Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стаў месцам сустрэчы не проста калег, а сапраўдных дынастый – сем’яў, чые імёны на працягу дзесяцігоддзяў непарыўна звязаны з гісторыяй і развіццём ВНУ. Дзень быў прысвечаны рэалізацыі праекта «З пакалення ў пакаленне. Дынастыі БДУ», закліканага захаваць і ўвекавечыць памяць пра тых, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню навуцы і адукацыі.
Праект стаў вынікам сумеснай і бесперапыннай архіўнай працы па зборы матэрыялаў пра выдатных дзеячаў універсітэта. На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі дынастый, а таксама адміністрацыя БДУ.
Уражаннямі і сваім шляхам да ўзбагачэння гісторыі нашай ВНУ падзялілася прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Ганна Бакун:
– Я рада прысутнічаць на ўрачыстасці, дзе мы ўшаноўваем тых людзей, якія аддалі сваё жыццё, сваю энергію і свае кампетэнцыі БДУ, якому служылі цэлымі пакаленнямі. Гэта сапраўды вельмі дорага, таму што ў зменлівым свеце важна быць верным таму пакліканню і таму месцу працы, якое ты аднойчы выбраў. Ад імя ўніверсітэта я хачу вам падзякаваць за вернасць сваёй справе, за той уклад, які кожны з вас на працягу многіх дзесяцігоддзяў, вашы сем’і, вашы дынастыі рабілі для БДУ.
На сустрэчы прысутнічаў і загадчык музея БДУ Дзмітрый Сцяпанаў. Ён не толькі дапамог увасобіць ідэі ў рэальнасць, але і сам стаў аўтарам некалькіх матэрыялаў:
– Музей гісторыі БДУ рады быць часткай праекта. Кожная дынастыя ўнесла вялікі ўклад у развіццё навукі і БДУ. Важна і далей захоўваць пераемнасць паміж пакаленнямі, перадаваць назапашаныя вопыт і мудрасць, – дзеліцца Дзмітрый Сцяпанаў.
Канцэпцыя праекта заключалася ў стварэнні серыі ўнікальных артыкулаў пра радаводы БДУ ў фармаце інтэрв’ю, хронік, успамінаў і гістарычных звестак. Матэрыялы ўтрымлівалі інфармацыю пра прафесійныя дасягненні, агульны педагагічны стаж, навуковыя даследаванні дынастый выкладчыкаў і прынцыпы выкладання, індывідуальна выпрацаваныя за гады працы ва ўніверсітэце, што можна перадаць наступным пакаленням.
Сярэдні педагагічны стаж гэтых радаводаў у БДУ складае каля 100 гадоў. За гэты час прадстаўнікі сем’яў паспелі абараніць навуковыя дысертацыі, выхаваць і падрыхтаваць цэлы шэраг кандыдатаў і дактароў навук, а таксама зрабіць значны ўклад у развіццё адукацыйнай сістэмы ВНУ.
Прыклады прафесіяналізму, адданасці і любові да сваёй справы
Пра тое, як узнікла ідэя праекта, расказала Дар’я Артамонава, адна з аўтараў артыкулаў пра дынастыі:
– Падчас фарміравання плана працы музея на 2024/2025 г. прарэктар Ганна Бакун прапанавала стварыць праект, прысвечаны дынастыям БДУ. Гэта ідэя была нам вельмі блізкая, бо і раней музей гісторыі БДУ збіраў звесткі пра працоўныя дынастыі ўніверсітэта. У 2016 г. нават выйшла ў друк кніга «Лёсам звязаны з БДУ». Сямейныя дынастыі БДУ – гэта прыклады прафесіяналізму, адданасці і любові да сваёй справы. Яны з пакалення ў пакаленне перадаюць каштоўныя веды і вопыт сваіх сем’яў, чым спрыяюць папулярызацыи ўніверсітэта.
Пад час праекту была сабрана інфармацыя пра 15 дынастый, якія бесперапынна аддаюць сябе навуцы і дзеляцца сваімі ведамі са студэнтамі. Гэта не проста імёны ў спісах супрацоўнікаў і выпускнікоў – гэта жывая гісторыя, адданасць і працавітасць. Іх уклад у развіццё беларускай навукі і адукацыі неацэнны, а іх жыццёвы шлях – годны ўзор для пераймання.
З БДУ назаўжды
Гэты дзень стаў магчымасцю не толькі расказаць пра прафесійныя дасягненні выдатных дзеячаў, але і падзяліцца сакральнымі ўспамінамі, перадаць атмасферу пераемнасці і важнасці захавання традыцый. Многія прызнаваліся, што менавіта ў сценах БДУ адчулі сябе часткай чагосьці большага, падтрымку і натхненне ад сваіх папярэднікаў:
– Універсітэт заўсёды быў кузняй кадраў усёй краіны. Нашы спецыялісты – і фізікі, і матэматыкі, і эканамісты, і юрысты – заўсёды былі нарасхват. Канешне, я быў з БДУ не заўсёды. Але вярнуўся ў БДУ. А калі навука – твая ўлюбёная справа, ты ўжо ад яе ніколі не сыдзеш. Універсітэт заўсёды настройваў займацца навукай. І дынастыя, напэўна, не проста адміністратыўна, а менавіта праз навуку склалася. Трэба больш надаваць увагі абмену вопытам, навуцы, зносінам. Бо галоўнае, каб вы адчувалі самаразвіццё, каб былі як дома. І тады нашы ўнукі і дзеці працягнуць вучобу ва ўніверсітэце і створаць новыя дынастыі. Яшчэ раз вялікі дзякуй, што сабралі нас разам, каб ушанаваць нашых продкаў і нагадаць, як важна быць адданым аднаму роднаму месцу, – расказаў Леанід Давыдзенка, прафесар кафедры міжнароднага турызму БДУ.
– Хацела б выказаць шчырую і простую падзяку нашаму прафкаму, рэктарату i музею гісторыі БДУ, якія пачалі гэты праект, і я спадзяюся, што ён не скончыцца на нас. Гэта толькі пачатак вялікай гісторыі, – дзеліцца Галіна Круглова, прафесар кафедры паліталогіі.
Захаванне гісторыі дынастый БДУ – гэта не проста даніна павагі мінуламу, але і інвестыцыя ў будучыню. Гэта дэманстрацыя таго, што веды, вопыт і любоў да сваёй справы могуць перадавацца з пакалення ў пакаленне, фарміруючы моцны падмурак для развіцця навукі і адукацыі ў Беларусі. Гэты дзень яшчэ раз пацвердзіў, што менавіта ў пераемнасці пакаленняў крыецца сіла і непаўторны дух Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Таццяна САВІЦКАЯ