Крок наперад

4 Jan, 2024.

Запальныя рухі, яркія вобразы і канцэптуальныя ідэі. На сцэне клуба RE:PUBLIC было горача, бо там сабраліся танцоры з самых розных навучальных устаноў Мінска.

Да гэтага дня ўдзельнікі моладзевага танцавальнага фестывалю BSU Dance Festival рыхтаваліся некалькі тыдняў. Прыдумвалі выступленні, шылі касцюмы, штодзень праводзілі рэпетыцыі. Усяго ў фінале прынялі ўдзел 12 калектываў, 5 дуэтаў і 10 салістаў. Спаборніцтва праходзіла ў рамках акцыі «Творчая моладзь супраць СНІДу».

– Раней да дня барацьбы са СНІДам мы ладзілі фестываль «Такія пернікі». Але час ішоў, і трэба было шукаць сучасны падыход. 5 гадоў таму мы вырашылі, што танцы – здаровы лад жыцця і яны як найлепш нам падыходзяць. Таму мы запусцілі фестываль, які б праходзіў не толькі ў рамках БДУ, але і ўсяго Мінска. Тут таксама іншыя ВНУ, каледжы. Фармат з сучаснымі танцамі і намінацыямі падабаецца моладзі, і колькасць гледачоў гэта пацвярджае. Зала поўная, – з гонарам дзеліцца загадчык культурна-масавага аддзела ўпраўлення па справах культуры Іван Жукаў.

– Удзельнікаў таксама з кожным годам становіцца больш, і мы ўжо праводзім майстар-класы, дадаём асобныя намінацыі. 15 лістапада мы правялі кастынг, падчас якога выбралі фіналістаў. На адбор да нас прыйшло больш за 30 калектываў, 20 салістаў і каля 10 дуэтаў.

Больш за палову каманд – з іншых універсітэтаў і каледжаў. Сваё майстэрства паказалі прадстаўнікі з БНТУ, БДАТУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ, Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі, Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа, БДПУ імя М. Танка, Мінскага дзяржаўнага фінансава-эканамічнага каледжа і Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання.

Харэаграфічныя дуэты і калектывы прадстаўлялі танец, які найбольш яскрава адлюстроўвае характар, тэхніку і майстэрства каманды. Сольныя выканаўцы спаборнічалі паміж сабой у танцавальным батле. Яны дэманстравалі харэаграфію на 40-50 секунд пад выбраны твор, пасля чаго мяняліся музыкай з апанентам і імправізавалі. Да апошняга ніхто не ведаў, з кім яны будуць супернічаць, гэта вызначала лёсаванне.

Найлепшых выбіралі гледачы і журы. Суддзямі фестывалю выступілі: намеснік начальніка ўпраўлення па справах культуры, рэжысёр Аксана Чупрына, рэжысёр народнага студэнцкага музычна-драматычнага тэатр-студыі «На філфаку » Кацярына Тананайка, галоўны рэдактар радыёстанцыі «Радио ENERGY» Аляксей Клачкоў, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», уладальнік медаля Францыска Скарыны Ірына Грушава, саліст ансамбля Рыгор Кожух, харэограф і танцор El Gato Dance Center Анастасія Шылянкова, пераможца Lithuanian Cup 2019, Dance Power 2020, вечара шоўкейсаў «Твой выхад 2022», Street Style Challenge 2023 і заснавальнік танцавальнай каманды Mad Shameless crew KOVA, пераможца Lithuanian Cup 2019, Megadance 2020, прызёр чэмпіянатаў World of Dance Belarus 2021 і BOC 2020, выкладчык па girly hip-hop і choreo Наталля Белкіна, галоўны спецыяліст упраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёна Святлана Паўлава.

Нават дасведчаным суддзям было нялёгка вылучыць з багацця яркіх выступленняў тройку пераможцаў. Першае месца сярод танцавальных калектываў заняла зборная каманда БДУ No frames. На другім месцы апынуўся калектыў БДУ Concept. А зборная юрфака Shel.by забрала трэцяе месца.

У гледачоў была магчымасць выбраць сваіх фаварытаў з дапамогай анлайн- галасавання адразу на мерапрыемстве. Прыз сімпатый гледачоў заваяваў танцавальны калектыў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта BNTU crew.

У намінацыі «Найлепшы дуэт» першае месца атрымалі другакурснікі гістарычнага факультэта Марыя Богдан і Эрдэмсайхан Уўганбаяр з ФМА YOUR MAJESTY. Другое месца заваяваў дуэт Дыяны Усаравай (ФМА) і Канстанціна Філіповіча (ФПМІ) з назвай We fell in love in October. Ім аддалі свае галасы і гледачы. На трэцім месцы – дуэт CALL ME студэнтаў хімічнага факультэта Кацярыны Кулеш і Цімура Саханкова.

Тройку найлепшых сольных выканаўцаў узначаліў першакурснік юрыдычнага факультэта БДУ Іван Осіпаў. Юнак скарыў сэрцы прысутных яшчэ на выступленні ў складзе каманды Concept і стаў уладальнікам прыза сімпатый гледачоў і намінацыі «Самы энергічны сольны танцор ». Другое месца заваяваў навучэнец Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Уладзімір Коўган. «Бронзу » конкурсу ўручылі Эрдэмсайхану Уўганбаяру.

Каманды-пераможцы No frames і Concept трэніраваліся пад кіраўніцтвам студэнткі 2 курса біялагічнага факультэта Аляксандры Васілеўскай. У пачатку лета яе прызначылі куратарам танцавальнага напрамку ва ўпраўленні па справах культуры. Сама дзяўчына – былая гімнастка, заўсёды любіла танцаваць і змагла рэалізаваць сваё захапленне ва ўніверсітэце.

Для таго, каб набраць каманду, харэографы запрасілі ўдзельнікаў на кастынг. Іх папрасілі загадзя падрыхтаваць невялікія паказальныя выступленні, каб паглядзець на ўзровень і здольнасці.

– Мы не глядзелі на пастаноўку танца, як чыста ён выкананы. Гэта важна, але ў той момант мы проста хацелі ўбачыць, з чым нам давядзецца працаваць. Прыемна разумець, што мы сабралі хлопцаў і дзяўчат амаль з усіх факультэтаў. У нас ёсць студэнты з хімфака, фізфака, біяфака, ФМА, эканамічнага факультэта, журфака, мехмата, ФПМІ і іншых, – адзначае харэограф.

Каманда No frames падрыхтоўку пачала прыкладна з сярэдзіны жніўня. Разам з Аляксандрай студэнты рыхтаваліся да ўдзелу на «Віват, студэнт!». Было няпроста, бо большасць удзельнікаў каманды не з Мінска. Некаторым даводзілася штодзень ездзіць з іншых гарадоў для рэпетыцый або прыязджаць за некалькі гадзін да рэпетыцыі. Танец атрымаўся дынамічным, яркім. Для свайго выступлення студэнты спалучылі розныя стылі, эксперыментальную харэаграфію, хіп-хоп.

– Мы з маёй калегай Ксеніяй Суханосавай займаліся распрацоўкай танца ў любых умовах. У тым ліку перад люстэркам. Гэта ўсё адгаворкі, што для рэпетыцыі заўсёды патрэбная зала. Калі вялікая каманда, трэба ставіць малюнак танца, рэпеціраваць – вядома, зручна, але ўвесь матэрыял усё роўна даводзілася адпрацоўваць дома самастойна, – успамінае Аляксандра. – Удзельнікі абодвух калектываў за гэты час развіліся як танцоры. Вельмі прыемна назіраць за вынікамі.

Выступіўшы на «Віват, студэнт!», каманда атрымала шмат станоўчых водгукаў. Таксама No frames паказалі свой нумар на гала-канцэрце фестывалю першакурснікаў YFM.

Каманда Concept, у адрозненне ад сваіх калегаў, зусім маладая. Яна сабралася ў пачатку лістапада. Танцуюць у камандзе ў асноўным першакурснікі. Па словах куратара, рэпетыцый было многа, асабліва перад адборачным і фінальным этапамі. Шмат часу пайшло на тое, каб не проста вывучыць рухі, а навучыцца працаваць на гледача, выклікаць у яго эмоцыі, уражваць, а часам нават палохаць.

Наперадзе ў танцавальных калектываў мноства планаў. Яны хочуць і далей развівацца ў сваім кірунку, трэніравацца і нават выязджаць на конкурсы і прадстаўляць універсітэт за межамі БДУ.

Акрамя пераможцаў фестывалю, некаторыя ўдзельнікі так здзівілі журы, што для іх вылучылі спецыяльныя намінацыі. Так, «Самы драйвовы нумар» у калектыву сучаснага танца OXYGEN БДАТУ. Гэтыя танцоры не першы раз скараюць сцэну БДУ. Летась госці з аграрнага ўніверсітэта забралі бронзу фестывалю і гран-пры сімпатый гледачоў.

Спецыяльны дыплом за «Самы артыстычны дуэт» заваявалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі Маргарыта Валюшка і Рэната Трацэўская. А «Найлепшую імправізацыю » падчас батла паказала першакурсніца юрыдычнага факультэта Аліна Мішчук.

 Арганізатары абяцаюць, што ў наступным годзе BSU Dance Festival пройдзе яшчэ больш маштабна!

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: