Андрэй Несцяронак: майстэрства дыверсіі

25 мая, 2026.

Напярэдадні Дня Перамогі ў рэдакцыю газеты «Універсітэт» прыйшоў ліст ад сям’і Несцяронкаў. Некалькі яе пакаленняў цесна звязаны з БДУ. У іх ліку не толькі студэнты, але і выкладчыкі нашага ўніверсітэта. У лісце – гісторыя Андрэя Паўлавіча Несцяронка, чыё жыццё стала прыкладам зацятасці і самаадданасці на шляху да Перамогі.

У нашым сямейным архіве захоўваюцца пажоўклыя дакументы, фатаграфіі, узнагародныя лісты. Яны – маўклівыя сведкі баявога шляху Андрэя Пятровіча Несцяронка. Ён нарадзіўся 17 жніўня 1906 года ў вёсцы Янава Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Да вайны працаваў інструктарам аддзела кадраў ЦК КП(б) Беларусі. У Чырвоную армію прызваны ў 1939 годзе, вайсковае званне – старшы тэхнік-лейтэнант. Па спецыяльнасці – ваенны інжынер. З першых дзён вайны мой прадзед уключыўся ў барацьбу. У ліпені 1941 года яго накіравалі ў распараджэнне НКУС СССР – для арганізацыі партызанскага супраціву. Ён быў прызначаны інструктарампадрыўніком у адну з першых навучальных структур – Аператыўна-навучальны цэнтр Заходняга фронту, база якога знаходзілася ў Падмаскоўі. Прадзед увайшоў у штат спецыялістаў, якія ў палявых умовах навучалі падрыўной справе першыя дыверсійныя групы, што заходзілі ў тыл ворага.

Улетку 1942 года ствараецца Цэнтральная школа падрыхтоўкі партызанскіх кадраў пры Цэнтральным штабе партызанскага руху, якая рыхтавала камандны склад для партызанскіх атрадаў, радыстаў, дыверсантаў, падрыўнікоў. Андрэй Пятровіч працягнуў сваю дзейнасць у яе структуры, стаўшы адным з вядучых выкладчыкаў і кіраўніком навучальнага працэсу па падрыхтоўцы спецыялістаў міннападрыўной справы.

Узімку 1942 года, пасля фарміравання Беларускай школы падрыхтоўкі партызанскіх кадраў пры Беларускім штабе партызанскага руху, Андрэй Пятровіч пачаў рыхтаваць кадры падрыўнікоў на базе абедзвюх школ: чытаў лекцыі, праводзіў трэніроўкі. Інструктар не меў права вучыць тэорыі без баявога досведу. Таму Андрэй Пятровіч сам пераходзіў лінію фронту, правяраў новыя метады падрыву на справе. Навучаючы іншых майстэрству дыверсіі, ён удзельнічаў у самых складаных аперацыях: знішчаў эшалоны на лініях Мінск – Орша, Полацк – Віцебск, падрываў масты. Андрэй Несцяронак рыхтаваў не проста байцоў, а сапраўдных спецыялістаў па аб’ектным мініраванні (падрыў мастоў, заводаў, вадакачак) і працы з мінамі запаволенага дзеяння. Гэта патрабавала глыбокіх інжынерных ведаў.

Увосень 1943 года вынікі гэтай працы сталі відавочныя. Андрэй Пятровіч быў адным з распрацоўшчыкаў і непасрэдных арганізатараў аперацый «Рэйкавая вайна» (жнівень – верасень) і «Канцэрт» (верасень – кастрычнік). Падрыхтаваныя ім кадры склалі касцяк дыверсійных груп, калі за адну ноч выводзіліся з ладу дзясяткі кіламетраў шляхоў. У гэтых аперацыях удзельнічалі 193 партызанскія атрады, было падарвана каля 215 000 рэек.

Перакіданне нямецкіх войскаў і грузаў на ўсходні фронт зменшылася на 40 % – гэта паралізавала забеспячэнне вермахта і стала непасрэдным укладам у поспех наступу Чырвонай арміі. За маштабную падрыхтоўку падрыўнікоў для гэтых аперацый Андрэй Пятровіч быў прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга (указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 01.03.1943 г.). З ліпеня 1941 года ў навучальных цэнтрах, а затым і ў Цэнтральнай школе Андрэй Пятровіч зарэкамендаваў сябе адным з самых паважаных спецыялістаў. Ён навучаў афіцэраў разведаддзелаў дзейных частак Чырвонай арміі. А знаходзячыся ў аператыўным пункце пры 3-й Арміі, асабіста перапраўляў дыверсійныя групы ў тыл ворага на тэрыторыю Палескай вобласці і забяспечваў з імі сувязь.

Ва ўзнагародным лісце да ордэна Чырвонай Зоркі ёсць такая характарыстыка: «Тав. Несцяронак Андрэй Пятровіч з пачатку ваенных дзеянняў самааддана працуе па падрыхтоўцы партызанскіх кадраў для дыверсійных груп, забеспячэнні іх мінна-падрыўной тэхнікай, перакіданні дыверсійных груп у тыл і наладжванні з імі сувязі».

Ва ўзнагародным лісце да медаля «Партызану Айчыннай вайны» I ступені: «За час працы падрыхтаваў звыш 2500 чал. дыверсійна-партызанскіх кадраў… выявіў выключную настойлівасць, сумленна і верна аддаваў свае сілы на справу падрыхтоўкі кадраў для разбурэння тылу суперніка».

Унёсак Андрэя Пятровіча Несцяронка ў Перамогу – гэта не толькі баявы досвед на франтах вайны, але і створаная ім методыка, якая дазволіла за кароткі тэрмін ператвараць неспрактыкаваных салдатаў у майстроў падрыву. Так неацэнныя веды перадаваліся ад байца да байца, набліжаючы тым самым дзень доўгачаканай Перамогі.

Арцём НЕСЦЯРОНАК

print

Вам таксама можа спадабацца: