Мы помнім усё. На Дзень перамогі ў БДУ ўзгадалі трагедыі і подзвігі вайны [+слайды]

11 мая, 2018.

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Дня Вялікай Перамогі, прайшло ў БДУ. Героямі грамадзянска-патрыятычнай акцыі сталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, выкладчыкі і студэнты.

Вялікая Айчынная вайна закранула мільёны людзей, у тым ліку тысячы студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта. Памяць пра сусветную трагедыю і гераізм суайчыннікаў БДУ старанна захоўвае, кожны год адзначаючы дзень заканчэння вайны, напоўнены болем і радасцю.

7 мая плошча перад рэктаратам пераўтварылася ў палявы ваенны лагер: салдацкая палатка, маскіровачная сетка, нават машыны і тэхнічныя прылады, якія выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах, узоры мужчынскай і жаночай формы і касцюма тых гадоў. Пра жорсткія падзеі 1940-х гадоў усім прысутным нагадала музычна-паэтычная пастаноўка «Каб памяталі…», ключавой тэмай якой стала трагедыя беларускай вёскі Хатынь, уплеценая ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

 «Ва ўніверсітэце на працягу года адзначаецца нямала святаў, але Дзень Перамогі – самае вялікае і значнае. Яно звяртае нас да вытокаў, памяць пра нашу трагічную гісторыю. Напэўна, няма ніводнага чалавека і сям’і, тут прысутных, якіх так ці інакш не закранулі падзеі тых ваенных гадоў. На жаль, летапіс БДУ праймае жудасная прапорцыя – «кожны чацвёрты». У пачатку вайны 450 супрацоўнікаў і студэнтаў ВНУ адправіліся на фронт, а тры чацвёртыя – кавалі Вялікую Перамогу ў тыле. Сёння тут прысутнічаюць людзі розных пакаленняў, кожны з якіх глядзіць на гісторыю па-свойму, але я перакананы, што кошт Перамогі павінен успрымацца адзіна», – падкрэсліў рэктар Андрэй Кароль значнасць гэтай даты ў звернутым да ветэранаў падзячным слове. Таксама кіраўнік БДУ выказаў удзячнасць героям ваенных падзей за магчымасць штогод святкаваць Перамогу і пажадаў ім здароўя, больш зносін з моладдзю, бо гэта фарміруе адзіны погляд на жахі вайны.

Свае перажыванні студэнты адлюстравалі ў тэатральнай пастаноўцы, якая пачалася з верша «Я помню ўсё». Харавая капэла БДУ стварыла адпаведную атмасферу кранальнымі кампазіцыямі. Вядомая спявачка Лідзія Заблоцкая расчуліла да слёз публіку песняй-плачам пра маці, да якой з вайны не вярнуліся чатыры сыны. На канцэрце прысутнічала і шмат студэнтаў з іншых краін. Па словах начальніка аддзела УВРМ Наталлі Капацэвіч, «ветэранаў засталося не шмат, і хочацца, каб ім надавалася ўвагі больш, чым раз на год 9 мая, каб моладзь паспела з імі пагутарыць і даведацца, як людзі ваявалі і працавалі ва ўніверсітэце. З дапамогай прафсаюза мы ладзім розныя дабрачынныя і патрыятычныя акцыі: напрыклад, спецыяльныя майстар-класы, на якіх студэнты робяць падарункі для ветэранаў на святы, асабіста ўручаюць ім дома. Як прадстаўнікі вядучай ВНУ, мы павінны ведаць і несці гэтую гісторыю, і калі студэнт пачуе няправільную трактоўку, ён зможа абараніць праўду і подзвіг нашых продкаў».

Традыцыйна ў рамках мерапрыемства адбылося ўскладанне кветак да мемарыяльнага знака ў памяць студэнтам і выкладчыкам БДУ, загінулым падчас ВАВ. Прадстаўнікі розных пакаленняў універсітэта выказалі даніну павагі загінулым героям пад вядомую кампазіцыю беларускага і савецкага кампазітара Уладзіміра Алоўнікава «Радзіма мая дарагая», якую выканалі музыканты духавога аркестра Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС. Напрыканцы мерапрыемства курсанты ваеннага факультэта БДУ ў гонар Вялікай Перамогі адчаканілі крок пад сімвалічны марш «Развітанне славянкі», а герояў і гасцей ўрачыстасці пачаставалі сапраўднай салдацкай кашай.

«Мой дзень працы ў якасці валанцёра скончыўся на вялікім уздыме. Я была настолькі зачаравана людзьмі, якія зрабілі «нашу перамогу», іх жаданнем жыць, радавацца жыццю і ўсяляць у душы нашага пакалення ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Стаяць з імі побач – гэта вялікі гонар для мяне! Дзякуй Фёдару Сяргеевічу Фешчанку за аптымізм і жыццярадаснасць! Дзякуй Альберту Іосіфавічу Котаву за пазітыўнае стаўленне да нас, маладых студэнтаў! Жывіце доўга! Для мяне гэта былі незабыўныя імгненні сустрэчы з выдатнымі людзьмі,  якія зрабілі перамогу! Яны – частка нашай гісторыі, у якой не павінна быць кровапраліццяў і войнаў!» – кажа валанцёрка Тэрэза Казінко

Вам таксама можа спадабацца: