Стаць часткай вялікай сям’і БДУ (+відэа)

31 Mar, 2016.

 DSC_5792

На “Фестываль факультэтаў” Белдзяржуніверсітэта завіталі сотні абітурыентаў і іх бацькоў. Госці змаглі даведацца пра даступныя спецыяльнасці, задаць пытанні, пазнаёміцца са студэнцкімі арганізацыямі, лабараторным абсталяваннем і пачуць водгук пра вучобу ад саміх студэнтаў.

Урачыста акрыў фестываль рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка:

  • Мне прыемна вітаць вас у сценах БДУ. Я запрашаю ўсіх школьнікаў паступаць да нас. Тут створаны ўмовы не толькі для атрымання выдатнай адукацыі, але і цікавага сацыяльнага жыцця, развіцця навукі. БДУ – гэта велізарны комплекс: 30 000 студэнтаў, 10 000 супрацоўнікаў, навуковыя інстытуты, прадпрыемствы, лабараторыі. Гэта самы буйны цяпер універсітэт нашай краіны. Сусветныя рэйтынгі заўсёды ставяць БДУ на высокія пазіцыі. Хутка ў нас юбілей – 95 гадоў споўніцца ўлюбёнай ВНУ, і за гэты час мы сустрэлі і правялі ў дарослае жыццё больш за 150 000 маладых людзей. Шмат з тых, хто сёння займае вышэйшыя службовыя пасады, выпускнікі нашага ўніверсітэта. І мы рады вітаць новую плеяду студэнтаў. Жадаю школьнікам паспяхова здаць ЦТ. Мы вас чакаем і абяцаем вельмі цікавае і насычанае жыццё!”

DSC_5465

Чым жа можна было прыцягнуць ўвагу школьнікаў? Каля цэнтральнага ўваходу працавалі павільёны грамадскіх арганізацый БДУ, органаў студэнцкага самакіравання, прафсаюзных камітэтаў. Тут можна было паслухаць выступленні творчых калектываў, сфатаграфавацца з аніматарамі ў дзівацкіх касцюмах, упрыгожыць рукі міхендзі (роспіс хной). Гэта частка фестывалю была накіравана на знаёмства будучых студэнтаў з пазавучэбным жыццём БДУ, са шматлікімі мерапрыемствамі і акцыямі.

????????????????????????????????????

А ва ўнутраным дворыку ліцэя размясціліся стэнды факультэтаў. Менавіта гэтая пляцоўка прыцягвала большасць публікі. Кожны з факультэтаў стараўся чымсьці прывабіць падлеткаў: студэнты з хімфака праводзілі незвычайныя вопыты са звычайнымі прадуктамі, фізфак прадэманстраваў, як з дапамогай гантэляў кружыцца на крэсле, біялагічны факультэт пазнаёміў са шкілетам, а гістфак выступаў у касцюмах рыцараў, ля павільёна ФМА завіхаліся “пчолкі”, ваенфак даваў у рукі зброю, юрфак апанавалі “піраты” і г.д.

DSC_5635

Між іншым, мерапрыемства наведалі не толькі выпускнікі школ, але і тыя, каму паступаць праз 2-3 гады.

Ланіна Любоў, ліцэістка БДУ, 10 клас

З навучальных дысцыплін найбольшую цікавасць ува мне выклікаюць гісторыя і грамадазнаўства. Сваю прафесійную будучыню бачу звязанай з гэтымі навуковымі плынямі. Вызначыць пэўны факультэт пакуль не магу, але схіляюся да міжнародных адносінаў або журналістыкі. Я не аднойчы публікавалася ў нашай ліцэйскай газеце, таму ўжо трошкі паспытала “карэспандэнцкага хлеба”. Што датычыцца фестывалю – усё цудоўна! Шмат карыснай інфармацыі, музыка, танцы. Думаю, у наступным годзе зноў прыду сюды.

IMG_3899

Бацькоў на фестывалі таксама было шмат. Так, Пратасевіч Андрэй Валер’евіч гатовы падтрымаць любы выбар дачкі.

  • Я прыйшоў сюды с жонкай і дачкой-выпускніцай. Тое, што будзем паступаць у найлепшую ВНУ краіны, вырашылі ўжо даўно. Ліза выбірае паміж мытнай справай і маркетынгам. Праз сацыяльныя сеткі дазналіся, што БДУ праводзіць фестываль факультэтаў. Так мы апынуліся на гэтым цудоўным мерапрыемстве. Я надта ў выбар дачкі не ўмешваюся, яна ў мяне выдатніца, і ў тым, што паступіць, не сумняваюся. Але тут ёсць магчымасць узважана падысці да выбару прафесіі, задаць пэўныя пытанні. Гэта ж на ўсё жыццё…

DSC_5688

У рамках мерапрыемства адбылася анлайн-канферэнцыя для абітурыентаў з удзелам рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі “Паступай правільна ”. Абітурыенты і іх бацькі задавалі пытанні: які прахадны бал на пэўную спецыяльнасць, колькі чалавек плануецца залічыць на бюджэтнае аддзяленне таго ці іншага факультэта, ці можа студэнт-завочнік атрымаць месца ў інтэрнаце. Падымаліся і больш сур’ёзныя тэмы. Так, напрыклад, адна дзяўчына спыталася, ці можна атрымаць другую вышэйшую адукацыю на бюджэтнай аснове (дзённая форма). Адказ быў такі: так, калі першая адукацыя аплачана са сваёй кішэні, другую можна атрымаць за кошт дзяржавы. Але трэба здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і, калі патрэбна, творчыя іспыты, і тады ўжо на роўных з усімі сачыць за ўступнай кампаніяй. Выключэнне складаюць выпадкі, калі другая абраная спецыяльнасць сумежная з першай. Тады фарміруюцца асобныя плыні, здаецца акадэмічная розніца, і абітурыент залічваецца на скарочаную форму навучання (3,5 гады замест 5).

DSC_5695

Яшчэ неблагое пытанне: ці можа абітурыент, якія паступае на завочнае аддзяленне, прэтэндаваць на бюджэтнае месца? Так, можа, калі ён працуе па спецыяльнасці або заканчваў каледж па той жа спецыяльнасці. Запіс трансляцыі можна паглядзець на сайце БДУ і на YouTube-канале БДУ.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы дацэнт Людміла Хухлындзіна:

  • Сёння абітурыенту намнога лягчэй арыентавацца ва ўступнай кампаніі, чым яго папярэднікам. Так, кожны з вас можа завесці на сайце БДУ свой асабісты кабінет, дзе будзе прадстаўлена ўся інфармацыя наконт колькасці пададзеных дакументаў на спецыяльнасць, якія ў каго балы, якую адзнаку ты атрымаў за творчы іспыт і г.д. Там жа ёсць магчымасць запоўніць анкету і заяву, з раздрукаваным варыянтам можна смела ісці да прыёмнай камісіі. Нічога не бойцеся, сябры, ў вас столькі патэнцыялу, столькі таленту. Прыходзьце ў БДУ, і мы дапаможам высветліць гэты талент ў кожным з вас. Толькі зараз трэба максімальна старацца, засталося ўсяго пару месяцаў, не лянуйцеся вучыцца, і ўсё ў вас атрымаецца.

IMG_3926

На першым паверсе ліцэя БДУ працавала псіхалагічная служба, з дапамогай якой можна было прайсці прафтэсціраванне. Тут жа праходзіла выстава Галоўнага ўпраўлення навукі і працаваў стэнд прыёмнай камісіі.

Не забыліся паказаць і спартыўнае жыццё ў БДУ. На сабе можна было пратэсціраваць трэнажоры. Натоўп народу сабраў прадмет, які аказаўся аналізатарам складу цела.

Вікторыя Навіцкая, загадчыца вучэбнай лабараторыі кафедры фізічнага выхавання і спорту:

— У нас на кафедры сярод лабараторнага абсталявання ёсць аналізатар складу цела. Гэта прыбор, які дазваляе ў працэнтных суадносінах вызначыць склад арганізма: колькі ў арганізме ўтрымліваецца тлушчавай абалоніны, вісцаральнага тлушчу, шкілетнай мускулатуры, маса цела чалавека і індэкс масы цела. Таксама гэты прыбор дэманструе энергазатраты арганізма. Дзякуючы яму вы можаце даведацца, ці адпавядае вашаму росту і ўзросту, напрыклад, вага.

“Фестываль факультэтаў” таксама стаў пляцоўкай для навуковых распрацовак навукоўцаў БДУ, шматлікіх праектаў. Так, МДЭІ імя Сахарава прадставіў цікавыя рэчы.

IMG_3924

Таццяна Галуза, інжынер кафедры энергаэфектыўных тэхналогій:

— Часцей за ўсё бацькі і абітурыенты цікавяцца тым, якія ўмовы паступлення і далейшай вучобы, дзе можна пасля дыплома працаваць. І галоўнае – чым жа будзе займацца будучы спецыяліст? Сёння на гэтай выставе мы прадстаўляем цеплавізар – прыладу, якая вызначае цепластраты ў будынку.

Які вынік тут можа быць? Той, хто імкнецца стаць актыўным грамадзянінам сваёй краіны, той, хто хоча дасягнуць неверагодных поспехаў у палітыцы, бізнесе, культуры – наперад у БДУ! Бо Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – гэта вялікая сям’я, стаць часткай якой могуць стаць мэтаскіраваныя асобы.

Таццяна МОРАВА,

Алёна ЯКАВЕНКА

Яшчэ больш фота тут

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: