Новыя гарызонты тэхналогій: БДУ на Digital Expo – 2025

21 Jul, 2025.

БДУ прадставіў 14 інавацыйных распрацовак на міжнародным форуме па інфармацыйнакамунікацыйных тэхналогіях «ТІБО – 2025». Пра навуковы і адукацыйны патэнцыял ВНУ расказаў рэктар Андрэй Кароль. Ён адзначыў важнасць бесперапыннага развіцця розных сфер у сучасным свеце высокіх тэхналогій.

– Цяпер мы бачым імклівае павелічэнне колькасці навацый у галіне інфармацыйных тэхналогій. Яны патрабуюць комплекснага навуковага вывучэння. У далейшым гэта дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць дадзеныя распрацоўкі дзеля эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту ўсяго грамадства, – расказаў рэктар.

Бесперапыннае развіццё – залог поспеху

Міжнародны форум «ТІБО» з’яўляецца платформай для абмену вопытам, для абмеркавання дзяржаўнай палітыкі ў сферы інфармацыі, стварэння інавацыйных ведаў і вывучэння спосабаў укаранення сучасных тэхналагічных тэндэнцый у эканоміку, бізнес і паўсядзённае жыццё.

– Выстава тэхналогій выступае пляцоўкай для кансалідацыі сіл навуковай супольнасці па вырашэнні актуальных задач сучаснасці. Яна паказвае глыбокі інфармацыйны і тэхнічны патэнцыял Беларусі, – дадаў Андрэй Кароль. Паводле яго слоў, БДУ імкнецца адпавядаць сусветным тэндэнцыям і выбудоўваць тэхналагічныя прыярытэты краіны. Ён адзначыў важнасць адукацыйнага кампанента ў падрыхтоўцы будучых даследчыкаў, падкрэсліўшы, што поспех прафесійнай рэалізацыі асобы залежыць ад пісьменнага падыходу выкладчыкаў, максімальнай самааддачы студэнта і сучасных праграм навучання.

Комплекс для будучых інжынераў атрымаў прызнанне

Праграмна-апаратны метадычны комплекс, распрацаваны для падрыхтоўкі будучых інжынераў, быў адзначаны дыпломам на міжнародным форуме «ТІБО – 2025». Гэты праект стаў вынікам супрацоўніцтва паміж факультэтам радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій (ФРКТ) БДУ і сярэдняй школай № 30 горада Мінска. Ідэя стварэння комплексу належыць дзевяцікласніку Сцяпану Варатніцкаму, прызёру Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ, і яго настаўніку інфарматыкі Дзмітрыю Каменку. Навукоўцы ФРКТ БДУ, абапіраючыся на іх канцэпцыю, стварылі прамысловыя ўзоры комплексу. Кіравалі праектам супрацоўнікі кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм БДУ: загадчык кафедры Сяргей Семяновіч і дацэнт Ігар Сцяцко.

– У нас у 10-11 класах адкрываюцца інжынерныя класы, зараз у Мінску іх ужо 92, і яны праводзяць факультатыўныя заняткі па праграмаванні, вывучэнні інфармацыйных тэхналогій. Маё вынаходства стала прататыпам для паўнавартаснай версіі, якую робіць БДУ. Мы хочам прыйсці да масавай вытворчасці. Сэнс гэтай задумкі ў тым, каб палегчыць вывучэнне праграмавання. Да гэтай прылады ідзе метадычная частка з задачамі, з інструкцыяй выкарыстання і перыферыяй, – расказаў Сцяпан Варатніцкі.

Комплекс прызначаны для навучання інжынерным прафесіям навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў і ВНУ Беларусі. Ён уяўляе сабой камп’ютарызаваную сістэму, якая ўключае цэнтральны мікракантролерны модуль, датчыкі і выканаўчыя прылады. Падчас навучання будучыя інжынеры змогуць вывучыць прынцыпы канструявання аўтаматызаваных сістэм і праграмавання мікракантролераў, неабходных для кіравання інжынернымі распрацоўкамі на аснове збору, апрацоўкі і аналізу лічбавых даных.

Сумяшчаем прыемнае з карысным

Яшчэ адну інавацыйную распрацоўку «Музычны інтэрфейс на аснове платформы Arduino» прадставіла на выставе студэнтка факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Анастасія Шчэрбач. Дадатак дазваляе выбраць бібліятэку гукаў са спісу.

– Гэта музычны сімулятар з лазернымі прамянямі, на якім можна выбіраць розныя бібліятэкі гукаў, любыя інструменты, мяняць іх праз дадатак. Я бачыла падобныя праекты з лазернымі арфамі. Хацелася крыху палепшыць, зрабіць больш кампактна. Дадала змяняльнасць бібліятэк гукаў. Я такога ні ў кога яшчэ не бачыла. Разам з усёй распрацоўкай на гэты праект сышло два месяцы.

Функцыянал у прылады шырокі: змена бібліятэкі гукаў, загрузка ўласных бібліятэк, прысваенне ўнікальнай назвы і вокладкі дададзенаму набору трэкаў, змена ўзроўню гучнасці і пошук бібліятэкі па назве. Праект быў таксама прадстаўлены на міжнароднай алімпіядзе «IT-Планета – 2025» і стаў дыпломным праектам студэнткі.

– Гэта проста цудоўны прыклад таго, як адзін і той жа праект можа стаць і інавацыйнай распрацоўкай для выставы, і тэмай дыплома. Першапачаткова комплекс для сінтэзу музычных твораў з’явіўся ў рамках дыпломнай работы Анастасіі. Для мяне як навуковага кіраўніка гэта проста ўдача – сустрэць такую таленавітую і ўнікальную студэнтку. У адрозненне ад многіх студэнтаў, якія займаюцца толькі праграмаваннем, яна ўсё распрацавала і спаяла сама, – расказаў Сяргей Маркаў, дацэнт кафедры шматпрацэсарных сістэм і сетак.

У экспазіцыі таксама дэманструецца распрацоўка для дыягностыкі дробных артэрыяльных сасудаў. Ідэя і яе ўвасабленне ў жыццё належаць камандзе з ФРКТ БДУ, у якую ўвайшлі магістрант Аляксандр Лебядзеўскі, трэцякурснікі Сяргей Славінскі, Георгій Панчанка і Мікіта Гвоздзеў, а таксама старшы выкладчык кафедры квантавай радыёфізікі і оптаэлектронікі Канстанцін Шуліко. Кіруе камандай дацэнт той жа кафедры Уладзімір Фірага.

Новая распрацоўка дазволіць выяўляць сардэчнасасудзістыя захворванні на ранніх стадыях, прызначаць своечасовае лячэнне і кантраляваць працэс развіцця хваробы.

Для дыягностыкі парушэнняў у працы крывяноснай сістэмы неабходна абследаваць не толькі буйныя артэрыі і вены, але і драбнейшыя сасуды. Аднак пакуль іх малыя памеры ўскладняюць абследаванне. Распрацоўка БДУ накіравана на рашэнне гэтай праблемы і спрашчэнне працэсу ацэнкі стану дробных артэрыяльных сасудаў.

Для гэтага распрацаваная мікрасхема счытвае даныя з некалькіх медыцынскіх прыбораў, такіх як датчыкі пульсавай хвалі, электракардыяграма, фотаплетызмаграма, спектрометр і іншыя. Паказанні прыбораў утрымліваюць інфармацыю пра хуткасць крывацёку і пульсавай хвалі ў артэрыяльных сасудах, сярэдні дыяметр прасвету артэрыёл пальцаў рук і ног, каэфіцыент расцяжэння сценак артэрыёл і іншыя параметры. Атрыманыя даныя загружаюцца ў камп’ютар, дзе адбываецца комплексная апрацоўка, аналіз, візуалізацыя і захаванне ў лічбавым фармаце. Вынікам з’яўляецца зводка пра стан дробных сасудаў пацыента.

Таксама на стэндзе БДУ сярод адукацыйных распрацовак была прадстаўлена электронная версія вучэбнага нагляднага дапаможніка «Атлас беларускай дзяржаўнасці». Ён змяшчае 74 старонкі з поўнакаляровымі картамі, ілюстрацыямі, гістарычнымі звесткамі і практычнымі заданнямі. Наступным экспанатам стаў навукова-вучэбны лазерны комплекс па аптычным маніпуляванні мікрааб’ектамі – аптычны пінцэт. Гэтая распрацоўка фізічнага факультэта дазваляе кіраваць мікраскапічнымі аб’ектамі, захопліваць і перамяшчаць іх з дапамогай лазерных прамянёў, вымяраць сілу захопу мікрачасціц для светлавых палёў рознай структуры, палярызацыі і інтэнсіўнасці. Акрамя таго, ФРКТ прадставіў вучэбна-даследчы комплекс для вымярэння аптычных характарыстык і счытвання інфармацыі з масіву дэфектаў у празрыстых аб’ектах – аналаг тэхналогіі Project Silica ад Microsoft. У адрозненне ад традыцыйных носьбітаў, шкляная «памяць» больш устойлівая да механічнага зносу і знешніх уздзеянняў і здольная захоўваць інфармацыю без пагаршэння на працягу доўгага часу.

Наведвальнікі выставы азнаёміліся з працай праграмнага дадатку BacRegDB – вэбінструмента для пошуку кароткіх сегментаў бактэрыяльнай ДНК, якія ўтрымліваюць генетычны матэрыял бактэрыяльнай клеткі. Сярод экспанатаў вядучай ВНУ размясцілі мультыаб’ектную сістэму для разгортвання групіроўкі атмасферных зондаў, прызначаную для маніторынгу стану навакольнага асяроддзя, вызначэння каардынат аб’ектаў і стану бартавых сістэм спадарожнікаў.

У лік экспанатаў увайшлі таксама вучэбна-даследчыя, апаратна-праграмныя і інфармацыйнааналітычныя комплексы для вымярэння аптычных характарыстык аб’ектаў, гуку і іншых параметраў. БДУ прадставіў свае распрацоўкі ў раздзелах «Адукацыйная алея» і навукова-тэхнічных распрацовак Міністэрства адукацыі Беларусі.

 

Таццяна САВІЦКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: