Дынастыя Пятровіча, Улазавай, Максімавай: 120 гадоў з БДУ

22 мая, 2025.

Дынастыю складаюць кандыдат і доктар біялагічных навук, кандыдат хімічных навук, аўтары навуковых распрацовак, навучальнаметадычных публікацый. Педагагічны стаж дынастыі Пятровіч, Улазава, Максімава ў БДУ – 120 гадоў.

Пятровіч Павел Рыгоравіч – кандыдат біялагічных навук, дацэнт, дэкан біялагічнага факультэта БДУ ў 1953 – 1972 (бацька Максімавай Н. П.). Педагагічны стаж у БДУ – 38 гадоў.

Нарадзіўся 24 лістапада 1909 г. у вёсцы Лучнікі Слуцкага раёна Мінскай губерні. У 1929 г. скончыў Слуцкае педагагічнае вучылішча. Працаваў у Коленскай пачатковай школе Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці настаўнікам, загадчыкам выхаваўчага аддзела. У 1933 – 1938 гг. навучаўся на біялагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля навучання быў накіраваны ў Гомельскі педінстытут, дзе займаў пасаду асістэнта, затым – старшага выкладчыка.

У 1939 годзе быў мабілізаваны. Браў удзел у савецка-фінскай вайне, быў цяжка паранены. Пасля лячэння вярнуўся ў Гомельскі педінстытут. Падчас Вялікай Айчыннай вайны кіраваў эвакуацыяй інстытута. Пасля гэтага быў накіраваны ў Маскву, дзе працаваў у Батанічным садзе Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы (зараз ВДНГ).

У 1943 – 1946 гг. займаў пасаду загадчыка аддзела педагагічных вучылішчаў Наркамасветы БССР. У 1946 годзе П. Р. Пятровіч вярнуўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе заняў пасаду старшага навуковага супрацоўніка кафедры біялогіі. У 1952 г. П. Р. Пятровічу было прысвоена званне кандыдата біялагічных навук, у 1955 г. – званне дацэнта.

З 1953 г. па 1971 г. займаў пасаду дэкана біялагічнага факультэта БДУ. У перыяд працы П. Р. Пятровіча на пасадзе дэкана на факультэт быў запрошаны для педагагічнай і навуковай працы шэраг вядомых спецыялістаў такіх, як акадэмік АН СССР Ракіцкі П. Ф., акадэмік АН БССР Турбін М. В., генетык, акадэмік АН БССР Вечар А. С. Былі адкрыты і сфарміраваны калектывы кафедраў мікрабіялогіі (1960), біяхіміі (1964), адбыўся падзел кафедры дарвінізму і генетыкі і фізіялогіі чалавека і жывёл на дзве незалежныя кафедры (1957), створаны навуковыя школы па новых сучасных напрамках біялогіі, якія паспяхова працуюць і ў наш час. П. Р. Пятровіч прыняў самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі даследчых прац і правядзенні гадавых практык студэнтаў на возеры Нарач.

У 1967 – 1974 гг. з’яўляўся загадчыкам кафедры заалогіі беспазваночных. У 1962 – 1982 гг. займаў пасаду старшыні Беларускага аддзялення Усесаюзнага гідрабіялагічнага грамадства Акадэміі навук СССР, з 1971 па 1987 год быў членам яго вучонага савета. Да 1984 г. з’яўляўся дацэнтам кафедры агульнай экалогіі біялагічнага факультэта БДУ. 

Займаўся вывучэннем пытанняў біялагічнай прадуктыўнасці зоапланктону азёр, рэк і вадасховішчаў. Кіраваў комплексным гідрабіялагічным даследаваннем водных аб’ектаў Беларусі. Аўтар больш чым 100 навуковых і метадычных прац. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 4 кандыдацкія дысертацыі.

Павел Рыгоравіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.», медаль «У памяць 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» і інш.

Улазава Ганна Раманаўна – кандыдат хімічных навук, дацэнт (жонка П. Р. Пятровіча). Педагагічны стаж у БДУ – 31 год.

Нарадзілася Ганна Раманаўна 15 сакавіка 1923 г. у г. Мазыр. Да жніўня 1940 г. навучалася ў сярэдняй школе Мазыра.

Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў партызанскім атрадзе імя Будзённага.

У 1945 г. паступіла ў БДУ на хімічны факультэт. У 1950 г. стала выпускніцай універсітэта. Пасля завяршэння вучобы ў 1950 – 1953 гг. працавала на кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ на пасадзе старшага лабаранта. У 1953 – 1956 гг. з’яўлялася лекцыйным асістэнтам кафедры, затым – асістэнтам.

У 1964 г. Г. Р. Улазава абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 1965 г. ёй была прысуджана навуковая ступень кандыдата хімічных навук, у 1969 г. – званне дацэнта.

У 1972 г. Ганна Раманаўна з’яўлялася слухачом факультэта павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў МДУ імя М. В. Ламаносава па спецыяльнасці «неарганічная хімія».

Ганна Раманаўна ажыццяўляла актыўную навуковую дзейнасць. Стала аўтарам дзевяці навучальных дапаможнікаў і сямі навуковых артыкулаў. Сярод найбольш вядомых «Зборнік пытанняў і практыкаванняў па неарганічнай хіміі» 1965 г. і 1967 г., «Практыкум па неарганічнай хіміі» 1969 г.

Ганна Раманаўна працягнула працу на кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ да 1981 г.

Г. Р. Улазава была ўзнагароджана медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» II ступені. У 1973 г. была ўзнагароджана ганаровай граматай рэктара за шматгадовую навукова-выкладчыцкую працу і ў сувязі з 50-годдзем з дня нараджэння.

Максімава Наталля Паўлаўна – доктар біялагічных навук, прафесар (дачка Пятровіча П. Р.). Педагагічны стаж у БДУ – 51 год.

Нарадзілася 16 лютага 1948 г. у г. Мінску. У 1966 – 1971 гг. навучалася на біялагічным факультэце БДУ. У 1971 г. паступіла ў аспірантуру біялагічнага факультэта на кафедру генетыкі і дарвінізму. У 1975 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю.

З 1974 г. па 1985 г. працавала ў праблемнай НДЛ эксперыментальнай біялогіі БДУ. У 1985 г. была прызначана загадчыцай сектара біяхімічнай генетыкі бактэрый гэтай жа лабараторыі, а з 1992 г. – загадчыцай НДЛ малекулярнай генетыкі бактэрый. У 1995 г., застаючыся кіраўніком гэтага навуковага падраздзялення, Н. П. Максімава становіцца загадчыцай кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ.

У 2005 г. абараніла доктарскую дысертацыю. У 2006 г. Н. П. Максімавай было прысвоена званне прафесара.

Пад яе кіраўніцтвам у Беларускім дзяржаўным універсітэце быў сфарміраваны новы навуковы напрамак, звязаны з расшыфроўкай біяхімічных і генетычных асноў сінтэзу біялагічна актыўных злучэнняў араматычнай прыроды ў мікраарганізмаў (амінакіслот, пігментаў, стымулятараў росту раслін і інш.)., прыдатных для практычнага выкарыстання.

Упершыню ўсталяваны біясінтэтычныя папярэднікі флуарэсцыруючага пігменту піявердзіну, а таксама выяўлена яго высокая антыаксідантная і антымікробная актыўнасці. Распрацаваны новыя падыходы стварэння генетычнымі метадамі прадуцэнты феназінавых антыбіётыкаў, мікробных флуарэсцыруючых пігментаў, араматычных амінакіслот, флуарэсцыруючых пігментаў, стымулятараў росту раслін, а таксама шэрагу іншых карысных метабалітаў перспектыўных у біятэхналагічных адносінах. Створаны штамы-прадуцэнты дадзеных злучэнняў, прыдатныя для практычнага выкарыстання ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. У рамках інавацыйных праграм створаны экалагічна бяспечныя біяпестыцыдныя прэпараты, прыдатныя для практычнага выкарыстання. У наш час пад яе кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле распрацавана і створана сем біяпестыцыдных прэпаратаў для абароны раслін («Бактаген», «Аўрын», «Стымул», «Немацыд», «Гулівер», «Жыцень» і «ПафіБакт-фіта»), якія ўкаранёны ў вытворчасць Рэспублікі Беларусь і выпускаюцца на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь (ААТ «Бабруйскі завод біятэхналогій» і ТАА «Цэнтр інавацыйных тэхналогій»).

Апублікавана больш за 1 100 навуковых прац у нашай краіне і за яе межамі, уключаючы 11 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Н. П. Максімава была ўзнагароджана ў 2003 г. нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», у 2008 – 2009 гг. з’яўлялася стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду Рэспублікі Беларусь, у 2011 г. была адзначана Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 2012 г. была ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», у 2013 г. узнагароджана медалём Рэспублікі Беларусь «За працоўныя заслугі», у 2014 г. была прысуджана прэмія імя А. Н. Сеўчанкі за навучальна-метадычны комплекс «Асновы клетачных, малекулярных і генетычных механізмаў арганізацыі і развіцця жывых сістэм».

За шматгадовы ўклад у развіццё адукацыі і навукі прадстаўнікі дынастыі былі ўдастоены мноства ганаровых узнагарод. Даследаванні навукоўцаў з’яўляюцца актуальнымі і на дадзены момант.

Дар’я АРТАМОНАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: