З наступнага навучальнага года на эканамічным факультэце БДУ з’явіцца новая спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт». Плануецца, што 60% месцаў будуць мэтавымі.
У Рэспубліцы Беларусь цэнтральным звяном сістэмы кантролю выкарыстання дзяржаўнай маёмасці і бюджэтных сродкаў з’яўляецца Камітэт дзяржаўнага кантролю. Адкрыццё новай спецыяльнасці спрыяе нарошчванню неабходнага для эканомікі краіны кадравага запасу – спецыялістаў, здольных прафесійна ажыццяўляць кантроль за эфектыўным і рацыянальным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў і дзяржаўнай уласнасці.
Аднак такі аўдыт не зводзіцца выключна да праверкі фінансавай справаздачнасці дзяржаўных структур. Яго асноўная задача – забеспячыць дзейнасць органаў улады па кіраванні даручанымі ім грамадскімі рэсурсамі, напрыклад, па кіраванні дзяржаўнымі фінансамі і мясцовымі бюджэтамі. Таксама сярод задач аўдытара ацэнка (напрыклад, выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, ажыццяўлення дзяржаўных закупак), аналіз узроўню эканамічнай бяспекі і забеспячэнне эканамічнай бяспекі.
– Наша новая спецыяльнасць адносіцца да групы «эканамічная бяспека», у рамках якой мы навучаем студэнтаў прафесійна вырашаць задачы па забеспячэнні эканамічнай бяспекі: выяўляць знешнія і ўнутраныя пагрозы, прымяняць прылады і механізмы нейтралізацыі і прадухілення пагроз, абароны эканамічных інтарэсаў арганізацый розных формаў уласнасці, – распавядае дэкан эканамічнага факультэта Ганна Анатольеўна Каралёва.
Акцэнт у падрыхтоўцы спецыяліста па дзяржаўным аўдыце зроблены на дысцыпліны, звязаныя з вывучэннем бухгалтарскага ўліку ў арганізацыі і асаблівасцямі яго прымянення ў розных сферах дзейнасці. Працэс навучання арыентаваны пераважна на атрыманне ведаў у галіне правядзення незалежнай аўдытарскай праверкі па пацвярджэнні дакладнасці бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці гаспадарчых суб’ектаў і адпаведнасці заканадаўству здзейсненых гаспадарчых аперацый. Таксама запланавана вывучэнне студэнтамі спецыяльных дысцыплін у галіне дзяржаўных фінансаў і дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, кантролю эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, асаблівасцяў правядзення аўдыту дзяржаўных рэсурсаў.
– Падрыхтоўку такіх кваліфікаваных работнікаў немагчыма забяспечыць у рамках ужо існых спецыяльнасцяў у вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Трэба дадаць у праграму падрыхтоўкі шмат дысцыплін, якія тычацца менавіта дзяржаўных фінансаў і дзяржаўнага кіравання ў цэлым, – тлумачыць Ганна Каралёва. – Спецыялісту па дзяржаўным аўдыце неабходныя веды не толькі методыкі правядзення аўдыту, але і бюджэтных працэдур, асноў эканамічнай палітыкі, эканамічнай бяспекі, асаблівасцяў кіравання дзяржуласнасцю, а таксама ўменне папярэджваць неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных фінансаў і дзяржаўнай уласнасці эканоміка-прававымі метадамі. Акрамя таго, ва ўмовах нарастання глабальных выклікаў і пагроз трэба рыхтаваць спецыялістаў, якія здольныя прымаць кіраўнічыя рашэнні па забеспячэнні эканамічнай бяспекі як на рэгіянальным узроўні, так і на ўзроўні суб’ектаў гаспадарання. Таму будучая спецыяльнасць прадугледжвае падрыхтоўку выпускнікоў, здольных праводзіць маніторынг і аўдыт кіравання нацыянальнымі рэсурсамі на дзяржаўным, рэгіянальным узроўнях, а таксама на ўзроўні арганізацый. І перш за ўсё забяспечваць іх эканамічную бяспеку.
Што будуць вывучаць студэнты спецыяльнасці «дзяржаўны аўдыт»
Навучальны план распрацаваны на аснове планаў спецыяльнасцяў «Эканоміка», «Фінансы і крэдыт» і «Эканамічная бяспека». Акрамя стандартнага дзяржаўнага кампанента студэнты будуць вывучаць такія эканамічныя дысцыпліны, як «Кантроль і рэвізія», «Асновы дзяржаўнага аўдыту», «Бюджэтная сістэма», «Бюджэтна-падатковая палітыка», «Асновы эканамічнай бяспекі», «Падатковае стымуляванне эканамічнай дзейнасці», «Міжнародныя стандарты аўдыту», «Кіраванне дзяржаўнымі закупкамі», «Аналіз эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў», «Грамадзянскае права» і іншыя. У праграму спецыяльнасці будуць уключаны сучасныя метады аналітыкі вялікіх даных, штучнага інтэлекту, воблачных тэхналогій.
– 53% прафесарска-выкладчыцкага складу эканамічнага факультэта БДУ маюць ступень кандыдата навук і 12% – доктара навук, што забяспечыць высокі ўзровень падрыхтоўкі будучых аўдытараў. Мы будзем узаемадзейнічаць з прадстаўнікамі замоўцаў кадраў, у тым ліку органамі дзяржаўнага кіравання. У нас ёсць папярэднія дамоўленасці пра чытанне лекцый і правядзенне практычных заняткаў з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, Міністэрствам фінансаў, Міністэрствам па падатках і зборах, Аўдытарскай палатай. У планах сумесная падрыхтоўка студэнтаў з Вышэйшай школай дзяржаўнага аўдыту Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, – адзначае Ганна Каралёва.
Дзе выпускнікі змогуць пабудаваць кар’еру
У выпускнікоў шырокія перспектывы па працаўладкаванні. У першую чаргу гэта органы дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь: Камітэт дзяржаўнага кантролю, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства фінансаў, абласныя і гарадскія выканаўчыя камітэты і інш. Таксама спецыялісты змогуць уладкавацца ў навукова-даследчыя ці камерцыйныя арганізацыі, установы адукацыі.
З тым наборам навыкаў і ведаў, якія атрымаюць выпускнікі новай спецыяльнасці, яны змогуць працаваць у службах эканамічнай бяспекі, кантрольных і аналітычных службах бюджэтных і камерцыйных арганізацый, аддзелах унутранага аўдыту і ведамаснага кантролю дзяржаўных органаў. Акрамя таго, змогуць стаць спецыялістамі ў галіне выканання бюджэту, кіравання бюджэтна-падатковай сферай, рэгулявання эфектыўнага вядзення эканамічнай дзейнасці. Для іх таксама адкрытыя кар’ерныя магчымасці ў кіраванні сацыяльнымі праграмамі.
Ганна КАЗАКОВА