Дынастыю складаюць доктар юрыдычных навук, прафесар, кандыдаты юрыдычных навук, дацэнты, аўтары навуко- вых прац, члены аўтарскіх калектываў. Педагагічны стаж дынастыі ў БДУ – 114 гадоў.
Чыгір Васіль Фёдаравіч – доктар юрыдычных навук, прафесар, дэкан юрыдычнага факультэта (1973–1983 гг.). Педагагічны стаж у БДУ – 68 гадоў.
Нарадзіўся 8 верасня 1924 г. у в. Лешня Капыльскага раёна Мінскай вобласці.
У 1949 г. скончыў Мінскі юрыдычны інстытут, у 1952 г. – аспірантуру. З 1950 г. працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам Мінскага юрыдычнага інстытута. У 1954–1956 гг. – старшы выкладчык юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1954 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1970 г. – доктарскую. У 1971 г. Васілю Фёдаравічу было прысвоена навуковае званне доктара юрыдычных навук. У гэтым жа годзе за вялікія поспехі ў развіцці навукі, у падрыхтоўцы і выхаванні спецыялістаў для народнай гаспадаркі было прысвоена ганаровае званне заслужанага юрыста БССР. У 1973 г. было прысвоена навуковае званне прафесара.
З 1973 г. па 1983 г. з’яўляўся дэканам юрыдычнага факультэта БДУ.
З 1972 г. па 1993 г. узначальваў кафедру грамадзянскага права, падрыхтаваў больш за 20 кандыдатаў і аднаго доктара навук. В. Ф. Чыгір – стваральнік навуковай школы па жыллёвым праве, па гэтым галіновым напрамку падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук.
Аўтар больш чым 550 публікацый, з якіх 20 – кнігі. Васіль Фёдаравіч браў удзел у падрыхтоўцы падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў вышэйшых юрыдычных навуковых устаноў па грамадзянскім праве, сямейным і жыллёвым праве. Аднаасобная манаграфія «Савецкае жыллёвае права» ў трох частках выйшла ў 1960, 1962, 1964 гг., у 1968 г. быў выдадзена аднайменны навучальны дапаможнік, а ў 1986 г. выйшла 2-е выданне.
Васіль Фёдаравіч – кіраўнік аўтарскага калектыву, аўтар шэрагу частак і галоўны рэдактар навучальнага дапаможніка «Грамадзянскае права» ў трох тамах (1975, 1977, 1978), навучальнага дапаможніка «Савецкае сямейнае права» 1989 г., падручніка «Грамадзянскае права» ў дзвюх частках (2000, 2002), падручніка «Грамадзянскае права» ў трох тамах (2008, 2010, 2011).
Пад кіраўніцтвам В. Ф. Чыгіра былі падрыхтаваны навукова-практычныя каментарыі да Грамадзянскага кодэкса Беларускай ССР 1972 г. і 1991 г., каментарый да Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дзвюх кнігах 1999 г., каментарый да Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (паартыкульны) у трох тамах 2003 г., каментарый да Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь з дадаткам актаў заканадаўства і судовай практыкі (паартыкульны) у трох кнігах 2005, 2006 гг.
Васіль Фёдаравіч прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці дзяржаўных органаў. Уваходзіў у працоўную групу па падрыхтоўцы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., праекта Грамадзянскага кодэкса БССР 1964 г., Жыллёвага кодэкса БССР 1983 г., Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1998 г., а таксама трох частак Мадэльнага грамадзянскага кодэкса для краін СНД. З’яўляўся членам навукова-кансультатыўных саветаў пры Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь і Вышэйшым Гаспадарчым Судзе Рэспублікі Беларусь.
У 1994–1998 гг. – старшыня экспертнага савета па юрыдычных навуках ВАК Рэспублікі Беларусь. Узначальваў савет па абароне доктарскіх дысертацый па юрыдычных навуках пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Навуковая і грамадская дзейнасць В.Ф. Чыгіра ніколі не абмяжоўвалася межамі нашай краіны. Быў добра вядомы як бачны навуковец не толькі ў СССР, але і ў іншых дзяржавах, прычым у краінах як блізкага і далёкага замежжа, чытаў лекцыі ў шэрагу замежных універсітэтаў. Выступаў апанентам для значнай колькасці доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый на постсавецкай прасторы ў Маскоўскім і Ленінградскім універсітэтах, Харкаўскім юрыдычным інстытуце і інш.
За высокія заслугі Васіль Фёдаравіч быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны I і II ступені, Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ганаровымі граматамі БДУ ў 1974, 1975, 1981, 2003, 2005 гг.
У 2006 г. яму была прысуджана вышэйшая юрыдычная прэмія «Феміда» ў намінацыі «Юрыдычныя навукі», у гэтым жа годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
У 2010 г. Васілю Фёдаравічу было прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка БДУ.
Працоўную дзейнасць В. Ф. Чыгір завяршыў у 2018 г.
Васіль Фёдаравіч адзначыў свой 100-гадовы юбілей з сям’ёй, а 17 снежня 2024 г. ён сышоў з жыцця.
Папова Ірына Васільеўна – кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Педагагічны стаж у БДУ – 25 гадоў (дачка Чыгіра В. Ф.).
Нарадзілася 4 снежня 1953 г. у г. Мінску. У 1976 г. скончыла факультэт прыкладной матэматыкі БДУ па спецыяльнасці «матэматык». Пасля заканчэння ўніверсітэта пачала працу ў Навукова-даследчым інстытуце электронных вылічальных машын. Распрацоўвала праграмы, якія ўваходзяць у аперацыйныя сістэмы камп’ютараў, што вырабляліся ў Рэспубліцы Беларусь.
У 1994 г. Ірына Васільеўна заняла пасаду дзяржаўнага службоўца Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўствы (у наш час – Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь), у якім прапрацавала да 2009 г. Мае трэці клас дзяржаўнага службоўца.
У 1999 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па юрыспрудэнцыі на тэму «Праграма ЭВМ у сістэме аб’ектаў аўтарскага права». З гэтага года пачала выкладчыцкую дзейнасці на кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ ў якасці знешняга сумяшчальніка, а з 2009 г. перайшла ў штат дадзенай кафедры. У 2012 г. Ірыне Васільеўне было прысвоена навуковае званне дацэнта.
У наш час выкладае дысцыпліну «Грамадзянскае права, частка другая» на юрыдычным факультэце.
З’яўлялася членам Навукова-кансультатыўнага савета пры Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.
Аўтар больш чым 30 навуковых публікацый, у тым ліку шэрагу частак у навучальных выданнях «Грамадзянскае права», «Асновы права», каментарыяў да Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Свадкоўская Алена Аляксандраўна – кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Педагагічны стаж у БДУ – 21 год (унучка Чыгіра В. Ф.).
Нарадзілася 1 ліпеня 1980 г. у г. Мінску. У 2002 г. скончыла юрыдычны факультэт БДУ. У гэтым жа годзе Алена Аляксандраўна стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала малодшым навуковым супрацоўнікам, навуковым супрацоўнікам аддзела працоўнага і грамадзянскага права Інстытута дзяржавы і права НАН Беларусі.
З 2003 г. Алена Аляксандраўна па сумяшчальніцтве працавала выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ. У 2004 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю.
З 2005 г. загадвала сектарам грамадзянскага права Інстытута дзяржавы і права НАН Беларусі. У 2007 г. Алене Аляксандраўне было прысвоена навуковае званне дацэнта.
У 2009–2015 гг. займала пасаду галоўнага спецыяліста Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
У 2015 г. пачала працу ў Сакратарыяце Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у якасці саветніка-кансультанта экспертна-прававога ўпраўлення, потым працягнула на пасадзе галоўнага саветніка ўпраўлення рэгіянальнай палітыкі і мясцовага самакіравання.
З 2018 па 2021 г. – вучоны сакратар экспертнага савета па юрыдычных навуках ВАК Рэспублікі Беларусь, у 2023–2024 гг. – вучоны сакратар савета па абароне дысертацый пры БДУ.
З 2022 г. з’яўляецца загадчыкам кафедры права інтэлектуальнай уласнасці юрыдычнага факультэта БДУ.
У наш час чытае курсы лекцый па навучальных дысцыплінах «Права інтэлектуальнай уласнасці», «Лічбавыя правы ў грамадзянскім звароце», «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы», «International Protection of Intellectual Property Rights», «Copyright in Digital Sphere», «Industrial Property Law: Patents and Trademarks» на юрыдычным факультэце, а таксама «Асновы кіравання інтэлектуальнай уласнасцю» на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, механіка-матэматычным факультэце.
Аўтар больш чым 110 навуковых прац, сярод якіх аднаасобныя манаграфія, метадычныя рэкамендацыі, часткі ў падручніках, навучальных дапаможніках, практыкуме, шэрагу каментарыяў да Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У 2023 г. А. А. Свадкоўская ўзнагароджана граматай Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці за высокі прафесіяналізм і вялікі асабісты ўнёсак у папулярызацыю інтэлектуальнай уласнасці.
Дынастыя зрабіла вялікі ўклад у развіццё юрыспрудэнцыі Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі дынастыі ўслаўляюць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт як высокакваліфікаваныя спецыялісты.
Дзмітрый СЦЯПАНАЎ,
дырэктар музея гісторыі БДУ