Умацаванне пазіцый у сусветнай навукова экспертнай супольнасці: новыя вектары супрацоўніцтва БДУ

21 Nov, 2023.

На мінулым тыдні завяршыўся значны па выніках працы афіцыйны візіт дэлегацыі БДУ на чале з рэктарам Андрэем Каралём у Кітай. Удзел БДУ ў заснаванні новай Універсітэцкай сеткі навукова-даследчага супрацоўніцтва (iUNRC) і арганізацыі I Міжнароднага кангрэса па навукова-тэхнічных абменах «Адзін пояс, адзін шлях» стаў высокім прызнаннем на сусветным узроўні беларускай ВНУ як аднаго з экспертных цэнтраў па фарміраванні новага грамадства і ўладкавання свету. Праграма візіту дэлегацыі БДУ ў Кітай уключала ўдзел у новых міжнародных ініцыятывах, маштабныя мерапрыемствы па пашырэнні беларуска-кітайскіх сувязяў, падпісанне пагадненняў і адкрыццё інфармацыйна-рэкрутынгавага адукацыйнага цэнтра БДУ ў Чэнду.

Асаблівую значнасць афіцыйнаму візіту надаў дзел дэлегацыі БДУ на чале з рэктарам Андрэем Каралём у I Міжнародным кангрэсе па навукова-тэхнічных абменах «Адзін пояс, адзін шлях» і ўрачыстай цырымоніі заснавання iUNRC. БДУ выступіў суарганізатарам маштабнага форуму і адным з заснавальнікаў новай універсітэцкай сеткі. Форум быў прымеркаваны да 10-годдзя кітайскай ініцыятывы. Прывітальны адрас удзельнікам накіраваў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Мадэратарам канферэнцыі стаў міністр навукі і тэхналогій Кітая Інь Хэцзюнь. Мерапрыемства сабрала звыш 1000 кіраўнікоў кітайскіх міністэрстваў, рэктараў ВНУ, аўтарытэтных экспертаў з Беларусі, Кітая, Казахстана, Венгрыі, ПАР, Малайзіі, Чарнагорыі, Эфіопіі, Брунея і інш.

Кангрэс стаў унікальнай пляцоўкай для выбудоўвання новай парадыгмы камунікацый паміж экспертамі, навукоўцамі розных краін з мэтай пабудовы новага грамадства і ўладкавання свету на прынцыпах адзінага лёсу чалавецтва. Гэта новая ініцыятыва, накіраваная на стварэнне сучаснай платформы глабальнага супрацоўніцтва з улікам зменлівага свету ўзаемаадносін, надыходу чарговай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і прамысловай трансфармацыі, звязаных з развіццём штучнага інтэлекту. Форум уключаў таксама пляцоўкі для абмеркавання змен у правядзенні даследаванняў, падрыхтоўкі спецыялістаў і ўзмацнення міжнародных абменаў і супрацоўніцтва ва ўмовах інфармацыйнай эпохі. Актуальны парадак сучаснасці вызначыў тэматыку двух круглых сталоў кангрэса. Адзін з іх меў назву «Трансфармацыя парадыгмы навуковых даследаванняў у інфармацыйную эпоху», на ім з дакладам выступіў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Ён адзначыў, што ў сучасных умовах намаганні навукоўцаў БДУ сканцэнтраваныя на прыярытэтных напрамках. У іх ліку лічбавыя, інфармацыйна-камунікацыйныя і міждысцыплінарныя тэхналогіі; штучны інтэлект і робататэхніка, аэракасмічныя і геаінфармацыйныя тэхналогіі; біялагічныя, медыцынскія, фармацэўтычныя і хімічныя тэхналогіі і вытворчасці; забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы. Таксама Андрэй Кароль прадставіў вынікі даследаванняў у пералічаных навуковых галінах.

Для вырашэння пазначанага праблемнага поля форуму яго ўдзельнікі заснавалі новую Універсітэцкую сетку iUNRC. У аснову яе дзейнасці пакладзены прынцыпы актуальных камунікацыйных працэсаў, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, перадавых навукова-даследчых праектаў, якаснай адукацыі ва ўмовах трансфармацыі свету. Ініцыятарам заснавання ўніверсітэцкай сеткі сталі Міністэрства навукі і тэхналогій, Кітайская акадэмія навук, Кітайская інжынерная акадэмія, Кітайская асацыяцыя навукі і тэхналогій, правінцыя Сычуань і муніцыпалітэт горада Чунцын. У падпісанні ўстановачнага дакумента прынялі ўдзел кіраўнікі ВНУ 12 краін: Беларусі, Кітая, Аргенціны, Брунея, Малайзіі, Марока, Малдовы, Манголіі, Узбекістана, Чарнагорыі, Эфіопіі і ПАР.

Таксама рэктар БДУ Андрэй Кароль падпісаў падчас візіту дакумент аб адкрыцці інфармацыйна-рэкрутынгавага адукацыйнага цэнтра БДУ ў Чэнду. Функцыянаваць цэнтр будзе на базе Чэндускага інстытута пры Сычуанскім універсітэце замежных моў. Яго дзейнасць дазволіць прасоўваць імідж і статус БДУ на адукацыйнай прасторы Кітая, актывізуе інфармацыйнае прасоўванне паслуг ВНУ, будзе садзейнічаць павелічэнню кантынгенту кітайскіх грамадзян, а таксама пашырыць партнёрскія сувязі дзвюх краін. У прыватнасці, плануецца правядзенне прафарыентацыйных мерапрыемстваў, кансультаванне кітайскіх абітурыентаў па пытаннях паступлення і навучання ў беларускай ВНУ. Прадугледжана інфармацыйная праца са студэнтамі-бакалаўрамі для іх прыёму ў магістратуру БДУ. Таксама ёсць намер сумесна з інстытутам-партнёрам навучаць кітайскіх грамадзян рускай мове. Дарэчы, бакі ўжо зацвердзілі план дзейнасці на найбліжэйшы час, у наступным навучальным годзе прадугледжана на базе цэнтра арганізаваць прыёмную кампанію БДУ для кітайскіх грамадзян правінцыі Сычуань.

Адкрыццё цэнтра ў Чэнду з’яўляецца працягам сістэмнай працы па стварэнні прадстаўніцтваў БДУ за мяжой з мэтай павелічэння экспарту адукацыйных паслуг. У 2018 годзе быў створаны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр БДУ ў г. Пекін, пры яго садзейнічанні ў 2019 годзе падрыхтоўчы цэнтр у г. Санья. Працуюць таксама інфармацыйна-адукацыйныя цэнтры БДУ ў гарадах Турцыі: Антальі, Стамбуле, Анкары, Ізміры.

Падчас візіту ў Кітай падпісаны два новыя дакументы аб супрацоўніцтве з кітайскімі ВНУ. Дасягнутыя дамоўленасці будуць спрыяць развіццю міжнародных адносін у галіне адукацыі, навукі і тэхналогій. З гэтай мэтай завераны мемарандум аб узаемаразуменні з Сычуанскім універсітэтам замежных моў, які прадугледжвае розныя формы ўзаемадзеяння. У іх ліку акадэмічны абмен студэнтамі, выкладчыкамі, рэалізацыя сумесных адукацыйных, навукова-даследчых праграм і праектаў, абмен інфармацыяй, навучальнымі матэрыяламі і навуковымі справаздачамі, арганізацыя канферэнцый, семінараў, практыкумаў, курсаў, падрыхтоўка калектыўных публікацый. У прыватнасці, бакі прадметна разгледзелі перспектывы супрацоўніцтва ў галіне рэгіёназнаўства, лінгвістыкі і беларусістыкі.

Падчас наведвання Сычуанскага ўніверсітэта замежных моў дэлегацыя БДУ правяла таксама сустрэчу з кіраўніцтвам цэнтра вывучэння Беларусі. Ён з 2019 года працуе пры гэтай ВНУ і спрыяе распаўсюджванню ведаў пра Беларусь, правядзенню культурных і адукацыйных мерапрыемстваў. Спецыялісты цэнтра ўваходзяць у склад экспертнага «пула» па даследаваннях нашай краіны пры Кітайскай акадэміі грамадскіх навук.

Другім падпісаным дакументам стала пагадненне аб абмене навучэнцамі з Кітайскім Універсітэтам палітычных навук і права. Гэты дакумент прадметна прапісвае намеры бакоў развіваць партнёрства ў рамках дзейнага з сакавіка 2023 года паміж ВНУ мемарандума аб узаемаразуменні і датычыцца навучання па юрыдычных спецыяльнасцях выпускнікоў кітайскай ВНУ ў магістратуры БДУ, грантавай падтрымкі для рэалізацыі праграм акадэмічнай мабільнасці. Таксама было разгледжана пытанне далучэння кітайскага ўніверсітэта да дзейнасці цэнтра даследаванняў ШАС, створанага ў БДУ сумесна з універсітэтам Ціндаа.

Мяркуецца, што намечаныя новыя вектары міжнароднага супрацоўніцтва ў час візіту дэлегацыі БДУ ў Кітай будуць садзейнічаць умацаванню пазіцый ВНУ ў сусветнай навукова-экспертнай супольнасці, развіццю міжуніверсітэцкіх сувязей, экспарту, папулярызацыі вопыту на міжнароднай адукацыйнай прасторы.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: