Мудрасць і маладосць таленту

4 Jan, 2014.

Наумович ВладимирДа 70-годдзя дацэнта кафедры беларускай мовы і літаратуры Уладзіміра Навумовіча.
Імя Уладзіміра Аляксандравіча Навумовіча добра вядомае шырокай літаратурнай грамадскасці. Пісьменнік, літаратуразнавец, крытык, публіцыст, выкладчык роднай літаратуры, аўтар 9 манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, кніг прозы, больш за 350 навуковых арты­кулаў, папулярызатар гісто­рыі, літаратуры і культуры Беларусі, шчыры руплівец на ніве сучаснай літаратурнай навукі…
Падчас вучобы на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філ­фака БДУ сапраўдным духоўным бацькам, дарадцам, а пасля і са­праўдным сябрам стаў для Уладзіміра Навумовіча прафесар А. А. Лойка, які яшчэ на другім курсе прыкмеціў таленавітага юнака і павёў за сабою па «лабірынтах» беларускага літаратуразнаўства.
З 1973 г. – выкладчык, а з 1978 – дацэнт кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта. У 1982–1983 гадах У. Наву­мовіч загадвае кафедрай рускай мовы для замежных студэнтаў. З 1989 – загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры для прыродазнаўчых факультэтаў, а з 1989 па 2000 – загадчык кафедры беларусазнаўства філала­гічнага факультэта. З 2003 па 2008 год працаваў саветнікам рэктара БДУ.
У 1990–1994 гг. У. Навумовіч узначальвае Міжнародную школу беларускай мовы, літаратуры і культуры, якую арганізаваў па ўласнай ініцыятыве. Слухачамі школы былі студэнты, навукоўцы-славісты, перакладчыкі з розных краін. Вынікам працы школы стала ўтварэнне навукова-культурных асяродкаў беларусазнаўства за мяжой – у Італіі, Германіі, Швей­ца­рыі, Егіпце, Японіі і іншых краінах.
Cфера навуковых зацікаўленняў У. Навумовіча цесна звязана з пытаннямі развіцця беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, літара­турнымі рухамі 20-х гадоў, этычна-канцэптуальнымі асновамі ўсёй беларускай паэзіі і прозы. Уладзі­мір Навумовіч належыць да тых нешматлікіх, на жаль, даследчыкаў літаратуры, для якіх існуе культ слова як у мастацкім творы пісьменніка, так і ва ўласным даследчым стылі.
Вядомы Уладзімір Навумовіч і як празаік. Яго асобныя апавяданні перакладзены на рускую і ўкраін­скую мовы. У 2009 г. у часопісе «Наш современник» быў апубліка­ваны новы мастацкі твор пісьмен­ніка – раман «Вобюлиманс» («С нами любовь»). Раман пабудаваны на канкрэтных жыццёвых фактах. У творы сапраўды шмат рэальных людзей, пазнавальных вобразаў з універсітэцкага асяродку.

Уладзімір Навумовіч – чалавек грамадскага патэнцыялу. Ён чытаў лекцыі па беларускай літаратуры ў Лонданскім універсітэце, шмат разоў удзельнічаў у моўных семі­нарах і ўсталёўваў навуковыя кантакты за межамі краіны. Уладзімір Аляксандравіч з’яўляецца на працягу многіх гадоў лектарам таварыства «Веды», арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх канферэнцый, студэнцкіх дыспутаў, літара­туразнаўчых і краязнаўчых вікта­рын, а таксама штогадовага свята студэнтаў-філолагаў у Вязынцы.

У спецыяльных лекцыйных курсах для студэнтаў «Беларусазнаў­ства» і «Універсітэтазнаўства» ім разглядаюцца праблемы фарміра­вання ўніверсітэтаў як цывіліза­цыйных феноменаў у свеце, гісто­рыя і ўмовы фарміравання БДУ як навуковага інстытута, а таксама розныя аспекты навучання, што сведчыць пра нязменны клопат у справе падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. У 2011 г. асобным выданнем выйшла кніга «Універ­сітэт – феномен цывілізацыі», якая была адзначана дыпломам «Найлепшая кніга года» ў намінацыі «Краязнаўства».
Уладзімір Навумовіч вызначаецца ўменнем гаварыць, звяртаючыся да пачуццяў людзей, закранаючы іх душы і сэрцы. Сучасная літаратурная навука выходзіць на новыя далягляды, шукае новыя падыходы. Літаратуразнаўчая і педа­гагічная дзейнасць Уладзіміра Навумовіча самым непасрэдным чынам жывіць гэтыя намаганні, бо яна жывая, сучасная, запатрабаваная даследчыкамі і чытачамі.
Старшы выкладчык філалагічнага факультэта Таццяна Бельская

print

Вам таксама можа спадабацца: