізнесу займае шмат часу і не заўсёды адбываецца так, як патрэбна заказчыку. Гэтыя пытанні якраз вырашаем мы. Наша платформа акумулюе функцыі, што дапамагаюць кіраваць усемагчымымі бізнес-працэсамі. Мэтавая аўдыторыя нашага стартапа – малы і сярэдні бізнес, а перавага – у зручным функцыянале, яго даступнасці і ў тым, што на адной пляцоўцы вырашаецца не адна канкрэтная задача, а цэлы комплекс.
Па словах Мікіты, яго заняткі стартапам блізкае асяроддзе падтрымлівае, аднак у яго паспяховую рэалізацыю мала хто верыць.
– Калі толькі ідэя з’явілася, то для бацькоў яна была нечым нерэальным. Калі з’явіўся клікабельны дзейны прататып, стала значна прасцей, – кажа другакурснік. – Але гэта не самае цяжкае. Складанасці ўзнікаюць у асноўным тады, калі няма вопыту ў вырашэнні праблемы і галіне наогул.
Хлопец лічыць, што матывацыя рэалізаваць стартап у людзей розная: нехта імкнецца зарабіць, нехта – вырашыць праблему, з якой чалавек сутыкнуўся сам, і імкнецца дапамагчы з ёй іншым. Для яго ж Managic – гэта таксама магчымасць вырашыць шэраг праблемных момантаў і паставіць адзнаку «зроблена» ў асабістым спісе. Разам з тым Мікіта перакананы, што пры любым раскладзе добры стартап не павінен быць накіраваны на разбурэнне.
– Вось і наш стартап як чароўная палачка, што дапамагае спрасціць свет бізнесу. Нават у самой яго назве схавана «магія», – рэзюмуе студэнт.
Ірына ІВАШКА