Прывiтанне, Чайнатаун! Патрапіць па праграме абмену ў іншую краіну і стажыравацца там — гэта рэальнасць

1 Aug, 2016.

kayfyn_27

У нашым універсітэце вельмі развіта міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва. Студэнты, якія паглыблена вывучаюць замежныя мовы, маюць магчымасць патрапіць па праграме абмену ў іншую краіну і стажыравацца там два семестры. У адну з такіх праграм патрапіла і Вікторыя ПРЫГОДЗСКАЯ, студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі. Дакладней сказаць, не "патрапіла", а дамаглася свайго вандравання ў Кітай.

mF3VQbnTYUE 1- Як ты вырашыла вывучаць адну з самых складаных моў свету? Чаму абрала менавіта кітайскую?

- "Гісторыя і культура Усходу... Што можа быць больш цікава?" – такія думкі ўзніклі ў мяне ў школе пасля ўроку сусветнай гісторыі. У той момант я моцна загарэлася гэтай тэматыкай. Чытала дадатковую літаратуру, глядзела розныя тэлепраграмы і відэа ў інтэрнэце. Усё, што было звязана з Усходам, усё гэта я вывучала ў вольны ад вучобы час. І вось прайшло нямала часу, я студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ. Заўсёды разумела, што для журналіста ведаць замежныя мовы неабходна, калі хочацца чагосьці большага, чым проста працаваць у раённай газеце, калі хочацца з'ездзіць за мяжу, калі хочацца рэалізаваць сябе, стаць паспяховым чалавекам. Я з тых людзей, якія ўсяго гэтага хочуць. Не лічачы дзвюх дзяржаўных моў нашай краіны, я ведаю польскую мову. Англійская мая на сярэднім узроўні. Хацела вывучаць іспанскую, але вось вучу кітайскую. Ніколі ў жыцці нават думкі не было, што буду вывучаць адну з найскладанейшых моў свету, але жыццё непрадказальнае.

- Ці складана табе давалася яе вывучэнне? Што ў праграме здавалася самым непераадольным?

- Мова складаная, асабліва першыя тыдні 2. Мы сядзелі на занятках з вачыма ў пяць капеек, нічога не разумеючы. Ад гукаў (фанетыкі) , якім нас таксама навучалі, першы час мы смяяліся і не маглі супакоіцца. Бо наш артыкуляцыйны апарат вельмі адрозніваецца ад кітайскай мовы. Каб прамовіць некаторыя гукі, неабходна было вельмі пастарацца і трэніравацца і трэніравацца. Таму першапачаткова было самым складаным проста ўвайсці ў гэту кітайскую хвалю, зразумець, што і навошта. Але праз два тыдні, пасля 4 заняткаў, асабіста ў мяне ўсё стала на свае месцы, я пачала атрымліваць задавальненне ад кожных новых заняткаў, іерогліфа, слова і гуку. А наогул, кітайская займае вельмі шмат часу, калі сапраўды ў цябе ёсць жаданне вывучыць яе. Кожны дзень па 3-4 гадзіны я стабільна прапісваю і завучваю іерогліфы, лексіку (словы), фанетыку. Перыядычна раз у 2-3 дні праглядаю розныя групы “УКантакце”, звязаныя з Кітаем, кітайскія сайты, відэаўрокі на “юцьюбе”, гляджу фільмы з субтытрамі-іерогліфамі. Гэта ўсё я раблю для яшчэ большага развіцця і для атрымання новай інфармацыі, якая, пераварыўшыся ў галаве, відавочна прынясе мне карысць. Безумоўна, перш чым ісці запісвацца на курсы кітайскай мовы, неабходна разумець, куды ты ідзеш, і што цябе чакае.

uoJvEfRO7fg

- На пачатковым этапе вывучэння мовы ўжо была мэта патрапіць на стажыроўку ў Кітай, ці гэта было ў якасці класнага бонуса?

- У мяне першапачаткова была адна мэта: вывучыць кітайскую мову, разбірацца ў кожным іерогліфе, гуку, слове і правіле, якім нас навучалі. І як вынік: здаць іспыт, які вырашыць твой шлях у кітайскай мове, г. зн. паедзеш ты па выніках іспыту і працы на працягу года ў Кітай вучыцца або не. Усё гэта стала для мяне адзінай мэтай. У мяне было жаданне, была стараннасць, я шмат займалася, ішла наперад і вось вынік: іспыт здадзены паспяхова, я другая ў спісе з вынікам у 3 памылкі з амаль 250 заданняў, і я еду вучыцца ў Кітай. Мэта дасягнута, і я вельмі гэтаму радая.

- Гучыць вельмі сур'ёзна, я радая, што ты так паспяхова завяршыла  сваё навучанне кітайскай мовы ў Беларусі. Былі цяжкасці з падачай дакументаў ці ўвогуле з паездкай?

- “Дурдома” з дакументамі хапіла ад і да, калі сумленна. На працягу паўгода пасля іспыту, які ўсё і вырашыў, мы з дзецьмі абівалі розныя ўстановы і кабінеты, праходзілі медкамісію з велізарнай колькасцю ўрачоў. Увесь час заходзілі ў сетку “Укантакце – і наша душа млела ад чарговага паведамлення ў нашай гутарцы :"Дзеці, новая інфармацыя! Тэрмінова!" Нюансаў было вельмі шмат, пра якія нам самім даводзілася даведвацца метадам спроб і памылак. Карацей, было весела ў велізарным двукоссі. Цяжкасці паездкі вы зможаце ўбачыць на маім канале на “юцьюбе”. Я думаю, нас чакае вясёлае вандраванне.

kayfyn_11

- Распавядзі пра горад, у які ты едзеш. Што ты наведаеш у першую чаргу?

- Я буду вучыцца ў горадзе Кайфын, правінцыя Хэнань. Ён размешчаны недалёка ад паўднёвага берага ракі Хуанхэ. Гісторыя гэтага горада бярэ свой пачатак у 364 годзе да нашай эры. У сярэдзіне 17 стагоддзя ў горадзе адбылася буйная паводка, якая прынесла яму вялікія страты.. Толькі праз 20 гадоў пры імператару Кансі горад ізноў аднавілі. Сваё сучаснае аблічча Кайфын набыў у выніку аднаўленчых прац пасля разбуральнай паводкі. Галоўнай выбітнасцю Кайфына лічаць пагаду Бо-Та нягледзячы на тое, што палова збудавання пашкоджана. Старажытны будынак, збудаваны ў сярэдзіне 11 стагоддзя, узвышаецца на 55 метраў. Таму ў першую чаргу я хачу ўбачыць менавіта Бо-Та, раку Хуанхэ, Гадзіннікавую вежу, якая таксама знаходзіцца ў Кайфыне, а затым у планах падарожнічаць па ўсім Кітаі. Я ўпэўнена, у гэтай краіне ёсць на што паглядзець.

Галоўнай выбітнасцю Кайфына - пагада Бо-Та

Жалезная пагада

- Не страшна было адважыцца ехаць у краіну з іншым менталітэтам і іншай культурай адной? Наогул, ёсць у цябе якія-небудзь перажыванні з нагоды пераезду?

- Зусім не страшна, тым больш я еду туды не адна, а з сябрамі, якія гэтак жа, як і я, паспяхова здалі іспыт. Мы ўжо пасябравалі ў сценах універсітэта і сталі вельмі блізка камунікаваць. Так, вядома, Кітай – гэта як паралельны нам сусвет. Там усё па-іншаму. Але мяне не палохае, а, наадварот, прыцягвае і нават вабіць гэта невядомасць. Новае асяроддзе, новыя знаёмствы, універсітэт, інтэрнат, кухня, культура, традыцыі..  Але што можа быць цікавей? Гэта будзе велізарнай прыгодай для мяне і добрым бонусам для таго, каб як мага глыбей вывучыць кітайскую мову. Знаходзячыся ў самой атмасферы Паднябеснай, гэта будзе значна прасцей і больш вынікова.

университет, в котором будет учиться Виктория

Універсітэт, у якім будзе вучыцца Вікторыя

- Ёсць у планах застацца ў Кітаі, ці ўсё-такі пасля стажыроўкі сапраўды вернешся на радзіму?

- Па-першае, я ўдзельнічаю ў праграме абмену, таму па заканчэнні года я буду абавязана вярнуцца сюды, у свой універсітэт, каб скончыць яго. А далей ужо ўсё залежыць ад жадання. Калі раптам я захачу пайсці ў магістратуру ці аспірантуру, то маю велізарныя перавагі ў тым, каб працягнуць навучанне па гэтых дзвюх ступенях у Кітаі. Наконт “застацца і жыць там” дакладны адказ пакуль сказаць не магу, бо пра будні кітайцаў і пра краіну ў цэлым я ведаю толькі з кніг, тэлеперадач і вуснаў іншых людзей, якія там пабывалі. Мне здаецца, каб зразумець, маё гэта ці не маё, трэба самому прачуць гэту атмасферу, самому паварыцца ў гэтай "кітайскай кашы". Але цяпер я ў велізарным прадчуванні і чакаю з нецярпеннем 28 жніўня. Сапраўды пакуль сказаць не магу.

Хутка даведаемся ў Вікторыі і ў іншых студэнтаў, як праходзіць іх навучанне і жыццё ў гэтым "паралельным сусвеце", а пакуль дамо ім час спакойна складаць чамаданы ў далёкі шлях.

 Аліна ДАШКЕВІЧ

Копия Imperial-Street-of-Song-Dynasty-In-Kaifeng-China

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *