“PR-кветка–2017”: аўтастопам па Галактыцы (+вiдэа)

7 Apr, 2017.

Дзясяты міжнародны адкрыты студэнцкі форум “PR-кветка” прайшоў 29–31 сакавіка ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Канцэпцыя мерапрыемства сёлета – космас, пашырэнне звыклых меж і засваенне новых тэрыторый. Касмічная станцыя “Kvetka-10” з экіпажам і пасажырамі на борце на працягу трох дзён здзяйсняла вандраванне па Галактыцы Камунікацыі.

 Юбілейны форум праляцеў з адмысловым размахам. Арганізатарамі выступіла кафедра тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ, а менавіта студэнты 3 курса спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя”. У якасці куратараў ім дапамагалі выкладчыкі кафедры Ксенія Каравая і Лікія Яніцкая. Суарганізатар – кансалтынгавая кампанія IPR Belarus. Для 800 удзельнікаў, слухачоў і гасцей форуму падрыхтавалі шмат неспадзевак. Удзел у форуме быў бясплатным.

“Для мяне, як для чалавека, які стаяў ля вытокаў форуму, каштоўна ўсведамляць, што “PR-кветка” – гэта праект, запатрабаваны і ўнутры краіны, і за мяжой. Штогод мы пераконваемся ў тым, што гэта мерапрыемства неабходнае і студэнтам, і выкладчыкам, і прафесійнай камунікацыйнай супольнасці, і прадстаўнікам бізнесу, якія маюць патрэбу ў кадрах. За дзесяць гадоў форум набыў свае традыцыі, адной з якіх стала пастаяннае ўкараненне інавацый”, – адзначае Ірына Сідорская, аўтар праекта, загадчыца кафедры тэхналогій камунікацый.

Сёлета адбылося 11 майстар-класаў. Напрыклад, досведам падзялілася Дар’я Шакура, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ААТ “Прыёрбанк”, выступіўшы з тэмай “PR у адкрытым космасе: антыкрызісная камунікацыя ў сацыяльных сетках”. Вольга Герасенка, начальнік аддзела рэкламы і камунікацый “Белавія”, растлумачыла, як правесці рэдызайн і ўлічыць меркаванне ўсіх. Андрэй Бібікаў, трэнер па пастаноўцы голасу і выкладчык сцэнічнага маўлення, распавёў, як сфарміраваць свой імідж. А тэма выступлення Ігара Сакалова, старшыні савета IPR Belarus, была такая: “Інтымны PR. Сяброўства ці любоў з грамадскасцю”. Таксама слухачы даведаліся, якім чынам запусціць музейнага чат-бота ў космас, сабраць аншлаг на мерапрыемстве з дапамогай PR і стаць зоркай агульнага харчавання. Прысутныя на форуме разабралі гісторыю прасоўвання startup для падлеткаў, сусветныя магчымасці крэатыву і методыкі яго стварэння. А яшчэ змаглі зразумець метад айтрэкінгу ў маркетынгавых даследаваннях.

У рамках форуму прайшлі кейс-турніры. Прадстаўнікі кампаній падзяліліся сітуацыямі, якія ўзнікаюць падчас працы і патрабуюць комплексу камунікацыйных дзеянняў. Удзельнікі праекта ж дэманстравалі свае рашэнні. Падчас першага кейса ад ААТ “Прыёрбанк” 6 каманд прапанавалі ідэі, як павялічыць фінансавую пісьменнасць насельніцтва. А другі кейс-турнір, над якім думалі 8 каманд, прадставіў Нацыянальна-практычны цэнтр па механізаванні сельскай гаспадаркі, падраздзяленне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тэма вельмі актуальная для сёлетняга года навукі: як павялічыць прэстыж статусу навукоўца ў Беларусі? Каманды рэкамендавалі шэраг ідэй для рашэння гэтага пытання: пераназванне цэнтра, правядзенне фэстаў, рэаліці-шоу, флэшмобаў, экскурсій, прасоўванне ў сацыяльных сетках, супрацоўніцтва з сельска-гаспадарчымі ВНУ і каледжамі, праца над сацыяльнай і знешняй рэкламай і яшчэ многае іншае.

На круглым стале “Правакацыя ў камунікацыі – палёт на Марс ці ў нікуды?” 8 экспертаў у галіне камунікацыі, журналісты, удзельнікі грамадскіх арганізацый абмеркавалі надзённыя этычныя, гендарныя пытанні.

На гэту тэму Ірына Альхоўка, член Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў, адзначыла, што выкарыстанне чалавечага цела ў рэкламе мае дваісты сэнс:

“Не трэба паказваць цела чалавека, каб прадаць прадукт. Давайце выкарыстоўваць іншыя выявы, ідэі і, вядома, памятаць пра адказнасць перад спажыўцом”. Аксана Ванчук, блогер, кіраўнік аддзела PR&SMM рэкламнага агенцтва “Лабс Паблісіці Груп” падкрэсліла: “Сёння брэндам вельмі складана вылучыцца. Гэта вымагае вельмі шмат сіл і нерваў, шрыфтоў і ўзгадненняў. Штодня чалавек бачыць 5000 рэкламных паведамленняў. А адзінае пажаданне кліента, каб было “ваў!”. А са стандартнымі добрымі каштоўнасцямі ўжо мала што атрымліваецца і мае поспех”.

Іна Гаўрыльчык, начальнік сектара па рэкламе ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падагульніла:

“Прыклады рэкламы, якія мы сёння разгледзелі, могуць кагосьці закрануць, пакрыўдзіць ці абразіць. Але ў цэлым правакацыя – гэта цікава, нестандартна і дзесьці весела. Але іншае пытанне – утрыманне. Я падтрымліваю тую правакацыю ў камунікацыі, якая прыносіць чалавеку радасць і можа яго па-добраму страсянуць”.

Самай яркай падзеяй у праграме форуму застаецца “Кірмаш праектаў”. Да дзвюх традыцыйных секцый сёлета далучыліся новыя: “Startup-праекты” і намінацыя для школьных камунікацыйных праектаў “Кветачка”.

“Мы ўвесь час вывучаем пажаданні і ўдзельнікаў, і прафесійнай супольнасці. Мы заўважылі, што многія вучні старэйшых класаў сочаць за форумам і наведваюць яго ў якасці слухачоў, і пры гэтым вельмі хочуць паспрабаваць свае сілы як аўтары ўласных праектаў. Вось і нарадзілася ідэя “Кветачкі”. Секцыя “Startup праектаў” з’явілася дзякуючы рэкамендацыям пастаянных удзельнікаў журы. Яны адзначылі, што штогод ёсць частка праектаў, дзе больш увагі надаецца не PR- і рэкламным стратэгіям, а пэўнай ідэі, што абцяжарвае іх ацэнку ў рамках традыцыйных секцый. Таму мы вырашылі вылучыць асобную секцыю для такіх праектаў”, – каментуе Лікія Яніцкая, адзін з куратараў форуму, выкладчык кафедры тэхналогій камунікацыі.

Пераможцамі PR-секцыі сярод 14 каманд сталі першакурснікі Інстытута журналістыкі БДУ Ксенія Ганчарык, Аляксандр Дабранаў, Анастасія Дышлевіч, Алена Каліна. Іх праект “Захаваць крылы” скіраваны на прыцягненне ўвагі псіхалагічнага ціску на дзяцей у іх выбары будучай прафесіі. За прыз у рэкламнай секцыі змагаліся 12 каманд. Першае месца заняла каманда студэнтаў з БДУ і БДЭУ: Юлія Кузьміч, Кацярына Карэліна і Аляксей Шпадарук з рэкламным праектам аўсянага малака “О!” ад Danone. Новая секцыя “Startup-праекты” вылучалася папулярнасцю сярод удзельнікаў: супернічалі 18 каманд. А пераможцы – Дзмітрый Кузьміч, Алена Пашкевіч, Яўгенія Краўчанка, Дзяніс Глебаў (БДУІР, БНТУ), якія прадставілі праект “Scrawlless” – альтэрнатыву рукапіснаму выкананнб заданняў па школьным матэрыяле для дзяцей, якія маюць праблемы з дробнай маторыкай. З 6 каманд у секцыі “Кветачка” лідары – Дзмітрый Якімовіч і Яўген Брусевіч з праектам “Эка-справа”.

Фінальны акорд форуму – урачыстая цырымонія закрыцця. Тут успомнілі, як за 10 гадоў праект змяняўся і вырас у такое маштабнае мерапрыемства. У той вечар на сцэну падняліся арганізатары мінулых “Кветак”, якія распавялі, як студэнтамі праводзілі форум, дзякавалі роднай кафедры і Інстытуту журналістыкі. Ірына Сідорская, загадчыца кафедры тэхналогій камунікацый, падкрэсліла, што форум – гэта камандная праца. Вялікая колькасць людзей прыклала намаганні да рэалізацыі мэт “PR-кветкі”. А галоўнае, што гэта студэнцкі праект, дзе вялікая частка працы выконваецца менавіта маладымі дзецьмі.

Таісія Ганчарук, студэнтка 3 курса, арганізатар форуму:

“У форуме бяру ўдзел ужо ў трэці раз: двойчы як удзельніца, а цяпер – арганізатар. Хочацца сказаць словы любові і падзякі кафедры за такую магчымасць. І дзякуй усім, хто арганізоўваў да нас праект за тое, што пакінулі нам такі багаж досведу, якім мы можам карыстацца. Я люблю сваю групу за тое, што мы вырашаем праблемы разам. Галоўным слоганам гэтых трох дзён для нас стала фраза: “Не панікуй!”.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

Вiдэа:

Крыніца фатаграфій – https://vk.com/albums-1856489

print

Вам таксама можа спадабацца: