Ігар Вярэнчыкаў: «У гутарцы з людзьмі часцяком паказваю ім глобус»

7 Feb, 2017, усяго праглядаў: 240.

У межах праекта “Асобы БДУ” мы пагутарылі з старшынёй прафкама супрацоўнікаў БДУ Ігарам ВЯРЭНЧЫКАВЫМ, які 30 гадоў прапрацаваў ва ўніверсітэце, большую частку з якіх на адказных пасадах. Ігар Раманавіч расказаў пра сямейныя традыцыі, выкладчыцкую дзейнасць на кафедры крыміналістыкі івыпрабаваныя кіраўніцкія прынцыпы. 

igor_verenchikov_BGU – Ці існуюць навагоднія традыцыі ў Вашай сям'і?

 – Новы год – сямейныя свята, таму навагодняя традыцыя ў нашай сям'і – сабрацца ўсім разам: мая мама жыве з намі ў адным раёне, Новы год мы сустракаем у яе, а потым моладзь выпраўляецца на святочныя гулянні.

– Якое свята для Вас важнейшае: Каляды ці Новы год?

– Мы абавязкова адзначаем Каляды. Толькі на гэта свята ўсе сваякі збіраюцца ўжо ў нас дома. Гэта звязана яшчэ і з іншай традыцыяй, якой 28 гадоў: у мяне дачка нарадзілася 5 студзеня, а 7 студзеня заўсёды выхадны, таму ў гэты дзень у нас двайная нагода павіншаваць адзін аднаго і маю дачку.

Даць ацэнку важнасці Новага года ці Калядаў немагчыма. Каляды – гэта светлая і прыемная падзея, і Новы год таксама. І ў Новы год надзеі, і ў Каляды надзеі. А яшчэ мы адзначаем і каталіцкія Каляды, таму што мая цёшча – каталічка. Вось такая ў нас сямейная традыцыя – адзначаць усе святы.

– Ці цяжка Вам вяртацца да працы пасля перапынку?

– Ёсць такі добры жарт: больш за ўсё ў адпачынку мае патрэбу чалавек, які толькі што з яго выйшаў. Таму пэўнае нежаданне ёсць, яно заўсёды ёсць нават пасля выхадных, але гэта праходзіць хвілін праз 5 пасля пачатку працы. Я не разгойдваюся, у мяне хапае сілы волі сабрацца і распачаць працу адразу.

– Вы пачалі працу ў БДУ ў 1989 годзе на кафедры крыміналістыкі юрыдычнага факультэта. Скажыце, калі ласка, Вы дагэтуль сумяшчаеце выкладчыцкую дзейнасць з кіраўніцкімі пасадамі?

– Выкладчыцкую дзейнасць я пачаў троху раней, у 1988 годзе, за год да заканчэння аспірантуры. Цяпер я прафесар кафедры, з якой ніколі не сыходзіў. Я быў і намеснікам сакратара камітэта камсамола ўніверсітэта, і дырэктарам студэнцкага гарадка, і намеснікам прарэктара па навучальна-выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях, і дырэктарам юрыдычнага каледжа, цяпер старшыня прафсаюзнага камітэта працаўнікоў БДУ, але я заўсёды быў на сваёй дарагой самай найлепшай у краіне кафедры крыміналістыкі.

igor_verenchikov_BGU

Ігар Вярэнчыкаў (у цэнтры) сярод супрацоўнікаў кафедры крыміналістыкі

– У Вас вельмі вялікі паслужны спіс. На якой пасадзе было цікавей усяго працаваць?

– Самая цікавая – прафесар кафедры крыміналістыкі. Справа ў тым, што ў выкладчыцкай працы заўсёды ёсць штосьці новае. Нягледзячы на тое, што ты ідзеш у аўдыторыю з добрым багажом ведаў, студэнт заўсёды задасць цікавае пытанне, якое наштурхне цябе на нейкую думку, на нейкі імгненны адказ ці разважанні. Гэта заўсёды стымул да самаўдасканалення і развіцця. У мяне заўсёды выдатны настрой пасля заняткаў. Я даўно зразумеў, што гэта маё. Я пра ўсё забываю, калі іду ў аўдыторыю, мяне нічога не хвалюе: ні якая ў мяне зарплата, ні новыя планы, праграмы. Я бачу перад сабой прыгажосць, маладосць, цікавасць у вачах. Гэта новае перспектыўнае жыццё. Студэнты даведваюцца штосьці новае, у іх гараць вочы і ідзе такі імпульс удзячнасці, які адчуваецца і прыносіць толькі задавальненне і радасць.

– На Ваш погляд, ці адрозніваецца цяперашняя сістэма падрыхтоўкі кіраўнікоў ад той, якая была раней?

– На мой погляд, усё залежыць ад чалавека і яго адказнасці. Калі ты ўзяўся кіраваць, значыць, трэба кіраваць. Калі не ведаеш, як зрабіць, спытай, пачытай, парайся, але зрабі. Тым больш сёння з сучаснымі інтэрнэт-рэсурсамі даведацца штосьці стала значна лягчэй і прасцей. Іншая справа, што, на мой погляд, людзі сталі больш лянівымі: я спрабаваў, а ў мяне не атрымалася. Гэта ўжо не кіраўнік. Калі ты кіраўнік, у цябе павінна атрымлівацца. Парайся, памыліся, выправіся, перапрасі, але дарабі. Павінна быць імкненне і адказнасць. Падыходы да падрыхтоўкі кіраўнікоў тады і цяпер былі розныя, але стрыжань – адказнасць – застаецца тым жа.

igor_verenchikov_BGU

– Распавядзіце, калі ласка, з чаго пачалася Ваша прафесійная дзейнасць?

– Я пасля школы да войска працаваў у Гомельскім абласным драматычным тэатры машыністам сцэны, дзе прапрацаваў нядоўга. Потым пайшоў у войска, а пасля працаваў на Мінскам заводзе “Калібр”. Затым паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне БДУ, цяпер гэта факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, пасля якога – на юрыдычны факультэт. А ў 1989 я скончыў аспірантуру юрыдычнага факультэта, паралельна працуючы на кафедры. 28 лістапада 2016 года было ўжо 30 гадоў майго педагагічнага стажу ў БДУ.

– Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?

– Кім толькі ні хацеў. Маё дзяцінства прыйшлося на 60-я гады. Таму, вядома, касманаўтам, бо гэта пазіцыя была актуальнай і важнай. У цырку хацеў працаваць. Справа ў тым, што ў маім дзяцінстве ў Гомелі пабудавалі цырк. Гэта было грандыёзная падзея, таму пасля яго наведвання вельмі захацелася стаць цыркачом. І ўрачом хацеў быць. Усімі. Праўда, калі служыў у войску, захацеў стаць юрыстам. І стаў ім.

– Што ў Вас выклікала такое жаданне, падштурхнула стаць юрыстам?

Нічога асаблівага. Калі я ў войску служыў і стаяў у варце, мне трапілася газета пра навучальныя ўстановы. Больш за ўсё спадабалася спецыяльнасць юрыста: працаваць і рабіць што-небудзь для людзей, ім дапамагаць. Гэта быў усвядомлены выбар у 19 гадоў.

Dulov_Andrew_BGU

А. В. Дулаў

– Вы апублікавалі звыш 26 навуковых прац у галіне крыміналістыкі і прафілактыкі злачынстваў. З чым звязаны цікавасць да Вашых навуковых прац?

– Справа ў тым, што мой найулюбёнейшы чалавек навукі – Андрэй Васільевіч Дулаў. Ён з'яўляецца стваральнікам і першым загадчыкам кафедры крыміналістыкі. Калі я паступаў у аспірантуру, у мяне была гутарка з ім. У Андрэя Васільевіча ёсць божы дар зацікавіць. Яго словамі было сказана, што злачынствы лепш прадухіляць, выяўляць прычыны, даследаваць умовы здзяйснення злачынстваў. Следчы, заканадаўца павінны прадумваць пытанні і заўсёды быць на перадавой. Мы ж з прафілактыкай сутыкаемся кожны дзень. Напрыклад, прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў – правільнае размяшчэнне дарожных знакаў, прафілактыка кішачных інфекцый – чыстыя рукі. У свой час я прапанаваў закон пра прафілактыку злачынстваў, які працуе дагэтуль. Як казаў Карл Маркс, мудры заканадаўца лепш прадухіліць злачынства, чым будзе вымушаны караць. Мне цікава з пункту гледжання прафілактыкі штосьці зрабіць ці сказаць, каб людзі абдумаліся, успомнілі Біблію: не забі, не выкрадзі... Гэта таксама прафілактыка. Таму ў мяне і тэма дысертацыі – "Прафілактычная дзейнасць следчага: крыміналістычны аспект". Гэта вельмі цікавая тэма.

– Ці ёсць у Вас вучні па жыцці, для якіх вы сталі настаўнікам?

– Верагодна, ёсць. Але гэта не я павінен вызначаць, людзі самі вызначаюць, хто для іх настаўнік. Калі я сустракаюся са сваімі знаёмымі, сярод якіх ёсць людзі, якія сталі знакамітымі ў сваёй сферы, яны дзякуюць мне і кажуць, што я іх настаўнік па жыцці. І мне гэта вельмі прыемна. А яшчэ больш прыемна, што гэтыя вучні, якія працавалі пад маім кіраўніцтвам, перасягнулі свайго настаўніка – многія з іх ужо дактары навук. Хоць часам я каардынаваў і стымуляваў іх прафесійную дзейнасць з грозным выглядам, але рабіў заўсёды гэта з велізарнай любоўю, таму для мяне на першым месцы чалавечыя адносіны.

igor_verenchikov_BGU_alfiorov

Ігар Вярэнчыкаў з Жарэсам Алфёравым

– З якімі цікавымі людзьмі Вы пазнаёміліся на працягу вашай працоўнай дзейнасці?

– Я шмат з кім сустракаўся. Яшчэ ў маладосці з Гарбачовым ускладаў кветкі да помніка Леніна. Сустракаўся з усімі нашымі міністрамі, быў памочнікам у Дземчука, калі ён быў міністрам народнай адукацыі і дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Я і з касманаўтамі сустракаўся, і з Шамякіным Іванам Пятровічам. У мяне агромністая колькасць кніг вядомых людзей, падпісаных для мяне. Я неаднаразова сустракаўся з Мікалаем Іванавічам Чаргінцом (беларускі пісьменнік, палітык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі). Ён цэлую серыю кніг мне падарыў. Калі я працаваў дырэктарам юрыдычнага каледжа, часта сустракаўся са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда, генеральнымі пракурорамі. Гэта выдатныя людзі, якія заўсёды гатовыя былі да гутаркі са студэнтамі. Я і з нашым прэзідэнтам сустракаўся. У мяне ёсць ад яго асабісты падзячны ліст. І з уладыкам Філарэтам сустракаўся, калі ён мне ўручаў медаль Кірылы Тураўскага, і з Мясніковічам на ўручэнні медаля Францыска Скарыны. Пасады, абумоўленыя працай з людзьмі, асабліва калі ты працуеш у найлепшай ВНУ краіны, суправаджаюцца сустрэчамі з цікавымі і значнымі людзьмі. Наогул, не бывае бескарысных сустрэч, як і не бывае бескарысных кніг. Заўсёды ёсць што пазычыць для сябе.

– Назавіце Вашу ўлюбёную кнігу?

– "Праз церні да зорак" Валянціна Пікуля. Гістарычныя мініяцюры. Ён апісвае розных герояў некалькі стагоддзяў назад, але нічога з часам не змяняецца. Вельмі цікавая кніга, якая лёгка чытаецца. А наогул, мне ўсе кнігі падабаюцца. Я і Біблію прачытаў ад вокладкі да вокладкі і здзівіўся: разумееш, што ўсе спісваюць з гэтай кнігі – проста нейкі эпізод пашырае хто да нарысу, хто да аповесці, а хто да рамана.

– Каго Вы лічыце сваім настаўнікам?

– Вядома ж, Андрэя Васільевіча Дулава. Ён вельмі моцная і вялікая асоба ў крыміналістыцы. У свае 92 гады ён кажа: "Зараз я пагалюся, прыбягу на кафедру, і мы перамовімся". Калі яму споўнілася 90 гадоў, яго прыехала віншаваць вельмі шмат людзей з розных гарадоў. І ён усіх памятаў па імені і імені па бацьку. Я проста шчаслівы і ганаруся, што магу лічыць сваім настаўнікам Андрэя Васільевіча Дулава.

Калі я ішоў на сустрэчу з ім для паступлення ў аспірантуру, то ў мяне ногі падкошваліся ад хвалявання. Гэтак жа было, калі я абараняў дысертацыю ў 90-м годзе, даведаўшыся, што маім апанентам будзе яго сябар, крыміналіст № 1 у Расіі, Рафаіл Самуілавіч Белкін. Таму што гэта быў страх перад прозвішчам. А потым, калі размаўляеш, то бачыш, што гэта найласкавейшыя, надзвычай пазітыўныя людзі, пасланыя Усявышнім рабіць дабро. Белкін мне нават кнігу падарыў, на якой напісана было "Хросніку ў дзень Х".

igor_verenchikov_BGU– Як праходзілі Вашы студэнцкія гады? Ці былі Вы ўзорным студэнтам?

– Я быў вельмі актыўным студэнтам. Быў сакратаром камітэта камсамола юрыдычнага факультэта і актыўным удзельнікам будатрадаўскага руху. За гэты час я атрымаў дзяржаўную ўзнагароду СССР – медаль за працоўную доблесць. Будатрады былі для мяне месцам, дзе я мог выявіць сябе, дзе навучыўся кіраўніцкім прынцыпам, таму што ты павінен быў умець кіраваць сваімі аднагодкамі, аднагрупнікамі, якія на год-два маладзейшыя ці старэйшыя за цябе, каб усе цэлыя і здаровыя вярнуліся назад. Таму будатрады былі для мяне наймацнейшай школай, дзе трэба было прымаць адказныя рашэнні, плюс добрай матэрыяльнай падтрымкай.

Вучыцца мне падабалася. Некаторыя дысцыпліны, у якіх трэба было запамінаць вялікі аб'ём інфармацыі, даваліся складаней. А з большай неабходнасцю разумення давалася прасцей. Юрыспрудэнцыя – гэта логіка, крымінальнае права і крымінальны працэс – прадметы, дзе і жыццёвы досвед мог спатрэбіцца. А я ўжо быў з пэўным багажом жыццёвага досведу, таму мог паразважаць пра выкарыстанне таго ці іншага закона ў жыцці.

igor_verenchikov_BGU

Студэнцкі будатрад ля вёскі Кухчыцы (Клецкі раён, Мінская вобласць), 1983 г.

– Часам дзеці ідуць па слядах сваіх бацькоў. А як Вашы дзеці паступілі пры выбары прафесіі?

– Пайшлі абодва па маіх слядах. І сын, і дачка скончылі юрыдычны факультэт і працуюць па спецыяльнасці. Права выбару прафесіі было за імі, але мая жывая цікавасць да гэтай галіны стала для іх прыкладам і абумовіла, хутчэй за ўсё, іх выбар. Пра сваю прафесію я мог казаць суткамі, з тонкасцямі і з цікавасцю. Ды і сябры, якія збіраліся ў мяне дома – гэта ўсё мае аднагрупнікі, аднакурснікі, з якімі мы абменьваліся досведам. Мне было вельмі цікава прыходзіць да сваіх сяброў на працу і назіраць, як пракурор ажыццяўляў арышт, як выязджаюць на месца здарэння і г. д. Таму калі прыйшоў час выбіраць месца для атрымання адукацыі, мае дзеці, не марудзячы, абралі юрыдычны факультэт БДУ.

– Ігар Раманавіч, чым Вы любіце займацца ў вольны ад працы час? Якія ў Вас яшчэ захапленні?

– Люблю чытаць і траву касіць. Верагодна, у мяне такі склад характару, што я люблю бачыць вынік працы і адпачынку. Я не за тэлевізар ці камп'ютар, а за кнігу падчас адпачынку, на працягу якога я ўзбагачаюся. Яшчэ я люблю падарожнічаць.

igor_verenchikov_BGU

Аспірант Ігар Вярэнчыкаў з групай швейцарскіх студэнтаў на Байкале (1997 г.)

– Цікава даведацца, якія месцы Вы наведалі. Што і дзе Вам больш за ўсё спадабалася?

– Я быў у шматлікіх месцах. Па Беларусі мне падабаецца падарожнічаць. У Еўропе, напэўна, усюды быў. Часта падарожнічаю са сваім унукам. Напэўна, усё тое, што хоць троху дае новых уражанняў і ведаў, мне падабаецца: ад простай стравы з нейкай ідэяй да збудаванняў…

Больш за ўсё мне спадабалася ў Сібіры на Байкале. У Еўропе шмат цікавых старадаўніх замкаў, збудаванняў, музеяў, але там многае залежыць і ад прафесіяналізму экскурсавода. А вось на Байкале атрымліваеш незабыўнае задавальненне ад адчування створанай Богам прыроды, чысціні, парадку, прыгажосці. Гэта месца, дзе чалавек не быў дужа “актыўным" і дзе захавалася спрадвечнасць.

І калі ў Егіпце я паглядзеў піраміды, мне ўсё спадабалася і ўсё было цікава, але вярнуцца туды ўжо не хацелася б. А ў Сібір на Байкал я б вяртаўся яшчэ і яшчэ…

igor_verenchikov_BGU

На экскурсіі з унукам па Санкт-Пецярбургу

– Што выклікае ў Вас усмешку?

– Усё. Я аптыміст у душы. На працу прыходжу, усміхаюся і цешуся, што я магу прыйсці. Езджу ў транспарце, людзі лаюцца, а я магу ўсміхацца, таму што не магу зразумець прычыны іх сваркі, калі хтосьці кагосьці неспадзявана зачапіў. Трэба сказаць: "Прабачце", усміхнуцца – і ўсё. Не трэба рабіць людзям гадасці, і вы пазбегнеце стрэсу. Я не ідыёт, які ўвесь час з усмешкай, але мне ўсё падабаецца. Мне падабаецца жыццё. Як кажуць, любіце жыццё, вам жа з ім жыць.

Люблю пазітыўныя навіны: заўсёды з задавальненнем падпісваю заяву на матэрыяльную дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Гэта такое адчуванне працягу жыцця на планеце. Мы нават былі ініцыятарамі павелічэння матэрыяльнай дапамогі ў калектыўнай дамове ў выпадку нараджэння другога, трэцяга і наступных дзяцей. Вось гэта заўсёды дае падставу для ўсмешкі і добрага настрою. Пабольш бы такіх заяў. Заўсёды ўсміхаюся і атрымліваю задавальненне, калі бачу маладога тату, маму ці бабулю з калыскай. Вельмі люблю дзяцей. Я заўсёды казаў і кажу сваім калегам: як мы дзяцей выгадуем, так яны нам пенсію і налічаць, давайце таму ставіцца да дзяцей з разуменнем і цікавасцю.

igor_verenchikov_BGU

– Для таго каб дасягнуць поспеху трэба…

– Трэба працаваць і атрымліваць задавальненне ад таго, што ты робіш.

– Нядаўна скончыліся самыя чаканыя і прыемныя святы. Што Вы хацелі б пажадаць-параіць людзям.

 – Любіце адзін аднаго. Любоў вырашыць усе пытанні.

У каго ўсяляюцца нячысцікі, псуюць галоўным чынам сябе. У мяне ўвесь час пытаюць, чаму, дзе б я ні працаваў, у мяне стаіць на працы глобус. Я ўвесь час паказваю, дзе чалавек памыляецца, з дапамогай яго. Вось, напрыклад, чалавек зрабіў штосьці дрэннае ў гэтым месцы, нагрубіяніў, пакрыўдзіў і сыходзіць адтуль, уцякае. І вось у чым ён памыляецца: яму здаецца, што ад кропкі, у якой ён зрабіў штосьці дрэннае, ён сыходзіць, павярнуўшыся спінай, а насамрэч Зямля круглая і ён да гэтай кропкі тварам. Вось таму і з мэтай прафілактыкі дрэнных узаемаадносін паміж людзьмі трэба часцей паказваць ім глобус.

Гутарыла
Алёна ГРЫШЫНА
 
igor_verenchikov_BGU

Сплаў па рацэ Тыя. 1997 год

igor_verenchikov_BGU

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *