Літаратура будзе праверана: пройдзе сёмая цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройца

8 Aug, 2018.

Усё яшчэ перакананы, што літаратура Беларусі пачынаецца са спеваў пра родную мову і заканчваецца ваеннымі раманамі? Знаходзіцеся ў актыўным пошуку беларускага аналага нобелеўкі? Ад выкладчыкаў і студэнтаў факультэта журналістыкі БДУ мы даведаліся, дзе шукаць сучасную літаратурную эліту і як далучыцца да яе “тусоўкі”.

Калі вам штосьці кажуць прозвішчы Арлова і Бартосіка, а словазлучэнне «Сабакі Эўропы» ўключае ў сябе значна больш, чым кіналагічныя веды, то сучаснасць белліта для вас не пусты гук. Калі не – ёсць падстава папоўніць свой літаратурны багаж. У кастрычніку 2018 года адбудзецца сёмая цырымонія ўручэння Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі ўручаецца штогод за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. Правядзенне прэміі накіравана на падтрымку актуальных беларускіх пісьменнікаў і выхад іх прац на міжнародны ўзровень.

«Літаратура – гэта, вядома, не прэміі, гэта ў першую чаргу кнігі і іх аўтары, а таксама выдаўцы, крытыкі, чытачы. Але менавіта прэміі даюць нагоду ўсім цікаўным сустракацца, спрачацца, абмяркоўваць», – дзеліцца з намі арганізатар мерапрыемства і выкладчык журфака БДУ Аляксей Стрэльнікаў. «І прэмія імя Ежы Гедройца праводзіцца менавіта для таго, каб рабіць літаратурны працэс больш цікавым і насычаным і гэтым спрыяць яго развіццю».

Прэмія носіць імя публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай. Яна арганізуецца «Саюзам беларускіх пісьменнікаў» і Беларускім ПЭН-цэнтрам, а таксама падтрымліваецца Пасольствам Рэспублікі Польшча і Польскім універсітэтам у Мінску і накіравана на папулярызацыю сучасную беларускую літаратуру і ў краіне-суседцы.  

Механізм працы прэміі наступны: экспертнае журы чытае мастацкія кнігі, што выйшлі ў Беларусі цягам года, а аргкамітэт займаецца медыйнай падтрымкай і арганізуе шэраг мерапрыемстваў (у першую чаргу цырымонію ўзнагароджання), каб як мага больш чытачоў даведаліся пра найлепшыя з гэтых кніг.

Ганна Трызнюк яшчэ са школы пачала цікавіцца беларускай літаратурай і хацела займацца яе папулярызацыяй. Выбраўшы спецыяльнасць піяршчыка, сёння ўжо студэнтка 4 курса інфакама другі год арганізуе прэмію: “Калі адзін раз я акунулася ў арганізацыю, я адчула штосьці такое, што натхніла мяне ўзяцца за гэта яшчэ раз. І я не шкадую і займаюся сваёй працай з задавальненнем. Правядзенне прэмій увогуле ўплывае на літаратурны і калялітаратурны працэс. Дзякуючы такім мерапрыемствам аўтары становяцца больш вядомымі, ім самім цікава ўдзельнічаць у іншых прэміях. Калі аўтараў ведаюць, то і людзі цікавяцца іх творчасцю, задаюць сабе і іншым пытанні, ствараюць тэматычныя форумы і прыцягваюць усё больш людзей”. 

На «кухню» самой цырымоніі ўзнагароджвання пісьменнікаў нас правяла зноў прадстаўніца інфакама Таццяна Шэлег, якая ўдзельнічала ў мерапрыемстве ў якасці валанцёра: «Мы сустракалі гасцей, дапамагалі ў працы над прэзентацыяй і, вядома, у арганізацыі фуршэту. Было цікава назіраць гэтую «тусоўку» сучаснай літаратурнай эліты і стаць яе ўдзельніцай».

Таццяна Шэлег (злева) і Ганна Трызнюк з пераможцам шостай прэміі Зьмітрам Бартосікам

Матывацыяй працаваць на прэміі для Таццяны ў першую чаргу была зацікаўленасць прадметам ва ўніверсітэце: «Выкладчык і пазнаёміў нас з прэміяй і расказаў, што можна дапамагчы ў яе рэалізацыі», – расказвае дзяўчына. «Тым больш  на культурнай пляцоўцы нашай краіны праектаў такога маштабу не шмат, асабліва ў сферы літаратуры. Таму для мяне валанцёрства на прэміі стала магчымасцю атрымаць яшчэ і ўнікальны вопыт працы. Папоўніўся і сацыяльны капітал: з’явілася шмат кантактаў пісьменнікаў і журналістаў».

Таццяна лічыць, што такія мерапрыемствы існуюць для таго, каб адчуць, што працэс развіцця культуры і літаратуры не статычны, і здзіўляцца новаму там, дзе, нам здаецца, мы ведаем нават больш, чым трэба: «Сярод студэнтаў, ды і не толькі, існуе стары добры стрэрэатып – маўляў, белліт – гэта пра зямлю ды вайну. Аднак прэмія пераконвае: гэта зусім не так. Як чалавек надта далёкі на той час ад беларускамоўнага асяроддзя, я адкрыла для сябе зусім новую беларускую літаратуру».

Гісторыя прэміі пачалася ў снежні 2011, і ў 2012 годзе адбылося першае ўзнагароджванне беларускіх літаратараў. Першым пераможцам стаў Павел Касцюкевіч з кнігай «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту». Прэмія прынесла яму грашовую ўзнагароду і месяц творчага адпачынку на шведскім востраве Готланд. А ў гэтым годзе ўзнагароджванне найлепшых беларускіх аўтараў адбудзецца ў сёмы раз.

«За шэсць гадоў існавання прэміі літаратурны працэс істотна змяніўся: у літаратуру прыходзяць новыя аўтары, з’явіўся шэраг новых прэмій, кнігавыданне і кніжны гандаль таксама могуць пахваліцца новымі цікавосткамі, змяняюцца зносіны на кніжным рынку. Вядома, у гэтым заслуга ўсіх, хто займаецца літаратурным працэсам у Беларусі, але заслуга прэміі імя Ежы Гедройца тут таксама ёсць. Будучыня беларускай літаратуры шмат у чым залежыць ад развіцця кніжнага рынку, якому спрыяюць літаратурныя прэміі. Таму рабіць прэмію імя Ежы Гедройца цікавай, празрыстай, прафесійнай – гэта значыць дапамагаць беларускай літаратуры», – тлумачыць Аляксей Стрэльнікаў.

Падчас чакання літаратурнай падзеі, можна сачыць за інфармацыяй у фэйсбуку і праглядзець спіс намінантаў прэміі гэтага года на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра. Магчыма, там знойдзецца кніга, якая пераверне ваша жыццё, а на цырымоніі ў кастрычніку будзе магчымасць пабалець за аўтара. Там жа можна знайсці інфармацыю пра членаў журы і прэміі іншых гадоў, ды проста правесці літаратурны лікбез.

Вера КАЧАНАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: