Як злавіць знічку. Касмічныя краявіды Віктара Малышчыца (+відэа)

3 Feb, 2017, усяго праглядаў: 105.

Выкладчык Ліцэя БДУ Віктар Малышчыц, чые навуковыя інтарэсы – астраномія і астрафізіка, займаецца астрафатаграфій, здымае timelapse-відэа. Ён распавёў пра цяжкасці гэтых спраў, а таксама пра тое, чаму варта часцей глядзець на неба.

Віктар Малышчыц

Віктар Васільевіч узгадвае, што нават чытаць вучыўся па астранамічнай кніжцы "Што і як назіраць на небе" У. П. Цэсевіча, у якой уражвалі малюнкі і на той час першыя фотаздымкі месяцовых кратараў. А цяга вывучаць астраномію з’явілася дзесьці ў 5 класе, калі матуля падарыла энцыклапедыю пра зоркі. Потым скончыў фізічны факультэт БДУ, дзе яшчэ 4 гады выкладаў астраномію. Ён падкрэслівае, што займальныя размовы пра Сусвет – толькі вяршыня айсберга. Астраномія базуецца на фізіцы. Сюды дабаўляюцца і іншыя навукі. Трэба ведаць гэты падмурак, каб прыйсці да прыгожых туманнасцяў.

– У Ліцэі БДУ сабраны вяршкі, тут самыя лепшыя з лепшых, – кажа выкладчык. – З імі займацца надзвычай цікава. Прынамсі вучні філалагічнага класа, якім нялёгка зразумець многія нюансы фізікі і астраноміі, будуць старацца засвоіць матэрыял, у іх ёсць зацікаўленасць да прадмета. Ужо не кажучы пра фізікаў-матэматыкаў. Самі прыбягаюць, задаюць пытанні, просяць дапамагчы падрыхтавацца да алімпіяды.

У Ліцэі штогод праходзіць лакальная канферэнцыя навукова-даследчых прац ліцэістаў. Потым лепшыя ўдзельнічаюць на рэспубліканскім узроўні. У гэтым годзе 3 лютага выступіць з дакладам і Віктар Васільевіч. Плануе свой выступ такога ж фармату як і на студэнцкім фэсце «Папараць-кветка BSU night», якi ладзіўся ў кастрычніку ў гонар 95-годдзя БДУ. У тую ноч дакладчыкі чыталі лекцыі па «Зорных войнах», «Гульні прастолаў», «Гары Потэру» і «Уладару пярсцёнкаў». Тады Віктар Малышчыц прадстаўляў параўнальны аналіз галактыкі «Зорных войнаў» і Млечнага Шляху.

Млечны Шлях над Бярэзінай у Бярэзінскім запаведніку

Калісьці ён быў адэптам вулічнай астраноміі. Выносіў на вуліцу тэлескоп і дазваляў жадаючым паназіраць за небам. Напрыклад, у парку Горкага чэргі выстройваліся. Зараз выкарыстоўвае тэлескоп толькі на занятках. Мінулай восенню з вучнямі назіралі Месяц і планеты Юпітэр, Сатурн.

Злева - Юпітэр, справа - Венера

Акрамя выкладчыцкай дзейнасці Віктар Малышчыц амаль 4 гады займаецца астрафатаграфіяй. Яго працы выстаўляліся ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў Музеі сучаснага мастацтва. Потым гэтыя выставы ацэньваліся не толькі ў беларускіх гарадах, але і за мяжой.

Туманная раніца ў Вязынцы каля музея Янкі Купалы

А пачалося захапленне фатаграфіяй з падрыхтоўкі мінскай каманды да алімпіяды па астраноміі. У якасці трэніроўкі вырашылі паўдзельнічаць у марафоне Месье разам з іншымі аматарамі астраноміі Мінска. Трэба было выканаць заданне: за ноч улавіць як мага больш аб’ектаў з каталогу Месье – спісу 110 астранамічных аб'ектаў. Але адзначыць пару дзясяткаў – гэта ўжо добра. “Селі шчыльна ў машыну 6 чалавек і паехалі за 100 км ад Мінска, – прыгадвае Віктар Васільевіч. – Я ўзяў з сабой фотаапарат, фатаграфаваў. Вось тады зразумеў, што тэхніка бачыць нашмат больш, чым наша вока. Да таго ж мара паздымаць зоркі ўзнікла даўно”.

Вячэрні палёт над ракой Убарць у Лельчыцкім раёне

Карыстаецца апошнія тры гады Canon 5DMarkIII і Canon 6D. Лічыць, што ў такой справе патрэбна люстэркавая камера, светласільны аб'ектыў, штатыў і доўгая экспазіцыя (секунд 20). З гэтага ўжо шмат што атрымаецца. Часам здымае з паветра пры дапамозе дрона. Вандроўкі плануе загадзя. Звычайна гэта 2-3 дні пасярод працоўнага тыдня.

Ранняя вясна над Слабодкай Аранжавая засветка справа - гэта вось-вось узыдзе Месяц

Для астранома, калі праляцеў яркі метэор, ёсць адно жаданне: каб праляцеў яшчэ адзін такі.

– Аднойчы не пашанцавала. У 2013 годзе ляцеў вельмі яркі балід на тэрыторыі Полацкага, Глыбоцкага раёнаў. Яго бачылі нават з-пад Пінска. На вуліцы было святлей, чым ад поўнага месяца. У Глыбоцкім раёне расказвалі, што нават шыбы ў вокнах грымелі ад яго палёту. Я ў тую ноч стаяў з фотаапаратам і на жаль глядзеў у іншы бок.

У запаведнай зоне Нацыянальнага парку Прыпяцкі

За час вылазак за горад з героем публікацыі адбыліся прыгоды, звязаныя з рознымі звярушкамі. Ці не страшна здымаць у лесе ноччу зусім аднаму? Віктар Малышчыц разважае, што самы страшны звер – гэты вожык. Напрыклад, дзікія жывёлы ўлетку ніколі не палезуць да чалавека, але калі сярод поўнай цішы ноччу чуеш, як нешта паволі з гучным трэскам рухаецца да цябе, то становіцца неяк не па сабе.

– Мінулым летам давялося ехаць у самы гушчар Налібоцкай пушчы. І дарога за кіламетр да патрэбнай кропкі абарвалася. Дзве гадзіны ночы, навокал глухі лес, балоты. Думаю, выйду хоць паслухаю прыроду. Нават пасігналіў, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Як толькі гэта зрабіў, каля мяне нешта вялізнае паднялася і паперла праз балота. Мабыць, лось.

Злева свеццяцца Міёры і палярнае ззянне, справа - Наваполацк. І канешне ж, Млечны Шлях

Астрафатограф наздымаў палярных ззянняў больш чым дзясятак. Праўда, у нашых шыротах яны няяркія. На здымках усё роўна слупы, якія пераліваюцца і мяняюць форму, выглядаюць значна лепш. Для ўзнікнення ззяння патрэбна моцная магнітная бура. У інтэрнэце ёсць сэрвісы (напрыклад, http://www.swpc.noaa.gov/), якія паказваюць узровень узбуранасці зямнога магнітнага поля. І трэба пастаянна маніторыць, чытаць прагнозы. Яны нажаль недасканалыя. Калі раптоўна паказальнікі пайшлі ўверх, трэба хуценька скакаць у машыну і несціся туды, дзе цёмны паўночны сектар неба. Часцей Віктар Васільевіч так і лавіў ззянні недалёка ад Мінска. На яго меркаванне, самае яркае здымаў каля Раўбіч.

У запаведнай зоне Нацыянальнага парку Прыпяцкі

– Думаю, толькі працэнтаў 10 нашай краіны аб'ехаў, – гаворыць астраном. – Люблю Палессе. Больш за ўсё мяне ўразіла Прыпяць і ўсё тое, што каля яе. Там дужа цёмныя мясціны. Самы поўдзень, таму трошачкі лепш відаць паўднёвыя сузор'і. І сама веліч ракі, дуброва, балоты – гэта штосьці нерэальнае. Літаральна кожны год бываю на Палессі.

Яго відэа “Беларусь: у абдымках зорках”, “Краіна пад срэбнымі аблокамі” уразілі інтэрнэт. Методыка timelapse простая: фотаапарат робіць кадр за кадрам праз аднолькавы інтэрвал часу. Неба для вока статычнае, а калі паскорыць з дапамогай тэхнікі, заўважаеш, як круціцца ўсё навокал цябе. Для дынамікі камера едзе павольна па рэйках, паварочваецца апарат. Самалёты і штучныя спадарожнікі – перашкода пры адлюстраванні сузор’яў. Асабліва на відэа, бо яны моцна паскараюцца і падаецца, што гэта падаючыя метэоры. Віктар Васільевіч проста потым замазвае іх у спецыяльных праграмах, каб не перашкаджалі. “Відэа такога кшталту можна і яшчэ рабіць, але паўтараць тое самае не хочацца, – тлумачыць астрафатограф. – Вучыўся сам з дапамогай інтэрнэта, а таксама метадам спроб і памылак”.

Дзе шукаць Венеру

Зімой здымае рэдка, бо як-ніяк у мароз 25 градусаў у чыстым полі машына можа проста не завесціся. Як кажа астраном, зімой можна паназіраць за Млечным Шляхам – паласа, якая ідзе аблокамі, развіваецца цёмнымі туманнасцямі. Але ён лепш бачны ўлетку. Насамрэч, пашанцавала, што на зімовым небе шмат проста яркіх зорак, так не бывае ў іншыя поры. У гэтым годзе ўвесь студзень і люты добра бачна Венера (пасля захаду сонца шукайце самую яркую кропку). Нават былі рэальныя выпадкі, калі Венеру блыталі з іншапланетнымі караблямі. Тут трэба быць уважлівым, бо злева ад Венеры ёсць яшчэ адна кропка – гэта Марс. А побач з Марсам будзе яшчэ і Нептун, толькі для яго назірання спатрэбіцца ўжо тэлескоп.

Падарунак В. Малышчыцу ад выпускнікоў 2016 года Ліцэя БДУ

“Часам дастаткова хаця б раз убачыць зорнае неба, каб назаўсёды палюбіць яго, прызнаецца Віктар Малышчыц. – Астраномія, астрафатаграфія дазваляюць адчуць веліч зорнага неба і наша месца ў Сусвеце”.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

Відэа:

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *