Больш, чым універсітэт: гісторыі выпускнікоў БДУ

31 Mar, 2026.

Для герояў нашага матэрыялу БДУ стаў важным этапам жыцця і фундаментам для будучыні. Гісторыі Юліяны, Дар’і і Віктара – пра тое, як студэнцкія гады ў сценах альмаматар фарміруюць не толькі прафесіянала, але і асобу , даюць неацэнныя сувязі і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Юліяна Вербянец, выпускніца 2024 года факультэта міжнародных адносін БДУ, успамінае свой першы дзень ва ўніверсітэце. Па яе словах, быў неверагодна спякотны верасень, а заняткі праходзілі ў другую змену. Яна толькі прыехала з Брэста, паспела пакінуць чамадан у камеры захоўвання і літаральна ў апошнюю хвіліну забегла на першую лекцыю, дзе яе ўжо чакалі новыя суседкі па інтэрнаце. Дзяўчаты сталі яе найлепшымі сяброўкамі, і яна лічыць, што гэта сапраўдны падарунак лёсу.

– У той дзень мяне вельмі ўразіла тое, наколькі паважліва ставяцца да студэнтаў. Большасць з нас яшчэ былі падлеткамі, але нас звалі калегамі, хвалілі, што мы прайшлі сур’ёзны адбор. Гэта паставіла высокую планку – і ацэнкі сябе, і стаўлення да нас.

З першага дня яна палюбіла і факультэт, і сваю спецыяльнасць. Дзяўчына паступала толькі ў БДУ, без запасных варыянтаў, абсалютна ўпэўненая ў сваім выбары.

Аднагрупнікі зрабілі на яе моцнае ўражанне сваёй энергіяй . Усе маладыя людзі гарэлі энтузіязмам, былі гатовы падхапіць і развіць любую ідэю. Асабліва гэта вылучалася на кантрасце са школай Юліяны. Дзяўчына адзначае, што зараджалася пазітывам ад сваіх новых сяброў і аднаўлялася маральна і фізічна.

Важную ролю адыгралі выкладчыкі-практыкі, якія давалі шмат рэальных кейсаў. А адзін педагог па псіхалогіі  кіравання змяніў яе погляд на студэнцкія гады:

– Студэнцтва – гэта не толькі атрыманне ведаў, гэта ў першую чаргу час, каб навучыцца камунікаваць, пабудаваць і будучае прафесійнае жыццё, і асабістае. Потым будзе не да таго, – з усмешкай успамінае выпускніца.

Галоўнымі прафесійнымі звычкамі, вынесенымі са сцен альма-матар, яна называе адказнасць і адаптыўнасць. Універсітэт навучыў яе працаваць з праўкамі, даносіць свой погляд і разумець, што шматразовыя дапрацоўкі – гэта нармальны шлях да якаснага выніку.

Ёй пашанцавала прымяніць веды адразу пасля выпуску – яна ўладкавалася бухгалтарам у турыстычную сферу. Акрамя прафесіі, універсітэт навучыў яе адстойваць свае межы, берагчы свой час і выбудоўваць эфектыўную камунікацыю з рознымі людзьмі.

Выпускнік факультэта журналістыкі Віктар Крывапустаў яшчэ да паступлення быў знаёмы з многімі будучымі аднагрупнікамі дзякуючы дыстанцыйным падрыхтоўчым курсам, што вельмі дапамагло. Уражанне ад факультэта ўсхвалявала – адчуваўся маштаб пасля гімназіі. Адбылася доўгачаканая сустрэча з аднагрупнікамі, якіх да гэтага ведаў толькі ў інтэрнэце.

Галоўную прафесійную звычку, вынесеную з універсітэта, ён фармулюе каротка і дакладна: правяраць інфармацыю трэба заўсёды. Прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы ён змог яшчэ да атрымання дыплома – малады чалавек пачаў працаваць з другога курса. Універсітэт навучыў яго не толькі прафесіі, але і ўменню знаходзіць агульную мову з людзьмі, задаваць правільныя пытанні і крытычна ацэньваць інфармацыю. Зараз ён працуе рэдактарам на тэлебачанні.

Са студэнцкага жыцця ён крыху шкадуе толькі пра тое, што не паспрабаваў сябе на радыё, хоць і атрымаў вопыт у іншых медыя. Часцей за ўсё ён успамінае мерапрыемствы праектнага напрамку студэнцкага савета факультэта журналістыкі, дзе ўпершыню папрацаваў з гукам і раскрыўся як арганізатар. Школьніку ён раіць выбраць БДУ, таму што гэта ўнікальныя магчымасці і высокакваліфікаваны выкладчыцкі склад:

– Такога прафесійнага выкладчыцкага складу больш няма нідзе. Адміністрацыя падтрымлівае ўсе пачынанні студэнтаў і дапамагае рэалізавацца, – завяршае свой аповед Віктар.

Дар’я Галавацкая з 10 класа ведала, што будзе паступаць менавіта ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, і выбрала гістарычны факультэт. Яна была ўпэўнена ў сваіх сілах. Першае ўражанне было надзвычайным: знаёмства з аднагрупнікамі ў агульным чаце і пры засяленні ў інтэрнат прымусіла хвалявацца.

– Уражанні пераўзышлі ўсе мае чаканні. Ёсць добрая фраза: «Не спяшайся рана зачароўвацца, каб потым не давялося расчароўвацца». Але такія словы не былі дастасавальныя да маёй сітуацыі. Я адразу палюбіла атмасферу факультэта, выкладчыкаў і студэнцкае жыццё.

Працаваць яна пачала на трэцім курсе – у школе. Гэты вопыт паказаў, што галоўнае ўменне выкладчыка не ў тым, колькі ты ведаеш і распавядаеш, а ў тым, як ты ўмееш гэтым веданнем дзяліцца. Акрамя прафесіі, універсітэт даў Дар’і веру ў свае магчымасці. Студэнцкая актыўнасць, арганізацыя мерапрыемстваў і міжнародныя стажыроўкі сталі неацэнным урокам камунікацыі і самаарганізацыі.

Цяпер узнагарода «Зорка БДУ» нагадвае ёй пра гэта. Першы курс дзяўчыны выпаў на перыяд дыстанцыйнага навучання, што падштурхнула яе да актыўнага сацыяльнага жыцця. Яна з цяплом успамінае працу ў студэнцкім савеце, сваю каманду і праекты, а таксама стажыроўкі – ад МДУ да Калінінграда. Асабліва каштоўнай стала праца ў прыёмнай камісіі БДУ, якая і вызначыла яе далейшы прафесійны шлях ва ўніверсітэце. Цяпер дзяўчына ўсё так жа цалкам прысвячае сябе адукацыі. Дар’я працягвае сваю дзейнасць у alma mater, але ўжо ў новай ролі – працуе выкладчыкам у Юрыдычным каледжы БДУ і бязмерна гэтым ганарыцца.

– Для мяне гэта сапраўднае месца сілы і творчасці. Мяне падтрымлівае адміністрацыя каледжа, яны стварылі неверагоднае поле для развіцця і давяраюць маім ініцыятывам. Яркім прыкладам іх падтрымкі стала наша сумесная перамога – падзяка ад Цэнтральнага раёна горада Мінска на конкурсе «Найлепшы малады спецыяліст года». Хачу асобна сказаць пра калектыў – такога я яшчэ не сустракала нідзе. Гэта рэдкае спалучэнне прафесіяналізму і чалавечага цяпла, дзе кожны гатовы падтрымаць. І тут вялікая заслуга кіраўніцтва, якое змагло аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў і не проста кіруе, а натхняе людзей на агульную мэту.

Сёння Юліяна, Дар’я і Віктар ужо не студэнты, але іх сувязь з БДУ не перарвалася. Застаецца аснова, закладзеная ва ўніверсітэце: уменне вучыцца, прыстасоўвацца і верыць, што няма вяршыняў, якія нельга скарыць.

Марыя КАРКВЕЛІС

print

Вам таксама можа спадабацца: