Тэлевядучы і шоўмен Яўген Перлін: “Галоўная парада студэнтам – не ленавацца!”

26 Jul, 2016.

Евгений Перлин Лета – гарачая пара для абітурыентаў, бо менавіта цяпер ім трэба прыняць, магчыма, адно з самых важных рашэнняў: з якой прафесіяй звязаць сваё жыццё. І, каб падтрымаць будучых студэнтаў нашага ўніверсітэта, мы вырашылі пагутарыць з адным з самых паспяховых выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – журналістам, тэлевядучым і шоўменам Яўгенам ПЕРЛІНЫМ.

- Яўген, мы ведаем, што вы скончылі Інстытут журналістыкі БДУ. Распавядзіце, калі ласка, як з'явілася ідэя стаць журналістам?

- Я бачыў, як працуе ў кадры Улад Лісцьеў, вядомы тэлевядучы "Першага канала", і мне здавалася, што ён файны. Я тады яшчэ не дужа разумеў, проста быў маленькім і глядзеў праграму "Час пик". Напэўна, таму мне хацелася знайсці сябе менавіта ў гэтай сферы. Але тады пра гэта сур'ёзна не задумваўся. Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, зразумеў, што трэба шукаць тую спецыяльнасць, дзе не спатрэбіцца матэматыка, таму што ў мяне з гэтым усё было вельмі дрэнна. А ўлічваючы дзіцячую мару, абраў для сябе журналістыку.

- Цяпер вас кожны дзень можна ўбачыць на экранах тэлевізараў, пачуць на радыёхвалях, ды і ў сацсетках вы актыўна ведзяце дзейнасць, вялікая колькасць падпісантаў на вашы акаўнты – таму пацвярджэнне. Як вы дамагліся такой папулярнасці?

- Я б не сказаў, што я папулярны чалавек. У Беларусі ў прынцыпе папулярнасць – паняцце вельмі адноснае. Ёсць, напэўна, нейкая медыйнасць, змушаная пазнавальнасць.

Евгений Перлин

Вельмі часта раніцай, збіраючыся на працу, людзі для фону ўключаюць тэлевізар, дзе ідуць навіны ці ранішнія шоу. Краем вуха чуюць голас вядучых, а потым, калі сустракаюць іх у паўсядзённым жыцці, разумеюць, што голас ужо дзесьці чулі, але не могуць успомніць дзе. Калі я прыйшоў на тэлебачанне, там вядучым працаваў Юрась Круглік (цяпер ён на "Пятым канале" ў Піцеры). І, як толькі я яго пачуў, то зразумеў, што голас дзіка знаёмы, але я тады амаль не глядзеў тэлевізар і, адпаведна, не ведаў, хто гэта. Вось так я на сваім прыкладзе пераканаўся, што чалавек, нават проста слухаючы тэлевізар, нязмушана запамінае голас, які даносіцца з галоўных каналаў краіны. Бывае, вядома, што людзі падыходзяць і просяць аўтограф, але ў гэты момант я пачуваюся страшэнна няёмка. Бо я журналіст, а не артыст. Ну, а сфатаграфавацца – з задавальненнем, гэта, у прынцыпе, можна назіраць і ў сацыяльных сетках іншых людзей.

- Як вы патрапілі на тэлебачанне? Быў нейкі адбор?

- Такіх кастынгаў, як цяпер, у той час не было: не выклікалі вялікімі групамі па 50–100 чалавек з тых, хто запоўніў анкету. Мяне проста запрасілі са словамі: "Мы цябе чулі на радыё, чулі, як ты чытаеш, хочам паглядзець на цябе". Тады яшчэ дырэктарам Агенцтва тэленавінаў быў Аляксандр Іванавіч Мартыненка, вось, уласна, ён і ўхваліў маю кандыдатуру. Цяпер, калі я пераглядаю мае першыя эфіры, разумею: гэта было жудасна.

Евгений Перлин

- А якія-небудзь цікавыя моманты падчас эфіраў адбываюцца?

- Яны ўвесь час здараюцца. Ёсць такі сіндром "другога эфіру", калі першы эфір праходзіць занадта гладка, таму што ты да яго ўзмоцнена рыхтуешся, а вось да другога – расслабляешся, і там ужо ўзнікаюць праблемы. Калі да нас прыходзяць студэнты на практыку, мы ўвесь час ім гаворам: "Бойцеся гэтага сіндрому. Да другога эфіру рыхтуйцеся яшчэ лепш, і тады трэці, ну і наступныя пойдуць лягчэй. Галоўнае, як той казаў, вытрымаць той самы другі эфір. А ў навінах увесь час штосьці здараецца, на тое яны і навіны: многае можа памяняцца, нават калі праграма ўжо выходзіць у эфір.

- Я ведаю, што вы не толькі працуеце вядучым на тэлебачанні і радыё, але яшчэ і ведзяце карпаратыўныя мерапрыемствы і вяселлі. А ці ёсць у вас якая-небудзь фішка? Чаму выбіраюць менавіта вас?

- Я заўсёды ведаю, як паставіць сябе падчас гутаркі з кліентамі, і заўсёды раю ім пры выбары зважаць на знешнасць і голас вядучага, таму што ўвесь вечар на яго трэба будзе глядзець і, адпаведна, слухаць. Ну і, вядома ж, важна звярнуць увагу на пачуццё гумару вядучага.

Акрамя таго, бываюць і англамоўныя мерапрыемствы. У нас у краіне англамоўных вядучых не так шмат, таму я, напэўна, у ліку першых, каму тэлефануюць.

Евгений Перлин

- Праца ў кадры прадугледжвае жыццярадаснасць, усмешкі – усё тое, што зараджае станоўчымі эмоцыямі гледача на ўвесь дзень. А што вам дапамагае трымаць сябе ў тонусе ў паўсядзённым жыцці?

- Мне падабаецца жывая музыка, таму я імкнуся хадзіць у бары, дзе граюць добрыя групы. Люблю выбірацца ўлетку ў раён Мінскага мора, у Траецкім прадмесці цяпер класна зрабілі некалькі ўстаноў, там вельмі камфортна. Вандраванні люблю, само сабой.

- Ці ўзнікала ў вас жаданне заняцца чым-небудзь яшчэ? Рэалізаваць сябе ў нейкай іншай сферы?

- Як толькі я пачаў лётаць на самалётах – захацеў стаць пілотам. У прынцыпе, у 26 гадоў у мяне яшчэ ёсць шанец, але так рэзка кідаць журналістыку я не гатовы. Таму, я думаю, што, напэўна, у наступным жыцці стану пілотам, таму што гэта супер.

Евгений Перлин

- Мяжы дасканаласці сапраўды няма, але ў кожнага ёсць планка, да якой мы імкнёмся. Дзе гэта планка для вас?

- Планка ёсць, але я пакуль пра гэта не думаю, мне яшчэ рана (смяецца). У плане развіцця мне б хацелася, каб у мяне было ўсё добра, каб я быў забяспечаным у старасці, і для гэтага я ўсё буду рабіць цяпер, у маладосці. Яшчэ я хацеў бы паспрабаваць сябе ў кіно, можа, у якасці рэжысёра ці нават прадзюсара.

- У мяне, як у спявачкі, ёсць свой кумір – Крысціна Алгіера, а ці ёсць у вас хто-небудзь, на каго вы раўняецеся?

- Я імкнуся не раўняцца ні на каго, мне падабаецца, як працуюць некаторыя людзі. Напрыклад, мне падабаюцца перадачы, якія сумесна робяць Познер і Ургант. Мне б хацелася, каб на нашым беларускім тэлебачанні з'явілася такая праграма, як "Познер". У яго праграмах раскрываюцца сур'ёзныя праблемы, пасля іх ёсць адчуванне асабістага ўдзелу герояў. Вось на такую журналістыку я, хутчэй, буду раўняцца.

- Якую параду вы можаце даць цяперашнім студэнтам?

- Гледзячы на сённяшніх студэнтаў і ўспамінаючы сябе, мая галоўная парада – не ленавацца, быць настойлівымі і дамагацца свайго.

Таццяна РАМАШКЕВIЧ

Фота: Таццяна Кудзінава

Евгений Перлин

Мне падабаецца жывая музыка, таму я імкнуся хадзіць у бары, дзе гуляюць добрыя групы, таму што гэта супер.

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *