Каханне не пра планаванне, а пра выпад ковасць. Гісторыі знаёмства нашых герояў адрозніваюцца, аднак іх аб’ядноўвае адно – універсітэт, які стаў важным этапам у іх жыцці.
Сям’я Баскакавых: Кірыл і Аляўціна
– Мы пазнаёміліся ў гімназіі ў Бабруйску. Вучыліся мы ў 11 і 10 класе, і, здавалася, з першых дзён паміж намі ўзнікла асаблівая сувязь. З тых часоў, як мы пачалі сустракацца, нашы жыцці перапляліся, і неўзабаве мы зрабілі наступны крок – пажаніліся 23 верасня 2023 года, адразу пасля заканчэння школы.
Маладыя людзі разам вучацца ў БДУ: Кірыл на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, а Аляўціна – на механіка-матэматычным факультэце. Дзякуючы таму, што абодва факультэты знаходзяцца ў галоўным корпусе БДУ, пара можа бачыцца падчас перапынкаў. Адукацыя для іх – гэта не толькі веды, але і магчымасць развіваць агульныя інтарэсы і мары.
Як адзначае Аляўціна, яны любяць праводзіць час, гатуючы розныя стравы. Настольныя гульні сталі не проста забавай, а спосабам умацавання адносін. Яны гуляюць, актыўна адпачываюць – катаюцца на байдарках, каньках, плаваюць, скачуць на батутах. Кожнае імгненне, праведзенае разам, напаўняе жыццё маладой сям’і радасцю і сэнсам.
Творчы патэнцыял гэтай пары таксама ўражвае. Аляўціна – рознабаковая асоба: яна малюе, стварае вырабы на святы і збірае канструктары. Акрамя таго, яна любіць пячы і гатуе пачастункі для мужа і сваякоў. Да паступлення дзяўчына займалася народнымі і сучаснымі танцамі на працягу многіх гадоў. Кірыл, у сваю чаргу, займаецца праграмаваннем, з’яўляецца пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы і паўфіналу
міжнароднай алімпіяды ICPC. Спорт таксама займае важнае месца ў яго жыцці, і ён імкнецца знаходзіць час для трэніровак.
– Дакладнае ўсведамленне таго, што, незалежна ад выніку, нашы адносіны непарушныя, а пачуцці нязгасныя, надае нам упэўненасці ў пачынаннях. Мы ганарымся, што мы фарміруем наша жыццё разам, поплеч, бачым свае поспехі і працэс станаўлення нас як самастойных асоб.
Мэты ў пары простыя, але важныя: быць апорай і падтрымкай адно для аднаго, сумесна развівацца і рэалізоўваць мары. Яны вераць, што толькі так можна стварыць моцную і шчаслівую сям’ю.
– Мы з гонарам глядзім у будучыню, і ўпэўненыя, што наперадзе нас чакаюць толькі светлыя перспектывы і новыя здзяйсненні.
Сям’я Артамонавых: Дар’я і Павел
Гісторыя кожнай сям’і ўнікальная і непаўторная, але каханне – гэта тое, што звязвае іх усе. Гэтая ісціна з пакалення ў пакаленне перадаецца ў дынастыі Артамонавых. І яны вельмі цэняць гэтыя словы.
– Усё пачалося з сумеснай працы ў газеце гістарычнага факультэта БДУ «Ніка». Мы шмат працавалі разам, абмяркоўвалі ідэі па паляпшэнні будучых нумароў газеты, развівалі сацыяльныя сеткі. Нам было цікава разам, і мы радаваліся поспехам газеты.
На працягу года Дар’я была рэдактарам газеты, затым пасаду заняў Павел. Дар’я дапамагла яму асвоіцца, а ён дзяліўся ідэямі і планамі. Так пара паступова зблізілася. Газета паспрыяла таму, каб убачыць добрыя якасці ў партнёру, паказала, што маладыя людзі – сапраўдная каманда і могуць зрабіць адно аднаго лепшымі.
Сям’я Артамонавых разам ужо больш за тры гады.
– Мы шчаслівыя і цэнім кожнае імгненне. У кастрычніку 2024 года мы сталі мужам і жонкай. Той дзень назаўжды для нас напоўнены шчасцем, пяшчотай і цяплом. Мы шчаслівыя, што нашы родныя і сябры падзялілі з намі гэтае свята.
Сям’я Варвашэвічаў: Надзея і Максім
«Каханне не ведае адлегласцяў, для яго не існуе кантынентаў, бо яго позірк заўсёды скіраваны да зорак». Вярнуўшыся назад у часе, ніхто б з гэтай пары не адказаў, што стаў бы «мужам» або «жонкай».
– Мы пазнаёміліся спантанна. Паступіўшы на адзін факультэт, мы не заўважалі адно аднаго да моманту, які ў далейшым звёў нас і нашыя лёсы. Прычынай стаў звычайны навагодні дзіцячы ранішнік. Менавіта на дзіцячым свяце, убачыўшы, як кожны з нас працуе на ўсе сто, каб унесці ў дзіцячае сэрца дробку шчасця, мы зразумелі, што менавіта з гэтым чалавекам, які цяпер танцуе ў касцюме Снягуркі або Дзеда Мароза, хочацца быць побач.
У далейшым Надзея і Максім прыцягваліся быццам магнітам. Яны ўсюды шукалі сустрэчы, заўсёды спрабавалі знайсці момант для душэўных размоў сам-насам. Неўзабаве пара вырашыла стварыць сям’ю. Ідэя не была раптоўнай, прайшло тры гады. Адносіны паспелі прайсці праз агонь, ваду і медныя трубы. Жаданне быць з партнёрам, прачынацца побач з ім, атрымліваць ад яго падтрымку і хвалу было мацнейшым за любое выпрабаванне, якое сустракалася на жыццёвым шляху.
– Для нас быць сям’ёй – гэта быць часткай чагосьці цёплага і выдатнага. Гэта месца, у якім ты заўсёды можаш схавацца ад праблем, якія накрываюць цябе з галавой. І мы ні на хвілінку не пашкадавалі, што прынялі рашэнне стаць сям’ёй.