Таццяна Смольская: «Песня не ведае межаў»

17 Apr, 2026.

У цэнтры ўвагі народны хор народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ «Родніца». Успамінамі пра творчы шлях калектыву, яго гісторыю і традыцыі падзялілася шматгадовая ўдзельніца хору Таццяна Смольская.

Раскажыце, калі ласка, пра гісторыю стварэння калектыву.

У савецкі час у нашым універсітэце былі вельмі папулярныя агляды мастацкай самадзейнасці. Факультэты спаборнічалі паміж сабой. Культурна-масавы сектар фізічнага факультэта прадстаўляла Рэгіна Міхайлава. У яе з’явілася ідэя стварыць агульнаўніверсітэцкі хор на базе хору фізфака. Тагачасны рэктар БДУ У. А. Белы падтрымаў гэтую ініцыятыву. Кіраўніком новага калектыву стала Ларыса Снапкова. Так, з 1979 года пачалася гісторыя «Родніцы». Трэба адзначыць, што гэтая назва прыйшла пазней, спачатку калектыў называўся проста хорам выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ. У розныя часы і з розных прычын мяняліся кіраўнікі. Мы працавалі пад кіраўніцтвам В. Ф. Гладкай, В. Ч. Гаплічніка, У. К. Зяневіча, Т. А. Улогі. Сёння кіраўніком з’яўляецца В. В. Чарнова.

Як вы сталі ўдзельніцай хору?

Да асноўнага складу хору фізфака далучаліся супрацоўнікі іншых факультэтаў. На той час я працавала выкладчыкам на факультэце журналістыкі, была ў культмасавай камісіі журфака, добра ведала Р. А. Міхайлаву. Таму са сваімі калегамі, М. Р. Каваленкам і В. Д. Бардзіян, я прыйшла ў агульнаўніверсітэцкі хор. Так «Родніца» на доўгія гады стала маёй другой сям’ёй.

З чаго складаецца рэпертуар калектыву?

Аснову рэпертуару складаюць беларускія народныя песні, а таксама песні беларускіх аўтараў. За амаль пяцьдзясят гадоў існавання калектыў назапасіў багаты песенны матэрыял. Ёсць, што называецца, песні «ўпетыя»: «Шумяць вербы», «Ой, сівы конь бяжыць», «Кавалёк», «Маміна каса» і інш. Яны ў нашым рэпертуары ўжо доўга. Відавочна, што калектыў жыве, працуе, імкнецца не страчваць набытае, таму ўвесь час папаўняе свой рэпертуар новымі творамі. Хочацца адзначыць, што ў свой час мы даволі многа ездзілі з канцэртамі не толькі па Беларусі. Наведалі амаль усе рэспублікі былога Савецкага Саюза, а таксама некаторыя краіны далёкага замежжа. Напрыклад, Нарвегію віталі песняй на нарвежскай мове «Мэлом бокур». Калі рыхтуемся да якога-небудзь тэматычнага канцэрта, развучваем адпаведныя песні.

Хто ўваходзіць у склад хору?

Гэта выкладчыкі і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія шануюць родную мову, музыку і песні. Мы ўсе з розных факультэтаў і падраздзяленняў, але спевы і музыка – тое, што нас аб’ядноўвае.

Як праходзяць вашы рэпетыцыі?

Рэпетыцыі – самая важная частка падрыхтоўкі да выступленняў. Усе імкнуцца іх максімальна наведваць, бо набытае трэба падтрымліваць. Майстры сваёй справы, прафесіяналы высокага класа Л. В. Снапкова і В. В. Чарнова вельмі сур’ёзна ставяцца да кожнай рэпетыцыі. Перш чым пачынаць працу над тым ці іншым вакальным творам, хор вядзе абавязковую падрыхтоўку: добра распяваецца, робіць дыхальную гімнастыку, прапрацоўвае дыкцыю. Без такіх «дробязяў» добрага гучання не будзе. На кожнай рэпетыцыі абавязкова паўтараем «упетыя» песні, якія ўжо даўно ў нашым рэпертуары.

Ці ёсць у вашым калектыве свае традыцыі?

Ужо шмат гадоў мы ўсім калектывам адзначаем юбілеі харыстаў, розныя святы, сустракаемся, каб цікава разам правесці час і паспяваць ад душы. Кожны хоча нечым падзяліцца, пачаставаць тым, што сам прыгатаваў. Мы доўгі час існуем разам і разумеем, што так і трэба трымацца. Заўсёды імкнёмся падтрымаць адно аднаго і ў радасці, і ў горы.

Падзяліцеся, калі ласка, самым яскравым успамінам, звязаным з «Родніцай».

Як толькі хор распачаў сваю песенную дзейнасць, нашымі канцэртнымі пляцоўкамі былі сцэны сельскіх клубаў. Незабыўнымі засталіся ў памяці канцэрты для сельскіх працаўнікоў і жыхароў вёсак і мястэчак Беларусі. З усіх, хто нас прымаў, гэта бадай самая ўдзячная аўдыторыя! Шчырая, не скупая на апладысменты, добразычлівая, уважлівая і вельмі адкрытая! Гэтая гасціннасць і душэўнасць да сёння сагравае нашыя сэрцы.

Аднойчы «Родніцу» запрасілі на традыцыйнае свята ў Малдову. Там мы пазнаёміліся з хорам сяла Лозава, які складаўся амаль са 100 чалавек. За час творчай вандроўкі па краіне ў нас былі і агульныя канцэрты, і сяброўскія сустрэчы. Вось падчас адной з такіх сустрэч мужчынская група гэтага хору заспявала малдаўскую песню. Аказалася, што мелодыя знаёмая, і мы з калегай, Зінаідай Абрамчык, заспявалі на рускай мове. Атрымалася нечакана суладна і мілагучна. Задаволеныя былі і гаспадары, і госці!

Раскажыце, калі ласка, пра самыя незабыўныя гастролі.

Для мяне гэта, зразумела, паездка ў Нарвегію ў верасні 1996 г. Для нас была падрыхтавана падрабязная праграма з турыстычнымі паездкамі і выступленнямі. Асаблівасцю нашых гастроляў сталі выступленні ў саборах, дзе мы спявалі канты – старадаўнія беларускамоўныя шматгалосныя рэлігійныя песні. Нас сустракалі вельмі добразычліва і гасцінна. Мы пазнаёміліся з удзельнікамі аднаго з нарвежскіх харавых калектываў, завязаліся сяброўскія адносіны, якія захаваліся і сёння. Уражаныя меладычнасцю беларускай песні, нарвежцы папрасілі партытуру нашай «Купалінкі». Прыехаўшы ў 1997 г. у Мінск, нарвежскі хор распачаў свой канцэрт менавіта «Купалінкай» на беларускай мове. Тады ў мяне і нарадзілася думка, што песня межаў не ведае.

Як калектыву ўдаецца ствараць такое непаўторнае гучанне?

Я думаю, што адбываецца гэта дзякуючы песням, якія бяруць за душу. Непаўторная меладычнасць твораў, глыбіня філасофскай думкі, закладзенай у тэкстах песень, не могуць пакінуць абыякавымі нашых слухачоў. Кожны ўдзельнік хору імкнецца добра ведаць партыі, уважліва ставіцца да заўваг і парад кіраўніка. Адным словам, тое, што ідзе ад душы, не падробіш! Шчырасць адразу чуецца і бачыцца! Што б вам хацелася пажадаць творчаму маладому пакаленню? Жывіце цікава! Вельмі важна, каб душа заставалася як мага даўжэй маладой, каб усё, што вы робіце, ішло ад сэрца. Ідзіце за марай, падсілкоўвайцеся натхненнем! Вядома, што ўсё пад сілу таму, хто свята верыць у светлае, чыстае, разумнае, добрае. Поспехаў усім!

Даведка

Народны хор народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ «Родніца» – гэта:

  • 47 гадоў творчай дзейнасці
  • Званне «Народны» ў 1985 г.
  • Рэгулярныя канцэрты, выступленні і гастролі
  • Удзел у дабрачынных акцыях
  • Пераможца конкурсаў і фестываляў

Музей гісторыі БДУ, упраўленне па справах культуры БДУ Фота: асабісты архіў Т. М. Смольскай

 

print

Вам таксама можа спадабацца: