Палёт з вышыні 2800 метраў. Ахоўнік журфака скача з парашутам як бравы дэсантнік (+відэа)

23 Jun, 2017.

 

“Спяваю, танчу і скачу” – так ёмка характаразуе сваю пазаўрочную дзейнасць Уладзімір АГІЕВІЧ, супрацоўнік службы аховы БДУ, які сочыць за парадкам пры ўваходзе у Інстытут журналістыкі. Уладзімір Іванавіч, як кажуць, выпрабаваны жыццём, але шукае новыя выклікі і дасць “фору” многім маладым. Ён адслужыў у дэсантным спецназе, адзін выгадаваў двух дачок, а зараз займаецца твочай самадзейнасцю і лятае пад нябёсамі. На сваё 65-годдзе ён здзейсніў 50 скачок з парашутам і не збіраецца на гэтым спыняцца.

Так, ідучы за паскораным рытмам жыцця, грамадства не паспявае заўважаць прыгожае ў навакольным. Спыніцеся і зірніце, як чароўна расцякаецца па нябесных зводах захад сонца. Задумайцеся, колькі стагоддзяў і яго падзей увабраў камень, які лішні раз, знаходзячыся ў спешцы, мы можам штурхнуць нагой. А якія прыхаваныя гісторыі стаяць за незнаёмцамі, што праходзяць міма нас кожны дзень?

Уладзімір Агіевіч

І вось з адной такой каларытнай біяграфіяй нам удалося сутыкнуцца. Яе аўтарам з’яўляецца жыццё, а галоўным героем – Уладзімір Іванавіч Агіевіч.

У Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці сям’я Агіевічаў пазнавальная свайго роду «дынастыяй» вайскоўцаў: усе 6 сыноў прайшлі «школу жыцця» арміяй.

У сям’і нас было 6 братоў і дзве сястры. Бацька і маці нас так выхавалі, што з 6 прызыўнікоў – 4 афіцэры. Малодшы – афганец – падвёў рысу пад нашай ваеннай жылкай, – распавядае Уладзімір Іванавіч, які прайшоў службу ў спецназе.

Пра воінскую службу ён задумваўся яшчэ юнаком, а да выбару войскаў тады яшчэ адзінаццацікласніка Агіевіча падштурхнуў прыяцель брата:

У старэйшага брата быў сябар, якога першым з нашай вёскі ўзялі ў дэсантныя войскі. І вось ён прыйшоў дахаты на адпачынак, увесь такі дэсантнік: блакітны берэт, цяльняшка… Я так загарэўся і вырашыў, што толькі дэсант. А перад прызывам у нас быў набор у гомельскі аэраклуб, куды хацелі трапіць амаль усе хлапчукі. Я запісаўся. Вёска наша была за 200 км ад горада, і нам даводзілася туды ездзіць.

Менавіта з гомельскага аэраклуба пачынае працаваць лічыльнік скачкоў Уладзіміра Іванавіча.

У 1969 годзе адбыўся мой першы скачок. У аэраклубе мяне навучылі правільна ўкладваць парашут і за што тузаць, калі ты ўжо скокнуў, хоць ён павінен адкрывацца і так, але тым не менш пры форс-мажоры ты павінен гэта зрабіць сам. Усім было боязна выскокваць з самалёта ў бездань, калі пад табой 800–900 метраў. Дзверы адчыняюцца, ты глядзіш уніз, і, вядома, ёсць пачуццё страху, якое ты пераступаеш, і з крыкам «ура!» робіш крок – і паляцеў. Тры першыя мае скачкі былі ў аэраклубе, астатнія – армія, служба, ваенныя зборы. Доўгі час меў шкодную звычку курыць, але ў 50 гадоў кінуў: у дзень чарговага скачка з парашутам вырашыў, што хопіць. Крайні, 49-ы, скачок я здзейсніў 5 гадоў таму ў аэраклубе Баравая, калі мне споўнілася 60 гадоў. Там мяне добра ведаюць (смяецца).

Верагодна, чытачы ўжо паспелі падзяліцца на два лагеры: тыя, хто ганіць гэтакае экстрэмальнае захапленне і хто захапляцца. Але абодва бакі не засталіся абыякавымі. Наш герой падкрэсліў, што сябры заўсёды імкнуцца падтрымаць, нягледзячы на ​​сваё стаўленне да экстрыму. Асуджаць гэта – глупства, бо кожны робіць тое, што яму хочацца і падабаецца. Ды і справу мы маем з непахіснай асобай, адгаворваць якую няма сэнсу.

Свой адбітак на фарміраванне ўстойлівага і непахіснага характару, несумненна, наклала служба ў арміі, якая пачалася ў знакамітай “вучэбцы” паветрана-дэсантных войскаў у Пячорах пад Псковам і працягвалася ў дэсантным спецназе ва Ўзбекістане. За гэты час радавы Агіевіч стаў старшыной роты. Сваю задачу ён бачыў у тым, каб падтрымліваць парадак і прышчапляць салдатам дысцыплінаванасць. Скончыў службу ў афіцэрскім званні.

 — Пасля арміі я быў у пошуках сябе і таго, што мне падабаецца. Дзякуючы знаёмым знайшоў месца ў мінскім паліграфкамбінаце. Спачатку я займаўся друкаваннем кніг, потым стаў майстрам, затым – старшым майстрам. Цяпер іншая тэхніка і тэхналогіі. Тады ў нас маладыя дзяўчаты працавалі з плаўленым свінцом, а мы, друкары, складвалі друкаваныя формы.

Папрацаваўшы з гадок, Уладзімір Іванавіч паступае на завочнае аддзяленне піцерскага тэхнікума на спецыяльнасць тэхнік-тэхнолаг. Праз 4 гады ў акадэмію друку ў Маскве. Тым не менш у Беларусі чакала сям’я, ды і праца на паліграфкамбінаце ішла поўным ходам і мела патрэбу ўжо ў больш дасведчаным і кваліфікаваным спецыялісце, якім і стаў учорашні студэнт Піцера і Масквы. Паліграфічная дзейнасць абяцала мноства цікавых знаёмстваў.

На паліграфкамбінаце часта праходзілі літаратурныя вечарыны з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў. Аднойчы нам удалося сутыкнуцца з Іванам Пятровічам Шамякіным, які часта выступаў на юбілеях або творчых вечарах. На камбінаце працуе мноства людзей, і, вядома, ён не мог мяне пазнаць у паўсядзённым жыцці, але адзін выпадак звёў нас у шпіталі. Яго жонка ляжала ў адной палаце з маёй. Тут мы змаглі пагутарыць бліжэй. Шамякін любіў паўтараць, што ён піша кнігі, а я іх потым друкую. Гэта быў вялікі пісьменнік і выдатны чалавек. Дарэчы, ён заўсёды размаўляў на беларускай мове.

Уладзімір Агіевіч з малодшай дачкой і зяцем

Воля выпадку, што пасля закрыцця паліграфкамбіната Уладзімір Іванавіч зноў звязвае сваё жыццё з «друкаванай справай», але ўжо ў іншым амплуа і на працягу амаль 9 гадоў.

Жыццё непрадказальная штука, складана сказаць, чаму пайшоў працаваць ахоўнікам. Па-першае, месца працы універсітэт, ды яшчэ і БДУ гэта гучыць. Па-другое, у мяне за плячыма паліграфічная адукацыя. Гэта блізка па духу да факультэта журналістыкі. Падабаецца тое, што зараз студэнты свабодныя, адкрытыя. Цяпер зусім іншая моладзь. Мы таксама былі іншымі, але сёння вы больш эрудзіраваныя, жывяце ў нейкім сваім свеце, адгарадзіўшыся навушнікамі ад навакольнага асяроддзя.

3 чэрвеня гэтага года ў аэраклубе Баравая адбыўся юбілейны кульбіт Уладзіміра Іванавіча. Да 65-годдзя ён вырашыў зрабіць сабе падарунак і ажыццявіць 50-ы скачок.

— Быў моцны вецер, і скакаць у адзіночку было ніяк нельга, толькі тандэм. Гэта быў зацяжны скачок. Звычайна на свабоднае падзенне (калі парашут яшчэ не адкрыты) адводзіцца 5 секунд, калі ты скачаш адзін, а тут было 20 секунд. Гэта неверагоднае адчуванне, якое немагчыма забыць і апісаць. Трэба сесці ў самалёт, падняцца на вышыню амаль 3 км (2800) і скокнуць. Тады вы зразумееце, што гэта значыць. Гэта стан душы. Увесь гэты год я быў настроены на тое, каб да свайго юбілею здзейсніць гэты 50-ы скачок. Але пасля я зразумеў, што яшчэ чагосьці не хапае, і планую, што буду яшчэ скакаць і скакаць, і не адзін раз. Галоўнае, каб здароўе дазволіла. Але думаю яшчэ пацягаць гіркі, і ўсё будзе добра (смяецца).

Уладзімір Агіевіч з калектывам “Родніца”

Ён працуе сярод студэнтаў, адказвае за іх бяспеку. Хай ён не выкладчык, дацэнт або прафесар, але ў яго ёсць чаму павучыцца. Акрамя асноўнай працы, наш герой актыўна займаецца спортам, ходзіць у баню, наведвае басейн і дапамагае ў выхаванні ўнука і ўнучкі. Акрамя гэтага, двухразовы дзядуля спявае і танцуе ў народным хоры выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ «Родніца» і ансамблі “Поющие сердца”. За 7 гадоў разам з калектывам “Родніцы” ён заваёўваў гран-пры на фестывалях у Балгарыі і Македоніі, захапляў публіку ў Швецыі і Латвіі, а нядаўна дапамог ансамблю абараніць званне “народнага”. З вялікім імпэтам ён распавядае таксама пра новыя танцы, якія ўвесь час развучвае з іншым калектывам, з якім выступае па ўсёй Беларусі.  

Уладзімір Агіевіч з ансамблем “Поющие сердца”

 У чарговы раз, калі вас дагоняць няўдачы, узнікнуць праблемы з залікам або іспытам, успомніце гэтыя словы і ўсміхніцеся, праходзячы міма вахты.

Жыццё напоўнена рознымі момантамі. Галоўнае – з кожнага знаходзіць разумны выхад, не марудзіць перад нейкімі абставінамі, каб яны не выбівалі з каляіны. Калі надламіцца, дазволіць сітуацыі сябе падмяць, то ўсё… Я рады, што па жыцці мне ўдалося прайсці ўсе выпрабаванні і не зламацца.

Ганна Гліннік
Настасся Мелехава

print

Вам таксама можа спадабацца: