Вучоба без межаў: акадэмічная мабільнасць у БДУ

21 Nov, 2025.

Студэнты БДУ рэгулярна ўдзельнічаюць у праграмах акадэмічнай мабільнасці. Магчымасцяў шмат, і за час вучобы можна паспець скарыстацца не адной.  Праграмы акадэмічнага абмену становяцца ўсё больш актуальнымі для студэнтаў БДУ. Глабалізацыя, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва паміж ВНУ, імкненне студэнтаў да новых ведаў і культурнага вопыту робяць акадэмічную мабільнасць часткай сучаснай адукацыі.

Вучоба за мяжой не проста пра «змяніць абставіны», а магчымасць займець новыя знаёмствы, палепшыць веданне замежных моў, паглядзець на сваю спецыяльнасць па-іншаму і стаць больш упэўненым у сабе.

Васіліна, студэнтка факультэта журналістыкі, даведалася пра праграму абмену выпадкова. Вясной намеснік дэкана па міжнароднай дзейнасці зрабіў аб’яву наконт магчымасці прайсці навучанне ў некалькіх гарадах Расіі. З прапанаваных былі Ніжні Ноўгарад, Варонеж, Пскоў і Калінінград.

Быў выбраны на Балтыйскі федэральны ўніверсітэт імя Імануіла Канта. Калінінград прыцягнуў Васіліну не толькі акадэмічнымі магчымасцямі, але і атмасферай – асаблівай культурай, гісторыяй і архітэктурай горада, які захаваў еўрапейскі дух. Па словах студэнткі, удзел у абмене стаў выдатным досведам і ў навучальным, і ў асабістым сэнсе:

Раю не баяцца спрабаваць нешта падобнае: гэта сапраўды шанец убачыць, як адной і той жа спецыяльнасці навучаюць у розных месцах, і развіцца прафесійна.

Акрамя абмену на семестр, у студэнтаў ёсць і іншыя варыянты міжнароднага навучання. Можна правесці за мяжой або ў партнёрскай ВНУ ўсяго некалькі тыдняў, напрыклад, удзельнічаць у летняй школе, прайсці моўны інтэнсіў або анлайн-курс. Нават не з’язджаючы далёка, можна пагрузіцца ў іншае акадэмічнае асяроддзе і павысіць узровень валодання замежнай мовай.

 

Паэтапна развівалася гісторыя акадэмічнай мабільнасці Ульяны, студэнткі факультэта міжнародных адносін. Першая яе паездка ў Кітай доўжылася чатыры тыдні. Вучоба праходзіла ў групе, дзе сабраліся студэнты з Беларусі, Расіі, Карэі, Манголіі і іншых краін. Размаўлялі ў асноўным па-кітайску – гэта хутка дапамагло пераадолець моўны бар’ер.

– Кітай – гэта быццам іншая планета. Іншая культура, ежа, рытм жыцця — і ўсё цікава.

Праграма была насычанай: заняткі па кітайскай мове, майстар-класы па каліграфіі і традыцыйных рамёствах, экскурсіі. Ужо дома Ульяна зразумела, што хоча вярнуцца, але на больш доўгі тэрмін. Праз паўгода яна зноў апынулася ў Кітаі, цяпер па праграме Інстытута Канфуцыя. Гэтая паездка патрабавала больш падрыхтоўкі: трэба было здаць экзамен HSK, сабраць медыцынскія даведкі і партфоліа. Вучоба таксама была больш падобная да сапраўднай: пяць прадметаў, рэгулярныя тэсты і цалкам лічбавізаваны ўлік. Але, па словах Ульяны, выкладчыкі былі вельмі добразычлівыя і падтрымлівалі студэнтаў. Акрамя вучобы, Ульяна з цікавасцю назірала за кітайскай сістэмай адукацыі і традыцыямі. Яе ўразіла, як уся краіна замірае падчас уступных экзаменаў: 

Спыняецца ўвесь рух, каб школьнікам было камфортна здаваць экзамен – гэта неверагодная павага да адукацыі.

Сёння Кітай застаецца адным з наймацнейшых партнёраў БДУ, і студэнты ўсё часцей выбіраюць менавіта ўсходні кірунак.

Беларускіх студэнтаў у Азіі можна сустрэць не толькі ў Кітаі, але і ў арабскіх краінах. Напрыклад, Ян, студэнт гістарычнага факультэта, зараз праходзіць навучанне ў Султанаце Аман. Ён прызнаецца, што вялікіх цяжкасцяў не было – арганізацыйныя пытанні ўзяў на сябе інстытут імя Султана Кабуса. Асноўным выклікам стала адаптацыя да мовы: выкладанне вядзецца цалкам на арабскай: 

Спачатку было складана разумець мясцовы дыялект, але праз пару месяцаў я ўжо добра ўспрымаў арабскую мову на слых.

Культурнага шоку не адбылося – да асаблівасцяў Блізкага Усходу ён быў гатовы. Цікава, што выкладчыкі ў Амане ведаюць пра Беларусь, хоць у асноўным па навінах. Пасля візіту султана Хайсама бен Тарыка ў Мінск цікавасць да нашай краіны прыкметна вырасла.

А вось Надзея, студэнтка факультэта журналістыкі, вырашыла паехаць яшчэ далей – у Малайзію. Для яе абмен стаў вялікім жыццёвым вопытам:

З’явілася шмат знаёмых па ўсім свеце, я зразумела, як неабходныя ў жыцці камунікацыя і адаптацыя. Я навучылася ўлівацца ў іншую культуру і пашырыла свой светапогляд.

Да паездкі дзяўчына амаль нічога не ведала пра краіну, але менавіта гэта дапамагло ёй па-сапраўднаму адкрыцца новаму досведу: 

– Я ведала, што Малайзія – мусульманская краіна, і чакала асуджэння за адкрытую вопратку ці распушчаныя валасы. Але скосых поглядаў не было – большасць стэрэатыпаў, асабліва рэлігійных, развеяліся пасля зносін з людзьмі.

Многія міжнародныя праграмы адкрытыя для студэнтаў любых факультэтаў, але ёсць і вузкаспецыялізаваныя напрамкі, разлічаныя на канкрэтныя профілі навучання. Даведацца пра іх можна ў дэканаце або УМС БДУ.

Так, Вікторыя, студэнтка факультэта міжнародных адносін, выбрала для абмену Венгрыю. Пра магчымасці навучання дзяўчына даведалася праз універсітэт: паміж Беларуссю і Венгрыяй дзейнічае міжурадавае пагадненне, якое дазваляе студэнтам навучацца па абмене: 

– Мае аднагрупніцы з’ездзілі і засталіся ў захапленні. Таму я адразу вырашыла, што таксама паспрабую.

Яе прынялі ў Пецкі ўніверсітэт – найстарэйшую ВНУ Венгрыі з багатай гісторыяй і моцнай праграмай па міжнародных адносінах. Адбор праходзіў у два этапы: спачатку ў БДУ, потым у Міністэрстве адукацыі. Конкурс быў высокі, але дзяўчыне ўдалося трапіць у лік чатырох адабраных студэнтаў. Фармат вучобы аказаўся зусім новым:

– Тут няма лекцый – увесь матэрыял мы абмяркоўваем адразу на занятках. Можна выбіраць прадметы па інтарэсах, і нават спорт, які хочаш. Атмасфера вельмі прыязная, пастаянна праходзяць мерапрыемствы, фестывалі, экскурсіі.

Такая сістэма, па словах студэнткі, вучыць самастойнасці і адказнасці. А зносіны з замежнымі студэнтамі дапамагаюць удасканаліць англійскую мову і пашырыць кругагляд:

Абмен даў мне каласальны вопыт і новыя знаёмствы. Я палепшыла англійскую мову і пачала вучыць венгерскую.

Сёння ў БДУ шырокая сетка міжнародных партнёраў: ад Расіі і Кітая да Калумбіі, Кубы і Зімбабвэ. З кожным годам такіх пагадненняў становіцца ўсё больш – гэта значыць, што амаль любы студэнт можа знайсці праграму, прыдатную менавіта пад яго спецыяльнасць і інтарэсы.

Па словах Уладзіміра Галынскага, намесніка начальніка ўпраўлення міжнародных сувязяў БДУ, штогод у праграмах акадэмічнага абмену ўдзельнічаюць ад 300 да 400 студэнтаў:

Кожны год мы ставім мэту па акадэмічнай мабільнасці. Напрыклад, летась яна складала 2% ад агульнай колькасці студэнтаў, і мы паспяхова яе выканалі.

Самае цеснае супрацоўніцтва з Кітаем і Расіяй. Напрыклад, з расійскімі ВНУ дзейнічае пагадненне па падрыхтоўцы спецыялістаў у ядзернай галіне: беларускія студэнты праходзяць практыку на профільных аб’ектах, каб далей працаваць на айчыннай атамнай станцыі.

Акрамя таго, у БДУ дзейнічаюць дамоўленасці з універсітэтамі Арменіі, Казахстана, Азербайджана, Калумбіі, Кубы, Зімбабвэ, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, іншых краін. Трапіць на навучанне можна ў любую з іх – галоўнае, каб падыходзіў сярэдні бал і факультэт даў згоду на ўдзел.

Тым, хто хоча паспрабаваць сябе ў міжнародных праграмах, варта пачаць з сайта УМС БДУ – там рэгулярна публікуюцца актуальныя аб’явы пра набор на абмены, стажыроўкі і летнія школы. Пасля паспяховага пошуку праграмы неабходна падаць заяўку і папярэднія дакументы, з чым дапаможа дэканат факультэта і УМС. Пасля адабрэння заяўкі прымаючым універсітэтам пачнецца збор асноўных дакументаў і падрыхтоўка да паездкі.

Міжнародны абмен – гэта магчымасць прафесійнага і асабістага росту, знаёмства з іншымі культурамі і разуменне сваёй прафесіі ў глабальным кантэксце. БДУ працягвае актыўна развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, і сёння ў кожнага студэнта ёсць шанец знайсці фармат пад сябе – навучанне на 6 месяцаў, год, летнюю школу, анлайн-курс або практыку за мяжой.

Ксенія СМІРНОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: