Чацвёртакурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Раман Аляксееў заняў другое месца на XVI Міжнароднай алімпіядзе « IT-Планета – 2025» у напрамку «Праграмаванне 1С». Фінал турніру прайшоў у Маскве.
«IT-Планета 2025» — гэта платформа для папулярызацыі і развіцця інфармацыйнакамунікацыйных тэхналогій (ІКТ), а таксама пошуку і падтрымкі таленавітых студэнтаў і маладых спецыялістаў у сферы IT. Арганізатары і партнёр – вядучыя вытворцы камп’ютарных тэхналогій і некамерцыйныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць працадаўцаў у галіне ІКТ.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 20 000 студэнтаў і спецыялістаў з больш чым 1000 адукацыйных устаноў вышэйшай і сярэдняй прафесійнай адукацыі, якія прадстаўлялі сістэмы прафесійнай адукацыі 15 краін. Па выніках адборачных анлайн-этапаў у фінал выйшлі 360 найлепшых студэнтаў і выпускнікоў з 150 адукацыйных арганізацый вышэйшай і сярэдняй прафесійнай адукацыі Расіі і іншых краін СНД. БДУ годна прадставілі навучэнцы ФПМІ. У секцыі «Прыкладное праграмаванне if…else» выступілі першакурснікі Максім Банцэвіч, Ніл Дваракоўскі і Арсеній Ханчэўскі. У напрамку «Робафабрыка – D.I.Y. Робат» свае веды прадэманстравала чацвёртакурсніца Анастасія Шчэрбач. Яна прадставіла праект «Музычны інтэрфейс на аснове платформы Arduino». Студэнт чацвёртага курса Руслан Парфёнаў «змагаўся» за ўзнагароды ў катэгорыі «СУБД Postgres Pro».
Сярэбраным прызёрам у напрамку «Праграмаванне 1С» стаў чацвёртакурснік Раман Аляксееў. Да 4 курса пра праграмаванне на мове 1С Раман не задумваўся, пакуль не з’явілася магчымасць. Таму для яго другое месца стала прыемным сюрпрызам:
– Якія эмоцыі вы адчулі, калі сталі сярэбраным прызёрам? Ці быў наогул да гэтага вопыт удзелу ў падобных мерапрыемствах?
— Я ў падобных мерапрыемствах не ўдзельнічаў, максімумам быў абласны ўзровень алімпіяды па прадмеце ў школе. Прызавое месца стала для мяне нечаканасцю, таму што першапачаткова ехаў без асаблівых чаканняў і разглядаў гэта хутчэй як цікавы вопыт.
На факультэце ФПМІ на спецыяльнасці «прыкладная матэматыка» вывучэнне 1С было прапанавана ў якасці спецкурса пры выбары кафедры «Тэхналогіі праграмавання» на трэцім курсе. Спецкурс вяла дацэнт кафедры Алена Ляўчук. Ён быў прысвечаны асноўным магчымасцям платформы.
— Калі я паспрабаваў працаваць з платформай, зразумеў, што хачу займацца менавіта гэтым. Прывабіў зручны інструментарый, а таксама рэальная практычная карысць, бо ў нашым рэгіёне 1С з’яўляецца лідарам у пытаннях аўтаматызацыі бізнес-працэсаў прадпрыемстваў. Варта таксама як перавагу адзначыць тое, што платформа – расійская, і таму ўвесь код можа быць напісаны на рускай мове, і ўся дакументацыя даступная таксама на ёй.
Спачатку Раман вывучыў спецкурс ва ўніверсітэце, а затым перайшоў да самастойнага навучання. Дзякуючы свайму выкладчыку ён атрымаў магчымасць прайсці пераддыпломную практыку ў кампаніі, якая спецыялізуецца на працы з гэтай платформай. Пасля знайшоў размеркаванне, але ўжо ў іншую кампанію. Міжнародная алімпіяда «IT-Планета – 2025» – гэта конкурс для самых лепшых, таму заданні там адпаведныя.
– Як праходзіла падрыхтоўка да алімпіяды? Якія рэсурсы і матэрыялы вы выкарыстоўвалі?
— Рыхтавацца да алімпіяды было цяжка, таму што я не ведаў, чаго чакаць. Спачатку нібыта была самая звычайная задача для чалавека, які працуе ў 1С, потым раптам з’явілася тэорыя раскладаў, а ў фінале ўжо зноў была звычайная задача. Фактычна ўся мая падрыхтоўка складалася з паўтарэння матэрыялаў мінулых курсаў, якія б дапамаглі мне ў рашэнні задачы тэорыі раскладу. Варта адзначыць, што з платформай я рэгулярна працую з верасня мінулага года, і, на мой погляд, менавіта дзякуючы гэтаму я дабіўся поспеху.
На першым этапе неабходна было прайсці тэст і выканаць заданне па чытанні excel-файла. На другім этапе неабходна было вырашыць задачу размеркавання работнікаў для найбольш хуткага выканання плана работ з выкарыстаннем платформы 1С. А ў фінальным (вочным) – вырашыць задачу складання графіка камандзіровак для работнікаў на аснове плана, які можа быць дапушчальным і недапушчальным. На рашэнне ўдзельнікам вылучылі 4 гадзіны, карыстацца можна было толькі выдадзеным камп’ютарам і спецыялізаваным сайтам.
Самым складаным этапам для Рамана падаўся другі, бо там патрабаваліся веды матэматычнага апарату.
— Больш за ўсё запомнілася, вядома ж, другая задача, мне здаецца, што пасля гэтага я сваё рашэнне праз пабудову графаў не забуду ўжо ніколі.
Раман у гэтым годзе абараніў дыплом на тэму «Распрацоўка файлавага менеджара з доступам да воблачных сховішчаў», які таксама звязаны з 1С. І спыняцца ён не збіраецца. Па размеркаванні ён ужо працуе ў ТАА «Х’юмен Сістэм». А алімпіяда, дарэчы, дае не толькі вопыт, але і добрыя знаёмствы, якія могуць дапамагчы з будучай кар’ерай:
— Ужо пасля праходжання фінальнага этапу мяне спрабавалі запрасіць у расійскую кампанію, якая працуе з 1С. Таксама гэта нейкая магчымасць праверыць свае здольнасці, паглядзець розныя варыянты задач, якія могуць з’явіцца і ў рэальных умовах.
Самая вялікая праблема — адважыцца
Раман ужо амаль год працуе з 1С, таму ён сутыкаўся з многімі выпадкамі, калі дадзеная мова праграмавання не ўспрымалася ўсур’ёз або закідвалася на пачатковых этапах.
— Многія маладыя людзі, якія хочуць працаваць у IT, не ўспрымаюць усур’ёз 1С. У асноўным з-за таго, што не ведаюць патэнцыял платформы. Таму самая вялікая праблема – адважыцца заняцца гэтым. Прызнаюся, да 4 курса я і сам не разглядаў 1С як штосьці сур’ёзнае, чым я буду займацца. Калі ж ужо прынялі рашэнне, што будзеце развівацца ў гэтай сферы, то галоўная першая мэта для маладога спецыяліста – сертыфікат прафесіянала. Для пацвярджэння сваёй кваліфікацыі фірма 1С выдае сертыфікаты. Таксама варта адзначыць, што ў 1С ёсць свой навучальны цэнтр з платнымі курсамі.
Калі Раман пачынаў самастойнае навучанне, адзіным даступным рэсурсам была кніга «Практычны дапаможнік распрацоўшчыка», якая ўяўляе сабой навучальны матэрыял для пачаткоўцаў, не знаёмых з 1С. Ён лічыць, што прачытанне гэтай кнігі з’яўляецца выдатным адпраўным пунктам. Пасля гэтага, на яго думку, найбольш карысным становіцца рэальны вопыт або вывучэнне іншых навучальных матэрыялаў ад фірмы-распрацоўшчыка.
Галоўнае — не прапускаць магчымасць
Раман таксама падзяліўся тым, што ў яго заўсёды была і ёсць адна праблема: калі ён хоча нешта зрабіць, то схільны доўга абдумваць, ці сапраўды гэта неабходна, і ў выніку часта адмаўляецца ад рэалізацыі задуманага. Падобны падыход, на яго думку, прыводзіць да страчаных магчымасцяў.
— На алімпіяду я трапіў толькі таму, што мяне запрасіў сябар, які таксама ездзіў туды са мной. Так што адзінае, што я магу параіць, не баяцца ў чымсьці ўдзельнічаць, менш разважаць і проста рабіць, а таксама не спрабаваць з першага разу чакаць ад сябе самых лепшых вынікаў. Бо нават дрэнны вынік можа стаць паказчыкам, што трэба нешта ў сабе ўдасканаліць, нешта вывучыць больш, а можа, што гэтым у прынцыпе не варта займацца і лепш рабіць нешта іншае.
Таццяна САВІЦКАЯ