Паэтычныя словы — жанчынам

11 Mar, 2016.

20160303_165519 Паэзія, як правіла, абстрагуецца ад канкрэтных побытава- маральных сітуацый і дае малюнак жыцця пачуццёва абагульняючы, звязаны перш за ўсе з адчуваннямі чалавека, яго імкненнем і уменнем любіць. Сакавіцкія дні сталі добрай нагодай для сустрэчы пісьменнікаў Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з жанчынамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая была арганізавана ГА «Саюз жанчын БДУ» на чале са старшынёй саюза прафесарам І.В.Казаковай. На паэтычную вечарыну прыйшлі вядомыя паэты, празаікі, перакладчыкі, творчасць якіх сёння запатрабавана сучаснымі чытачамі. 20160303_162416 Перед вялікім светам, урэшце, перад няспыннай хадой вечнасці чалавек павінен быць сумленным перш за ўсё перад самім сабой — умець адказваць за тых людзей, якія табе давяраюць свае сэрца. Першая святая ісціна чалавечага існавання — каханне… Паэтычнае ўзнёслае слова пра каханне прагучала ў вершаваных радках лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова. Ен прачытаў урыўкі са сваёй паэмы «Шлях», а таксама вершы,прысвечаныя маці. Лірычны герой М.Башлакова трывожыцца, каб унутрана не аддаліцца ад аблічча роднай маці, не страціць выразную і празрыстую памяць аб ёй, бо гэта не толькі збедніць яго душэўна, але і абмяжуе бачанне свету. 20160303_161800 Беларускія паэты Навум Гальпяровіч, Уладзімір Мазго, Змітрок Марозаў, Мікола Шабовіч сваімі пранікнёнымі вершаванымі радкамі змусілі ўсіх прысутных яшчэ і яшчэ раз праверыць і пераправерыць свае месца ў жыцці, задумацца над бегам часу, засяродзіцца над уласнымі адчуваннямі плыні гадоў, якія імкліва бягуць наперад, не даючы магчымасці астанавіцца, перадыхнуць, адпачыць, асэнсаваць , што ж такое каханне… У выступленні старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова прагучаў заклік быць на ўзроўні часу і заўсёды адчуваць адказнасць перад сваей эпохай. Гэта адказнасць патрабуе ад творцы глыбока разбірацца ў жыцці, не блытаць добрае і дрэннае, выступаць нястомным барацьбітом за новае і перадавое, не палохацца праўды і шчырасці,перш за ўсё быць самім сабой, любіць людзей і сваю Айчыну. У вершах з апошняй паэтычнай кнігі «Наталенне Радзімай», якія перад прысутнымі прачытаў аўтар зборніка, ён па-майстэрску паказаў, як шмат значыць для сучаснага чалавека ўнутраная блізкасць з роднымі мясцінамі, людзьмі, народам, дзе чэрпаюцца новыя душэўныя сілы. Іменна дзякуючы гэтай сувязі чалавек вастрэй адчувае і ўсведамляе сапраўдны сэнс жыцця. Многія вершы М.Пазнякова пакладзены на музыку. Кампазітар і спявак Сяргей Кравец выканаў некалькі песен на словы паэта. Вершы, пакладзеныя на музыку, па- асабліваму пранікнёна і з вялікай цеплынёй прагучалі ў студэнцкай аўдыторыі, для ўсіх тых, хто любіць і цэніць беларускае паэтычнае слова. 20160303_162134 Паэт Хізры Асадулаеў прачытаў вершы. у якіх паўстае вобраз жанчыны як мадонны.У літаратуры за апошнія гады назбіралася шмат паэтычных кампліментаў, адрасаваных жанчыне і яе высокай місіі ў жыцці, якія,праўда, ні да чаго не абавязваюць аўтараў, а па змесце нагадваюць бяздумныя пасажы, якія можна пладзіць бясконца. Словы ж Х.Асадулаева прагучалі з асаблівай глыбінёй, сапраўднымі пачуццямі, калі жанчына — гэта сам сусвет, які перайшоў у душу паэта з усімі яго запасамі дабра і любові. На тему кахання ў апошнія гады з’явілася нямала твораў глыбокага ўнутранага перажывання, але часам гэтая тэма спараджала вершы павярхоўныя, імітацыйныя, а часам і запазычаныя па зместу. Паэт Анатоль Зэкаў прачытаў дасціпныя пародыі на такога кшталту творы, але разам з тым не знізіў паэтычны пафас і настраёвасць урачыстай вечарыны. Напрыканцы сустрэчы дэкан філалагічнага факультэта прафесар І.С.Роўда ад імя ўсіх жанчын ўніверсітэта выказаў шчырую падзяку ўдельнікам паэтычнага вечара і спадзяванні на далейшае творчае супрацоўніцтва. Таццяна БЕЛЬСКАЯ  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *