Дасягнуць сінергетычнага эфекту. У БДУ створаны Цэнтр карпаратыўных камунікацый

10 Jul, 2018.

Цэнтр карпаратыўных камунікацый створаны ў БДУ шляхам зліцця медыяцэнтра, тэлецэнтра і лабараторыі эксперыментальных аўдыявізуальных праграм. Начальнік ЦКК Таццяна ЗАЙКОЎСКАЯ расказала пра напрамкі працы новай структуры і пра сваё бачанне адзінай інфармацыйнай дзейнасці БДУ.

Таццяна Вікенцьеўна, якія задачы перад ЦКК паставіла кіраўніцтва ўніверсітэта?

– Галоўная наша задача – умацаванне пазітыўнага іміджу БДУ як вядучага адукацыйнага, навуковага і інавацыйнага цэнтра краіны. Для яе выканання неабходна адзіная інфармацыйна-камунікацыйная палітыка ўніверсітэта, у распрацоўцы якой, а таксама рэалізацыі і аналітыцы, мы ўдзельнічаем. У першую чаргу мы будзем садзейнічаць каардынаванню дзейнасці ўсіх падраздзяленняў БДУ па прадстаўленні ўніверсітэта ў сетцы Інтэрнэт (сайты, сацыяльныя сеткі і інш.).

Акрамя таго мы будзем займацца комплексным прасоўваннем адукацыйных паслуг БДУ на нацыянальны і міжнародны рынкі; развіццём сістэмы аператыўнага інфармавання ўніверсітэцкай супольнасці па розных напрамках; стварэннем відэакантэнту для падтрымкі сістэмы змяшанага навучання і дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій БДУ.

Т. В. Зайкоўская

У структуры ЦКК створаны аддзел маркетынгу. Ці мае патрэбу ў рэкламе наш універсітэт?

– Усебаковае комплекснае прасоўванне адукацыйных паслуг і прадуктаў БДУ – адна з найважнейшых задач. Эфектыўныя і ўнікальныя маркетынгавыя рашэнні важныя сёння нават для вядомых брэндаў, да ліку якіх належыць БДУ. Лічбавае асяроддзе сучаснага маркетынгу дазваляе шматгранна, цікава і ярка інфармаваць пра дасягненні і распрацоўкі, вядомых навукоўцаў і адораных студэнтах БДУ. Рэкламаваць адукацыйныя паслугі і прадукты ўніверсітэта трэба, выкарыстоўваючы сучасныя мультымедыйныя сродкі – разнастайны аўдыя- і відэакантэнт, графічныя элементы (выявы, фатаграфіі, інфаграфіка), інтэрактыўны кантэнт і нават фарматы віртуальнай і дапоўненай рэальнасці.

ЦКК створаны шляхам зліцця медыяцэнтра, тэлецэнтра і лабараторыі эксперыментальных аўдыявізуальных праграм

У ЦКК былі аб'яднаны некалькі аўтаномных структур. Як яны будуць узаемадзейнічаць?

– Упэўнена, што гэта дасць сінергетычны эфект для прасоўвання БДУ і павялічыць выніковасць дзейнасці падраздзяленняў за кошт інтэграцыі. Аддзел унутрыўніверсітэцкіх камунікацый займаецца мадэраваннем вызначаных сегментаў сайта БДУ, напаўненнем лічбавага фотаархіва, а таксама выпускам карпаратыўнай газеты. Напрыклад, газета "Універсітэт" функцыянуе не толькі ў традыцыйным варыянце, але і ў выглядзе паўнавартаснага сайта з мадыфікаванымі публікацыямі, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, мультымедыйныя матэрыялы газеты можна "ўбачыць" з дапамогай мабільнага прыкладання HP-Reveal.

А стварэнне відэаролікаў – гэта функцыі праекта "Студэнцкае тэлебачанне" і аддзела па вытворчасці відэакантэнту. Дадзены аддзел арганізаваны на базе тэлецэнтра БДУ для стварэння розных відаў відэакантэнту (адукацыйнага, іміджавага, прэзентацыйнага, рэкламнага і інш.), арганізацыі анлайн-трансляцый мерапрыемстваў БДУ на тэхналагічных плошчах цэнтра, арганізацыі відэаздымак значных падзей. Ва ўніверсітэце развіваюцца тэхналогіі электроннага, у тым ліку дыстанцыйнага, навучання – для візуалізацыі патрэбны адмысловы навучальны відэакантэнт.

Якія перспектывы ў студэнцкага тэлебачання БДУ, якое базіравалася на факультэце журналістыкі?

– Праект чакаюць якасныя змены – спадзяюся, што рэпартажы стануць больш разнастайнымі і па фармаце, і па напаўненні. Сёння нават вядомыя тэлекампаніі і СМІ выкарыстоўваюць найноўшыя метады вяшчання і рэсурсы інфармавання: стрым-журналістыку, прамыя трансляцыі, трансляцыі ў сацыяльных сетках, відэаблогерства. Чаму нашым крэатыўным і мабільным студэнтам не паспрабаваць сілы ў такіх фарматах?

– Як Вы бачыце прасоўванне брэнда БДУ ў нацыянальным і міжнародным маштабе

– Сваю першую і другую прафесійную адукацыю я атрымала ў БДУ. Мая дачка таксама пажадала вучыцца ва ўніверсітэце. Я лічу, што тут працуюць выдатныя людзі, многія з якіх не проста калегі, а сябры. У БДУ адмысловы калектыў і адмысловая атмасфера супрацоўніцтва і самарэалізацыі – гэта праўда. Таму я як кіраўнік Цэнтра карпаратыўных камунікацый буду імкнуцца, каб тут вучыліся найлепшыя студэнты з розных краін, каб пра навукоўцаў БДУ і распрацоўкі ўніверсітэта ведалі ў Беларусі і за мяжой. Прэзентаваць БДУ трэба ярка, мабільна, інавацыйна, таму што БДУ – найлепшы ўніверсітэт краіны, гэта наш нацыянальны брэнд і наш гонар.

Даведка.

Зайкоўская Таццяна Вікенцьеўна скончыла філалагічны факультэт БДУ (1989 г.), ІБМТ па спецыяльнасці "Інавацыйны менеджмент" (2012 г.). У БДУ працуе з 2009 года. На працягу шасці гадоў узначальвала аддзел маркетынгу Інстытута бізнесу.

З'яўляецца адным з распрацоўшчыкаў адукацыйных стандартаў Беларусі і тыпавых навучальных планаў спецыяльнасцяў перападрыхтоўкі "Рэкламны менеджмент" і "Інтэрнэт-маркетынг". Стажыравалася ў ВНУ Францыі і Польшчы.

Кантакты Цэнтра карпаратыўных камунікацый БДУ:

  • г. Мінск, вул. Кальварыйская, 9, к. 715
  • +375 17 259 74 09
  • media.bsu.by
Гутарыў Сяргей ШАФАЛОВІЧ
print

Вам таксама можа спадабацца: