БДУ – твой крок у будучыню! Актывісты БРСМ выправіліся з юбілейнай акцыяй у Любань (+відэа)

6 Apr, 2017.

Добрай традыцыяй сталі сустрэчы студэнтаў са школьнікамі старэйшых класаў беларускіх гарадоў і раёнаў у рамках грамадска-асветніцкай акцыі «Універсітэт – твой крок у будучыню» пярвічнай арганізацыі БРСМ галоўнага ўніверсітэта краіны.



Гэта ўнікальная для нашага ўні­версітэта акцыя, накіраваная на павышэнне прэстыжу вышэйшай адукацыі. На працягу трох дзён   удзельнікі акцыі знаёмяцца, спаборнічаюць, абменьваюцца творчым вопытам. Штогод акцыя праходзіць пад дэвізам «Роўны навучае роўнага»: студэнты, за плячыма якіх уступныя іспыты, семінары  і праекты, сесіі і курсавыя працы, распавядаюць пра сапраўднае студэнцкае жыццё, прэзентуюць дзейнасць падраздзяленняў БДУ, прадстаўляюць кожны факультэт, распавядаюць пра асаблівасці ўступнай кампаніі, інфармуюць школьнікаў пра актыўнасць органаў студэнцкага самакіравання.


Комплекс прафарыентацыйных мерапрыемстваў, псіхалагічных і ролевых адукацыйных гульняў, якія праводзяць студэнты, дапамагае абітурыентам раскрыць свае таленты і схільнасці і вызначыцца з будучай прафесіяй. Прапанову аформіць пажаданні адзін аднаму на перыяд студэнцкага жыцця школьнікі заўсёды прымаюць «на ўра». Актывісты саюза моладзі захоўваюць лісты, многія з якіх потым    вяртаюцца ўладальнікам разам з нагодай падтрымліваць цяпер ужо агульную alma mater.


Іна Хох, сакратар БРСМ хімічнага факультэта: «Універсітэт – твой крок у будучыню» – мерапры­емства заўжды чароўнае, захап­ляльнае, плённае. Ніколі не ведаеш, што здарыцца на чарговай акцыі. Аднойчы пераканалася, што свет насамрэч цесны. Акрамя працы са школьнікамі мы штораз    праводзім валанцёрскія акцыі. У сацыяльным прытулку г. Воранава я бавіла час з адной дзяўчынкай. Як высветлілася ў размове, Ліяна – мая зямлячка, яе бабуля жыве са мной на адной вуліцы, а сама яна, калі б воляй лёсу не патрапіла сюды, павінна была б вучыцца з маёй малодшай сястрой у адным класе».


На працягу акцыі студэнты таксама атрымліваюць шмат цікавых ведаў: знаёмяцца з культурай і гісторыяй раёна, наведваюць музеі і прад­прыемствы, мясцовыя сла­вутасці. Падчас сустрэч ладзяцца круглыя сталы, спартыўныя і інтэлектуальныя мерапрыемствы, экскурсіі, творчыя вечарыны і сту­дэнцкія дыскатэкі.


Сёлета акцыя пройдзе ў Любані і Любанскім раёне Мінскай вобласці. З 6 да 8 красавіка студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсі­тэта ў юбілейны, дзясяты, раз будуць дапамагаць школьнікам зрабіць правільны выбар і свой першы крок у будучыню!

Вераніка ПУПКЕВІЧ

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота ў лічбавым фотаархіве БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *