Мінск – Куала-Лумпур: Беларускія студэнткі пра свой досвед вучобы ў Малайзіі

19 Jun, 2025.

Студэнткі журфака БДУ рызыкнулі пакінуць звыклы свет і адправіліся па веды ў іншы канец свету – у сонечную Малайзію. Што іх чакала за тысячы кіламетраў ад дома? Новыя сябры, экзатычная культура і неацэнны вопыт, які змяніў іх жыццё. Сёння яны дзеляцца сваімі ўражаннямі, распавядаюць пра складанасці адаптацыі, пра ўсходнюю гасціннасць і пра тое, як вучоба ў Куала-Лумпуры адкрыла для іх новыя гарызонты.

Ідэя змяніць краіну на семестр узнікла ў трэцякурсніцы Ксеніі Смірновай спантанна. Авантуру падтрымала яе аднагрупніца Надзея Апановіч, і дзяўчаты пачалі рыхтавацца да паездкі.

  • Калі ў нас з’явілася жаданне паспрабаваць вучыцца ў новай краіне, ва ўніверсітэце быў выбар толькі паміж Малайзіяй і Расіяй. Можна было паехаць у Маскву і ў Санкт-Пецярбург, але хацелася чагосьці новага, а Малайзія, відавочна, мацней адрозніваецца ад Беларусі, – так аргументуе свой выбар Ксюша.

Складанасці з падрыхтоўкай

Пачатак падрыхтоўкі быў досыць простым. На праграмы абмену часта ёсць конкурс, але паехаць вучыцца ў Малайзію аказалася не так шмат ахвотнікаў, таму ніякага адбору праходзіць не прыйшлося.

На думку дзяўчат, самым складаным у арганізацыі паездкі быў збор дакументаў. Важна загадзя апавяшчаць адміністрацыю і факультэта, і ўніверсітэта. І хоць на вучобу ў іншую краіну яны адправіліся ў восеньскім семестры, збіраць усе дакументы пачалі яшчэ ў красавіку. Але нават гэта  не выратавала студэнтак ад стрэсу.

  • Увесь працэс аказаўся даволі зацяжны, складаны, шмат у чым незразумелы. Таму важна вельмі старанна разбірацца ва ўсіх «папяровых справах», – дадае Надзя.
Навучальны працэс

На адзін семестр студэнткі змянілі БДУ на University Malaya ў сталіцы Малайзіі Куала-Лумпуры. А факультэт журналістыкі – на факультэт мастацтваў і сацыяльных навук. Адукацыйная сістэма Беларусі і Малайзіі шмат у чым адрозніваецца. Так, у новай ВНУ дзяўчаты самі выбіралі сабе праграмы для вывучэння. Як адзначае Ксюша, выбар прадметаў – гэта гульня на хуткасць. На кожную дысцыпліну ёсць абмежаваная колькасць месцаў. На прадметы, блізкія да журналістыкі, месцы скончыліся вельмі хутка, таму Надзя і Ксюша дабіралі дысцыпліны да патрэбнай колькасці з шырокага пераліку, не звязанага з іх асноўнай праграмай навучання. У гэты спіс трапілі псіхалогія, пераканаўчая камунікацыя, культура Азіі і навыкі пабудовы каманды.

  • Я вывучала ў асноўным антрапалагічныя дысцыпліны. Яны не вельмі пераклікаюцца з журналістыкай, але ў гэтай прафесіі важна быць рознабакова адукаваным і атрымліваць любыя веды, – гаворыць Надзея.

А з-за таго, што прадметы, якія студэнткі вывучалі ў Беларусі і Куала-Лумпуры, не перасякаюцца, дзяўчаты па вяртанні ў Мінск здавалі ўсе прадметы на сесіі ў БДУ.

Уразіла стаўленне мясцовых студэнтаў да вучобы. У іх было ўсяго 5 прадметаў, а ў Беларусі ў тым жа семестры іх 13. У Малайзіі ў людзей, якія там пастаянна вучацца, каля 8 прадметаў за семестр. Нягледзячы на тое, што навучэнцам трэба выканаць літаральна адно групавое заданне за паўгода, яны ставяцца да вучобы сур’ёзна.

  • Я пыталася ў сваіх новых сяброў, як праходзяць іх вакацыі, а яны адказвалі, што вучацца амаль заўсёды. І сапраўды, уся моладзь вельмі начытаная, адукаваная, з імі цікава весці размову, – каментуе Ксенія.
Вольны час

Як адзначае Надзя Апановіч, штодзённае жыццё было вельмі спакойным: у тыдзень усяго 10 пар, вучоба займала тры дні, дамашнія заданні ў асноўным творчыя і дыстанцыйныя. Гэта ўцягвала ў навучальны працэс і давала шмат вольнага часу, каб падарожнічаць па краіне.

Акрамя таго, ва ўніверсітэце часта арганізоўвалі вечары для прагляду фільмаў, якія давалі нагоду для новых знаёмстваў.

  • Малайзія – гэта мультыкультурная краіна, тут адзначаюцца святы ўсіх рэлігій і канфесій, што дазваляе вывучаць культуру розных народаў. Мы трапілі на некалькі нацыянальных мерапрыемстваў, і было вельмі цікава за імі назіраць. Напрыклад, мы наведалі кітайскі Новы год і індыйскае свята Дыпавалі, – адзначае Надзея.

А вось Ксеніі асабліва запомніліся экскурсіі ў суседнія гарады:

  • Вельмі спадабалася ружовая мячэць у горадзе Путраджая, гэта сапраўды ўнікальнае месца. Яшчэ ў Малайзіі мы ўпершыню апынуліся ля мора. Выдатна, што ўсе гэтыя паездкі і мерапрыемствы для студэнтаў арганізоўвае ўніверсітэт.
Пытанні адаптацыі і моў

Як адзначаюць дзяўчаты, моўнага бар’ера як такога не было, бо ў краіне нароўні з малайзійскай афіцыйна замацавана англійская мова. Таму з кожным жыхаром можна свабодна гутарыць. Адзінай праблемай у зносінах сталі акцэнты. Самым складаным для разумення стала індускае маўленне. У першы час размаўляць са студэнтамі з Індыі было вельмі складана, але, як сказала Надзея, усё – справа звычкі, і нават да незвычайнага вымаўлення можна адаптавацца. Асноўная парада, якую нашы студэнткі могуць даць для паспяховай вучобы па абмене – пастаянна практыкаваць англійскую мову.

Асноўным адрозненнем у менталітэтах беларусаў і малайзійцаў стала адкрытасць. Наўрад ці можна сказаць, што беларусы вельмі закрытыя, але ў малайзійцаў дзіўны ўзровень адкрытасці.

  • Калі выйсці на вуліцу, табе прыкладна сто разоў скажуць «добрай раніцы» і кожны прахожы будзе ўсміхацца. Калі звернешся да кагосьці з просьбай, табе ніколі не адмовяць, – дапаўняе Надзя.

Ксюша таксама адаптавалася да новай краіны досыць хутка і без сур’ёзных праблем.

  • Самым складаным у новым універсітэце стаў пошук патрэбных аўдыторый. На тэрыторыі кампуса знаходзяцца ўсе факультэты, і заблытацца ў будынках было вельмі проста. Галоўная цяжкасць на працягу ўсіх 6 месяцаў – гэта ежа. Адсутнічаюць звыклыя для нас малочныя прадукты, а тыя, што ёсць, вельмі дарагія і моцна адрозніваюцца на смак. Я нават не думала, што так люблю тварожныя сыркі і смятану. Яшчэ там вельмі спецыфічная кухня, нязвыклая для нас. Нават калі ў кафэ папрасіць зрабіць страву не такой пякучай, яна ўсё роўна будзе занадта вострай.
Уражанні і высновы

Надзя вельмі ўдзячная за тое, што не адступілася і змагла прайсці да канца ўвесь цяжкі шлях з дакументамі. Па словах студэнткі, вярнуўшыся ў Беларусь яна ўжо вельмі сумуе па гэтым часе. Для яе гэта быў сапраўды іншы свет.

  • Наогул, да гэтага, да таго, як я падала заяўку, я нічога не ведала пра Малайзію, але цяпер я раю ўсім прыехаць туды хоць бы на адпачынак. А калі ёсць магчымасць паехаць вучыцца, то абавязкова едзьце, не думайце, не бойцеся, а рыхтуйцеся да яркіх уражанняў, – падсумоўвае Ксюша Смірнова.

Вопыт Надзі і Ксюшы паказвае, што вучоба за мяжой – не толькі акадэмічныя веды, але і сапраўдныя прыгоды, напоўненыя новымі адкрыццямі, знаёмствам з іншымі культурамі і яркімі ўражаннямі. Малайзія стала для іх краінай адкрытых, добразычлівых людзей, дзе студэнты могуць не толькі вучыцца, але і творча развівацца, падарожнічаць і атрымліваць асалоду ад жыцця.

 

Марыя КАРКВЕЛІС

print

Вам таксама можа спадабацца: