Успаміны пра герояў. Мая Сянько: “Тата лічыў, што быў загавораны ад куль”

27 мая, 2020.

Газета “Універсітэт” запускае серыю матэрыялаў “Героі вайны ў нашых сем’ях”. Тут супрацоўнікі БДУ, чые родныя ваявалі на фронце, раскажуць, чаму важна памятаць пра вайну. Сёння гісторыяй таты падзялілася Мая Сянько, намеснік дырэктара па новых тэхналогіях фундаментальнай бібліятэкі. Яе бацька быў кулямётчыкам пяхоты. «Фактычна ў баявым войску ён прабыў паўгода, за гэты час быў тройчы паранены. Подзвіг майго бацькі выратаваў усю яго сям’ю».

Мая СЯНЬКО:

– Думаю, мой бацька Уладзімір Іванавіч Сянько паўтарыў шлях многіх 18­-гадовых юнакоў Заходняй Беларусі. Ён нарадзіўся 1 красавіка 1926 г. на хутары недалёка ад вёскі Задворцы Вілейскага павета (пасля вайны ён стаў Маладзечанскім). У армію пайшоў добраахвотнікам у 18 гадоў разам з усімі старэйшымі мужчынамі сям’і. Гэта здарылася ўлетку 1944 года, у дзень вызвалення роднай сялібы ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў. Такое рашэнне тлумачыцца шэрагам прычын. З аднаго боку, яны хацелі ваяваць у Чырвонай ­арміі. А з іншага боку, ён быў з сям’і раскулачаных, трэба было быць на галаву вышэй за астатніх, каб прыжыц­ца ў новым грамадстве.

Уладзімір Іванавіч Сянько

Як шмат каго з беларускіх юнакоў, яго адправілі ў пяхоту. Бацька хацеў быць кулямётчыкам, таму што яму падабалася вялікая зброя. Вядома, пазней ён зразумеў, што ў рэчаіснасці гэта было месца смяротніка. Служыў кулямётчыкам у 138 стралковым палку 48 стралковай дывізіі 3-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў. Ваяваў пад Кёнігсбергам і Берлінам. Фактычна ў баявым войску ён прабыў паўгода, за гэты час быў тройчы паранены.

Ён быў чалавекам надзвычай смелым і адважным. Лічыў, што быў загавораны ад куль. Распавядаў, што чуў, як яны свішчуць, і таму дакладна ведаў, куды яму трэба павярнуцца, каб ад іх ухіліцца. Першы баявы медаль «За адвагу» атрымаў у сакавіку 1945 г. А ўжо ў красавіку на подступах да Берліна ён у 19 гадоў быў ганараваны ордэнам Славы 3 ступені.

У. Сянько

У нашай сям’і мы мала гаварылі пра вайну. Мне запомнілася гісторыя яго знаходжання ў шпіталі. Яму толькі споўнілася 19 гадоў, ішлі цяжкія баі за Берлін. У той дзень было вельмі шмат параненых (верагодна, што ў іншыя дні таксама). Нікога не аперавалі, а толькі праводзілі ампутацыі. Але ён быў такі малады і прыгожы, што яго пашкадавалі і адзінага прааперавалі. Аднак усё адно ў яго засталася інваліднасць. Гэта было не дужа прыкметна, але для страявой службы ён быў ужо непрыгодны. Пасля дэмабілізацыі ў 1949 г. ён вярнуўся на радзіму, уладкаваўся каморнікам. Па яго словах, пасляваенныя гады таксама выдаліся няпростымі і не заўсёды мірнымі.

Подзвіг майго бацькі выратаваў усю сям’ю. Да раскулачаных было асаблівае стаўленне, яны былі абмежаваны ў шматлікіх правах. Але яго заслугі і ўзнагароды дазволілі яму і родным пражыць годнае жыццё.

У дзяцінстве пасля прагляду фільма «Беларускі вакзал» я пытала бацьку пра яго аднапалчан, чаму ён, як у кіно, ні з кім не сустракаўся 9 мая. Тады ён адказваў: «Якія могуць быць аднапалчане ў пяхоты?» Не аднойчы ён адзін заставаўся ў жывых з усяго ўзвода.

Мне здаецца, што на фронце ён застаўся назаўжды. У канцы сваіх дзён ён усё часцей успамінаў вайну, усё больш яму балелі раны. І не толькі душэўныя – яго пачалі трывожыць непраапераваныя аскепкі. Вайна стала галоўным у яго жыцці. Астатняе ўжо не мела той цаны, якую ён заплаціў на фронце. Не было і перамог, параўнальных з вызваленнем Радзімы.

Для мяне 9 Мая самае галоўнае свята, але і самае сумнае. Я ўспамінаю бацьку, сваякоў, якія ваявалі на вайне і якія не ваявалі, але пражылі яе па­чалавечы. Ганаруся іх подзвігам. Я доўгі час жыла побач з сапраўднымі героямі!

Дом, дзе нарадзіўся тата, У. Сянько

***

Што да бібліятэкі БДУ, то кожны год мы праводзім розныя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне Перамогі над нямецка­-фашысцкімі захопнікамі. Сёлета мы абмежаваліся выставачнай працай у чытальных залах і анлайн. У анлайн-­прэзентацыі «Памяць бацькаў і дзедаў» мы сабралі некаторыя матэрыялы і фатаграфіі сваякоў супрацоўнікаў бібліятэкі, якія ваявалі на фронце. У віртуальнай выставе «Кнігі ваенных гадоў» распавядаем пра не­вялікую частку асобнікаў, якія захоў­ваем, яны ствараліся ў неверагодных умовах і адразу ж сыходзілі на фронт, пра кнігі­-самаробкі, пра кнігі, якія выдаваліся ў блакадным Ленінградзе. Да 75-­годдзя Перамогі мы падрыхтавалі экскурсію ў рэжыме анлайн па фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ «Наша памяць без тэрміну даўнасці». Падчас экскурсіі ёсць магчымасць пазнаёміцца з кні­гамі, выдадзенымі ў перыяд з 1941 па 1945 гады, якія беражліва захоўваюцца ў фондзе ФБ (140 асобнікаў).

Збірала ўспаміны Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: