80-годдзе Вялікай Перамогі адзначылі ў БДУ

22 мая, 2025.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя Перамогі. Выкладчыкі, студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта сабраліся, каб успомніць подзвіг герояў і падкрэсліць важнасць захавання гістарычнай памяці ў сценах галоўнай ВНУ краіны.

На ўрачыстым мерапрыемстве гучалі словы падзякі ўсім тым, хто ўнёс свой уклад у агульную Перамогу. Таксама традыцыйна калектыў БДУ шанаваў памяць тых, хто загінуў на вайне, хвілінай маўчання ля Стэлы памяці. Рэктар БДУ Андрэй Кароль падкрэсліў выключную значнасць доўгачаканай Перамогі для Беларусі і яе народа.

—  Згодна з планам нямецкага камандавання, у Беларусі павінна была застацца толькі чвэрць насельніцтва. Мы вытрымалі дзякуючы неймаверным высілкам, але, на жаль, страцілі кожнага трэцяга нашага жыхара. У БДУ ў першыя дні вайны кожны трэці выкладчык і студэнт сышоў на фронт абараняць сваю краіну, – падзяліўся пэўнай факталогіяй кіраўнік БДУ. У працяг думкі ён адзначыў, што гэта барацьба не заканчваецца сёння:

—  Ужо пачынаючы з Фултанскай прамовы Чэрчыля ў 1946 годзе, ідзе барацьба за іншасць, самабытнасць кожнага народа, магчымасць выказваць сваю пазіцыю, а не распаўсюджваць адзіную мову, адзіныя каштоўнасці, адзіную валюту, адзіную ідэалогію і адзіную праўду на ўсе без выключэння краіны. Сёння засілле задавальнення, «аднолькавага» значна страшнейшае, чым нават фізічны гвалт.

Са слоў Андрэя Караля, менавіта таму Дзень Перамогі – сакральная падзея:

—  Важна заўсёды памятаць і паважаць Дзень Перамогі, паколькі гэтае свята ёсць не ва ўсіх краінах. На жаль, гэты факт сёння многія не могуць прызнаць, а парой і прабачыць. Таму ў гэтай падзеі закладзены не толькі гістарычны сэнс, – падкрэсліў рэктар. – Дзень Перамогі шмат у чым стаў своеасаблівым індыкатарам маральнага аблічча сучаснага грамадства, вызначае яго светапогляд і ўнутраныя якасці. Ад стаўлення да гістарычнай памяці, інтэрпрэтацыі тых падзей залежыць наша мінулае, рэчаіснасць і будучыня.

Таксама кіраўнік БДУ адзначыў, што сёння наша ментальнае супрацьстаянне скажэнню гісторыі знаходзіцца ў актыўнай фазе. На фоне перапісвання нядобразычліўцамі мінулага ў нашай краіне абнаўляюцца лічбы па колькасці ахвяр і разбурэнняў.

—  Зараз ужо становіцца відавочна, што маладому пакаленню важна абараніць права называцца спадчыннікамі Перамогі, захаваць яго і перадаць будучым пакаленням адваяванае нашымі продкамі «званне Пераможцаў». Зрабіць гэта ва ўмовах штогадовага сыходу сведак тых падзей становіцца ўсё складаней. Бо разам з імі сыходзяць «жывая» памяць і напоўненыя сэнсамі размовы і сустрэчы.

Андрэй Кароль выказаў словы ўдзячнасці ветэранам ВАВ:

—  Іх подзвіг, гераічнасць – гэта прыклад сапраўднага характару і волі, пацвярджэнне, што Перамога заўсёды на баку праўды.

Кіраўнік БДУ асабіста звярнуўся да аднаго з іх, дацэнта Фёдара Фешчанкі, які працаваў у БДУ з 1963 па 2002 год. У яго асобе кіраўнік ВНУ пажадаў усім ветэранам моцнага здароўя, настрою, бадзёрасці духу, актыўнасці і непарыўнасці сувязі пакаленняў.

У сваю чаргу Фёдар Фешчанка ў юбілейны для сябе і ўсёй краіны год асабліва цёпла распавёў пра Дзень Перамогі, падзяліўся першымі пачуццямі ад доўгачаканай падзеі:

— У 1945 годзе салдаты і мірныя грамадзяне яшчэ не ўсвядомілі той цуд, які адбыўся – Перамогу. І толькі праз дзесяцігоддзі яна стала важным святам у жыцці кожнага савецкага чалавека, – адзначыў Фёдар Фешчанка. — Я шчыра ўдзячны, што праз 80 гадоў трэцяе пакаленне спадчыннікаў Вялікай Перамогі, мае ўнукі і праўнукі, паважаюць памяць пра тых людзей, хто аддаў жыццё за спакой і мірнае неба. 

Сваё запрашэнне на святкаванне памятнага дня ветэран назваў вельмі дарагім падарункам, які сімвалізуе пераемнасць і адзінства.

— Духоўная сіла беларускага народа ў Вялікай Перамозе, якую мы, ветэраны, перадалі ў надзейныя рукі, – са шчырасцю прамовіў Фёдар Фешчанка. Таксама ён пажадаў калектыву БДУ (асабліва студэнтам) ва ўсім прытрымлівацца чалавечых адносін, жыць паводле маральных прынцыпаў і захоўваць мір у роднай Беларусі.

Кульмінацыяй падзеі стала харэаграфічная пастаноўка. Пад мелодыю «Майскі вальс» сімвалічная колькасць студэнцкіх дуэтаў з усіх факультэтаў і інстытутаў БДУ – 80 – закружылася ў танцы.

У БДУ рэалізаваўся цыкл мерапрыемстваў да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў ВАВ. Гэта больш за 150 акцый і ініцыятыў: лекцыі, семінары, куратарскія і інфармацыйныя гадзіны, кніжныя выставы, а таксама экскурсійныя праграмы па маршрутах, найбольш памятных для беларускага народа.

У прыватнасці, каля 200 студэнтаў Беларусі і Расіі аб’яднаў двухдзённы Міжнародны моладзевы форум «Святло Вялікай Перамогі». Яго мэта – захаванне памяці пра гераічныя подзвігі нашых продкаў, перадача моладзі галоўных сэнсаў і каштоўнасцяў Перамогі, выказванне падзякі героям ВАВ.

Таксама ў БДУ завяршыўся праект «80 размоў пра вайну», які складаўся з трох тэматычных блокаў: «Размовы пра важнае», «Па слядах вайны», «Дыялог пакаленняў». Фармат сустрэч уяўляў сабой адкрыты дыялог паміж выкладчыкамі і студэнтамі, які дазволіў асвятліць значныя падзеі ваеннага перыяду. Студэнты змаглі задаць пытанні і пагутарыць з навукоўцамі ВНУ. Акрамя таго, на працягу двух месяцаў студэнты сустракаліся з супрацоўнікамі БДУ-ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

У БДУ праходзіў таксама цыкл мерапрыемстваў «Патрыятызм праз мастацтва», накіраваны на дэманстрацыю фундаментальнага асэнсавання вобраза вайны ў творах пісьменнікаў, скульптараў і кінематаграфістаў. Гэта былі лекцыі і адкрытыя дыялогі пра адлюстраванне падзей ВАВ у савецкай паэзіі і прозе, літаратурна-музычныя рэквіемы, наведванне аб’ектаў манументальнага мастацтва, сустрэчы з вядомымі рэжысёрамі і інш. Асветніцкі праект дазволіў паказаць моладзі ўнутраны бок вялікай трагедыі: пачуццё горычы, боль страты, радасць перамогі – праз творчую спадчыну культурных дзеячаў нашай краіны.

Акрамя ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў, супрацоўнікі і студэнты БДУ прынялі ўдзел у гарадскіх і рэспубліканскіх акцыях, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: