У дапамогу медыцыне

29 Mar, 2024.

Зусім нядаўна цяжка было сабе ўявіць, што крывацёк спыняецца з дапамогай сурвэтак, а самі яны хутка расшчапляюцца без шкоды для здароўя. Супрацоўнікі Навукова-вытворчага цэнтра фармацэўтычнай дзейнасці ўнітарнага прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ» даказалі адваротнае. Цяпер іх распрацоўку – айчынныя гемастатычныя сурвэткі – змогуць выкарыстоўваць як установы аховы здароўя, так і людзі, якія не маюць спецыяльнай медыцынскай адукацыі.

Як паведаміў галоўны спецыяліст па навуковай і навукова-інавацыйнай дзейнасці «Унітэхпрам БДУ», праца над праектам адбывалася ў кароткія тэрміны, бо прадпрыемства шукала магчымасці для найбольш хуткага выпуску вырабу ва ўстановы аховы здароўя краіны.

Падмуркам распрацоўкі сталі раней выкананыя супрацоўнікамі заданні дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Паколькі значная частка работы адбывалася на аснове прэпарата «Цысплацэл» (сурвэткі з акісленай цэлюлозы, якія з’яўляюцца адзіным прэпаратам для лакальнай хіміятэрапіі), на распрацоўку новай тэхналогіі калектыў аддаў паўгода.

– У чалавечым арганізме існуе спецыяльная сістэма для спынення крывацёкаў. Падчас яе функцыянавання ўтвараецца нерастваральны бялок – фібрын. Дзякуючы яму з’яўляецца сетачка, якая агрэгіруе на сябе форменныя элементы крыві. Наш выраб – фактычна заменнік такой сістэмы па-за арганізмам чалавека. Ён першапачаткова ўяўляе сабой сетачку, да якой у працэсе выкарыстання прыляпляюцца элементы крыві, утвараючы тромб («скурку») на паверхні раны, – падзяліўся Павел Бычкоўскі.

Алгарытм дзеяння матэрыялаў вельмі просты. Пры кантакце з крывёй сурвэтка ўбірае яе і набрыньвае, паступова ператвараючыся ў гелепадобнае рэчыва і закупорваючы капіляры. У гэты час актывуецца шматступеньчаты працэс згортвання крыві. А за кошт таго, што акісленая цэлюлоза біялагічна расшчапляецца, сурвэткі цалкам рассмоктваюцца пры правядзенні аперацый. Стваральнікі кажуць, што выраб з лёгкасцю можна выкарыстоўваць і пры бытавых траўмах – для гэтага трэба толькі пакласці сурвэтку на рану і зрабіць фіксацыйную павязку. А ўтылізаваць матэрыялы можна будзе разам з бытавым смеццем.

Зараз распрацоўка ўжо прайшла даклінічныя выпрабаванні і знаходзіцца на этапе рэгістрацыі. Плануецца, што вытворчасць гемастатычных сурвэтак запусцяць сёлета, пасля чаго яны з’явяцца ў клініках і аптэках краіны. Дарэчы, выпускаць выраб медыцынскага прызначэння будуць на вытворчым участку «Унітэхпрам БДУ» на беларускім абсталяванні з прымяненнем айчыннай сыравіны.

У чым жа перавага беларускіх гемастатычных сурвэтак у параўнанні з замежнымі аналагамі? Па словах галоўнага спецыяліста па навуковай і навукова-інавацыйнай дзейнасці, айчынны прэпарат будзе значна таннейшы (яго кошт будзе меншым прыкладна на 40%, што зробіць яго больш даступным). У іншым розніцы няма. Разам з тым Павел Бычкоўкі адзначыў, што распрацоўка будзе запатрабаванай не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза – на гэтым рынку таксама адчуваецца недахоп гемастатычных матэрыялаў. Запыты на падобныя матэрыялы неаднойчы прыходзілі падчас міжнародных выстаў, таму навуковыя сувязі наладжваюцца не толькі з дзяржавамі-суседкамі, але і з краінамі Афрыкі.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: