З мастацтвам – за кубачкам чаю

4 Jan, 2024.

На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ прайшоў дзявяты сезон праекта «Ноч на геа». Тэмай сёлетняй падзеі сталі «Адносіны з мастацтвам». Газета «Універсітэт » сабрала ўсё самае важнае пра студэнцкую ініцыятыву.

Вытокі праекта пачынаюцца ў 2018 годзе. Тады актывісты захацелі прыўнесці ў жыццё факультэта новае нефармальнае мерапрыемства, якое б пашырала кругагляд удзельнікаў. Таму арганізатары спыніліся на фармаце вячэрняй сустрэчы, падчас якой з выступоўцамі можна весці дыялог. У першыя чатыры сезоны тэмамі «Ночы на геа» сталі «геаграфічныя» пытанні, а слухачамі былі прадстаўнікі ФГГ.

Яшчэ тады, рыхтуючыся да чайных паўз, студэнты задумаліся над праблемай засмечвання планеты пластыкам, таму ў паведамленні да мерапрыемства папярэдзілі, каб удзельнікі прыносілі з сабой шкляныя кубкі. Ідэя прыжылася, пасля чаго маладыя людзі вырашылі стварыць брэндавую прадукцыю праекта – кубкі з лагатыпам, значкі, шоперы, стыкеры. Гэта спрыяла таму, што сустрэчы сталі запамінальнымі, і пастаянныя ўдзельнікі сталі гаспадарамі «асаблівых» атрыбутаў «Ночы на геа».

У 2020 годзе аргкамітэт вырашыў разбавіць «геаграфічную» тэматыку агуль- нымі пытаннямі, а таксама запрасіць да сябе прадстаўнікоў іншых падраздзяленняў БДУ. З таго часу з двух сезонаў, якія праводзяцца за год, адзін прысвечаны папулярнай праблематыцы – бізнес-прадпрымальніцтву, псіхалогіі, медыцыне і інш.

Сёння ў камандзе праекта 12 чалавек. Кожны з арганізатараў мае свае абавязкі: нехта адказвае за прасоўванне сустрэч у сацыяльных сетках, нехта камунікуе з экспертамі і займаецца фірмовай прадукцыяй.

Па словах куратара «Ночы на геа» чацвёртакурсніцы Юліі Зіновік, тэма будучых сустрэч узнікае зусім нечакана. А вось да падбору лектараў падыходзяць вельмі скрупулёзна. На агульным сходзе арганізатары выбіраюць, каго можна прапанаваць у якасці выступоўцаў. Затым пошук кандыдатаў вядзецца сярод знаёмых, адсочваюцца цікавыя профілі ў Instagram. Калі выбар зроблены, адказны ад імя акаўнта праекта звязваецца з кандыдатамі, расказвае пра ініцыятыву і цікавіцца, ці будзе ім карыснае такое ўзаемадзеянне.

Сама Юля ўпершыню сутыкнулася з «Ноччу на геа», калі выбірала будучую спецыяльнасць. Дзяўчыну прывабіў фармат узаемадзеяння, а таксама незвычайная назва: няўжо студэнты сапраўды прыходзяць на факультэт ноччу, каб паслухаць цікавых людзей? А фотаздымкі з усмешкамі і мноствам кубкаў дапамаглі зразумець жаданне трапіць на праект нават тады, калі не атрымаецца паступіць.

– Сустрэча, на якую мне ўдалося завітаць, была прысвечана псіхалогіі. Яе ніколі не забуду. Гэта быў цудоўны дыялог з выступоўцамі, усе вакол былі вельмі кантактнымі, можна было задаваць любыя пытанні. А які ажыятаж! – узгадвае Юлія.

З мінулай восені дзяўчына сама стала кіраўніцай праекта. Студэнтка кажа, што першы куратар «Ночы на геа» магістрант Вікторыя Нікіфарэнка здолела перадаць новаму пакаленню арганізатараў любоў да праекта і паказала, што ў ініцыятывы ёсць патэнцыял і традыцыі, якія трэба падтрымліваць і працягваць.

Кожны раз удзельнікамі сустрэчы становяцца каля 100 чалавек. Геаграфія «Ночы» таксама самая розная (Ліцэй БДУ, журфак, ФФСН, МДЭІ імя А.Д.Сахарава, БДЭУ, БНТУ), хоць большая частка слухачоў – прадстаўнікі ФГГ. А звесткі пра ноч перадаюцца ад старэйшых курсаў малодшых, а таксама ад сяброў к сябрам.

– Складваецца ўражанне, што сустрэчы на праекце – як сямейны вечар у святочны дзень, калі ўсе збіраюцца пад адным дахам і ўсім ёсць чым падзяліцца, – заўважае Юлія Зіновік.

Куратара праекта падтрымлівае выпускнік факультэта і пастаянны ўдзельнік сустрэч Дзмітрый Каменеў:

– Падабаецца, што арганізатары падбіраюць актуальныя і цікавыя тэмы, што шмат зваротнай сувязі з аўдыторыяй. Выступоўцы кожны раз здзіўляюць: пастаянна не магу даўмецца, дзе толькі аргкамітэт іх знаходзіць. Тут заўсёды шмат незвычайных людзей! І, канешне, нельга не сказаць пра прыемную традыцыю – магчымасць папіць чаю з прысмакамі і абмеркаваць думкі са знаёмымі.

Ад прафесіянала – студэнтам

Лектарам дзявятага сезона «Ночы на геа» стала выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Юлія Лазоўская. Выступоўца шчыра падзялілася з гасцямі гісторыямі, што закранаюць гады вучобы, тэатральнае жыццё, навыкі акцёра і, канешне ж, адносіны з мастацтвам.

– Згадзіцеся, не так шмат фільмаў, над якімі вы можаце паплакаць. Гэта не зусім часта можна прымяніць да тэатра, паколькі спектакль – адлюстраванне нас саміх. Нядаўна я ў працэсе работы над пастановай «Карней» паводле Караткевіча зразумела, што ўспамінаю свой стары дом, дзе я ў маленстве жыла шмат гадоў. Ні разу не ўзгадвала, а тут – на табе! Гэта дзіўнае і невытлумачальнае пачуццё, калі ў табе нешта нараджаецца і прымушае задумвацца над тэмамі, за якія ты, магчыма, сам бы не ўзяўся, – пачала гутарку Юлія. – А яшчэ вы ніколі не ўбачыце адзін і той жа спектакль аднолькава: у ім пастаянна будзе нешта мяняцца, па-іншаму ўспрымацца, апускацца ці дадавацца.

Актрыса пераканана, што тэатр – гэта месца, якое выхоўвае. А артыстам, каб нарадзіць нейкае пачуццё ўнутры гледача, патрэбна найперш зрабіць гэта ў сабе.

Бліц ад Юліі Лазоўскай:

Самыя папулярныя пытанні
Ёсць база, якую агучваюць пры кожнай сустрэчы. Гэта тры топавыя пытанні: чаму я вырашыла стаць актрысай, ці ўмею плакаць і што мне больш блізкае: кіно ці тэатр.

Адказваючы на першае, скажу, што я доўгі час не ведала, кім збіраюся быць. Пасля ў 10 класе трапіла на спектакль і ўбачыла, што дарослыя людзі на сцэне паводзяць сябе як дзеці – дурэюць, скачуць. Адразу ж падумала: хачу гэтак жа ў любым узросце! І адразу кажу: «Мама, хачу быць актрысай!» Што датычыцца плачу, то плакаць я ўмею. Артыстаў вучаць мяняць эмоцыі для сцэны. З апошнім жа пытаннем не ўсё адназначна. З аднаго боку, бліжэйшы тэатр – бо там ідзе непасрэднае ўздзеянне на чытача, эмоцыі бываюць толькі аднойчы. З другога – кіно, бо заўсёды цікава назіраць за здымачным працэсам «знутры».

Пра непаўторнае ў акцёрстве
Плюс акцёрскай прафесіі ў тым, што ты пражываеш шмат жыццяў. Я люблю расказваць матулі, што «сёння я лісічка ». Яна ў захапленні ад такіх гісторый, бо ведае, што, каб стаць рыжай жывёлкай, яе дачка вучылася ў ВНУ (смяецца). З раніцы ты іграеш у дзіцячым спектаклі, а ўвечары думаеш пра пастаноўку для дарослых. Так праца ідзе 24/7.

Любімая роля
У спектаклі «Пачупкі» ў нас ёсць частка «Чорнае на чорным». Яна цалкам вакальная, а я чалавек, які асабліва не спявае. Таму сваю ролю ў гэтай пастаноўцы люблю і недалюбліваю адначасова, паколькі цалкам адыграць яе мне не ўдалося ніводнага разу.

Пераход з рускай мовы на беларускую
Абсалютна няма ніякіх цяжкасцяў. На сцэне гаворыш па-беларуску, у жыцці – па-руску. А калі цяжкасці з успрыманнем ёсць у гледача, калі ён чагосьці не разумее, я раю схадзіць на тую ж пастаноўку яшчэ раз, каб нічога не згубіць. Паверце, галоўнае можна зразумець з кантэксту. У акадэміі ў нас нават быў эксперымент: мы глядзелі спектаклі на замежных мовах, каб лепш улавіць рэжысёрскі пасыл па жэстах, міміцы, рухах акцёраў.

Прафесійная дэфармацыя
Гэта калі-нікалі бывае. Напрыклад, я часта лаўлю сябе на тым, што размаўляю фразамі са спектакляў. Скажаш нешта – і адразу думаеш: а дзе гэта было? І пачынаеш успамінаць усе свае ролі. Падчас вучобы майстар курса заўсёды вучыў нас: як толькі выходзіце на паклон, вы ўжо не маеце ніякага дачынення да персанажа. Вы акцёр. І гэта правільна, бо два жыцці не павінны накладвацца адно на адно.

Страх перад публікай
Яго я дагэтуль не пераадолела. Кожны раз вельмі баюся, бо заўсёды выступаеш перад новым гледачом. Дарэчы, самыя строгія крытыкі – маладыя людзі, ад 15 да 30 гадоў. Да іх артысту патрэбна знайсці асаблівы падыход.

Выкрыкі з залы
Бываюць рэплікі, ад якіх становіцца вельмі смешна. І самае галоўнае ў такія моманты – тое, што трэба быць сур’ёзным і ніяк не рэагаваць.

Адрозненні «сваёй» і «чужой» сцэны
Вы маеце рацыю: сцэны абсалютна непадобныя. Аднагрупнік аднойчы правёў аналогію, што сцэна для яго – гэта дзяўчынка, з якой патрэбна пяшчотна камунікаваць і ніколі не абражаць. Родная зала для кожнага артыста менавіта такая. Адрозніваецца таксама і энергетыка беларускіх гледачоў і замежных. Наша публіка вельмі лаяльная, этычная, яна заўсёды цэніць працу акцёраў і ўдзячная ім.

Падрыхтоўка ролі
Вывучыць тэкст – самае малое, што робіць артыст. Далей ідзе разбор персанажа: чаму ён пайшоў у пэўнае месца, чаму зрабіў тое, што зрабіў… Тут нельга гаварыць: «А я б зрабіў па-іншаму!» Дзякуючы ролі, часта чытаеш і слухаеш творы, не блізкія табе ў звычайным жыцці. Акрамя таго, развучванне ролі – свайго роду псіхалогія. Разбіраючы свайго героя, акцёр разважае над сваім жыццём, прапрацоўвае рэальныя праблемныя сітуацыі.

– Не памылюся, калі скажу, што «Ноч на геа» займае месца ў сэрцы амаль кожнага на факультэце. Мерапрыемства моцна падыходзіць студэнтам, таму што аб’ядноўвае навукова-папулярныя лекцыі, нефармальную атмасферу і магчымасць убачыцца з сябрамі-выпускнікамі. Да таго ж, каштоўнасць праекта – веды, якія не заканчваюцца на нашай спецыяльнасці, – рэзюмаваў у канцы вечара ўдзельнік-чацвёртакурснік Андрэй Львоў.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: