Праект музея гісторыі БДУ «Размовы пра культуру і творчасць» прапануе даведацца больш пра тэатральнае мастацтва. У цэнтры ўвагі народны студэнцкі музычна-драматычны тэатр-студыя БДУ «На філфаку». Пра творчасць, працу ў камандзе і тонкасці акцёрскага майстэрства распавяла рэжысёр тэатра Кацярына Тананайка.
Наша гераіня нарадзілася ў Мінску. У 2007 г. скончыла сярэднюю школу з тэатральным ухілам. У 2007–2011 г. – студэнтка БДУКМ, вучылася па спецыяльнасці «рэжысура». У 2011 г. пачала працу ў тэатры «На філфаку» ў якасці памочніка рэжысёра. У 2012 г. заняла пасаду кіраўніка тэатра.
Як пачаўся ваш творчы шлях?
З творчасцю і тэатрам я звязана ўсё жыццё. Мае бацькі з’яўляліся артыстамі балета, таму ў дзяцінстве я часта праводзіла час на рэпетыцыях і за кулісамі вялікай сцэны. Таксама вельмі моцна на мяне паўплывала навучанне ў школе з тэатральным ухілам. Нашымі выкладчыкамі былі акцёры Беларускага музычнага тэатра, што вельмі матывавала ўдасканальвацца ў акцёрскім майстэрстве. Дзякуючы такому профільнаму навучанню я атрымала каштоўны досвед і шмат цікавых магчымасцяў. Напрыклад, мы рэгулярна наведвалі рэпетыцыі ў многіх тэатрах Мінска, знаёміліся з рэжысёрамі розных краін і ўдзельнічалі ў масоўцы для здымак «Беларусьфільма». Гэта паўплывала на выбар прафесіі, і ў выніку я стала студэнткай БДУКМ.
Як вы сталі рэжысёрам тэатра «На філфаку»?
У 2011 г., калі я навучалася на 5 курсе, да нас звярнуўся прадстаўнік упраўлення па справах культуры з прапановай паспрабаваць свае сілы ў пастаноўцы нумароў для фестывалю эстрады. Я і яшчэ некалькі ініцыятыўных студэнтаў з радасцю ўзяліся за справу. Гэта было сапраўднае знаёмства з творчым жыццём БДУ. У той жа час я даведалася пра тэатр «На філфаку» і зацікавілася яго дзейнасцю. Пасля ўніверсітэта я звязалася з рэжысёрам тэатра «На філфаку» Верай Машэўскай і прапанавала дапамогу. Так я стала спачатку памочнікам рэжысёра, а ў хуткім часе і кіраўніком тэатра. У тым жа годзе я паставіла свой першы спектакль, і прэм’ера прайшла паспяхова.
Як адбываецца пастаноўка новых спектакляў?
Ідэі для пастановак у мяне ёсць заўсёды, але ўсё патрабуе часу. Кожны год я планую некалькі спектакляў, і з гэтага моманту пачынаецца актыўная праца. Заўсёды цікава спрабаваць новыя жанры. Я заўсёды імкнуся ўключыць у рэпертуар тое, чаго не было ў папярэднім годзе. У 2026 годзе мы запланавалі 3 новыя спектаклі. Мне вельмі падабаецца ў працы над пастаноўкамі прадумваць дыялогі, гэтаму прысвечана шмат часу. Кожны спектакль я імкнуся зрабіць рознабаковым, каб ён «чапляў», каб добра спалучаліся музыка, танец, песня і акцёрская ігра. Праца не абмяжоўваемся толькі рэпетыцыямі. Мы шмат выступаем на працягу года. Напрыклад, у нас адбылася прэм’ера навагодняга спектакля «Казачныя Царэўны і Новы год», а яшчэ мы часта бяром удзел у конкурсах.
З чаго складаецца рэпертуар тэатра?
Гэта спектаклі розных жанраў і напрамкаў па п’есах беларускіх і замежных пісьменнікаў, пластычныя спектаклі, спектаклі-хорары. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца спектаклі «Мізэры» па матывах рамана Стывена Кінга, «Піф-Паф – ты мёртвы!», пластычны спектакль «Не мая віна», камедыя «За зачыненымі дзвярыма».
Распавядзіце, калі ласка, пра свой досвед удзелу ў спектаклях.
Я не імкнулася іграць у сябе на сцэне, але лёс вырашыў інакш. Першы раз я выйшла на сцэну, каб замяніць актрысу ў спектаклі «У джазе толькі дзяўчаты». Тады склаліся неспадзяваныя акалічнасці. Сваю ролю я вывучыла за 3 дні. Другі раз мне трэба было сыграць ролю ў пастаноўцы «Піф-Паф — ты мёртвы!», тады актрыса страціла голас прама на фестывалі ў Растове-на-Доне. Пасля гэтага я задумалася і вырашыла паспрабаваць новы напрамак – пластычны спектакль, у якім планавала прыняць удзел першапачаткова. Так з’явілася пастаноўка «Не мая віна». На «Тэатральным куфры–2025» гэта пастаноўка заваявала гран-пры, а я як актрыса была ўдастоена ўзнагарод «Найлепшая жаночая роля» і «Найлепшая харэаграфія».
Якімі якасцямі павінен валодаць ідэальны акцёр?
Для мяне найлепшы акцёр той, хто заматываваны працаваць. Я пабачыла шмат пакаленняў акцёраў і вельмі цаню стараннасць і працавітасць. Упэўнена, што той, хто працуе, рана ці позна ўбачыць вынік. Галоўнае – акуратна накіраваць такога чалавека, прывесці да правільнага рашэння.
Як вы падтрымліваеце згуртаванасць калектыву?
Першапачаткова я даю ім больш свабоды. Мы камунікуем на роўных, але грань субардынацыі рэжысёра і акцёра вытрымліваем. Гэта вельмі дапамагае расслабіць калектыў, і таму акцёры па-іншаму раскрываюцца. Да выніку мы ідзём разам. Мы пастаянна на сувязі. Ужо звыкла ўсім калектывам наведваем тэатры, адзначаем святы. Ёсць у нашага тэатра і асаблівая традыцыя: кожны акцёр, які першы раз выходзіць на сцэну, атрымлівае кіндар-сюрпрыз. І цацка, якая яму трапляецца, становіцца яго сімвалам. Калі я першы раз выйшла на сцэну, мне таксама падарылі кіндар. Дагэтуль памятаю, што мне трапіўся замок і ключык. Думаю, вельмі сімвалічна. Самае каштоўнае, што ў нашым тэатры выступаюць не толькі студэнты, але і выпускнікі. Многія застаюцца з тэатрам на доўгія гады і працягваюць радаваць гледачоў сваёй творчасцю.
Падзяліцеся, калі ласка, самым яркім успамінам, звязанымі з тэатрам «На філфаку».
Для мяне каштоўны кожны момант. Але сапраўды, ёсць тыя, якія сталі асабліва дарагімі. Упэўнена, усім падабаецца атрымліваць прызнанне. У гісторыі тэатра «На філфаку» быў такі трыумф. У 2016 г. тэатр быў удастоены трох узнагарод I Адкрытага фестывалю студэнцкіх тэатраў федэральных універсітэтаў Расіі ў г. Калінінград: «Найлепшая рэжысура», «Найлепшы акцёрскі ансамбль», «За найлепшую мужчынскую ролю першага плана». Гэта быў асабліва радасны, шчаслівы момант. Падобнае пачуццё я адчувала, калі пасля спантаннага рашэння атрымалася аднавіць двухгадзінны спектакль за 10 дзён. Гэта былі невымоўныя эмоцыі.
Што натхняе вас на новыя пастаноўкі?
Перш за ўсё трэба памятаць, што натхненне не шукаюць, яна прыходзіць само. Вельмі шмат твораў, якія хочацца паставіць. Я пастаянна знаходжуся ў пошуку новых жанраў і творчых рашэнняў. Гэта бесперапынны працэс. Таксама хочацца адзначыць, што многія аўтары самі прапануюць свае творы для пастаноўкі спектакляў. Гэта вельмі каштоўна.
Што вы хацелі б пажадаць калектыву і тэатру?
Не апускайце рукі! Заўсёды дамагаюцца поспехаў тыя, хто пройдуць праз агонь, ваду і медныя трубы. Усё атрымаецца! Тэатру я хачу пажадаць яшчэ больш спектакляў і выступленняў. Упэўнена, што наперадзе тэатр «На філфаку» чакае шмат цікавага!
Народны студэнцкі музычна-драматычны тэатр-студыя БДУ «На філфаку» – гэта:
30 гадоў актыўнай творчай дзейнасці
Спектаклі розных жанраў і напрамкаў па п’есах беларускіх і замежных пісьменнікаў
Званне «Народны» ў 2001 г.
Удзельнік і арганізатар міжнароднага фестывалю студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны куфар БДУ».
Удзел у міжнародных конкурсах і фэстах
Музей гісторыі БДУ,
упраўленне па справах культуры БДУ
Фота: асабісты архіў К. А. Тананайка і прэс-служба БДУ
