Я падобная на… кветку. Экзотыка і тэмперамент панавалі на конкурсе прыгажосці ФДА

30 Mar, 2017.

Традыцыйны конкурс «Міс ФДА – 2017», у якім прынялі ўдзел дзяўчаты з Ірана, Кітая, Нігерыі, Туркменістана, Паўднёвай Карэі і Беларусі сабраў 24 сакавіка усю моладзь факультэта даўніверсітэцкай адукацыі.


Пажадалі удзельніцам упэўненасці і добрага выступлення, а гледачам яркіх эмоцый дэкан ФДА Вячаслаў Малафееў, намеснік дэкана філалагічнага факультэта Павел Навойчык і дырэктар Міжнароднага адукацыйнага фонду БДУ Алена Нярода.


Папярэдне ўдзельніцы атрымалі заданне падрыхтаваць прэзентацыю «Я падобная на …», выбраўшы для сябе якую-небудзь кветку. Выхад кожнай удзельніцы суправаджаўся індывідуальнай музычнай кампазіцыяй, рукі дзяўчат ўпрыгожвалі зробленыя імі кветкі.

Кожная ўдзельніца распавядала пра сябе як пра дзіўную кветку, на якую яна падобная. Аповяд суправаджаўся фота-прэзентацыяй. Валянціна з Беларусі была чырвонай півоняй, а Сю Шуанюньло з Кітая – белай півоняй. Яе зямлячка Цао Цын – сланечнікам, Дасыль з Паўднёвай Карэі захацела стаць крокусам. Тэмпераментная Джоан з Нігерыі была лілеяй, сціплая Нурджэмал з Туркменістана – пралескай, арыгінальная Аліса з Беларусі выбрала для сябе кактус, а Накіса з Ірана – ружу.


Усе нашы дзяўчаты – творчыя асобы. І конкурс талентаў даказаў гэта. Яны спявалі песні, танцавалі, чыталі вершы.

Каб канкурсанткі паспявалі пераапранацца да конкурсаў, а журы – ацаніць іх выступленні, у канцэртную праграму былі ўключаны яркія нумары запрошаных гасцей: танцавальны дуэт Марфы і Мішы з дзіцячага ансамбля танца БДУ «Літарынка» (мастацкі кіраўнік Наталля Поклад).

Гэтак жа музычныя нумары былі прадстаўлены таленавітымі слухачамі нашага факультэта.


Пасля няпростых абмеркаванняў журы зрабіла свой выбар на карысць Мехры Накіса з Ірана, якая атрымала тытул “Міс ФДА-2017”. Віцэ-міс аб’яўлена Цао Цын з КНР, а прыз глядацкіх сімпатый атрымала Омубо Джоан Ненджу з Нігерыі. Астатнія дзяўчаты сталі ўладальніцамі мілагучных намінацый:
Міс Вытанчанасць Валянціна Сярова
Міс Пяшчота Нурджэмал Дурдыева
Міс Натхненне Аліса Ізмер
Міс Абаянне Сю Шуанюньло
Міс Зачараванне Кім Дасыль


Дзяўчыны ўзнагароджаны ганаровымі стужкамі, падарункамі ад факультэта і прызамі ад Міжнароднага адукацыйнага фонду БДУ.
Конкурс завяршыўся вясёлай фотасесіяй.

Аліна ХІЛЬКО

Фота Генадзя Краскоўскага

print

Вам таксама можа спадабацца: