Дынастыю складаюць доктар палітычных навук, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесары, высокакваліфікаваныя педагогі, аўтары навуковых прац. Стаж дынастыі ў БДУ – 83 гады.
Малевіч Ігар Аляксандравіч – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар (бацька Малевіч Ю. І.). Стаж працы ў БДУ – 55 гадоў.
Ігар Аляксандравіч нарадзіўся 13 лістапада 1941 г. у г. Мінску. Пасля заканчэння вучобы ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце паступіў у аспірантуру фізічнага факультэта БДУ. У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «эксперыментальная фізіка». У 1982 г. абараніў доктарскую дысертацыю «Часавыя метады аналізу светлавых патокаў, ініцыяваных лазерным выпраменьваннем, і іх выкарыстанне для стварэння лазерных вымяральных сістэм субнанасекунднага разрознення». У 1984 г. І. А. Малевічу было прысвоена званне доктара фізіка-матэматычных навук, у 1987 г. – званне прафесара.
Працаваў загадчыкам навуковай лабараторыі НДІ ПФП БДУ (1972–1982), загадчыкам кафедры квантавай радыёфізікі і оптаэлектронікі факультэта радыёфізікі і электронікі БДУ (1982–1996), дырэктарам створанага ім навуковага лазернага цэнтра БДУ(1990–1996) і намеснікам дырэктара цэнтра аэракасмічных даследаванняў прыродных рэсурсаў Зямлі БДУ (1994–1996).
І. А. Малевіч таксама ажыццяўляў актыўную выкладчыцкую дзейнасць за мяжой: у 1978 г. – прафесар Гарвардскага ўніверсітэта (Цэнтр астрафізікі, ЗША) у 1977–1978 гг. і 1993 г. – доктар-даследчык Смітсаніянскага інстытута НАСА (Х’юстан – Бостан, ЗША), з 1996 г. па 1997 г. – саветнік па навуцы Пасольства Беларусі ў КНР (Пекін); у 1997–1998 гг. – канцэпт-даследчык НАСА (Остын, Х’юстан – Тэхас), з 1997 г. па 2000 г. – кіраўнік дыпламатычнай місіі Беларусі ў Рэспубліцы Карэя (Сеул) і інш.
У 1991–2002 гг. уваходзіў у склад навуковага савета «Статыстычная фізіка» прэзідыума АН СССР. Арганізатар і навуковы кіраўнік міжнароднага кангрэса «Статыстычная радыёфізіка» (1981, 1985, 1990, 1992 гг.).
Ігар Аляксандравіч стварыў высокакваліфікаваную навуковую школу лазернай статыстычнай хронаскапіі. Пад яго кіраўніцтвам навучаліся 32 кандыдаты навук, 5 дактароў навук, больш за 15 дактароў філасофіі замежных універсітэтаў.
Навуковымі калектывамі пад кіраўніцтвам І. А. Малевіча былі ажыццёўлены шэраг даследаванняў і распрацовак па мэтавых праграмах СССР і Рэспублікі Беларусь.
Ігар Аляксандравіч з’яўляецца аўтарам больш чым 100 вынаходстваў і патэнтаў, якія былі пакладзены ў аснову новых напрамкаў даследаванняў і распрацовак прыкладнога характару. Сярод іх метады лазернай лакацыі касмічных аб’ектаў і Месяца, спосабы выяўлення аб’ектаў штучнага паходжання ў атмасферы і акіяне, аптычны камп’ютар і аптычныя вылічальнікі, метады і сістэмы дыягностыкі навакольнага асяроддзя і інш. З’яўляецца аўтарам 13 манаграфій, звыш 300 навуковых публікацый.
За высокія дасягненні І. А. Малевіч быў адзначаны шэрагам узнагарод. У 1974 г. стаў лаўрэатам Прэміі ВЛКСМ па навуцы, у 1982 г. – Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі. У 1981 г. быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», у 1985 г. – медалём «Ветэран працы».
Малевіч Юліяна Ігараўна – доктар палітычных навук, прафесар (дачка Малевіча І. А.). Педагагічны стаж у БДУ – 28 гадоў.
Юліяна Ігараўна нарадзілася ў 1966 г. у Мінску. У 1988 г. стала выпускніцай гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага і ў тым жа годзе паступіла ў аспірантуру на кафедру навуковага камунізму ў БДУ. З 1990 г. пачала выкладчыцкую дзейнасць. У 1994 г. скончыла аспірантуру пры БДУ па спецыяльнасці «паліталогія».
У 1995 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю «Прынцыпы канцэпцыі правоў чалавека ў замежнапалітычных канцэпцыях ЗША (1970–80-я гг.)».
У 1997 г. пачала працу на кафедры міжнародных адносін ФМА ў якасці старшага выкладчыка. З 2000 па 2003 г. навучалася ў дактарантуры БДУ. У сакавіку 2005 г. абараніла доктарскую дысертацыю «Эвалюцыя канцэптуальных падыходаў да правоў чалавека ва ўмовах глабалізацыі» па спецыяльнасці «палітычныя праблемы міжнародных адносін і глабальнага развіцця».
У 2005 г. Ю. І. Малевіч было прысвоена званне доктара палітычных навук, у 2010 г. – званне прафесара.
У 2021 г. узначаліла кафедру міжнародных адносін аднайменнага факультэта.
Юліяна Ігараўна ажыццяўляе актыўную даследчую дзейнасць. З’яўляецца спецыялістам у галіне вывучэння асаблівасцяў палітычнага развіцця і замежнай палітыкі Кітая і краін Паўночна-усходняй Азіі, у аналізе іх месца і ролі ў сусветнай палітыцы. Таксама ў сферу інтарэсаў навукоўца ўваходзіць даследаванне праблемы правоў чалавека ў сучасных міжнародных адносінах.
Прафесар Малевіч Ю. І. праходзіла навучанне і стажыравалася ў шэрагу замежных універсітэтах у ЗША, КНР і інш. З’яўляецца прызнаным экспертам па праблемах унутранага і міжнароднага развіцця, часта выступае ў СМІ.
Юліяна Ігараўна вядзе актыўную дзейнасць у галіне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Пад яе кіраўніцтвам навучаюцца беларускія аспіранты і грамадзяне Кітая, якія падрыхтавалі і абаранілі больш за 10 кандыдацкіх дысертацый па трох спецыяльнасцях і дзвюх галінахнавуковых ведаў (паліталогія і гісторыя). На працягу 20 гадоў з’яўляецца членам савета па абароне дысертацый Д 02.01.18, а ў перыяд з 2015 па 2018 год яго старшынёй.
Мае больш за 150 навуковых публікацый у айчынных і замежных выданнях, у тым ліку манаграфіі «Правы чалавека ў сусветнай палітыцы (другая палова ХХ стагоддзя)» (2001), «Правы чалавека ў глабальным свеце» (2004), «Інавацыйныя стратэгіі глабалізацыі» (2015).
За высокія дасягненні Юліяне Ігараўне ў 2007 г. была прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як найлепшаму маладому навукоўцу. Заслужаны работнік БДУ, неаднаразова ўзнагароджвалася Граматамі Міністэрства адукацыі і БДУ, мае нагрудны знак «100 гадоў БДУ».
Працягвае дынастыю дачка Юліяны Ігараўны, унучка Ігара Аляксандравіча – Кацярына Ільінічна Малевіч, якая ў 2013 г. скончыла юрыдычны факультэт БДУ.
Дынастыя ўнесла вялікі ўклад у развіццё шэрагу галін навукі. Прадстаўнікі дынастыі ўслаўляюць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт як высокакваліфікаваныя спецыялісты.
Дар’я Артамонава