«Тутэйшая шляхта» БДУ – прыгожае спляценне гісторыі, музыкі і таленту

23 Dec, 2022.

«Тутэйшая шляхта» – народны фальклорны ансамбль з найцікавейшай гісторыяй і ідэяй. У калектыву свой унікальны творчы кірунак, які ўяўляе сабой спалучэнне музычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, беларускіх народных і аўтарскіх песень на словы беларускіх класікаў у фолк і фолк-рокавай апрацоўцы. Ансамбль адраджае амаль забытыя беларускія песні. Такіх налічваецца больш за 100.

Заснавальнік калектыву – кандыдат хімічных навук, старшы навуковы супрацоўнік хімічнага факультэта Леанід МАХНАЧ. Ён, хоць і не мае музычнай адукацыі, але ўсё свае жыццё іграў на розных інструментах і спяваў.

– Калі я прыйшоў працаваць ва ўніверсітэт, мне хацелася дзесьці займацца музыкай. Спачатку я хадзіў ў хор, спяваў там, але мне было гэтага малавата, і я прапанаваў стварыць ансамбль пры хоры. Мы з аднадумцамі сталі праводзіць рэпетыцыі, асвойваць новы рэпертуар і ўжо праз год выступілі на сцэне Палаца прафсаюзаў. Менавіта таму 1992 год мы і лічым годам стварэння калектыву, – расказвае Леанід Віктаравіч.

У гэтым годзе «Тутэйшай шляхце» спаўняецца 30 гадоў. За гэты час калектыў з маленькага самадзейнага гуртка пераўтварыўся ў сталы калектыў. У 2000 годзе яму прысвоілі ганаровае званне «народны», а ў 2013 па адзінагалосным рашэнні журы ансамбль стаў лаўрэатам фестывалю народнай творчасці «Сузор’е» – атрымаў званне найлепшага народнага самадзейнага ансамбля г. Мінска.

За час свайго існавання калектыў удзельнічаў у шматлікіх канцэртах, гастраляваў у Польшчы, Германіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Расіі. 

 

Шмат адкрыццяў утоены ў лёсе песні

У рэпертуары ансамбля мноства самых розных і нават унікальных твораў: старажытныя ваенныя песні, свецкія спевы і музыка, песні местачковай шляхты, гімны, уласныя творы калектыву. Цікавы факт: у аснове адной з песень ляжыць старажытная дэкламацыя 1659 года на старабеларускай мове, прысвечаная вяртанню іконы «Багамаці Адзігітрыі» ў Полацк.

– Калі мы супрацоўнічалі з лабараторыяй фальклору, мы нават правялі даследаванне і вызначылі лёс адной нашай народнай песні «Дзеванька». Па стылістыцы мы адзначылі яе як «раманс». Хутчэй за ўсё гэта адзін з першых беларускіх рамансаў. А пасля знайшлі і аўтараў песні. Стваральнікам музыкі на словы Яна Баршчэўскага быў беларускі кампазітар Антон Абрамовіч, – дзеліцца Леанід Віктаравіч.

Каб дасягнуць аўтэнтычнага гучання і стварыць арыгінальную аранжыроўку, музыкам «Тутэйшай шляхты» патрабуюцца разнастайныя музычныя інструменты: розныя духавыя, скрыпка, дуда, бас- і электрагітары, ударныя, бубны і цымбалы. Прысутнасць апошніх у сучаснай рок-музыцы хаця і не ўнікальная з’ява, але інструмент складана выкарыстоўваць у гэтым жанры.

– Вельмі цяжка сабраць дзесяць чалавек-музыкаў. Асабліва калі частка з іх ў нас не на пастаяннай аснове. Таму апошнія канцэрты мы робім хітра. У нас ёсць клавішнік з драм-машынай, і з ёй ён як чалавек-аркестр: можа на ўстаноўцы сыграць і партыю ўдарных, і партыю бас-гітары. Атрымліваецца нават не фолк-рок, а электра-фолк-рок. Такія прыёмы надаюць нашай музыцы разнастайнае гучанне, – распавядае адміністратар і прадзюсар ансамбля Дзяніс СЦЯПУРА.

 

Станаўленне ўнікальнага гучання

Ансамбль пад кіраўніцтвам Леаніда Махнача выдаў два музычныя зборнікі ў традыцыйнай фальклорнай стылістыцы ў 2001 і 2011 гадах. У сярэдзіне 2000-х дачка заснавальніка ансамбля – цымбалістка і кампазітар «Тутэйшай шляхты» Вольга МАХНАЧ – пачала ўносіць у творы ансамбля ноткі року, бо захаплялася рок-музыкай. Першым эксперыментальным творам у такой стылістыцы стала песня «Ах, вы, столікі мае», запісаная ў 2006 годзе. Гэты і некалькі іншых запісаў трапілі ў другі зборнік, стаўшы прадвеснікамі новага фолк-рокавага гучання калектыву. «Шляхецкі рок» – менавіта так назвалі крытыкі гэты музычны кірунак.

Студыйны запіс дэбютнага фолк-рок-альбома «Тутэйшай шляхты» пад назвай «Сармацкі рок» стартаваў у 2014 годзе. Да сярэдзіны 2015 года была падрыхтаваная дэма-версія альбома з шасці твораў. Яны былі вельмі цёпла прыняты слухачамі, песня «Сэрца ў роспачы ня плача» нават стала найлепшай песняй жніўня таго года на «Радыё Сталіца». Але канчатковы рэліз альбома адбыўся толькі ў 2019 годзе.

Склад калектыву час ад часу вагаецца, зараз у ім 13 чалавек. Гэта як выкладчыкі і студэнты БДУ, так і тыя, хто проста захапляецца музыкай. Пасля ўніверсітэта многія са студэнтаў з’язджаюць па размеркаванні, прыходзяць новыя. Але ёсць выканаўцы, якія працуюць у «Шляхце» больш за дзесяць гадоў і нават ад самага пачатку. Зараз кіраўніком калектыву з’яўляецца Вольга Леанідаўна. Яна «сталела» разам з калектывам з пятнаццацігадовага ўзросту, з першага дня яго існавання. Вольга мае прафесійную музычную адукацыю, і ўсе аранжыроўкі яна напісала сама. Таксама яна займаецца пастаноўкай голасу з новымі ўдзельнікамі ансамбля.

– Часам у мяне былі думкі чымсьці іншым пазаймацца, але я прыйшла да высновы, што гэта мне патрэбна. Мы ўсе сюды ўкладаем больш, чым атрымліваем, але беларуская музыка – гэта тое, што трэба папулярызаваць і падтрымліваць, – гаворыць Вольга Махнач.

 

Цікавосткі пра сцэнічны вобраз артыстаў

Першыя 5 гадоў існавання калектыў не меў уласных шляхецкіх касцюмаў і быў вымушаны выступаць у пазычаных народных строях.
– Мы хацелі нашы касцюмы паказаць гістарычна праўдзіва. Вядома, што на сцэне ёсць нейкае творчае ўвасабленне, але вопратка артыстаў зроблена на аснове вывучаных фактаў пра тое, што апранала шляхта. Мы працавалі і з Акадэміяй навук, і з лабараторыяй фальклору філалагічнага факультэта БДУ, – распавядае Леанід Віктаравіч.

Касцюмы, якія адпавядаюць адзенню шляхты 16-17 стагоддзяў, стварыла дызайнер Наталля Смоляк. Для жаночых строяў таго часу была характэрна шматпластовасць: на ніжнюю звычайна белага колеру сукенку апраналі спадніцу, верхнюю сукенку і г.д. Валасы шчыльна хавалі пад багата аздобленымі каштоўнымі камянямі шапкі. Мужчынскі строй меў назву «кунтушовы». Кунтуш – верхняя вопратка, на якую павязвалі пояс, пад кунтушом насілі жупан (мужчынскае адзенне з доўгімі рукавамі). Чалавек без шляхецкага тытулу не меў права хадзіць у такім строі, нават калі б на яго былі грошы. За гэта маглі пакараць.

Вольга Леанідаўна дадае, што незнаёмыя з гісторыяй людзі, калі ўпершыню бачаць сцэнічны вобраз выканаўцаў, здзіўляюцца і гавораць, што адзенне нагадвае турэцкае:
– Калі зазірнуць ў гісторыю, мы зразумеем прычыны падабенства: шляхта лічыла сябе нашчадкамі сарматаў, таму вопратка прадугледжвала пэўныя запазычаннi прадметаў турэцкага i татарскага паходжання. Лічу, калі нас блытаюць, то мы ўсё робім правільна.

Гэты год для калектыву знакавы не толькі з прычыны юбілею. Летам ансамбль упершыню за пяць гадоў выступаў на вялікай сцэне:

– Купальскі фестываль «Свята Сонца» стаў для нас дэбютам. Апошнія гады мы не выступалі «жывым» складам і з поўнай праграмай, у нас былі толькі маленькія выступы «пад мінус». А тут да нас звярнуліся з просьбай сыграць жыўцом. Да гэтага мы працавалі больш у студыі, і да фестывалю было складана сабраць усіх музыкантаў, адрэпеціраваць. Патрэбна было каля месяца падрыхтоўкі. І мы літаральна за паўтара тыдня знайшлі людзей, нашага бас-гітарыста перасадзілі на гітару, падрыхтаваліся і выступілі. І выступілі добра. Канешне, са сцэны нам відаць некаторыя памылкі, але для слухачоў усё інакш – там, па-за сцэнай, перш за ўсё адчуваецца настрой.

Пасля таго выступу «Шляхту» запрашалі і ў Мірскі замак, і ў розныя сядзібы, і на канцэрты, прысвечаныя гісторыі Беларусі, – кажа Леанід Віктаравіч.

Сённяшняя «Тутэйшая шляхта» – калектыўная праца ўсіх удзельнікаў. Творчыя, адміністрацыйныя і арганізатарскія пытанні яны дзеляць між сабой. Кожны ўносіць творчыя ідэі. Напрыклад, у пачатку 2020 года Дзяніс Сцяпура пераклаў на беларускую мову папулярную песню з серыяла Netflix «The Witcher», хаця да гэтага ніколі не рабіў мастацкіх перакладаў. У беларускім варыянце песня атрымала назву «Ведзьмару дайце талер». Амаль за вечар калектыў зрабіў музычную апрацоўку і зняў відэа. Нягледзячы на невысокую якасць карцінкі і гуку, ён атрымаў шырокі розгалас у інтэрнэце. Відэа і песня так усім спадабаліся, што ансамбль папрасілі зняць поўную версію, а песня стала часткай рэпертуару.

Зараз «Тутэйшая шляхта» запісвае новы альбом у жанры сімфанічнага року пад назвай «AnnaMaria». Ён будзе складацца з сямі твораў. Увесну плануецца канцэрт у гонар юбілею калектыву.

 

Філіпчык Дзяніс Уладзіміравіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў БДУ:

– Касцюм прывіліяванага саслоўя на беларускіх землях фарміраваўся пад моцным усходнім уплывам. Гэта было абумоўлена вялікай колькасцю фактараў. Адзін з галоўных – пастаянныя ваенныя канфлікты з туркамі і татарамі, падчас якіх шляхта знаёмілася з ўсходняй модай. У 17 ст. цікавасць менавіта да ўсходняй пышнасці і эфектнасці ў адзенні падтрымлівала ідэалогія сарматызму. Сармацкі міф падкрэсліваў усходняе паходжанне сацыяльнай эліты, якое трэба было падмацоўваць знешнім выглядам. Таму знешне наш шляхціч нагадваў хутчэй турэцкага ваяра, чым еўрапейскага жаўнера.

Захавалася сведчанне, што «варварскі і скіфскі» касцюм паслоў з беларускіх і польскіх зямель здзіўляў версальскі двор Людовіка ХІІІ. Вялікая колькасць шаўковых тканін і футра, сапраўды, надавалі усходняе аблічча касцюму шляхты, які кантраставаў з тагачаснай еўрапейскай модай.

Характэрны элемент касцюма – пояс. Славутыя слуцкія паясы, якія нават падрабляліся іншымі мануфактурамі, таксама маюць усходняя паходжанне. Доўгі час майстэрні, на якіх яны вырабляліся, называліся «персіярні», а вырабам займаліся замежныя майстры.

Нават назвы звыклага нам адзення і многіх яго элементаў маюць усходняе паходжанне: шуба ад арабскага «джубба», армяк у перакладзе з татарскага азначае адзенне, вырабленае з шэрсці вярблюда, даламан ад турэцкага «долама» і г.д.

Паступова сфарміраваўся так званы кунтушовы шляхецкі строй, які і прадстаўляюць сцэнічныя касцюмы ансамбля. Такі камплект касцюма быў пэўнага кшталту і святочным адзеннем, і дзелавым касцюмам, і форменным адзеннем ваяроў.

У 19 ст. у шляхецкім асяроддзі кунтушовы строй захоўваўся як сямейная рэліквія, напамін аб продках і своеасаблівы маркер культурнай ідэнтычнасці. Сёння яго рэканструкцыі мы можам сустрэць у музейных экспазіцыях, на разнастайных фестывалях, на сцэне і ў кінематографе.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: