Грані каратэ: каманда БДУ выступіла на 4-м этапе Мінскай гарадской лігі каратэ (ролевы рэпартаж + інтэрв’ю)

10 Apr, 2017.

Сяргей Філіповіч (сіні пояс) супраць Аляксандра Трафімовіча (фінальны паядынак)

 Спартыўнаму жыццю студэнтаў у БДУ заўсёды надавалася асаблівая ўвага. Бо даўно вядома: людзі, што займаюцца спортам належным чынам, куды больш бадзёрыя і жыццярадасныя. Пазітыўны стан духу, актыўны лад жыцця – гэта заклад бесперапыннай цікаўнасці да свету, а значыць, і поспехаў у вучобе. Акрамя таго, спорт – гэта яшчэ і займальнае відовішча, якое не дазволіць сумаваць нават пры доўгіх руцінных нагрузках. Аднымі з самых відовішчных відаў спорту справядліва лічацца спартыўныя баявыя мастацтвы, якія як нішто іншае дэманструюць фізічныя магчымасці чалавека і яго сілу волі.

Сярод найлепшых магчымасцяў заняткаў баявымі мастацтвамі ў БДУ асобна вылучаюцца заняткі каратэ. Клуб «Фудасін», дырэктарам якога з'яўляецца старшы выкладчык кафедры фізвыхавання і спорту БДУ і ўладальнік чорнага пояса 3-га дана Сяргей Мікалаевіч Снегіроў , ужо без малога 15 гадоў ажыццяўляе падрыхтоўку нашых юнакоў і дзяўчат па дысцыпліне каратэ сётакан. «Да чырвонага дыплома – чорны пояс» – вось дэвіз клуба, які цалкам адлюстроўвае сутнасць яго працы. Прасоўванне ў паясной сістэме, удзел у спаборніцтвах, развіццё хуткасна-сілавых якасцей, цягавітасці і гнуткасці, павышэнне агульнага жыццёвага тонусу і добры настрой – вось няпоўны пералік таго, што рэгулярна атрымлівае ад заняткаў кожны член клуба «Фудасін» ў БДУ. Тым не менш каратэ – гэта не проста спартыўная дысцыпліна. Гэта цэлы шматгранны свет, дзе кожны чалавек, незалежна ад полу ці ўзросту, можа праявіць сябе па-свойму – у сілу ўласных магчымасцяў, талентаў, жаданняў і імкненняў.

19 сакавіка на базе СК «Алімпійскі» адбылося правядзенне 4-га этапу Мінскай гарадской лігі каратэ. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт традыцыйна прадставіў на дадзеных гарадскіх спаборніцтвах сваю каманду спартсменаў. Але апроч гэтага студэнты, выпускнікі і супрацоўнікі БДУ былі заяўлены на мерапрыемства ў якасці сакратароў і суддзяў. Пра свой вопыт удзелу расказала студэнтка 1-га курса Інстытута журналістыкі Кацярына КАСЦЕВІЧ і аспірант філалагічнага факультэта 2-га года навучання Сяргей МАЕЎСКІ.

***

 

Кацярына КАСЦЕВІЧ :

 У тую раніцу дзьмуў усходні вецер…

Белы, сіні, чырвоны... Колеры, якія напаўняюць гэтую залу. Залу, у якой шмат маладых хлопцаў і дзяўчат сталі на татамі, каб перамагчы сябе, пераадолець страх. З гэтай мэтай і я вырашыла паўдзельнічаць у 4 этапе Мінскай гарадской лігі каратэ.

Вакол дзеткі ў ярка-белых кімано, па баках усхваляваныя бацькі. Нарэшце дабіраюся да сваіх сяброў-удзельнікаў. Хуткая размінка, і вось ён – першы свісток.

На татамі запрашаюць хлопцаў у катэгорыі «Кумітэ мужчыны 18+ +75 кг». Паядынак доўжыцца 3 хвіліны. «Усяго толькі тры хвіліны», – скажаце вы. Але на самой справе гэта вельмі напружаны момант, час максімальнай сабранасці і поўнай увагі да суперніка і суддзяў. Я ў каратэ зусім нядаўна. Увесь гэты час я лічыла, што кумітэ прасцейшае за ката. Гэта не так. Кумітэ – рэальны паядынак з супернікам, дзе ты дэманструеш не толькі сваю тэхніку і моц, але і хуткасць, вытрымку і ўстойлівасць. Тут ёсць свае правілы і нюансы, прычым абвяшчаюцца яны традыцыйна на японскай мове, таму з першага разу я не разумела, пра што ідзе гаворка.

Не паспеўшы паўтарыць сваё ката для выступлення, чую, як абвяшчаюць катэгорыю «Ката жанчыны 16+». Са мной выступае яшчэ шэсць дзяўчат, прычым з розным узроўнем падрыхтоўкі. Апрануўшы сіні пояс, які па-японску называецца «Ао» (колер вады), я ўпэўнена выйшла на татамі. Праўда, смеласць мая імгненна знікла, пакуль мая суперніца рабіла ката на чорны пояс (для параўнання, я – уладальніца жоўтага). Мая чарга. Паклон суддзям, суперніку «Ака» (чырвоны пояс), не спяшаючыся выходжу на сярэдзіну і абвяшчаю ката. У процілеглай частцы залы актыўна выступалі дзеці. Таму мой выгук «Хэян Шодан!» растварыўся, так і не даляцеўшы да суддзяў.

Дэманстраваць ката (уяўны паядынак) было не складана і не страшна. Цела выдатна ведае ўсе рухі, прымае патрэбныя (няхай і не зусім ідэальныя) стойкі, а ўдар сам ляціць прама ў корпус. Будучы да ўсяго ўважлівай і ведаючы, што азначае кожнае дзеянне, я, пераймаючы ваду, плаўна, але моцна, падобна бурлівай плыні, збівала сваіх уяўных праціўнікаў.

Кацярына Касцевіч (зправа) заваявала трэцяе месца ў катэгорыі "Ката жанчыны 16+"

Цярпліва чакаю, пакуль суддзі выносяць вердыкт. Свісток ― і ў долі секунды ў паветры бліснулі адначасова сінія сцяжкі. Такім чынам праходзіць галасаванне пасля выступу кожных двух удзельнікаў: суддзі падымаюць сцяжок чырвонага або сіняга колеру ў залежнасці ад удзельніка, які выступіў лепш.

Адыходжу ў бок, пераводжу дух і асэнсоўваю свой выступ. На татамі ўжо новая катэгорыя «Кумітэ жанчыны 18+». Ці бачылі вы калі-небудзь жаночае кумітэ? Мне сёння давялося ўбачыць гэты від каратэ на самой справе. Мілыя такія дзяўчаткі, з касічкамі, хвосцікамі, паціскаюць адна адной рукі перад паядынкам, думаеш, як яны ўвогуле здольныя біцца? Але наступныя дзве хвіліны ты назіраеш, як хітра і спрытна яны абгульваюць адна адну, з якімі эмоцыямі наносяць удары, не жадаючы саступаць суперніцы.

Дзесьці ў іншым канцы залы пачынаецца ўзнагароджанне тых, хто ўжо паспеў выступіць. Я не звяртала на гэта ўвагі, больш захапляючыся кумітэ. Але, калі праз пэўны час да слыху даляцела маё прозвішча, я насцярожылася. Вырашыла падысці бліжэй. Асоба не спяшалася, мабыць, таму, што я ўвогуле флегматык.

Раптам я атрымала штуршок у спіну…

― Давай хутчэй, цябе адну чакаюць!

І я ў сваіх спальных тапачках паспяшалася да суддзяў. Мяне папрасілі стаць разам з дзвюма дзяўчатамі на п’едэстале. Зачаравана назіраю, як мой трэнер надзявае мне на шыю медаль. Сэрца так і калоціцца! Трэцяе месца ў катэгорыі “Ката жанчыны 16+”. Мяне ўпершыню ўзнагароджвалі так сур’ёзна. Увогуле, усё гэта было для мяне ўпершыню…З дрыжачымі рукамі я трымала дыплом і паглядала, як паблісквае медаль на сонейку, што свяціла нам увесь гэты час.

Цудоўная раніца. Я выканала сваю раней пастаўленую задачу – пераадолела страх, паказала тое, над чым працавала ўвесь час маіх заняткаў каратэ. Нарэшце, атрымала вопыт, паглядзела на сапраўдных майстроў гэтага прыгожага віда баявога мастацтва і проста зарадзілася бадзёрым настроем. Таму хачу падзякаваць усім, хто прымаў удзел у арганізацыі спаборніцтваў, свайму трэнеру і сябрам!

***

Сяргей МАЕЎСКІ :

Дрэс-код і новыя правілы

Для мяне спаборніцтвы 4-га этапу Мінскай гарадской лігі каратэ пачаліся значна раней за 19 сакавіка. Бо акрамя катэгорый «Ката мужчыны 16+» і «Кумітэ мужчыны 18+ +75 кг» я быў заяўлены ад клуба «Фудасін» у якасці суддзі ў дзіцячых катэгорыях. Перад тым, як быць дапушчанымі да працы, усе суддзі і рэферы, незалежна ад сваёй кваліфікацыі, маюць наведаць судзейскі семінар, “новенькія” праходзяць спецыяльную атэстацыю. На семінары, як і на саміх спаборніцтвах, і на ўсіх суправаджальных мерапрыемствах, неабходна вытрымліваць усталяваны дрэс-код: цёмна-сіні пінжак з двума сярэбранымі гузікамі, белая кашуля з кароткімі рукавамі, афіцыйны гальштук без заколкі, светла-шэрыя штаны, чорныя шкарпэткі і чорныя туфлі без шнуркоў. Да майго шчасця, за два дні перад спаборніцтвамі мне споўнілася 25 гадоў, і ўвесь камплект уніформы быў забяспечаны маімі бацькамі ў якасці практычнага і карыснага падарунка, за што я ім вельмі ўдзячны. За шматстаронкавым дакументам з правіламі каратэ WKF* і праглядам відэа з спаборніцтваў рознага ўзроўню (у тым ліку прэм'ер-лігі, якая праходзіла ў гэтым годзе ў Парыжы) я правёў нямала вечароў. Кансультаваўся па асобных пытаннях у знаёмых суддзяў, перачытваў канспекты з папярэдніх судзейскіх семінараў, куды ў свой час быў дапушчаны для набірання досведу.

У гэты раз семінар напярэдадні спаборніцтваў быў праведзены асабліва пільна. На тое ёсць прычына: новыя правілы WKF версіі 9.1 (у прыватнасці, правіла сэншу*) унеслі значныя карэктывы і ў тактыку спартсменаў, і ў працу суддзяў. Больш за тры гадзіны без перапынку кіраўнік семінара тлумачыў складаныя моманты, якія ўзнікалі ў працэсе выкарыстання новых правілаў на спаборніцтвах па ўсім свеце. Тлумачэнне было, на маю думку, максімальна падрабязным і ішло як у агульным рэчышчы, так і асобна па кожнай катэгорыі парушэнняў. Вельмі шмат было разабрана практычных сітуацый, у тым ліку і ў форме своеасаблівых задач з умовай і адназначным адказам. Кожнаму з крытэрыяў, па якіх павінна быць ацэнена атака ў кумітэ ці выкананне ката, надавалася асобная ўвага.

Нічога, не бойцеся...

Нягледзячы на ​праведзены за вывучэннем правілаў час, я трохі блытаўся ў тэрміналогіі на японскай мове. Каб не адцягваць на сябе ўвагу, звяртаўся па дапамогу да калегі, што сядзела побач. Дзяўчына апынулася вельмі кампетэнтнай. І якім жа прыемна было напрыканцы даведацца, што кансультавала мяне студэнтка 2-га курса біялагічнага факультэта БДУ Кацярына БАНДАРЫК, якая прадстаўляе на спаборніцтвах клуб «Санга».

Кацярына Бандарык

- Кацярына, калі і ў сувязі з чым Вы прыйшлі ў каратэ? Як доўга Вы ў гэтай сферы?

- У каратэ я прыйшла з 1-га курса – адразу, як толькі пераехала ў Мінск. 1 верасня знайшла аб’яву ў інтэрнэце, патэлефанавала свайму трэнеру і запісалася на заняткі, 3 верасня першы раз прыйшла ў залу. У Быхаве – горадзе, адкуль я родам – няма практычна ніякіх спартыўных секцый такога кірунку. Чула, што ёсць самба, але яно мяне неяк не прыцягвала, хацелася нешта з японскіх баявых мастацтваў. Таму па прыездзе ў Мінск я не губляла часу

-У каратэ шмат стыляў. Вы абралі сётакан па прычыне даступнасці, або менавіта да яго ляжала душа?

-Я не ставіла перад сабой такога пытання, калі запісвалася на заняткі. Так “упалі карты”. Тэлефанавала некалькім трэнерам, дамаўлялася. Патэлефанавала свайму – спадабаліся ўмовы, на якіх прапаноўвалі займацца.

-Ці меў месца супраціў Вашаму памкненню з боку родных? Або, наадварот, яны Вас падтрымалі?

-Ніякага супраціву з боку родных не было, наадварот, яны віталі маё жаданне. Хіба што, можа, не чакалі, што я, дзяўчына, абяру для сябе каратэ. Але яны ведалі, што мне гэта падабаецца, таму зусім не перашкаджалі.

-Што менавіта Вас прывабіла ў каратэ? Прыгажосць ці, можа, сіла, спрыт, якія яно развівае?

-Імаверна, найперш – жаданне развіцца ў фізічным плане, набыць уменне пастаяць за сябе.

-Вы займаецеся з першага курса. Мабыць, у Вас зараз ужо аранжавы ці зялёны пояс?

-Сіні.

-Упс… прабачце…

-Нічога, не бойцеся. [Смяецца]

-А што тычыцца судзейства? Які досвед маеце ў ім?

-Судзейскую працу я выконваю ў сукупнасці нешта каля года. Пачалася яна з самых асноў, з тлумачэнняў. Перад тым, як судзіць, наведала некалькі судзейскіх семінараў, паўдзельнічала ў некалькіх спаборніцтвах сама. Вопыт судзейства ўжо пэўны ёсць, але не вельмі вялікі.

-Судзейскі семінар – гэта мерапрыемства для суддзяў рознай кваліфікацыі. На татамі таксама працуюць людзі з розным досведам. Параўноўваючы сябе з іншымі, ці можаце Вы сказаць, што ў Вас ўжо напрацавана пэўная хватка?

-Людзі розныя. Некаторыя схопліваюць усё на ляту, некаторыя – не вельмі. Спачатку ў мяне, вядома, былі цяжкасці. Але паціху я пачынаю разумець і вылоўліваць патрэбнае. Зараз атрымліваецца працаваць лепш, чым спачатку.

-Якая якасць неабходная для таго, каб быць добрым суддзёй у каратэ? Гэта аб'ектыўнасць? Дакладнае веданне правілаў? Уменне прадбачыць, як разаўецца сітуацыя на татамі? Уменне ўзаемадзейнічаць з іншымі суддзямі?

-Складанае пытанне. Гэта ўсё пералічанае. Плюс уменне разумець сітуацыю на татамі ў цэлым.

 -Напэўна, Вы ўжо судзілі розныя катэгорыі – і дарослыя, і дзіцячыя. Скажыце, каго судзіць цяжэй?

-Найбольш складана, на маю думку, ацэньваць маленькіх спартсменаў, то бок наймаладзейшага ўзросту. Бо ў іх часта назіраецца змяшаная тэхніка, часам наогул атрымліваецца “каша”. Судзячы іх, трэба пастаянна і пільна адлоўліваць моманты – дзе ёсць удар, а дзе яго няма. Але ў той жа час гэтак жа складана судзіць, напрыклад, больш дарослых спартсменаў – тым, каму 14-15 гадоў. Таму што робяць яны ўсё вельмі шпарка, і часам можна не ўсачыць за асобным хуткім дзеяннем. Напэўна, ацэньваць вось такія “крайнасці” – гэта і ёсць самае складанае ў судзейскай працы. “Сярэднія” ўзросты судзіць значна лягчэй.

-І заключнае пытанне. Кім Вы бачыце сябе ў каратэ пасля заканчэння ўніверсітэта? Ці плануеце Вы займацца да канца навучання? Калі плануеце, то кім Вы будзеце ў выніку: спартсменам ці суддзёй?

-Так, я планую займацца да канца навучання. Але паглядзім, як атрымаецца. Пакуль я наведваю трэніроўкі, інтэнсіўна працую. Хто ведае, можа, сама буду трэніраваць. Зараз ужо трошкі пачала дапамагаць трэнеру. Безумоўна, буду развівацца ў кірунку судзейства, удзельнічаць у турнірах у якасці суддзі. Гэтая практыка вельмі карысная, яна, у тым ліку, дапамагае ў трэніроўках. Што тычыцца выступленняў – не ведаю, у мяне няма такога азарту да іх. Вядома, трэба выступаць, але ў якасці заўзятага ўдзельніка сябе не бачу.

***

Голубева Алена (чырвоны пояс) заняла другое месца ў катэгорыі "Кумітэ жанчыны 18+ абс"

Каратэ – з’ява цэласная

У перапынках працы на татамі мы не маглі не пагутарыць з некаторымі удзельнікамі спаборніцтваў. Уладальніца чорнага пояса, выпускніца фізічнага факультэта, а сёння – старшы выкладчык кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі Алена ГОЛУБЕВА выступіла ў раздзелах «Ката жанчыны 16+» і «Кумітэ жанчыны 18+ абс.». У першым коле раздзела «Ката» Алена не пакінула сваёй суперніцы Ганне КРЫЛАСАВАЙ (NSKF Belarus) ніводнага шанцу, выканаўшы аднолькавае з ёй ката (Джыон*) і выйграўшы паядынак з лікам 5:0. Аднак у наступным крузе суперніца з СК «Чэмпіён» ШУША Дар'я аказалася мацнейшай. У раздзеле «Кумітэ» Алена прадэманстравала значна больш высокі вынік: выйграны па хантэй* паядынак са Алесяй СЦЕШЫК  (ФСК «Волат») і перамога над Ганнай КРЫЛАСАВАЙ  з лікам 3:0 прынеслі ў скарбонку БДУ новы сярэбраны медаль.

-Алена Мікалаеўна, падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі ад выступаў. Ці выканалі Вы свае асабістыя мэты на сёння?

-Сённяшнія спаборніцтвы для мяне – гэта своеасаблівы камбэк. Я даўно не выступала – можа, гады са два ці тры. Таму зараз я прыйшла сюды не перамагаць, не зарабляць балы, а, па-першае, высветліць, што ў мяне засталося з напрацаванай тэхнікі, па-другое, атрымаць задавальненне. Абедзве свае мэты я выканала. Дзесьці для мяне сталі відавочныя мае моцныя бакі, што былі і засталіся, дзесьці стала зразумела, што страцілася. Убачыла, чаго не хапае па тэхніцы, па хуткасці, фізічнай падрыхтоўцы, адчуванні дыстанцыі – і яшчэ шмат нюансаў.

-Вы вельмі ўсхвалявана заўзелі за Вашага калегу Філіповіча Сяргея. Скажыце, ці сапраўды дапамагае спартсмену падтрымка?

-Маральная падтрымка – натуральна, дапамагае. З Сяргеем у мяне ёсць і момант узаемадапамогі – вядома, калі атрымліваецца апынуцца ў адной спартыўнай зале. Але мне складана бывае нешта яму падказаць, часцей за ўсё падказвае ён мне. Наогул, скажу, што падтрымка, а тым больш сумесная праца, гэта тое, што дазваляе людзям паразумецца, згладзіць пэўныя міжасабовыя моманты. Гэты аспект важны ў любым жыцці.

Выступленне ў катэгорыі "Кумітэ жанчыны 18+ абс"

-Вы маеце вялікі досвед выступлення як у ката, так і ў кумітэ. Акрамя таго, Вы займаецеся каратэ разам з нашымі студэнтамі. У сувязі з гэтым пытанне да Вас адначасова як да спартсмена і як да старэйшага таварыша. Скажыце, ці сапраўды слушнае меркаванне пра тое, што тэхніка ў ката і ў кумітэ настолькі розная, што немагчыма падрыхтаваць “універсальнага” спартсмена са звычайнага чалавека?

-Справа ў тым, што і ката, і кумітэ – гэта адзіная сутнасць, гэта каратэ. Я лічу, што нельга асобна, незалежна разглядаць гэтыя два напрамкі. Натуральна, існуюць пэўныя нюансы ў падрыхтоўцы катыстаў і кумітыстаў. Ёсць адрозненні ў тым, якія мышцы працуюць, у стойках, у нюансах перамяшчэння, у тым, дзе болей дынамікі, а дзе статыкі. Але нягледзячы на гэта, каратэ – з’ява цэласная.

-Сёння гонар клуба “Фудасін” абаранялі тры дзяўчыны – Касцевіч Кацярына, Ігнатовіч Кацярына, Капейкіна Дар’я. Як Вы ацэньваеце іх працу? Ці ўсё ў іх атрымалася?

-На мой погляд, дзяўчаты малайцы. Выканалі ўсё і выклаліся на 150-200 адсоткаў. Асабліва гэта датычыцца тых, хто трэніруецца толькі з верасня-кастрычніка – абедзвюх нашых Кацярын. У іх вялікі прагрэс, у іх гараць вочы – і гэты агонь быў бачны і зараз, і ў працэсе падрыхтоўкі, і ў тых эмоцыях, якія бурлілі і да выступу, і пасля. Дзяўчаты выдатна выступілі: сабраліся ў патрэбны момант – і зрабілі ўсё, чаму іх вучылі Сяргей Мікалаевіч і Гардзей Сяргеевіч. Устаноўка трэнераў выканана максімальна.

***

Былі спрэчкі наконт таго, хто аказаўся лепшым

Студэнт 1 курса гістарычнага факультэта Дзмітрый Ганапольскі

Падчас перапынку ў працы татамі мы пагутарылі таксама з нашымі навучэнцамі. Студэнт 1 курса гістарычнага факультэта Дзмітрый ГАНАПОЛЬСКІ на дадзеных спаборніцтвах выконваў ролю суддзі.

-Дзмітрый, сённяшняе мерапрыемства – гэта Ваш дэбют у судзействе, ці Вы ўжо дасведчаны чалавек у гэтай справе?

-Маё сённяшняе судзейства – гэта мой першы вопыт.

-Як Вы лічыце, што складаней судзіць – ката ці кумітэ?

-Як мне здаецца, апроч чыста спецыяльных момантаў, усё моцна залежыць ад узросту спартсменаў. Вось у нас ужо было фантом-кумітэ. Узрост дзяцей вагаецца ад 6 да 11 гадоў. У залежнасці ад узросту спартсмены дэманструюць больш простыя ці больш складаныя тэхнікі, дзейнічаюць хутчэй ці павольней, праводзяць слабейшыя ці мацнейшыя ўдары. Усё гэта мае дачыненне і да фантом-кумітэ, і проста да кумітэ. Складанасць ацэньвання ката ў дадзеных узроставых катэгорыях, на маю думку, залежыць ад самога ката. Калі дзіця выконвае больш складаную схему, то складаней адзначыць, наколькі дакладна яно выканана.

-Ці даводзілася Вам ужо распачынаць свайго роду негалосную палеміку з астатнімі суддзямі – напрыклад, калі Вы бачылі што спартсмена трэба ацаніць станоўча, але Ваша меркаванне не супадала з іншымі?

-Так, даводзілася. Было ўжо і абмеркаванне няпростых момантаў, у тым ліку і з рэферы, былі і спрэчкі наконт таго, хто аказаўся лепшым. Хтосьці, напрыклад, у фантом-кумітэ дэманстраваў лепшую тэхніку, але ў кагосьці лепш праходзілі ўдары. Увогуле, могуць быць розныя моманты такога кшталту.

-На Вашу думку, калі такія сітуацыі ўзнікаюць, гэта кажа пра кваліфікаванасць суддзяў ці цяжкасці ўзаемадзеяння?

-Падобныя сітуацыі ўзнікаюць бліжэй да фіналаў. Мне здаецца, калі такое здараецца – гэта значыць, што тыя спартсмены, якія выступаюць, маюць прыкладна роўны ўзровень. Зразумела, што такія паядынкі складаней судзіць, і розныя суддзі могуць вынесці рознае рашэнне, паколькі пры ацэнцы ўлічваюцца розныя моманты: якой была тэхніка, наколькі правільнай і слушнай яна была, як яна была выканана і г. д.

-Зараз Вы маеце зялёны пояс. Скажыце, кім Вы сябе бачыце ў каратэ па заканчэнні ВНУ?  На які ўзровень прэтэндуеце?

-Зараз мне цяжка вызначыцца. Трэба яшчэ трэніравацца. Але ў далейшым я думаю паспрабаваць сябе ў ката. Што датычыцца судзейства, то тут пастараюся дайсці настолькі далёка, наколькі змагу, бо накіраваны на дастаткова высокі вынік. Пра прафесійнае судзейства гаворкі не ідзе, але ў спаборніцтвах у якасці суддзі жадаю ўдзельнічаць.

***

Уладзімір Пашкевіч

Як гадаваць чэмпіёнаў?

Даведаўшыся, што на мерапрыемстве ў ліку іншых клубаў і федэрацый прадстаўлены таксама выхаванцы Беларускай федэрацыі ўсходніх адзінаборстваў «Барысаў», мы не змаглі адмовіць сабе ў спакусе пагутарыць з трэнерам каманды Уладзімірам ПАШКЕВІЧАМ , знаёмым нашым чытачам па інтэрв'ю пад назвай «Паэзія каратэ».

-Уладзімір Васільевіч, як Вы ацэньваеце арганізацыю сённяшніх спаборніцтваў?

-Да арганізацыі спаборніцтваў Мінскай гарадской лігі каратэ ў мяне няма ніякіх пытанняў. Усе катэгорыі праводзіцца па плане, дакладна ў свой час – як гэта было і раней. Мая каманда ўжо каторы раз прымае ўдзел у змаганнях, і іх зладжаная арганізацыя нас задавальняе.

-Наколькі я памятаю, вы дзіцячы трэнер?

-Так, у большай ступені я трэнірую дзяцей. Найстарэйшаму майму вучню зараз 17 гадоў. Але ж вучні вырастуць і будуць дарослымі.

-А тады зможаце іх трэніраваць?

-Вядома, змагу. Куды ж я падзенуся.

-То бок, фактычна, Вы гадуеце сабе чэмпіёнаў?

-Фактычна, так. Пачынаючы з самых маленькіх каратыстаў. У мяне ўжо змянілася не адно пакаленне вучняў. Былі і добрыя дарослыя спартсмены – гэта і Чэрнікаў Аляксей, і Гайдук Анатоль, Корнеў Дзяніс, Гурскі Нестар, Новікаў Віталь. Але ў дадзены момант у нас адбываецца амаладжэнне каманды, ёсць багата людзей, якія ўдзельнічаюць ва ўзроставых катэгорыях ад 12 да 17 гадоў. Мяркую, што каманда будзе расці і што ўсё будзе ў парадку.

-Каманда амаладжаецца, а ці ёсць зваротны эфект: вы амалоджваеце іх, а яны вас?

-Праца трэнера вельмі няпростая. Але, думаю, любы трэнер можа Вам сказаць тое, што зараз скажу я. Калі ты маеш зносіны з маленькімі спартсменамі – асабліва з тымі, каму 7-8 гадоў ці яшчэ меней, – то атрымліваеш вельмі шмат станоўчых эмоцый. Таму праца мая мне вельмі падабаецца. Я не хацеў бы яе пакідаць: нягледзячы на тое, што я ўжо на пенсіі, што мне 60 гадоў, я і далей працягну трэнерскую дзейнасць. Яна цікавіць мяне, і думаю, што вынікі з яе будуць.

Да таго ж, прыязджаючы на любы турнір па каратэ, у тым ліку і на гэты, я сустракаю сваіх таварышаў, з якімі калісьці разам трэніраваўся. І гэта таксама дае масу пазітыўных эмоцый. Мы размаўляем паміж сабою. Спорт – гэта не толькі паказаны вынік, але яшчэ і элемент зносін. Сустракаючыся з калегамі, мы дзелімся сваімі ўражаннямі, думкамі наконт развіцця каратэ і пра чалавечыя ўзаемаадносіны наогул. Турніры прыносяць карысць не толькі спартсменам, але і трэнерам, і суддзям. Трэба падтрымліваць зносіны, трэба выязджаць на спаборніцтвы – і заўсёды рухацца наперад.

Заключны пяты этап Мінскай гарадской лігі каратэ адбудзецца 30 красавіка 2017 года. Трэнеры клуба «Фудасін» ужо правялі падрабязны разбор выступленняў сваіх спартсменаў на чацвёртым этапе і актыўна рыхтуюць юнакоў і дзяўчат да новых змаганняў. Пажадаем поспехаў нашым байцам!

Сяргей МАЕЎСКІ,

Кацярына КАСЦЕВІЧ

***

ДАВЕДНІК

WKF – англамоўная абрэвіятура назвы Сусветнай федэрацыі каратэ (World Karate Federation). Уключае ў сябе нацыянальныя і кантынентальныя федэрацыі.

Сэншу – правіла, уведзенае ў версіі правіл каратэ WKF 9.1 у раздзеле “Кумітэ”. Паводле правіла, спартсмен, які першы зарабіў балы ў паядынку, пры роўнай колькасці балаў па заканчэнні бою аб’яўляецца пераможцам.

Фунакошы Гіцін – майстар каратэ з Акінавы, стваральнік стылю сётакан.

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *