Навукоўцы гістарычнага факультэта БДУ пацвердзілі гіпотэзу паходжання славян з тэрыторый Беларускага Палесся

7 Aug, 2018.

Навукоўцамі гістфака БДУ было адкрыта паселішча верагодных продкаў гістарычных славян, якое адносіцца да канца II – першай паловы V ст. н. э., што пацвярджае гіпотэзу іх паходжання з тэрыторыі Беларускага Палесся. Пра тое, як праходзіць праца археолагаў, з якімі цяжкасцямі сустракаюцца навукоўцы і якім чынам беларускі народ можа дапамагчы папоўніць сваю гісторыю, распавёў дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Вадзім БЕЛЯВЕЦ.

– На старонках пісьмовых крыніц славяне (лат. Sclaveni, Sclavi, Sclavini) з’яўляюцца ў першай палове VI ст. н. э. У той час яны былі яшчэ часткай шырокай кааліцыі плямёнаў, у якую апроч уласна славян, уваходзілі племянныя саюзы антаў і, магчыма, венедаў. Апошнія два народы атаясамляюцца ў археалогіі з насельніцтвам пянькоўскай і калочынскай культур адпаведна, славяне ж – з носьбітамі культуры пражскай. У эпоху Вялікага перасялення народаў і на заранку сярэднявечча (V–VII стст.) носьбіты апошняй сталі ядром фарміравання гістарычных славянскіх плямёнаў. Але крыніца і шлях фарміравання пражскай культуры, найважнейшай для разумення этнагенезу сучасных славянскіх народаў, усё яшчэ застаецца да канца нявывучаным. Існуе цэлы шэраг тэорый па гэтай праблеме, выказаных у розны час навукоўцамі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Францыі і іншых краін.

У 1980–2000-я гады на Палессі беларускімі археолагамі, перш за ўсё дзякуючы дзесяцігоддзям працы кандыдата гістарычных навук Валянціны Вяргей, было адкрыта больш за 50 помнікаў пражскай культуры, у тым ліку найбольш раннія з вядомых на сёння, датаваныя 2-й раловай – канцом IV – пачаткам V ст. У наш час гэтыя помнікі, разам з паселішчамі паўночна-заходняй Кіеўшчыны, вярхоўяў Паўднёвага Буга і Днястра, па вызначэнні маскоўскага даследчыка Ігара Гаўрытухіна, вылучаюцца ў фазу “0” пражскай культуры. Тым не менш застаецца невядомым, дзе і як адбываўся працэс фарміравання гэтай культуры.

– З 1970-х гг. існуе гіпотэза “Вялікай Палескай плямы”, сфармуляваная як бліскучае матэматычнае ўраўненне супрацоўнікамі Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу Маркам Шчукіным і Дзмітрыем Мачынскім. Гэта гіпотэза блізкая мне як даследчыку, і я лічу яе перспектыўнай. Асноўная яе ідэя складаецца ў тым, што працэс этнагенезу раннегістарычных славян VI ст. – носьбітаў пражскай культуры – адбываўся на Прыпяцкім Палессі і прылеглых землях, якія яшчэ да нядаўняга часу заставаліся “белай плямай” на археалагічных картах I–V стст. Беларускія археолагі мэтанакіравана працавалі над гэтай праблемай толькі з 2000-х гг. За мінулыя гады нам атрымалася выявіць на Беларускім Палессі старажытнасці I–II стст., але загадкай па-ранейшаму застаецца лакуна III–IV стст., – тлумачыць Вадзім Георгіевіч.

Помнік у в. Яскавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці быў адкрыты ў 2017 г. Ганнай Беліцкай. Супрацоўніца Інстытута гісторыі НАН Беларусі правяла тут разведачныя працы пасля таго, як ад удзельніка салігорска-слуцкага аддзялення Беларускага добраахвотнага грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры, выпускніка гістфака БДУ, Віталя Іванова, паступіла інфармацыя пра рабаванне марадзёрамі гэтага, яшчэ невядомага археолагам, помніка.

У 2018 г. правы на даследаванні паселішча ў Яскавічах былі перададзены гістарычнаму факультэту БДУ.

– Улетку гэтага года на помніку вяліся даследаванні ў рамках студэнцкай і магістарскай палявой археалагічнай практыкі гістарычнага факультэта БДУ .

Магістрантка Інга Пеганова за вядзеннем палявой дакументацыі

У працы экспедыцыі бралі ўдзел валанцёры – галоўным чынам выпускнікі нашага ўніверсітэта – і ўдзельнікі салігорска-слуцкага аддзялення Беларускага добраахвотнага грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Неацэнную дапамогу нам аказала Г. М. Беліцкая, якая прыехала ў Яскавічы для аказання кансультацый археолагам БДУ.

Раскопкі завяршыліся 24 ліпеня. У сезоне 2018 г. была вывучана плошча больш за 300 м2 – каля 3% селішча. Вывучаны 2 гаспадарчыя пабудовы і шэраг іншых аб’ектаў, прызначэнне якіх пакуль не ўсталявана. Але ўжо сёння цалкам дакладна можна казаць пра тое, што жыхары паселішча ў Яскавічах спецыялізаваліся ў рамеснай вытворчасці: тыглі для выплаўлення металаў і кроплі бронзы паказваюць на бронзаліцейную справу; кавальскі шлак, вялікая колькасць балотнай руды і, па ўсёй бачнасці, аб’ект, дзе гэта руда складавалася і падрыхтоўвалася для далейшай апрацоўкі, кажуць пра кавальскую вытворчасць.

На помніку сабрана багатая калекцыя бронзавых упрыгожванняў і дэталяў касцюма II–IV стст. н. э., у т. л. упрыгожаных эмалямі , сярэбраны дэнарый імператара Камода, адчаканены ў 183–184 гг., і цэлы шэраг знаходак, якія сведчаць пра актыўныя кантакты жыхароў паселішча з насельніцтвам вяльбарскай і чарняхоўскай археалагічных культур – гістарычнымі готамі.

Варта вылучыць унікальную для Усходняй і Цэнтральнай Еўропы знаходку – бронзавы наканечнік ножан мяча, упрыгожаны маскай . Найбольш блізкія аналогіі яму вядомыя на тэрыторыі паўднёвай Скандынавіі. Нароўні з насычанасцю культурнага пласта вуглём і попелам яна дае падставы для працоўнай гіпотэзы, якая тлумачыць раптоўнае спыненне жыцця на паселішчы ў Яскавічах: магчыма, гэта мястэчка рамеснікаў загінула паміж 400– 460 гг. у выніку набегу дружыны ваяроў, магчыма, германцаў.

Наканечнік ножан мяча п.п. V ст.

– Унікальнасць паселішча ў Яскавічах заключаецца ў тым, што яно інтэнсіўна выкарыстоўвалася толькі ў канцы II – першай паловы V стст. Тут няма істотных прымешак іншых эпох і культур, г. зн. гэта практычна “чысты” помнік, які, несумненна, стане эталонным для вывучэння старажытнасцяў III – пачатку V стст., – падагульняе Вадзім Георгіевіч. – Характар матэрыяльнай культуры (форма, спосабы апрацоўкі паверхні і арнаментацыя глінянага посуду і побытавых прадметаў, а таксама ўпрыгожванняў і дэталяў касцюма) дазваляе аднесці гэты помнік да шырока зразуметага круга кіеўскай культуры. Па аднадушным меркаванні археолагаў, носьбіты гэтай археалагічнай культуры з’яўляюцца продкамі насельніцтва, якое ўтварыла ў канцы IV – пачатку V стст. кааліцыю народаў, якія ўспрымаюцца сёння як “славянскія” – антаў, венедаў і ўласна славян. На селішчы ў Яскавічах таксама знойдзены фрагменты чыгуноў, якія хутчэй за ўсё адносяцца да заключнага этапу фарміравання пражскай культуры ў сярэдзіне IV – пачатку V стст.

Вывучэнне паселішча ў Яскавічах, размешчанага ў паўночнай частцы “Вялікай Палескай белай плямы”, перакладае гіпотэзу пра фарміраванне раннегістарычнага славянскага саюза плямёнаў на поўдні Рэспублікі Беларусь і ў прылеглых рэгіёнах Кіеўшчыны ў разрад навуковых тэорый. Прычым ужо сёння атрыманы досыць важкія для яе абгрунтаванні. Беларускіх археолагаў чакае вельмі доўгая, не менш за 15–20 гадоў, праца, звязаная з тым, каб высветліць, ці існуе культурная пераемнасць паміж адкрытымі тут помнікамі I–V стст. Тэорыю пра палескую калыску славянскіх народаў навукоўцы могуць або даказаць, або аспрэчыць, але, незалежна ад канчатковых вынікаў, гэтыя даследаванні – доўг не толькі ў дачыненні да навукі, але таксама беларускага і ўсіх сучасных славянскіх народаў.

На гэтым шляху беларускіх навукоўцаў чакаюць немалыя цяжкасці, звязаныя як з арганізацыяй і рэалізацыяй даследаванняў, так і з праблемай аховы помнікаў гісторыі і культуры нашай краіны.

Магістр Уладзімір Грыб фіксуе рабаўніцкі ўкоп у адну з пабудоў

У якасці прыкладу: сёлета археолагі, вывучаючы адну з пабудоў паселішча ў Яскавічах, выявілі ў яе куце рабаўніцкі ўкоп марадзёра, які выняў з гэтага аб’екта невядомы нам прадмет, верагодна, з каляровага металу.

– Такім чынам, для археолагаў страчана магчымасць датаванння і інтэрпрэтацыі гэтага аб’екта, а народ Беларусі назаўжды страціў яшчэ адну “літару” ў кнізе сваёй гісторыі, – каментуе гэты выпадак Вадзім Белявец, – незаконны металапошук – вельмі сур’ёзная праблема ў справе захавання і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. Сёння скарбашукальнікамі, якіх у Беларусі па сціплых адзнаках налічваецца каля 15 000, практычна беспакарана рабуюцца і пашкоджваюцца тысячы яшчэ не адкрытых навукоўцамі археалагічных помнікаў. Часта не маючы ўяўлення пра археалогію, а часам наўмысна і нягледзячы на тое, што іх дзейнасць пераследуецца па законе, марадзёры ў пошуках нажывы ці задавальняючы бяздзейную цікавасць да пошуку старажытнасцяў, дзесяцігоддзямі знішчаюць невядомыя старонкі гісторыі беларускага народа. Таму археолагам вельмі важная дапамога добраахвотнікаў, якія аказваюць садзейнічанне ў ахове помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, а таксама бяруць удзел у нашых даследаваннях.

Разам з тым не меншыя страты помнікам гісторыі і культуры наносяць будаўнічыя, дарожныя і меліярацыйныя працы, якія вядуцца без абавязковага (па сучасным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь) археалагічнага нагляду. 40–50 навукоўцаў-археолагаў, якія працуюць сёння ў Беларусі, фізічна не могуць ажыццяўляць ахову помнікаў гісторыі і культуры ўсёй краіны – гэта і не з’яўляецца іх прамым прафесійным абавязкам.

Нам усім, народу Беларусі, час зразумець, што мы жывём на нашай зямлі “не хлебам адзіным”. Мы ў стане кантраляваць высечку лясоў, збор грыбоў і ягад, ахоўваць і аднаўляць пагалоўе дзікіх жывёл і рыб – г. зн. больш ці менш паспяхова падтрымліваць баланс экасістэмы, у якой заселены як адна з вялікага мноства папуляцый біялагічнага віду “сапіенсаў”. Але страта археалагічных помнікаў для Беларусі незаменная. Паверце прафесійным гісторыкам: руйнуючы ўласнымі рукамі сваю ж спадчыну, мы пазбаўляем гістарычнай будучыні нашых дзяцей – народ без культурнай памяці асуджаны.

Ірына КУЗНЯЦОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: