Уражанні студэнтаў з Паднябеснай

26 мая, 2023.

У БДУ атрымліваюць адукацыю больш за дзве тысячы кітайскіх грамадзян. На факультэце журналістыкі колькасць студэнтаў з Паднябеснай толькі на першай ступені навучання дасягае амаль 400 чалавек.

У 2021 годзе на факультэце быў створаны беларуска-кітайскі медыяцэнтр, дзе студэнты абедзвюх краін практыкуюцца ў стварэнні медыйных прадуктаў: здымаюць відэасюжэты і рыхтуюць матэрыялы для публікацыі ў сацыяльных сетках. Мы спыталі ў студэнтаў-аднагрупнікаў з Кітая, чаму яны выбралі БДУ. Нашых герояў аб’ядноўвае не толькі нумар групы, але і любоў да рускай мовы.

Чжаа Сюань прыехала з горада Чэнду і зараз вучыцца на 3 курсе па спецыяльнасці «вэб-журналістыка». Каля трох гадоў таму дзяўчына пачала вывучаць рускую мову. Ёй вельмі спадабалася вымаўленне, што і стала адной з прычын, каб распачаць пошукі рускамоўных ВНУ за мяжой.

Пра Беларусь Сюань даведалася ад сваёй цёткі, якая ўжо даўно працуе ў краіне ў сферы адукацыі. Яна і параіла дзяўчыне БДУ. Пасля ўласнага інтэрнэт-расследавання абітурыентка канчаткова вырашыла паступаць менавіта ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і не расчаравалася. За час пражывання і навучання ў Беларусі яна назапасіла шмат уражанняў і цікавых гісторый. Па заканчэнні студэнтка плануе вярнуцца ў родны горад да сваёй сям’і і там адкрыць уласны бізнес.

– Мне запомнілася адна сустрэча. Калі я ўпершыню ў Беларусі выклікала таксі, выявілася, што ў мяне не засталося наяўных дробных грошай. Я сказала кіроўцу, што магу пайсці ў банк і размяняць, але ён адказаў, што не трэба турба­вацца, і бясплатна давёз да патрэбнага месца. У той момант я падумала, што беларусы вельмі прыязныя і цёплыя людзі. У навучанні ў БДУ я адзначыла шмат асаблівасцяў. Напрыклад, выкладчыкі ў Беларусі і Кітаі вельмі адрозніваюцца. Тут мы можам актыўна абмяркоўваць любыя пытанні, шмат размаўляць па тэме, а ў Кітаі – трэба проста слухаць і запамінаць, што кажа выкладчык. Замежным абітурыентам я пажадала б не баяц­ца паступаць у БДУ, але вельмі раю не адкладаць і загадзя вучыць рускую мову, каб лепш разумець, што кажуць на занятках.

Студэнт Ван Ке прыехаў у Мінск з горада Ухань. Хлопец пачаў цікавіцца рускай мовай у 2019 годзе, калі яшчэ жыў у Кітаі. Ён хацеў атрымаць якасную адукацыю і пасля доўгіх роздумаў абраў журфак БДУ. Ван Ке любіць абедзве краіны, і яго будучая прафесія дазваляе не абіраць толькі адну з іх. Пасля заканчэння вучобы ў планах хлопца працаваць журналістам паміж Кітаем і Беларуссю.

– На мой погляд, я атрымліваю добрую падрыхтоўку па спецыяльнасці, на факультэце мудрыя выкладчыкі і цікавы навучальны працэс. Думаю, што калі б нейкі мой сябра вырашыў вывучаць рускую мову, то я б сказаў, што Беларусь для гэтага – найлепшы варыянт. Але навучанне ў нашых краінах вель­мі адрозніваецца. Звычайна ў Кітаі мы робім шмат дамашніх заданняў і пішам канспекты, а тут мы больш размаўляем, прымяняем свае веды на практыцы: здымаем і манціруем відэа, пішам матэрыялы. Гэтым мне і падабаецца БДУ – у студэнта тут шмат свабоды. Мне запомніўся ўдзел у рэканструкцыі. На радзіме з такімі заняткамі я не сутыкаўся і тут адкрыў для сябе, як мне падабаецца гісторыя. У Беларусі ўсё іншае: культура, музыка, ежа. Але гэта і цікава, і ўдзел у такіх мерапрыемствах, як рэканструкцыя, толькі бліжэй знаёміць мяне з краінай, у якой я зараз жыву. Дзякуючы гэтай падзеі ў мяне з’явілася шмат сяброў-беларусаў.

Ван Ке прызнаецца, што часам сумуе па радзіме, і ў паўсядзённае жыццё імкнецца прыўнесці частку роднай культуры:

– Я жыву ў інтэрнаце, там добрыя ўмовы. Мае суседзі па пакоі – таксама кітайскія студэнты, таму нам зручна разам гатаваць ежу. Асабліва я люблю тофу, знайсці яго тут не вялікая праблема, бо ён прадаецца ў беларускіх гіпермаркетах.

Ван Ке ўдзельнічаў у рэканструкцыі (на фота – першы справа)

Студэнтка Хуан Лін прыехала з горада Цюаньчжоу. Яе бацька бізнесмен і вядзе справы ў асноўным з рускамоўнымі людзьмі, таму з дзяцінства кніжныя паліцы ў доме былі запоўнены рускімі творамі. Маленькая Лін ва ўсім брала прыклад з бацькі, таму, каб мець магчы­масць прачытаць усе кнігі ў доме, дзяўчынка пачала вучыць мову, на якой яны напісаны. З узростам гэта паўплывала на выбар краіны для атрымання адукацыі. Для дзяўчыны было важна, каб яе атачалі носьбіты рускай мовы.

Зараз яна здымае кватэру з сяброўкай, рыхтуецца да летняй сесіі і будуе планы на будучыню. Па сакрэце яна падзялілася сваёй запаветнай марай стаць выкладчыцай. У Кітаі гэтая прафесія лічыцца вельмі ганаровай, і студэнтка лічыць, што такая цікавая і важная справа жыцця прынясе ёй толькі шчасце.

– Пасля заканчэння ўніверсітэта я хацела б працягнуць навучанне. Думаю паступіць у магістратуру ў Расіі. Але пакідаць Беларусь назаўжды не планую, мабыць, вярнуся са ступенню магістра і пачну будаваць кар’еру ўжо тут. Ва ўніверсітэце можна пазнаёміцца з рознымі цікавымі людзьмі, але асабліва нечаканым для мяне было тое, што цёплыя адносіны можна наладзіць з выкладчыкамі. Яны адкрытыя, з імі можна абмеркаваць што заўгодна, як з сапраўднымі сябрамі, і яны ніколі не пакінуць у бядзе. Гэта тая рыса беларускіх выкладчыкаў, з-за якой я б параіла БДУ для паступлення ўсім сваім знаёмым.

 

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: