На раз-два-тры дзяўчаты і хлопцы танчаць. Вальс ваенных часоў

15 мая, 2015.

IMG_4772 Пражыць вайну за пяць хвілін – эмацыйна, ярка, кранальна. Гэта ўдалося ў студэнтаў, якія кружыліся ў вальсе ў дворыку галоўнага корпуса. Восьмага мая, напярэдадні вялікага свята, дзяўчаты і хлопцы паспрабавалі яшчэ раз нагадаць, што прыйшлося перажыць іх аднагодкам 70 гадоў назад. – Гэта акцыя праводзілася з мэтай паказаць зваротны бок тых страшных гадоў, – распавядае адна з арганізатараў перформансу Ліза Яцыновіч. – Апроч болю, горычы і страт жылі надзеі і чаканне. Людзям даводзілася выжываць, і яны хавалі свой страх за заслонай эфемернай псеўдавесялосці… Наогул, я заўсёды прыводжу аналогію з музыкай: для таго, каб яе любіць, мы не чытаем біяграфію кампазітараў і выканаўцаў, мы яе слухаем. Так і тут. Каб зацікавіцца гісторыяй, трэба як мага менш сухіх тэкстаў. Паказваць наглядна, укладваючы ўсю душу, прапускаючы праз сябе. Шчыра спадзяёмся, што закранулі душы гледачоў, бо мы вельмі стараліся, і ў наступным годзе прыцягнем яшчэ больш студэнтаў! IMG_4802 Ідэя, дарэчы, свая, нідзе не запазычаная, а натхняльнікі мы – група студэнтаў-энтузіястаў з юрыдычнага факультэта. Удзельнікаў знайшлі хутка. Напісалі аб'яву, звярнуліся да знаёмых. Першапачаткова быў дэфіцыт у мужчын, але затым іх пабольшала, і здарылася так, што на адной з рэпетыцый не хапіла дзяўчатак. Напэўна, самае цяжкае – навучыць усіх з нуля вальсаваму кроку, бо тое, чаму нас вучылі ў школе, зусім не вальс, а звычайныя нерытмічныя крокі. Рэпетавалі мы ў самых розных месцах: наш першы збор быў у Гаі, затым у 11 інтэрнаце, а апошні на стадыёне Пятроўшчыны. Вальс ставіла наша Аня Баран – студэнтка 1 курса юрыдычнага факультэта, заслужаны і прызнаны прафарг сваёй групы, якая ўзяла на сябе ўсю адказнасць за нумар. Бо першапачаткова мы хацелі проста станцаваць пераможны вальс, але, троху пагутарыўшы, змянілі фармат на тэатральную пастаноўку. Па-мойму, узрушальная ідэя! У мяне на працягу ўсёй падрыхтоўкі ўзнікала пытанне: як у яе хапае сіл і цярпення? Бо выконваць ролю харэографа няпроста. І тым не менш ёй гэта ўдалося Усе дабілі гэты вальсавы крок, аснову ўсіх асноў, а рухі вывучыць было нескладана. Час выступлення выбіралі якраз у перапынку паміж парамі, каб было больш гледачоў. IMG_4809 Нумар спадабаўся, былі і хвалы, і апладысменты. Станцавалі і разышліся, здавалася б. Ды не зусім так. Вось ішоў студэнт, думаў пра сваё, і тут – вальс. Спыніўся, паглядзеў. Падняўся настрой, думкі перайшлі на іншы лад. Можа, успомніў, як дзед з вайны не вярнуўся, а можа, вырашыў наведаць на выходных прабабулю. Не застаўся абыякавым. Вялікія справы – з дробязяў. Марына СІМАНАВА IMG_4825 IMG_4790  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *