Сёлета заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «Крыжачок» БДУ адзначыў важную дату – 80-годдзе з дня заснавання. Сёння «Крыжачок» з’яўляецца адным з культурных брэндаў Рэспублікі Беларусь. За ўсе гады ён прайшоў доўгі і яркі шлях, аб’ехаў увесь свет і стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця краіны. А пра тое, як прайшоў гэты важны дзень і чаму столькі танцораў выбіраюць менавіта «Крыжачок», чытайце ў нашым матэрыяле.
Гісторыя, якая аб’ядноўвае пакаленні
Ансамбль танца «Крыжачок» з’яўляецца аматарскім калектывам пры ўпраўленні па справах культуры БДУ, і яго гісторыя непарыўна звязана з гісторыяй нашага ўніверсітэта.
Студэнцкі танцавальны калектыў БДУ імя У. І. Леніна быў створаны ў 1945 годзе, адразу пасля Другой сусветнай вайны. Спачатку ў склад уваходзілі толькі студэнты і супрацоўнікі БДУ, пазней далучыліся і з іншых беларускіх ВНУ. Першы кіраўнік – Ларыса Алексютовіч. Да 1955 года ў рэпертуары было больш за 70 танцаў розных народаў СССР і свету. Калектыў актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх фестывалях і атрымаў шмат узнагарод.
З 1964 года на базе ансамбля працавала аддзяленне харэаграфіі факультэта грамадскіх прафесій, якое рыхтавала кіраўнікоў танцавальных калектываў. Ён выступаў на многіх фестывалях і перад рознымі аўдыторыямі па ўсім СССР.
У 1967 годзе «Крыжачок» узначаліў заслужаны работнік культуры БССР Мікалай Лапша, які натхняў моладзь на вывучэнне народнай творчасці і беларускага танца. Патрабаванні да ўдзельнікаў былі высокія – і ў вучобе, і ў творчасці. Толькі сапраўдныя аматары народнага мастацтва заставаліся ў ансамблі нават пасля заканчэння ўніверсітэта.
У 1968 годзе ансамбль «Крыжачок» атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Літоўскай ССР за ўдзел у міжрэспубліканскім конкурсе «Гаўдэамус» у Вільнюсе. У 1969 годзе калектыў выступаў у ГДР з канцэртамі ў Берліне і іншых гарадах, дзе выступленні мелі вялікі поспех. Мастацкі кіраўнік Мікалай Лапша быў узнагароджаны ганаровым медалём Саюза свабоднай нямецкай моладзі. У 1971 годзе ансамбль зноў быў адзначаны граматай Міністэрства адукацыі БССР за ўдзел у конкурсе «Гаўдэамус» у Рызе. Па запрашэнні камітэта камсамола Сафійскага ўніверсітэта ансамбль наведаў Балгарыю, дзе даваў канцэрты ў Народнай оперы Сафіі і іншых месцах.
«Крыжачок» прадстаўляў беларускую культуру на розных сцэнах СССР і ў замежжы: у Маскве, Ерэване, Рызе, Ташкенце, Кіеве, Ленінградзе і іншых гарадах. Падчас Дзён культуры СССР у Ісландыі ў 1987 годзе калектыў быў прыняты Прэзідэнтам краіны і знакамітымі дзеячамі.
У 1987 годзе ансамбль выступаў у Чарнобыльскай зоне і атрымаў ганаровае званне лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам многіх міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў, уключаючы Сусветны фэст моладзі ў Маскве, «Музычную Еўропу – 93» і «Плоўдзіў – 95».
У 2006 годзе ансамбль удзельнічаў у Міжнародным фэсце танца на Паўночным Кіпры (CIOFF), у 2007 – у Міжнародным фальклорным фэсце ў Бернеме (Бельгія), а ў 2008 – у Міжнародным фэсце ў Стамбуле, дзе саліст атрымаў прыз у намінацыі «Найлепшы танцор». За значны ўклад у папулярызацыю беларускага нацыянальнага мастацтва за мяжой у 2006 годзе ансамбль быў адзначаны ганаровай граматай Саюза таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі.
На працягу сваёй гісторыі «Крыжачок» браў удзел ва ўсіх важных універсітэцкіх мерапрыемствах, рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, актыўна развіваў культурнае жыццё краіны і прадстаўляў БДУ і Беларусь на міжнароднай арэне, дзе неаднаразова атрымаў дыпломы і граматы.
З’яўленне «Крыжачка» супала з важнай гістарычным падзеяй – перамогай у Вялікай Айчыннай вайне. Гэта стала для краіны сімвалам адраджэння і надзеі.
Рэпертуар ансамбля вельмі разнастайны: у ім ёсць танцы з усяго свету – карэйскія, венесуэльскія, нямецкія, венгерскія i г. д. І на юбілейным канцэрце гэта было ярка прадэманстравана – яркія пінжакі, маракасы і вясёлая падача венесуэльскага танца «Харопа».
Важнай часткай праграмы застаюцца беларускія і рускія народныя танцы. Усе нумары выконваюцца пад жывую музыку, што надае выступленням асаблівую аўтэнтычнасць і эмацыйную насычанасць.
У розныя перыяды калектывам кіравалі вядомыя дзеячы мастацтва, такія як Ларыса Алексютовіч і Мікалай Лапша. Увосень 1969 года напярэдадні 50-годдзя БССР і КПБ у сувязі з творчымі поспехамі, за плённую працу па эстэтычным выхаванні студэнцкай моладзі танцавальным ансамблю БДУ імя У. І. Леніна было прысвоена ганаровае званне «Народны ансамбль танца» (пастанова прэзідыума Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў). У 2011 годзе па рашэнні спецыяльнай камісіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ансамблю танца «Крыжачок» было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». У 2021 годзе ансамбль становіцца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у захаванне традыцый харэаграфічнага мастацтва і актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны.
З 2007 года кіраўніком і балетмайстрам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля танца «Крыжачок» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігар Музалеўскі.
Атмасфера любові і сяброўства
У дзень канцэрта ў грымёрцы была заўважная ажыўленая мітусня. Дзяўчаты і хлопцы спяшаліся дапамагчы адно аднаму ў падрыхтоўцы – хтосьці акуратна завязваў гарсэты, хтосьці папраўляў сукенкі. Перад пачаткам выступлення музычны ансамбль разыгрываў інструменты, дадаючы ноткі лёгкага хвалявання і чакання. Гучанне скрыпкі на фоне беларускага арнаменту на сукенках дзяўчат прымушала паглыбіцца ў казку яшчэ да пачатку.
Калі ўсё было гатова, зала напоўнілася гледачамі – свабодных месцаў не засталося. Кожны нумар быў сапраўдным творам мастацтва: выкарыстоўваліся сучасныя, але ў той жа час традыцыйныя касцюмы, што надавала выступленням асаблівую прыгажосць. У адным з нумароў нават гучалі маракасы, што дапоўніла праграму яркімі фарбамі і дынамікай.
Памятаем, для чаго мы гэта робім
Лёсам «Крыжачку» было наканавана з’явіцца ў пераможным 1945 годзе – калі Беларусь і ўвесь народ перажылі выпрабаванні вайны і здабылі доўгачаканую свабоду. Ансамбль стаў іскрай надзеі, якая павінна была заззяць у сэрцах людзей пасля цяжкіх гадоў барацьбы і пакут.
Створаны з мэтай падняць дух народа і асвятліць пасляваенны час, «Крыжачок» з самага пачатку быў не проста харэаграфічным калектывам. Ён стаў напамінам пра тое, што нават у самыя цяжкія часы чалавек шукае радасць, прыгажосць і веру ў лепшае. І калі б не Вялікая Перамога, не было б і гэтага калектыву, які сёння з’яўляецца сімвалам нацыянальнай культуры і мастацкай спадчыны. Таму важнай часткай на юбілейным канцэрце была харэаграфічная сюіта «У гарадскім садзе», якая з дапамогай танца расказвала пра ганаровую перамогу нашых салдат. Эмацыйна, моцна і ярка танцоры перадалі атмасферу таго часу.
Гонар за традыцыі і будучыню: гісторыі танцораў
Калі «Крыжачок» толькі пачынаў свой творчы шлях, яго складалі пераважна студэнты БДУ – маладыя, поўныя энтузіязму і любові да танца. З часам калектыў вырас – прыйшлі новыя ўдзельнікі. Цяпер гэта ўжо больш дарослыя людзі, многія з якіх сталі бацькамі. Яны займаюць высокія пасады – інжынеры-праграмісты, вядучыя эканамісты, дырэктары, сузаснавальнікі паспяховых праектаў і кампаній. А хтосьці перайшоў у калектыў «Крыжачка» яшчэ ў школе. Нягледзячы на розныя шляхі і жыццёвыя абставіны, іх усіх аб’ядноўвае адно – запал і любоў да танца.
Яўгенiй Валахановіч, студэнт біялагічнага факультэта БДУ:
– У «Крыжачку» я танцую ўжо сёмы год. У калектыў трапіў задоўга да паступлення ў БДУ. Усё дзякуючы маім бацькам, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі аркестра і прапрацавалі ў калектыве больш за 15 гадоў. Я хадзіў на канцэрты ансамбля з самага дзяцінства, мне вельмі падабалася, мабыць, таму я і трапіў у танцы.
Спачатку я хадзіў на бальныя танцы, але там не склалася. Потым – на сучасныя, дзе таксама чагосьці не хапала. І калі наш гурток сучасных танцаў распаўся, мой тата дамовіўся з Ігарам Юр’евічам (мастацкі кіраўнік. – Заўв. аўт.), каб даць мне магчымасць праявіць сябе і далучыцца да «Крыжачка». І тады я зразумеў, што гэта маё месца, а народны танец мяне падыходзіць больш за ўсё!
Падчас канцэрта я ў асноўным перажываў, ці хопіць сілы да канца. Аднак падчас першых нумароў я адчуў гонар за тое, што мы – «Крыжачок», што мы танцуем пад прыгожую музыку нашага аркестра. Мне было прыемна ўсведамляць сябе часткай згуртаванай каманды.
На фінальных нумарах эмоцыі зашкальвалі. Я цалкам адышоў ад думак пра вытрымку і змог сапраўды атрымліваць асалоду ад працэсу, адчуць вобраз і перадаць яго ў адпаведнасці з тэматыкай нумара!
Кацярына Стральцова, студэнтка БНТУ:
– Я трапіла ў «Крыжачок» два гады таму. Танцую ўжо каля 12 гадоў. З дзяцінства я займалася ў розных калектывах. Пра «Крыжачок» я даведалася з сацыяльных сетак, можна сказаць, выпадкова. Пасля пераезду з Бабруйска ў Мінск планавала сюды прыйсці – і так і зрабіла. Як кажа наш кіраўнік, трапіць да нас вельмі лёгка, а вось утрымацца – складана. Таму ў нас няма кастынгаў, проста прыходзьце, паглядзіце, як усё арганізавана, і вырашыце, ці патрэбна вам гэта. Безумоўна, кіраўнік іграе важную ролю, калі не ключавую. У нас ён цудоўны. Усе артысты – альбо прафесіяналы, альбо імкнуцца да гэтага. Атмасфера ў нас заўсёды прыемная, на рэпетыцыях і канцэртах – добразычлівая.
Лічу, што народныя танцы ніколі не выйдуць з моды. І ні адзін іншы стыль танцаў не выклікае ў мяне такіх эмоцый. Я ўпэўненая, што для тых, хто хоча займацца танцамі, гэта выдатная магчымасць. Не бойцеся, прыходзьце, вы ўсё адчуеце, пачуеце нашу музыку – у нас свой аркестр. Вас хутка зацягне, і страхі сыдуць. Галоўнае – шмат працаваць і не баяцца спрабаваць!
Павел Гузман, студэнт МДЭІ імя А. Д. Сахарава БДУ:
– Я танцую з 6 гадоў, а ў калектыве ўжо другі год. Трапіў сюды дзякуючы цеснай сувязі майго дзіцячага калектыву са Слуцка і «Крыжачка». Атмасфера на выступленні была натхняльнай. Як звычайна, перад выхадам я чуў сваю музыку, сэрца білася часта, унутры ўсё заціхала – і вось момант выхаду. Кіраўнік калектыву, Ігар Юр’евіч, верыў у нас, як заўсёды, і абавязкова падтрымліваў перад выступленнем. Маральна было досыць лёгка падрыхтавацца, бо ўсё было прароблена з высокай дакладнасцю. Што было сапраўды незвычайна – адчуванне 80-гадовага юбілею калектыву. Успаміналіся тыя часы, калі на такіх жа святах танцавалі студэнты і аматары… Але ўсіх нас аб’ядноўвае адно: мы любім танцаваць і паказваць народныя танцы.
Для кожнага ўдзельніка «Крыжачка» калектыў не проста месца для рэпетыцый і выступленняў. Гэта сям’я, дзе цэніцца дружба, падтрымка і агульнае захапленне. І для многіх менавіта ўдзел у калектыве стаў дэбютам на сцэне і ў творчасці. Асабліва кранальная гісторыя тых, для каго юбілей стаў асаблівым святам – першым выступленнем, якое застаецца ў сэрцах як важны і значны момант жыцця.
Асоль Янушкевіч, студэнтка фізічнага факультэта БДУ:
– Я прыйшла ў ансамбль «Крыжачок» адносна нядаўна, каля года таму. А танцамі займаюся ўжо 13 гадоў. У асноўным у мяне вопыт у народных танцах, таму выбар на карысць «Крыжачка» быў абсалютна свядомым. Гэта мой першы год у калектыве і мой першы канцэрт. З самага пачатку «Крыжачок» стаў для мяне не проста калектывам, а сапраўднай сям’ёй. Я адразу адчула цёплае стаўленне дзяўчат і хлопцаў. Усе адно аднаго пастаянна падтрымліваюць і дапамагаюць, ні ў чым не адмовяць.
Для тых, хто займаецца ў «Крыжачку» ўжо не першы год, гэты справаздачны канцэрт не проста магчымасць паказаць свае навыкі, а асаблівы момант, калі яны могуць выказаць усю душу калектыву, якую мы захоўваем і перадаём праз гады.
Марыя Ракоць, студэнтка МДЛУ:

– Родам я з Брэста. У «Крыжачку» я ўдзельнічаю з верасня 2024 года, амаль цэлы навучальны год. Мая гісторыя, як я трапіла ў калектыў, досыць цікавая, бо я была падпісана на гурт у Instagram два гады. Я скончыла харэаграфічную школу ў Брэсце. Пра тое, каб трапіць у гэты гурт пры БДУ, я нават не марыла. Мне вельмі падабаліся іх выступленні, я проста сачыла за імі. А калі я пераехала ў Мінск, даведалася пра кастынг. У мяне адразу ўзнікла ідэя пайсці. Увесь верасень я сумнявалася, але ў выніку наважылася. Ты прыходзіш на кастынг і займаешся разам з калектывам. Падчас рэпетыцыі кіраўнік сочыць за табой, а ў канцы кажа, падыходзіш ты ці не. Звычайна ўсё праходзіць добра. Мяне прынялі, я была проста на сёмым небе ад шчасця! Калектыў, як я і чакала, вельмі сяброўскі, усе падтрымліваюць і дапамагаюць адно аднаму. Гэта сапраўды згуртаваная каманда, і ўсе вельмі класныя. Я ганаруся тым, што змагла трапіць туды. Сённяшні канцэрт – маё першае вялікае выступленне ў калектыве. Хаця я пакуль не ўдзельнічаю ў многіх нумарах, я вельмі рада за іншых і за тое, што яны робяць.
Гонар краіны
Для многіх удзельнікаў «Крыжачка» гэта не толькі творчая дзейнасць, але і магчымасць захаваць і развіваць багатую культурную спадчыну Беларусі, робячы гэта з любоўю і адказнасцю. Калектыў працягвае радаваць гледачоў сваімі выступленнямі і ўносіць значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры.
Перад фінальным нумарам са словамі падзякі ад імя рэктара БДУ выступілі першы прарэктар Дзмітрый Курловіч і прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Алеся Прахарэнка:
– Гэта захапленне, прафесіяналізм, эмоцыі і душа Беларусі! Дзякуй вам за гэты вечар. Мы з Алесяй Генадзьеўнай ад сябе асабіста, ад імя нашага паважанага рэктара Андрэя Дзмітрыевіча Караля віншуем калектыў з юбілеем. Спадзяёмся на новыя здзяйсненні, новыя ўдалыя нумары, новыя паездкі. Поспехаў! – пажадаў першы прарэктар.
– Дарагі «Крыжачок», вы – калектыў Перамогі! Сёння мы шмат разоў чулі пра тое, што вам пакарыўся ўвесь свет. Народны танец – гэта кругаварот чалавечых лёсаў і душ. «Крыжачок» – гэта месца, дзе раскрываецца кожны лёс. Няхай кругаварот нясе вас да новых вяршынь і новых перамог. Няхай адчыняюцца любыя дзверы. З гонарам насіце званне найлепшага калектыву краіны. Доўгіх гадоў! – дадала Алеся Прахарэнка.
Таццяна САВІЦКАЯ