Першы Усебеларускі з’езд: час і асобы. Магнат Раман Скірмунт і генерал Кіпрыян Кандратовіч

19 Dec, 2017.

Лютаўская рэвалюцыя абу­дзіла нацыянальна-вызваленчы рух на прасторах Расійскай імперыі. Часовы ўрад аб’явіў аб роўнасці грама­дзян незалежна ад іх саслоўнай, рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці. Скасоўваліся абмежаванні адносна месцаў пражывання, паступлення на дзяржаўную вайсковую службу, у навучальныя ўстановы. Была пацверджана аўтаномія Фінляндыі, выказана пра­панова аднаўлення незалеж­насці Польшчы. Праблемы адносна іншых нацыянальных тэрыто­рый Часовы ўрад адносіў да Устаноў­чага сходу. Тым не менш укра­інскія, беларускія, лі­тоў­скія нацы­янальныя арганізацыі выступілі з праектамі дзяржаўнага ўладка­вання.
Беларусь у гэты час была па­дзелена на часткі і з’яўлялася фран­­тавой і прыфрантавой тэры­то­рыяй. У грамадстве ўсё больш нарасталі эканамічныя праблемы  і адначасова назіралася эйфарыя  ў грамадскім жыцці. З сакавіка па лістапад 1917 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 26 палітычных партый і арганізацый.

Усебеларускі з’езд:
падрых­тоўка
25 сакавіка па ініцыятыве старшыні мінскай арганізацыі БСГ А. Смоліча адбыўся з’езд беларускіх палітычных партый і арганізацый, на якім прысутнічала каля 150 чалавек: прадстаўнікі БСГ, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай партыі народных сацыялістаў, саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт у складзе 18 чалавек для падрых­тоўкі выбараў у Беларускую краё­вую раду. У склад БНК увайшлі: Раман Скірмунт (старшыня), Павел Аляксюк – намеснік старшыні, Усевалад Фальскі – намеснік старшыні, Браніслаў Тарашкевіч – сакратар. Леанард Заяц – скарбнік; Аркадзь Смоліч, ксёндз Эдвард Будзька, Алесь Бурбіс, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Бабарыкін, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), Міхаіл Кахановіч, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Вацлаў Іваноўскі, Лявон Дубейкаўскі, Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Фабіян Шантар.
Прэзідыум БНК: Р. Скірмунт, П. Аляксюк, У. Фальскі, Л. Заяц, Б. Тарашкевіч. Старшынёй камітэта быў абраны Раман Скірмунт. Беларуская дэлегацыя на чале з Р. Скірмунтам была накіравана на перамовы з Часовым урадам. Упершыню міністру-старшыні Часовага ўрада Г. Львову накіравана запіска аб неабходнасці аўтаноміі для  Беларусі, пашырэнні мясцовага самакіравання.Беларускі нацыянальны камітэт пазней (у ліпені) будзе рэаргані­заваны ў Цэнтральную раду бе­ларускіх арганізацый, якая аб’­яднала 23 арганізацыі, у кастрычніку 1917 года яна атрымала назву Вялікая беларуская Рада.
Актыўныя дзеячы нацыянальнага руху добра разумелі неабход­насць падтрымкі з боку вайскоўцаў, сялянства. У пачатку красавіка Белнацкам праводзіць краявы сялянскі з’езд, у маі спрабуе арганізаваць беларускае войска.
Для актывізацыі гэтай работы 18–24 кастрычніка з’езд дэлегатаў Заход­няга фронту пры ўдзеле прадстаў­нікоў Балтыйскага флоту і Румынскага фронту ства­раюць Цэнтральную Беларускую вайсковую Раду. Яе выканкам уз­началіў Сымон Рак-Міхайлоўскі. У склад кіраўніцтва Рады ўвайшоў генерал Кіпрыян Кандратовіч, які распрацаваў план фарміравання беларус­кага войска. У кастрычніку дэлегацыя ЦБВР (С. Рак-Міхайлоўскі, К. Кандратовіч, Н. Ярушэвіч, І. Шчэрба) правяла перамовы ў стаўцы Галоўнакамандуючага Духоніна аб арганізацыі беларускіх вайсковых злучэнняў і атрымала дазвол (праз 2 дні пасля ад’езду) на фарміра­ванне вайсковых адзінак.
Самы актыўны ўдзел у пад­рых­тоўцы Усебеларускага з’езда прыняў Беларускі абласны камітэт (БАК), які быў створаны 17 ліста­пада пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў з ліку дэлегатаў ад беларускіх губерній, прадстаўнікоў арміі і флоту (Я. Канчар, М. Гольман, Ф. Караткевіч, А. Кюсэ-Цюз, Е. Макарэвіч, В. Селіванаў, Л. Калядка). БАК заявіў аб намеры «ўзяць на сябе пачын склікання надзвычайнага беларускага з’ез­да». БАК павёў перамовы з кіраў­ніцтвам Народнага камісары­ята па справах нацыянальнасцей Савецкай Расіі адносна нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва.
26 лістапада 1917 г. створаны орган савецкай улады на тэрыторыі Заходняй вобласці і фронту – Аблвыкамзах (старшыня – Мяснікоў Аляксандр Фёдаравіч). Са 170 членаў Аблвыкамзаха больш за 100 чалавек з’яўляліся ваеннаслужачымі. Беларусаў у гэтым органе ўлады было ўсяго 3 чалавекі.
Рашэнне аб скліканні з’езда было прынята ВБР, БАК, ЦБВР, Беларускім выканаўчым камітэтам Заходняга фронту 24 лістапада. У адозве «Да ўсяго беларускага народа» гаварылася, што:
•    улада на Беларусі павінна належыць Краёвый радзе, абранай дэмакратычным шляхам;
•    Беларусь павінна быць дэмакратычнай рэспублікай, спаянай з Вялікарасіяй і суседнімі рэспублі­камі на аснове федэрацыі;
•    заклік абіраць прадстаўнікоў на Усебеларускі з’езд 5 снежня 1917 г.

Усебеларускі з’езд:
выпрацоўка рэзалюцыі
5 снежня ў Мінск прыехалі каля 300 дэлегатаў з правам вырашальнага голасу. Вечарам 7 снежня іх колькасць павялічылася да 383 чалавек. Было вырашана аб’явіць з’езд правамоцным. Ад Бюро па скліканні з’езда выступіў Сымон Рак-Міхайлоўскі.

«Народ беларускі. Мне выпаў высокі гонар адкрыць гэты з’езд. Паўз вашы плечы я бачу ўсю Беларусь. Яна стаіць перад вамі змучаная, поўная журботы і надзеі. Па яе схуднелых  шчаках цякуць слёзы. Беларусы! Вы прыйшлі сюды сказаць сваё слова. Працуйце ж на карысць свайго народа. Няхай жыве вольная Беларусь».

Яшчэ 6 снежня быў абраны Савет з’езда (36 чалавек), сфарміравана 8 секцый з’езда. Пазней іх колькасць павялічылася да 14. Потым аформіліся фракцыі, групы. На працягу 5–15 снежня мандатная камісія выдала 1167 мандатаў з правам вырашальнага голасу і 705 – дарадчага.
9 снежня абраны прэзідыум з’езда: Рак-Міхайлоўскі (старшыня), а пасля прыезду большасці дэлегатаў 14 снежня абраны новы склад прэзідыума і Савет з’езда. Старшынёй прэзідыума з’езда стаў Іван Серада, намеснікамі – А. Вазіла, А. Прушынскі, сакратарамі – Л. Каляда і Шаўчук, намеснікамі сакратароў – Томаш Грыб і Гушча.
Савет з’езда ў складзе 57 чалавек узначаліў Язэп Варонка.

Дэлегаты працавалі ў фракцыях, камісіях з’езда 7–15 снежня. Вяліся дыскусіі адносна самавызначэння Беларусі, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай палітыкі. Напрыклад, на пасяджэннях культурна-асветніцкай секцыі 15 снежня разглядаўся даклад прафесара Яўхіма Карскага аб адкрыцці першага беларускага ўніверсітэта.

З’езд прадстаўляў тагачаснае беларускае грамадства (прадстаўнікі Саветаў (1 чал. ад павета), губернскіх, павятовых і валасных земстваў, губернскіх і павятовых самакіраванняў, губернскіх і павятовых зямельных камітэтаў, настаўніцкіх арганізацый, беларускіх нацыяналь­ных арганізацый, дэлегаты ад арміі   і флоту, тылу, члены выканаўчых камітэтаў БАК, ВБР, ЦБВР і г.д.).
У перыяд 15–17 снежня з’езд падышоў да вырашэння галоўнага – арганізацыі краёвай улады і самавызначэння Беларусі. Ключавым пунктам разыходжання было і ства­рэнне самастойнай дзяржавы ці аўтаномія ў складзе Савецкай Расіі. Але нават памяркоўнае патраба­ванне самавызначэння ў форме рэспублікі ў складзе агульнарасійскай федэрацыі не мела поспеху. Як пісаў пазней А. Цвікевіч «прынцып федэ­рацыі мала каму быў вядомы».
З’езд сведчыў аб дамінаванні сацыяльнага над нацыянальным.
Між тым вечарам 17 снежня на нарадзе з лідарамі фракцый і зям­ляцтваў быў выпрацаваны тэкст  пастановы аб самавызначэнні Бела­русі і часовай краёвай уладзе. Да­кумент быў зачытаны ў 1 гадзіну 15 хвілін у ноч на 18 снежня.

Рэзалюцыя складалася з 15 пунктаў, сярод якіх цэнтральнае месца займаў першы. У ім падкрэслівалася, што, «замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і ўсталёўваючы рэспубліканскі дэмакратычны лад у межах беларускай зямлі, для вы­ратавання роднага краю і засцерагаючы яго ад падзелу і адарвання ад Расійскай Дэмакратычнай Федэ­ратыўнай Рэспублікі, І Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна арганізаваць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання  краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнт­ральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэ­путатаў».
У рэзалюцыі адзначалася, што названы орган мясцовай улады канцэнтруе ў сабе ўсе функцыі адказнага кіравання краем, ён мусіць прыняць меры да найхутчэйшага склікання Беларускага ўстаноўчага сходу, які павінен вызначыць лёс беларускага на­рода. Астатнія пункты рэзалюцыі датычыліся арганізацыі беларускага войска, вырашэння зя­мельнага пытання, устанаўлення народнага кантролю над вытворчасцю і гандлем і інш.

Як бачна, прапанаваная рэзалюцыя мела кампрамісны характар, у ёй улічваліся інтарэсы ўсіх дэлегатаў з’езда: і «радаўцаў», і «абласнікоў». У дакуменце нават абмінута ўвагай назва Беларусі  як аўтаномнай рэспублікі. Гаворка ішла пра кіраванне краем, бе­ла­рускія землі, Расійскую фе­дэ­ра­цыю і сувязь з цэнтральнай   уладай.

Дэлегаты паспелі аднагалосна прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі, згодна якому ўся ўлада павінна быць перададзена Усе­беларускаму Савету сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў як органу краёвай улады. Такое рашэнне было негатыўна ўспрынята Саўнаркамам Заходняй воб­ласці,  і ў ноч з 17 на 18 снежня з’езд быў ра­загнаны сілай. Былі арыш­та­ваны 27 чалавек, у тым ліку старшыня з’езда Іван Серада.
18 снежня на пасяджэнні часткі прэзідыума з’езда, Савета з’езда ў памяшканні дэпо Лібава-Роменскай чыгункі было вырашана:
1.    лічыць І Усебеларускі з’езд гвалтоўна разагнаным;
2.    Савет з’езда прызнаць выканаўчым органам з’езда, абавязкам якога з’яўляецца прывя­дзенне ў жыццё ўсіх пастаноў і рашэнняў з’езда;
3.    дапоўніць Савет з’езда дэ­ле­­га­тамі ад зямляцтваў і іншых груп.
21 снежня абраны Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда (10 чалавек), які ўзначаліў Язэп Варонка. У складзе камітэта: Палута Бадунова, Томаш Грыб, Макар Касцевіч (Макар Краўцоў), Алесь Прушынскі (Алесь Гарун), Сымон Рак-Міхайлоўскі, Іван Серада, Леанард Заяц, Язэп Дыла, Іосіф Лагун.
Факт склікання Усебеларус­кага з’езда, шырокае абмеркаванне праблемы нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння мела выключнае значэнне. З’езд засведчыў усведамленне бела­рускім народам сваіх палітычных інтарэсаў. Найлепшыя прадстаў­нікі нашага народа заклалі першыя камяні ў фундамент бела­рускай дзяржавы.

*****

Раман Скірмунт – адзін з самых актыўных дзеячаў беларускага адраджэння, арганізатар аб’яднання розных беларускіх палітычных груповак у першыя месяцы пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Менавіта ён узначаліў 27 сакавіка 1917 г. Беларускі нацыянальны камітэт.

Нарадзіўся Раман Мар’ян Скірмунт 25 красавіка (7 мая) 1868 г. у маёнтку Парэчча на Піншчыне. Яго бацька – адзін з найбольш вядомых землеўладальнікаў і фабрыкантаў Мінскай губерніі. Раман Скірмунт пісаў пра сваё паходжанне: “Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі…” Атрымаў добрую адукацыю – у Варшаўскім і Венскім універсітэтах.

У 1906 г. Раман Аляксандравіч абраны дэпутатам І Дзяржаўнай думы. Дэпутаты-краёўцы з літоўска-беларускіх губерній (Скірмунт, Эдвард Роп, Аляксандр Лядніцкі, Геранім Друцкі-Любецкі, Пётр Масоніус і др.) стварылі сваю групу – “тэрытарыяльнае кола”, якая ўвайшла ў фракцыю “Саюз аўтанамістаў”. Яны выступалі за аўтаномію тэрыторый, родныя мовы ў адукацыі і грамадскім жыцці, скасаванне нацыянальна-рэлігійных абмежаванняў.

У 1910 г. Раман Скірмунт быў абраны ў склад Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі (1910 – 1911 гг.). На працягу 1907 – 1917 гг. ён з’яўляўся намеснікам прэзідэнта Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (прэзідэнт – Эдвард Вайніловіч). Раман Аляксандравіч актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух. Ён аказваў фінансавую падтрымку газеце “Наша ніва”, БСГ. У студзені 1917 г. Раман Скірмунт узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Як мецэнат, грамадскі дзеяч ён стаў шырока вядомы сярод насельніцтва. Вінцэнт Гадлеўскі пісаў, што “палітыцы ён быў адданы целам і душою, не шкадаваў для яе ні фізічных, ні маральных трудоў” [Гадлеўскі В. З беларускага палітычнага жыцця ў Менску ў 1917 – 1918 гг. // Спадчына. – 1997. – №5. С. 22].

Раман Скірмунт з сялянамі ў в. Парэчча

12 сакавіка 1917 г. ён правёў у Мінску Дзень нацыянальнага значка– ці не першую публічную акцыю за нацыянальнае самасцвярджэнне. “Минская газета” пісала 13 сакавіка: “На вуліцах горада прадаваліся значкі нацыянальных колераў Беларусі – чырвонага з белым. Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамініравала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінематографах. Цэнтральнай падзеяй стаў шматлюдны беларускі мітынг у кінатэатры “Гігант” пад старшынствам Рамана Скірмунта”.

“Кожны з нас, мужык або шляхціч, на зямлі Літвы ці Беларусі мае аднолькавае права з годнасцю звацца літоўцам, палякам, альбо беларусам. Кожнаму з нас належыць зямля пад нагамі, неба над галавой, вялікая мінуўшчына краю… Толькі краёвая ідэя, якая тут, на месцы, ёсць для нас цэнтрам цяжару і крыніцай дзейнасці, запальвае сэрцы здабываннем больш шчаслівай будучыні для гэтай роднай зямлі, якая трапіла ў асаблівую небяспеку”.

25 – 27 сакавіка адбыўся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый. Раман Аляксандравіч працаваў у 3 камісіях з 7. На другі дзень яму даручылі старшынстваваць на з’ездзе.

Была прынята Праграма:

  1. аўтаномія Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі;
  2. рэформа школы. Паступовае ўвядзенне роднай мовы;
  3. адкрыццё ў Беларусі ўніверсітэта.

Раман Скірмунт быў абраны старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта. На працягу 1917 г. ён займаў пасаду загадчыка аддзела Мінскага губернскага харчовага камітэта, прымаў удзел у Дзяржаўнай нарадзе ў Маскве ў жніўні, балатуецца ў дэпутаты Усерасійскага Устаноўчага сходу. У кастрычніку Скірмунт запрошаны для ўдзелу ў рабоце Часовага савета Расійскай рэспублікі (Перадпарламента).

Пасля разгону Усебеларускага з’езда Раман Скірмунт заставаўся сярод барацьбітоў за нацыянальнае адраджэнне. Ён увайшоў у склад Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў маі 1918 г. узначаліў Урад БНР: герб, сцяг, грашовыя знакі БНР былі ўведзены пры актыўным удзеле прэм’ер-міністра.

20 чэрвеня ён у адстаўку.

Пасля Рыжскай мірнай дамовы і падзелу Беларусі Раман Скірмунт застаўся ў сваім маёнтку. У 1923 – 1928 гг. ён суддзя Пінскага акружнога суда. У 1930 – 1935 гг. – сенатар Польшчы. У верасні 1939 г. Раман Аляксандравіч у чарговы раз не пакінуў родныя мясціны. “Мы тутэйшыя, і наш род на працягу стагоддзяў быў на гэтай зямлі”.

 

Быў забіты разам з мужам сястры 7 кастрычніка 1939 г. У маёнтку Моладава былі забіты ўжо старэнькія яго сваякі Генрых і Марыя Скірмунты. Сястра Хелена забіта бандытамі ў 1942 г.

Кіпрыян Кандратовіч (1858 – 1932 гг.) генерал ад інфантэрыі, актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху.

Кіпрыян Кандратовіч нарадзіўся ў Лідскім павеце ў 1858 годзе.Атрымаў ваенную адукацыю (Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча, Мікалаеўская акадэмія Генеральнага штаба па першаму разраду). Удзельнік руска-турэцкай, руска-японскай, І сусветнай вайны. У 1900 г. атрымаў званне генерал-майора за баявыя заслугі, у 1905 г. – генерал-лейтэнанта за баявыя заслугі, у 1910 г. – генерал ад інфантэрыі за баявыя заслугі. Узнагароджаны 10 ардэнамі Расійскай імперыі, ордэнам Францыі “Ганаровы легіён”, ордэнам Італьянскай кароны 2 ступені. У гады І сусветнай выйны прымаў удзел у баях у складзе Паўночна-Заходняга фронта.

У 1917 г. на з’ездзе вайскоўцаў Заходняга фронта Кандратовіч абраны ў склад Цэнтральнай Беларускай вайсковай Рады. Ён распрацаваў план фарміравання беларускага войска.

У кастрычніку разам з Рак-Міхайлоўскім, Ярушэвічам і Шчэрбам вёў перагаворы з Вярхоўным Галоўнакамандуючым генералам Духоніным аб арганізацыі беларускіх вайсковых адзінак. Дазвол быў атрыманы. Але падзеі разгортваліся імкліва. Генерала Духоніна забіваюць.Савецкі Вярхоўны Галоўнакамандуючы М. Крыленка і камандуючы Заходнім фронтам Мяснікоў 24 лістапада адмяняюць рашэнне аб фарміраванні Беларускага корпуса па штатах Польскага (па патрабаванню ВРК Заходняга фронту).

У сакавіку 1918 г. генерал Кандратовіч увайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці міністра абароны. Ім быў падрыхтаваны праект фарміравання беларускай арміі (200 тыс.чал.). У канцы 1918 г. (перад прыходам у Мінск бальшавікоў) Кіпрыян Антонавіч сфарміраваў у Гродна 1-ы Беларускі полк (снежань 1918 г. – красавік 1919 г.).

Генерал Кандратовіч спрабаваў адстойваць інтарэсы Беларусі на Парыжскай мірнай канферэнцыі. У маі 1919 г. старшыні гэтай канферэнцыі быў уручаны мемарандум урада БНР.

Некаторы час генерал быў віцэ-міністрам абароны ва ўрадзе Літвы.

У канцы 1921 г. адыйшоў ад палітычнай дзейнасці, жыў у сваім маёнтку Гародна Лідскага павета, дзе і памёр 31 кастрычніка 1932 г. У маі 2000 г. генерал Кандратовіч быў перапахаваны каля царквы ў Воранава Гродзенскай вобласці.

Прафесар Пётр БРЫГАДЗІН,
доктар гістарычных навук,
Дзяніс БРЫГАДЗІН,
кандыдат гістарычных навук

print

Вам таксама можа спадабацца: