Фёдар Фешчанка пра вайну: «З майго прызыву амаль нікога не засталося»

15 Feb, 2017, Праглядаў: 55.

Удзельнікі праекта «Сувязь пакаленняў» сустрэліся з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, выкладчыкам геаграфічнага факультэта БДУ з 1963 па 2002 гг., Фёдарам ФЕШЧАНКАМ, каб павіншаваць яго з 91- годзем і пагутарыць пра яго насычанае падзеямі жыцце.

Мы, студэнты філалагічнага факультэта Дыяна Фідарава, Станіслаў Чахееў і Таццяна Кірэенкава, заві­талі ў госці да Фёдара Сяргеевіча, які амаль сорак гадоў прапрацаваў на кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геафака БДУ. Ён чакаў нас на лесвічнай пляцоўцы. Бадзёры і жыццярадасны, якому  ну ніяк не дасі дзевяноста адзін год, з пышнымі сівымі вусамі  і га­рэзнымі вачыма, ён з радасцю прыняў віншаванні і запрасіў нас у сваю кватэру:
– Ну што ж, праходзьце! Будзем адзначаць!
Першым, што кінулася ў вочы ў кватэры, быў спартыўны інвентар, размешчаны пры дзвярах аднаго з пакояў: гіра, некалькі гантэль, турнік.
– Я ўвесь час трымаю сябе ў форме, – заўважыў імяніннік.
Пасля невялікай экскурсіі па кватэры, падчас якой Фёдар Сяргеевіч паказаў велізарныя марскія ракавіны на фартэпіяна і два альбомы з фатаграфіямі, падораныя да 90-годдзя, мы ўсе разам пачалі дапамагаць накрываць на стол і рыхтавацца да святочнага абеду.
– А вы ўсе вясковыя ці гарадскія? – пацікавіўся  Фёдар Сяргеевіч. Мы дружна адгукнуліся, што
з вёсак. – Значыць, сала любіце, добра!

7 красавіка 1944 года

Я падумаў, што лепш пайду на фронт
Так, за абедам, пачалося наша знаёмства. Хутка распавялі кожны пра сябе, а пасля наша ўвага пераключылася на гаспадара:
– Нарадзіўся я ў вялікай і працавітай сялянскай сям’і. Украінец. Мой бацька Фешчанка Сяргей Іванавіч – спадчынны селянін, парабак, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да 1923 г. служыў у Чырвонай Арміі. У гады калектывізацыі за нежаданне ўступаць у калгас быў рэпрэсаваны і разам з намі, з сям’ёй, сасланы на Урал, дзе мы жылі ў адмыслова адведзеных рэзервацыях для рэпрэсаваных за дзевяць кіламетраў ад горада Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобласці. Мне тады споўнілася 4 гады.
Бацькі працавалі на «Уралвагонзаводзе», які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў перапрафіляваны на вытворчасць танкаў.
З пачаткам вайны я пайшоў працаваць вучнем токара на авіяцыйны завод (які быў эвакуяваны з Ленінграда): на заклік мясцовых улад я, вучань 9 класа, змяніў школьную парту на завадскі станок, стаўшы на вахту працоўнага фронту. Маім настаўнікам быў вядомы ў той час стаханавец-ленінградзец Віктар Звераў. Працавалі па 24 гадзіны, даводзілася нават начаваць ля станка.
Было вельмі цяжка, і я падумаў, што лепш пайду на фронт. Мала­дыя працаўнікі, а падлеткі асаб­лі­ва, абмяркоўвалі франтавыя навіны, марылі пра франтавую рамантыку. Хацелася на фронт, але працаўнікоў ваенных прадпрыемстваў вызвалялі ад прызыву ў войска, ды і ўзрост у шмат каго з нас яшчэ не падыходзіў. Але я знайшоў шчыліну, каб абысці перашкоды: у верасні 1942 г. паступіў у горна-металургічны тэхнікум Ніжняга Тагіла. Адтуль ва ўзросце 17 з лішнім гадоў мяне заклікалі ў Чырвоную Армію. Быў студзень 1943. Увечар, калі прыйшла позва, я гуляў у хакей. Дарэчы, ніякіх кань­коў    у нас не было, а былі валёнкі, бо маразы – 30-35 градусаў. Клюшкі? Мы хадзілі ў лес, з бярозы выра­залі, стругалі. Дык вось гуляю я, і раптам мне крычаць: «Там табе позва прыйшла!» У ваенкамат прыбыў, узважылі, памералі рост, склалі асабістую справу і адправілі.  Бацька атрымаў па картцы мне    чакушку сланечнікавага алею і булку хлеба цаглінкай. Гэта была мая ежа ў дарогу. Выпраўлялі знаёмыя і аднакласнікі. Развітаўся, і з тых часоў не ведаю пра іх лёсы, таму што я больш туды не вярнуўся. Худзень­кі-худзенькі, я пайшоў на фронт. Затое, думаю, ворага біць буду. Са студзеня 1943 г. і па 30 ліпеня 1950 г. я служыў у войску.  Два з паловай гады на фронце ў вайну і пяць гадоў у мірны час я  быў сал­датам.

1947 год. З армейскім таварышам

Выпалі тыя гады, напэўна
– А сям’я, Вы ж з імі падтрымлівалі сувязь?
– Так, перапісваўся. Бацькі за мяне маліліся, вайна ж не разбірае, каго забірае. Мая сястра праца­вала на ваенным заводзе, у яе і ўзнагароды ёсць. Там строга было. Калі яна хацела ў адпачынак, адказвалі: «Пад трыбунал пойдзеш!». 14 гадоў ёй тады было.
Дзяцінства Фёдара Сяргеевіча было нялёгкім:
– А дзяцінства пасля раскулачвання я дрэнна памятаю, выпалі гэтыя гады ў мяне з памяці, мабыць, зусім ліха было. Памятаю, як ехалі, эшалоны, краты, ахова. Лю­дзі паміралі. Дзеці, якія ехалі, ха­дзілі па вакзале і прасілі міласціну. Я не прасіў, сорамна было. Ніколі не прасіў, наадварот, заўсёды аддаваў: сябрам-аднакурснікам, на фронце. Выпалі тыя гады, напэўна, страшна было ці хварэў. Не ведаю...
Бацька распавядаў, што на до­пы­тах, калі яго выводзілі з раўна­вагі, ён глядзеў ва ўпор на след­чага, і той адводзіў погляд ці сыходзіў. Але потым бацьку прыйшлося віну прызнаць. Другі раз бацька быў рэпрэсаваны ў 1937 г. Але ў 1939 г. быў вызвалены ў сувязі з недаказанасцю віны і цвёрдым яе непрызнаннем. Рэдка такое здаралася. У 1948 г. бацька атрымаў волю, узнагароджаны ме­далём «За доблесную працу ў Вялі­­кай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і вярнуўся на радзіму.
...Пахаваў я бацьку тут, у Мінску, на Кальварыйскіх могілках. Калі я ўжо тут працаваў, ён прыехаў падлячыцца. І праз тры тыдні памёр...

Нас забівалі, але мы  да ўсяго прывыкалі
Мы слухалі, літаральна адкрыўшы раты і пазабываўшы пра ўсё. Спачатку ён не хацеў казаць пра ваенныя гады, мы і не настойвалі:
– Цяжка растлумачыць, як гэта было – на фронце. Як такое ў жыцці можа адбывацца. Бывала такое, што чалавек сівеў амаль імгненна ў дваццаць два гады. Не ўсякі, вядома, людзі розныя па эмоцыях бываюць.

З армейскім таварышамі

Навабранцам, перш чым ваяваць, трэба першасную падрыхтоўку байца прайсці, якую я на працягу трох месяцаў праходзіў у вайсковай частцы № 325 3 стралковага батальёна 10 стралковай роты ў званні радавога чырвонаармейца  ў Молатаўскай (цяпер Пермскай) вобласці. Жылі ў зямлянках, нават у маразы ў лютым. Адгэтуль па наборы мяне накіравалі курсантам у 72 артылерыйскі дывізіён, які  базіраваўся ў знакамітых Чабар­кульскіх ваенных лагерах у Чалябінскай вобласці. Не скончыўшы навучання, у чэрвені 1943 г. батальён быў тэрмінова накіраваны на захад, бліжэй да фронту. На базе батальёна ў падмаскоўным гора­дзе Каломна быў сфарміраваны 1 Навучальны артылерыйскі полк. Тут я прайшоў навучанне па ваеннай спецыяльнасці «радыётэлефонны майстар», і ў чэрвені 1944 г. наш полк быў перадыслакаваны да беларускіх франтоў, дзе я ў складзе 3 Беларускага фронту     ўдзельнічаў у аперацыі «Баг­раціён».
Бывала, што юнак прыходзіць на перадавую пасля вучэбкі – гэта адразу ж была першая ахвяра. Так, нас забівалі, але мы да ўсяго прывыкалі. Кожны думаў, што яго не заб’е, але забівала. Усіх, хто нарадзіўся ў 1925 г., майго года прызыву, палічылі: 4 адсоткі зас­талося ў жывых, 96 загінула. Я ўваходжу ў гэтыя 4 адсоткі, захаваўся.
Наш камандзір узвода 22-гадовы Васілец быў увесь сівы. Двойчы выходзіў з акружэння. У палоне не быў, але ў акружэнне трапляў, у нападах быў штык у штык. І вось аднойчы пісарчук запрасіў мяне: «Ідзі туды вось, цябе запрашаюць на гутарку». Стаіць перад мной малады выпешчаны лейтэнант, шы­нель, пагоны новенькія, і кажа, каб я на старэйшага сяржанта Васіль­ца напісаў кампраметацыйны ліст. Лейтэнант быў з контрразведкі, са СМЕРШа. Я ведаў і адчуваў, што Васілец перажыў, і я падумаў: «Гэта я вось здам Васільца? Ну ўжо не. Ён наш! А вы…!». Але СМЕРШ успрымаў усё са сваіх пазіцый:   калі ты быў у акружэнні і застаўся жывы, значыць, ты здраднік. І ім патрэбныя былі падставы забраць. Вядома, з мяне патрабавалі, але я ўсё адно нічога не напісаў. А потым ізноў пісарчук выклікаў у зям­лянку да сябе і цікавіўся, чаму я нічога не пішу на Васільца. Мяне выратаваў фронт: я часта змяняў сваё месца знаходжання, і органы контрразведкі мяне страцілі. І потым, як служыў, да мяне ні разу не чапляліся, таму што ўбачылі, што я за ўсе гады ніводнага даносу не напісаў, ну і зразумелі, што з мяне няма чаго ўзяць.

Сябры сагітавалі паступіць у БДУ
Мы сядзелі ў гасцях ужо чатыры гадзіны, пілі гарбату, завараную на траве, якую Фёдар Сяргеевіч вырошчвае ў сябе на дачы. Там была і меліса, і мята, і святаяннік, і яшчэ шмат чаго. Напой атрымаўся незвычайна смачны і духмяны і ствараў казачны настрой.

У гады службы

– Пасля перамогі я працягваў службу на тэрыторыі Германіі ў складзе 3 ударнага войска савецкай групы. З прычыны складанага становішча наша дэмабілізацыя зацягнулася надоўга. Толькі ў чэрвені 1950 г., калі мне было амаль  25 гадоў, у званні старшага сяржанта я быў дэмабілізаваны.
Пасля маёй дэмабілізацыі сябры, якія сышлі на «грамадзянку» раней, сагітавалі прыехаць у Беларусь і паступіць ва ўніверсітэт. Я памятаю, як у ноч выйшаў з ва­лізкай у руках з цяплушкі на таварнай станцыі ў Мінску і накіраваўся  ў інтэрнат на вуліцу Маскоўскую, дзе жылі мае сябры. Так я і застаўся ў Мінску. А ўжо ў 1953 г. я скончыў геаграфічны факультэт БДУ, прычым яшчэ студэнтам 4 курса пачаў працаваць у Рэспубліканскім Палацы піянераў педагогам.
Далей Фёдар Сяргеевіч распавёў нам пра сваё жыццё на Кубе,  як у 1957–1958 гг. па лініі Міністэр­ст­ва вышэйшай адукацыі СССР працаваў там на пасадзе выкладчыка-кансультанта і кіраўніка групы адукацыі савецкіх спецыялістаў  Камагуэйскай правінцыі. Чытаў лекцыі для выкладчыкаў і студэнтаў Камагуэйскага ўніверсітэта і педагагічнага інстытута, займаўся арганізацыйнай працай па стварэнні ва ўніверсітэце кафедры эканамічнай геаграфіі, кіраваў аспірантамі. Іспанскай ён не ведаў, таму прыйшлося працаваць і вучыць мову   адначасова. Хадзіў па 4 разы на тыдзень вывучаць іспанскую мову пасля працы. Выкладчык, маладая кубінка, валодала толькі іспанскай, таму пускала ў ход малюнкі, фота, паказвала «на пальцах» выразы і паняцці. Вельмі цікавы і дзейсны спосаб вывучэння мовы, па словах Фёдара Сяргеевіча.
Мы троху пагаварылі пра жыццё, пра яго працу ў БДУ, пра надзённыя праблемы і пра эканоміку. Шчыра прызнацца, нас уразілі яго сучасныя погляды ў гэтай галіне. Ён літаральна прачытаў нам лекцыю па эканамічнай геаграфіі, бо быў выкладчыкам гэтага прадмета. Але, як кажуць, былых выкладчыкаў не бывае.

Падчас заняткаў геалагічнага гуртка

Распісвайцеся, бо нікуды не паедзеш

А Фёдар Сяргеевіч працягваў, распавядаючы нам кранальную гісторыю свайго кахання:

- А хто каханая была? – усміхнуўся ветэран. –  Удзельніца майго гуртка, якім я кіраваў у тыя гады. Яна маладзейшая была на 14 гадоў.

- Гэта вам колькі было?

- Мне 32 гады было, а ёй – 18. Мы пажаніліся і пражылі з ёй доўга – 58 гадоў. Вось такія справы. Яе брат паступіў на аддзяленне геалогіі ў БДУ, а я ў той час яго скончыў. Але мы сустрэліся.

- Яна Вам адразу спадабалася?

- Не, я на яе глядзеў, як на ўсіх. А потым яна ўсё часцей і ў паходы хадзіла, і ў секцыі працавала. Убачыў, што яна чалавек вельмі пунктуальны, рознабаковы. І я пачаў заляцацца да яе, але вельмі асцярожна. Яна ж мяне звала па імені і імені па бацьку, так і ўсё жыццё.

Зоя скончыла фізічны факультэт з адзнакай, працавала ў Акадэміі навук. Сама родам з Расіі. У гады вайны яе бацька тут, у Беларус, і ваяваў, партызаніў. Потым быў камендантам будынка ЦК Кампартыі Беларусі.

- А бацькі яе супраць не былі? Розніца ва ўзросце такая вялікая.

- Мы збіраліся з удзельнікамі гуртка ехаць у паход на Каўказ. І мне захацелася ўзяць з сабой каханую. І калі яна пайшла сказаць бацькам, яны спыталі, маўляў, як жа ты пойдзеш, бо ты ўжо ў гурток не ходзіш? А яна і сказала, што Фёдар Сяргеевіч запрашае. Вось яны і здагадаліся пра нашы адносіны. Ну і мама ёй кажа: "Нікуды ты не паедзеш". А Зоя ўсё адно на сваім настойвала. Маці ў адказ: "Тады так: распісвайцеся". Яна ж не ведала, колькі мне гадоў, і што я старэйшы за звычайнага студэнта на 8 гадоў. Але яе брат ведаў, бачыў, што я спартыўны, штангай займаюся, вядомы чалавек у БДУ. Яны параіліся, і маці сказала: "Раз так, значыць так". І мы пайшлі ў ЗАГС і распісаліся.

З сям'ёй на Мінскім моры

«Фешчанка хеттрык зрабіў»
Нам, маладому пакаленню, усё было дужа цікава, а Фёдар Сяргеевіч працягваў:
– Я заўсёды займаўся спортам. Спорт мяне можна сказаць выратаваў. У Германіі, калі я служыў, адпускных увогуле не давалі, бо паўстае пытанне: «А куды ты пой­дзеш? Да сваякоў? Да немцаў?» Таму і не давалі. Хтосьці таемна сыходзіў у самаволку. Многія па­падаліся, іх саджалі на гаўпвахту ­ на 10 сутак. Некаторыя, бывала, і страляліся, і вешаліся. А я што рабіў? Ішоў у Дом афіцэраў, займаў­ся рэгулярна са штангай, удзель­нічаў у спаборніцтвах на першынство брыгады, потым дывізіі, войска. Улетку я гуляў у футбол, на­прыклад, на першынстве 3 ударнага войска. І пстрыкаў галы. Памятаю, нават у газеце напісалі: «Фешчанка хеттрык зрабіў». Вось як мяне ратавала маё захапленне спортам. І калі я дэмабілізаваўся,   у БДУ я прыехаў з Германіі са спартыўнай формай. Трошкі павучыўся, і пачалося першынство ВНУ. Я   пайшоў на трэніроўку ўніверсітэцкай каманды і вельмі добра згуляў. Мяне адразу ўзялі ў напад, хай я і казаў, што быў паўабаронцам. І з тых часоў я спортам і займаюся. Вы бачыце, у мяне ёсць турнік, ёсць штанга. Я ўвесь час трымаю сябе ў форме.

З футбольнай камандай падчас службы ў Германіі. 14 мая 1950 года

Гадзіны адбілі палову дзясятай, калі мы ўсё ж вырашылі разысціся. Сыходзіць не хацелася, бо за гэты час мы літаральна зрадніліся. І ўспаміны пра гэты дзень і пра гэ­тага чалавека яшчэ доўга будуць грэць нашы сэрцы.

Дыяна ФІДАРАВА
Фота з асабістага архіва
Ф. С. Фешчанкі

 

Прадстаўленне доктарскай дысертацыі на кафедры. 1976 год

Сустрэча з ветэранамі. 2003 год

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *