Стральцоў будзе жыць, пакуль мы яго памятаем і шануем

11 Mar, 2016.

Photo-15 “Журналістыка — гэта лад жыцця”. То былі словы Барыса Васільевіча Стральцова, настаўніка, навукоўца, журналіста, якому 1 сакавіка споўнілася б 90 год. Выкладчыкі без аніякага пафасу кажуць, што Стральцоў іх выхаваў прафесійна і проста па-чалавечы. Менавіта таму яны ладзяць на журфаку навукова-практычную канферэнцыю “Журналістыка ХХІ стагоддзя: традыцыі і выклікі новага часу”, прысвечаную свайму настаўніку. На запрашэнні паўдзельнічаць адгукнулася больш за 70 навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Славакіі. Словы падзякі майстру скажуць яго былыя вучні і калегі, навукоўцы і журналісты-практыкі Уладзімір Касько, Андрэй Кунцэвіч, Зіновій Прыгодзіч, Таццяна Арлова, Таццяна Падаляк, Леанід Екель, Людміла Саянкова, Алег Слука, Мікалай Леўчанка і іншыя. Да публікацыі рыхтуецца прысвечаная Стральцову кніга з успамінамі і навуковымі артыкуламі “Журналістыка ў суладдзі з жыццём”. Яна падрыхтавана пад рэдакцыяй былога студэнта Барыса Васільевіча, цяпер загадчыка кафедры медыалогіі і вэб-журналістыкі Васіля Пятровіча Вараб’ёва. Для яго канферэнцыя таксама стала нагодай добра ўспомніць пра майстра. — Усё жыццё ён быў для мяне настаўнікам. А пазнаёміліся мы на другім курсе факультэта журналістыкі. 18-гадовы студэнт і знакаміты прафесар. Заняткі ён праводзіў вельмі імкліва, прафесійна і практыка-арыентавана. Ніякіх мудрагелістых схем, а толькі тое, што патрэбна журналісту ў канкрэтных умовах у тым ці іншым выданні. Вось гэтым ён і схіляў да сябе большасць студэнтаў. Курсавую пісаў пад яго кіраўніцтвам. Пасля ён прыкмеціў і накіраваў мяне ў камандзіроўку ад “Звязды” разам з вопытным журналістам, каб павучыўся, як падрыхтаваць праблемную карэспандэнцыю. У яго адносіны са студэнтамі — усімі: і тымі, хто вучыўся, і тымі, хто лайдачыў, — былі роўнымі. Ён пастаянна імкнуўся данесці тое, што патрэбна журналісту ў практыцы. Калі ж Барыс Васільевіч заўважаў, што студэнт не рэагуе, ён мог прабачыць гэтую абыякавасць, калі ты супрацоўнічаеш з нейкім выданнем. Калі ж не, “траяк” будзе забяспечаны. Ён мог закрыць вочы на пропускі заняткаў, на нейкую няўважлівасць, але быў бязлітасны, калі чалавек не працуе над сабой, сваім прафесійным ростам. Streltsov_19711 — І былі людзі, якіх ён выключыў? — Такіх не ведаю. Але тое, што прымушаў вяртацца да здачы таго, ці іншага заліку, экзамену, гэта 100%. — А Стральцоў-навуковец Вам як запомніўся? — У гэтым сэнсе Стральцоў, відаць, адзіны, з даследчыкаў інфармацыйнай прасторы, чые тэарэтычныя даследаванні заснаваныя поўнасцю на практыцы. І таму яны і па сёння актуальныя. Яго сістэма жанраў… Так, яна карэктуецца, але на аснове гэтай распрацоўкі было ўведзена ажно пяць дысцыплін на факультэце журналістыкі: “Інфармацыйныя жанры”, “Аналітычныя жанры”, “Мастацка-публіцыстычныя жанры”, спецкурсы па фельетоне, нарысе. Яго распрацоўкі і сёння, калі іх належным чынам выкладаць, карыстаюцца попытам. — Дарэчы, Вы былі першым аспірантам, які абараніўся пад яго кіраўніцтвам? — Дзесьці на пятым курсе Барыс Васільевіч прапанаваў пайсці да яго ў аспірантуру. Але я для сябе такой мэты не ставіў. Працаваў у “Чырвонай змене”, перайшоў на “Інтэграл” радыёжурналістам, а потым запрасілі рэдагаваць універсітэцкую газету. І калі перайшоў рэдактарам універсітэцкай газеты, ён мяне на другі ці трэці месяц запрасіў да сябе і, шчыра кажучы, схіліў да напісання кандыдацкай дысертацыі і выкладчыцкай работы. Журналісцкая практыка была абавязковай умовай. Ён нават гаварыў так: “Аспірант павінен паспрабаваць журналісцкай кашы на газетным канвееры”. Акадэмічны падыход да нашай практыка-арыентаванай навукі Барыс Васільевіч не ўспрымаў. — Дзіўна, як у яго, навукоўца, строгага і прынцыповага чалавека, ужываўся лірычны пачатак? — У гэтым і парадокс, і арганічнасць Барыса Васільевіча. Ён быў глыбокі аналітык, разам з тым валодаў цудоўным вобразна-публіцыстычным мысленнем. Гэта зноў жа, відаць, ідзе ад яго жыццёвых пуцявін. Бо да таго, як прыйсці на журфак выкладаць, ён 20 гадоў працаваў на газетнай малатарні. А газетная справа – гэта не толькі нататка. Гэта і вобраз, і трапнае слова, і разуменне жыцця. А жыццё вельмі шматпланавае, разгалінаванае. Таму ён з аднаго боку аналітык, а з другога — лірык. Streltsov — Усё ж сучасная Стральцову газета была не падобнай да сённяшніх. Цікава, як ён характарызаваў змены, якія адбыліся ў журналістыцы за апошнія дзесяцігоддзі? — Ён характарызаваў гэта як часовы заняпад журналісцкага майстэрства. Знікае публіцыстыка, нарысістыка, фельетон, а журналісты абыходзяцца толькі рэпартажам, інтэрв’ю і “фатаграфуюць” рэчаіснасць, замест таго, каб прымушаць чытача думаць. Таму ён па гэтай праблеме не раз выказваўся ў друку, у тым ліку на старонках “Звязды” і газеты Саюза журналістаў “Узыходжанне”: патрэбна расціць і выхоўваць журналістаў не толькі на інфармацыйным ракурсе праблем, але і на аналітычнай цаліне. Ён лічыў, што празмерны тэхналагізм спрашчае ўспрыманне рэчаіснасці як у журналістаў, так і ў спажыўцоў інфармацыі. — Старэйшае пакаленне яго ведала. А вось тым студэнтам, што прыходзяць цяпер, Стральцоў можа падацца нейкім “чалавекам з вокладкі”. Яны бачаць імянную аўдыторыю, шмат кніг, але як асобу яго не ведаюць. Ці не баіцеся Вы, што для сучаснага студэнта, як для мяне, напрыклад, Стральцоў стане іконай? — Стральцову гэта не пагражае з той простай прычыны, што ён пакінуў пасля сябе кніжкі не толькі навуковыя, але і мастацка-публіцыстычныя, апавяданні і абразкі. І каб даведацца пра яго як чалавека вельмі шырокай натуры, дастаткова разгарнуць 3-4 абразкі, пачытаць, і чалавечая яго постаць сапраўды паўстае ва ўсёй прыгажосці. Гэта чалавек, які прафесійна займаўся журналістыкай і як даследчык, і як практык, і як настаўнік. — А што такое “стральцоўскі ўрок”? — Штогод 1 сакавіка (дзень нараджэння Барыса Васільевіча — заўв. рэд.) мы, выкладчыкі, якія яго ведалі, прыходзім у студэнцкія аўдыторыі і палову гадзінкі, гадзінку распавядаем пра яго тэарэтычны ўнёсак, пра яго практычную дзейнасць. Па сутнасці, гэта вуснае эсэ выкладчыка пра свайго былога калегу. — Цікава, што сам Барыс Васільевіч сказаў бы, калі б даведаўся, што яго памяць гэтак шануюць?Photo-11-300x248 — Ён быў самакрытычны і валодаў уменнем самаіроніі. На гэты конт ён… відаць, іранічна ўсміхнуўся б. — Што можна чакаць ад канферэнцыі, прысвечанай Барысу Васільевічу? З якой мэтай яна праводзіцца? — Канферэнцыя мае міжнародны статус. Прысвечана яна 90-годдзю знакамітага прафесара. Чакаецца пленарнае пасяджэнне, на якім выступяць калегі, што добра ведалі Барыса Васільевіча. Будзе працаваць сем “круглых сталоў” па розных кірунках навуковай дзейнасці. Тэорыя жанраў, метады журналісцкай творчасці, камунікатыўныя практыкі сучаснага медыйнага асяродку, вэб-журналістыка, прастора новых медыя і медыятэксту ва ўмовах канвергенцыі СМІ. Гэта як развіццё тых ідэй, тых стасункаў, з якіх ці пачынаў, ці якія распрацоўваў Стральцоў як даследчык, каб нарасціць веды, што ўжо ляглі ў скарбонку нашай журналісцкай навукі. Будуць госці з Расіі, Украіны, са Славакіі і іншых краін. Удзел у такіх міжнародных канферэнцыях — пачэсная справа. Разам з тым гэта і мажлівасць праверыць тыя напрацоўкі, якімі кожны з нас займаецца як выкладчык і даследчык. Апрабацыя асабістага вопыту на міжнароднай пляцоўцы вельмі карысная, бо дае погляд звонку, знешняе рэцэнзаванне. А гэта для навукоўца вельмі спрыяльная глеба для росту. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Журналістыка ХХІ стагоддзя: традыцыі і выклікі новага часу”, прысвечаная 90-годдзю доктара філалагічных навук Барыса Васільевіча Стральцова, прайшла ў Інстытуце журналістыкі БДУ 3 сакавіка. Віталь АРЭШКА  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *