Быць настаўнікам – значыць будаваць будучыню: размова рэктара са студэнтамі педагагічных спецыяльнасцяў

21 Oct, 2025.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль сустрэўся з першакурснікамі педагагічных спецыяльнасцяў універсітэта.

Мерапрыемства адбылося напярэдадні Дня народнага адзінства. Са слоў кіраўніка БДУ, гэта свята мае фундаментальнае значэнне для развіцця нашай краіны.

– Знакавы дзень накіраваны на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ўсяго беларускага народа. Ён нясе ў сабе важныя ідэі міру і яднання, якія асабліва актуальныя ў наш час, – падкрэсліў Андрэй Кароль.

Таксама ён дапоўніў, што сёння ўсё часцей адбываецца сціранне нацыянальных асаблівасцяў дзяржаў, аддаленне людзей адно ад аднаго, з’яўляюцца спробы пабудовы «вавілонскай вежы XXI стагоддзя». Для захавання выключнасці Беларусі, на думку кіраўніка БДУ, варта звяртацца да розных формаў зносін з моладдзю. Размова рэктара з першакурснікамі адбылася ў свабоднай форме. Удзельнікі абмеркавалі актуальныя тэмы для моладзі.

Са слоў Андрэя Караля, выбар студэнцкай аўдыторыі прадыктаваны самім часам. Сёння ў свеце тэхналагічнага прагрэсу роля настаўніка становіцца ўсё больш актуальнай. Менавіта педагог здольны раскрыць унутраны патэнцыял дзіцяці, выхаваць творчую асобу, якая думае. Таму важна весці даверны і адкрыты дыялог са студэнтамі, якім у найбліжэйшай будучыні трэба будзе працаваць з палкімі і маладымі розумамі нашай краіны.

Сустрэча была напоўнена тэматычнай разнастайнасцю пытанняў. Студэнты пыталі пра сучасныя метады навучання, перспектывы развіцця айчыннай школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі. Са слоў рэктара, сёння маладому пакаленню важна навучыцца выбудоўваць унікальную траекторыю свайго жыцця. Для гэтага патрабуюцца досвед старэйшага пакалення, асобасны падыход выкладчыка і матываванасць самога навучэнца. Адказваючы на пытанне пра ўнутраныя якасці сапраўднага педагога, Андрэй Кароль адзначыў чалавекалюбства, уважлівасць да сутнасці любога працэсу і з’явы.

Натхніла першакурснікаў тэма адметных рыс адукаванага чалавека. Сярод іх рэктар вылучыў уменне вучыцца, змяняць сябе, выходзіць за свае межы і глядзець на рэчы з розных бакоў, заглыбляцца ў розныя галіны ведаў. Закранулі ўдзельнікі сустрэчы і эфектыўныя спосабы данясення інфармацыі. Тут навучэнцы абмяняліся меркаваннямі пра сучасныя платформы і сацыяльныя сеткі. Досведам вядзення тэлеграм-канала таксама падзяліўся Андрэй Кароль. Па яго меркаванні, гэта добрая магчымасць знайсці аўдыторыю аднадумцаў, пабачыць розныя пункты гледжання і зразумець асноўныя запыты грамадства.

Гаварылі студэнты з рэктарам і пра асабістае. Кіраўнік ВНУ распавёў пра свой прафесійны шлях і паразважаў, з якім вядомым навукоўцам хацеў бы пагутарыць. У прыватнасці, Андрэй Кароль назваў Сакрата. З яго слоў, гэта знакавая фігура ў гісторыі чалавецтва і заходнееўрапейскай філасофскай думкі.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзяліліся яе ўдзельнікі. Студэнтка факультэта сацыякультурных камунікацый Ганна Ляхоўчык адзначыла, што перадсвяточны дзень падарыў выдатную магчымасць успомніць пра гістарычную спадчыну нашай краіны.

– Сустрэча рэктара з навучэнцамі ўсіх факультэтаў у адной аўдыторыі дазволіла адчуць яднанне і агульнасць, а таксама падарыла новыя знаёмствы і яскравыя ўражанні, – сказала Ганна.

Пра значнасць захавання нацыянальнай памяці распавёў будучы гісторык Максім Куніца. На думку першакурсніка, штогадовае правядзенне Рэспубліканскай дыктоўкі дапамагае захаванню галоўных старонак агульнага мінулага. Падтрымала Максіма навучэнка механікаматэматычнага факультэта Арыяна Варвашэвіч. Дзяўчына не ўпершыню бярэ ўдзел у дыктоўцы і перакананая, што актыўнасць і ўцягнутасць усіх грамадзян у асветніцкія ініцыятывы дазволяць захоўваць суверэннасць і росквіт Беларусі.

Нагадаем, у гонар Дня народнага адзінства на ўсіх факультэтах і інстытутах БДУ было запланавана больш за 50 мерапрыемстваў. Дадзенаму дню былі прысвечаны куратарскія і інфармацыйныя гадзіны, выставы, дыялогавыя пляцоўкі, акцыі і конкурсы. Працягнулася святкаванне на ўрачыстай лінейцы ва ўнутраным дворыку ВНУ з удзелам кіраўніцтва, студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: