Дакрануцца да цуду. Загадкi тураўскіх крыжоў (+вiдэа)

3 Aug, 2016.

Туровский крест

Тураўскі святы крыж, які захоўваецца ў могілкавай Крыжаўзвіжанскай капліцы каля в.Пагост

Поўніцца наша маці-зямля Беларусь рознымі цудоўнымі таямніцамі, загадкамі ды легендамі. Ды такімі, што дзівіцца ўвесь свет на іх і разгадаць намагаецца. Адна з такіх загадак — тураўскія крыжы.

Паводле легенды, каменныя крыжы прыплылі супраць плыні з Кіева. Пра іх напісаны сотні артыкулаў, да іх штомесяц прыязджаюць тысячы паломнікаў, іх увесь час вывучаюць навукоўцы, але пытанняў з кожным днём становіцца ўсё больш. Старажытныя каменныя крыжы нібы раскіданыя па ўсёй Тураўшчыне. Усяго іх налічваецца больш за дзесяць, і яны маюць розную вышыню — ад метра да двух. Але найбольш вядомы так званы Тураўскі, або святы, крыж, які захоўваецца ў могілкавай Крыжаўзвіжанскай капліцы каля вёскі Пагост, на беразе ракі Прыпяць. Яго вышыня складае два метры. Адзін крыж захоўваецца ў храме Усіх Святых горада Турава. Яшчэ адзін — у двары новага кафедральнага сабора ў гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх. Акрамя таго, у Гомельскім абласным краязнаўчым музеі захоўваюцца два крыжы, выяўленыя калісьці на Барысаглебскіх могілках.

Туровский крест

Тураўскі крыж, які заховываецца ў двары новага кафедральнага сабора ў гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх

Але найбольшую цікавасць уяўляе невялікі каменны крыж, які расце наўпрост з зямлі на тэрыторыі Барысаглебскіх могілак. Расці ён пачаў каля 12 гадоў таму, але доўгі час на яго ніхто не звяртаў увагі. Бачная была толькі верхняя невялікая плоскасць, якую лёгка можна было прыняць за камень. Яго нават намагаліся дастаць, как ён не перашкаджаў хадзіць, але той не паддаваўся. Далей адбывалася нешта зусім неверагоднае: памеры крыжа павялічваліся.

Туровский крест на Борисовоглебском кладбищеІснуе вельмі прыгожая легенда пра тое, як з’явіўся гэты крыж. На месцы цяперашніх могілак размяшчаўся калісьці Барысаглебскі манастыр, у якім служыў Марцін (сёння адзін з асабліва шанаваных на Тураўшчыне святых). Стары цяжка хварэў і, не могучы пераносіць боль, горача маліўся пра дараванне яму смерці. І тады яму з’явіліся святыя Барыс і Глеб, напаілі вадой з калодзежа, выкапанага Марцінам яшчэ да хваробы. Святар ачуняў, а вада ў студні, якая была мутнай і нясмачнай з-за суседства з балотам, стала крынічнай. З тых часоў, калі Марцін падаваў ваду з калодзежа хвораму, той хутка здаравеў. Перад смерцю Марцін сказаў: “Магілу маю страціце, але пакажу вам, дзе ляжу, і служыць буду…” Можа, менавіта месца спачынку святога Марціна і пазначае крыж? Як бы там ні было, але з усіх канцоў Беларусі і нават сумежных дзяржаў сюды спяшаецца народ, каб пакланіцца цудадзейнаму крыжу. Жанчыны кладуць на яго свае нацельныя крыжыкі і завушніцы. Кажуць, дапамагае: нармалізуецца артэрыяльны ціск, знікаюць галаўныя болі. Пра шматлікія цудоўныя выздараўленні каля крыжа можа расказаць любы мясцовы жыхар.

Сёлета мне давялося пабываць на Тураўшчыне. Я была вельмі ўражана прыгажосцю кафедральнага сабора свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх.кафедральный собор имени святых Кирилла и Лаврентия Туровских

Але не ад гэтага ў мяне перахапіла дыханне…

Знайсці цудадзейны крыж, на першы погляд, было вельмі складным заданнем. Але ў мяне атрымалася, і вось я за два крокі да адной з самых неверагодных загадак нашай радзімы. Неяк трывожна становіцца на душы, як перед нейкай падзеяй, якую ты так доўга чакала і яна вось-вось адбудзецца. Працягваю руку і дакранаюся да крыжа. Ён цеплы… І нібы жывы. Руку трымаю на крыжы, і па ёй, ад кончыкаў пальцаў і ўверх, падымаецца цеплыня… Адыходзячы ад крыжа, усе яшчэ адчувала, як быццам далонь пульсуе.Туровский крест на Борисовоглебском кладбище

Не паверыла адразу. Вырашыла: столькі прачытала пра гэта месца, што ўжо чакала чагосьці незвычайнага і адчула ўсе тое, што адчувала. Вярнулася. Зноў кладу руку. Неверагодна. Цяпер адчуванне нейкай жывой сілы, якая нібы заструменілася па маіх пальцах і пачала пульсіраваць у далоні, вельмі выразная. І на душы стала так спакойна і хораша, радасна.

Пазней знайшла яшчэ адну цікавую гісторыю. Былая супрацоўніца Тураўскага краязнаўчага музея Валянціна Міронаўна Карась, якая ўвесь час праводзіла экскурсіі, успамінае, як аднойчы да яе прыехаў нейкі чалавек, прадставіўся журналістам і папрасіў паказаць крыж. Яна прайшла з ім могілкі ўздоўж і папярок, а крыж не знайшла. У поўнай упэўненасці, што крыж скрадзены, яна вярнулася ў музей і далажыла пра гэта дырэктару. На наступны дзень у музей прыехала настаўніца з дзецьмі. Даведаўшыся сумную навіну, яна папрасіла паказаць школьнікам хаця б тое месца, дзе рос крыж. Яна пагадзілася. Цяпер ад самай брамкі Барысаглебскіх могілак да крыжа выбрукаваная дарожка, а тады арыенцірам служыла старое сухое дрэва. Падышоўшы да яго, Валянціна Міронаўна не паверыла ўласным вачам: крыж быў на месцы. Жанчына тлумачыць знікненне крыжа тым, што ў незнаёмца, хутчэй за ўсё, былі нейкія цёмныя планы, вось крыж яму і не паказаўся. І гаворыць, што кожны чалавек адчувае энергію крыжа па-рознаму: хтосьці адчувае цяпло, а хтосьці – холад, кагосці прыцягвае, бы магнітам, а іншага адштурхоўвае.

Прачытаўшы гэтую гісторыю, я вельмі ўзрадавалася. Выходзіць, што крыж вырашыў не хавацца ад мяне, што ён дазволіў мне і ўбачыць, і дакрануцца да яго. Кажуць, калі загадаеш жаданне, дакрануўшыся да крыжа, то яно абавязкова збудзецца. Спадзяваюся, што збудзецца і маё. І мне здаецца, што ў гэтым месцы трэба пабываць кожнаму. Хто ведае, можа, крыж і ёсць месца, дзе можна сэрцам дакрануцца да чагосьці, адчуць тое, што нельга нават выказаць словамі.

Надзея КАЧАЕВА

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *