Філалогія ў грамадскай свядомасці часта акружана міфамі: пра пошук «адзіна правільнага» сэнсу, пра кансерватыўнае захаванне мовы, пра адрэзанасць ад лічбавай рэчаіснасці. Старшы выкладчык кафедры замежнай літаратуры Дар’я Давыдзенка разважае пра сутнасць сваёй прафесіі, развейвае стэрэатыпы і гаворыць пра яе актуальнасць. Яе погляд – гэта сінтэз глыбокай навуковай думкі, педагагічнага досведу і філасофскага разумення таго, як літаратура і мова жывуць у сучасным свеце.
Яе прыход у выкладанне філалогіі быў свядомым выбарам, народжаным з разумення спецыфікі вывучэння мастацкай літаратуры. Для яе гэты прадмет – унікальны спосаб пазнання свету, які прыносіць глыбокую інтэлектуальную радасць. Дакладнага моманту выбару не было, але з гадамі ўпэўненасць у ім толькі мацнела, нягледзячы на непазбежныя крызісы.
– Ні адна іншая справа не выклікае ў мяне такой цікаўнасці і такіх жа эмоцый, – адзначае яна.
Гаворачы пра стэрэатыпы, дзяўчына задумваецца. Па яе словах, ёй пашанцавала, бо ў яе асяроддзі няма людзей, якія мысляць шаблонамі. Тым не менш Дар’я хацела б пашырыць школьнае разуменне літаратуры, а менавіта звядзенне тэксту да адгадвання аўтарскай задумы. Да таго ж, часам аўтары самі пішуць дадатковыя матэрыялы і даюць каментарыі, каб растлумачыць свае ідэі. Філалогія, наадварот, працуе з паэтыкай, наратывам і рэцэпцыяй сэнсаў.
– Такім чынам, часам колер фіранкі ў апісанай сцэне мае значэнне, – з іроніяй дадае наша гераіня.
Самым цяжкім у выкладанні яна лічыць мноства адміністратыўных абавязкаў, якія адцягваюць ад непасрэднай працы ў аўдыторыі. Таксама няпростым для маладой дзяўчыны аказалася знайсці падыход да замежных студэнтаў. Як адзначае Дар’я, спачатку гэта было сапраўднае выпрабаванне, але з кожным разам спраўляцца ўсё лягчэй і лягчэй.
– Самае радаснае ў маёй працы – калі студэнты ўцягваюцца і падаюць нечаканую думку, інтэрпрэтацыю або ракурс, у такія моманты разумееш, што тэма «жывая» і патрэбная. Іх здольнасць бачыць тэксты па-новаму і знаходзіць у іх нечаканыя сэнсы – гэта неацэнны досвед. Я ўпэўнена, што гады майго навучання і назапашвання ведаў былі менавіта для таго, каб дзяліцца імі з новым пакаленнем і будзіць у іх цікавасць да навукі, – з энтузіязмам падкрэслівае выкладчыца
Яе навуковыя інтарэсы, напрыклад, вывучэнне канцэпцыі «Я – Іншы» ў літаратуры XX стагоддзя, непасрэдна адлюстроўваюцца ў выкладанні. Гэтая ўніверсальная катэгорыя дазваляе па-новаму зірнуць на аўтараў розных эпох — ад сярэднявечных да рамантыкаў, дапамагаючы студэнтам убачыць глыбінныя сувязі і скразныя тэмы. Зараз наша гераіня знаходзіцца на фінальнай стадыі напісання дысертацыі «Мастацкае ўвасабленне праблемы “Я – Іншы” ў раманах Марлен Хаўсхофер, Інгеборг Бахман і Эльфрыдэ Елінек». Дзяўчына ўпэўнена, што шчырая цікаўнасць да матэрыялу, які вывучаецца, – залог выбітных поспехаў. Яркім прыкладам служаць курсавая і дыпломная працы, прызнаныя найлепшымі на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. За перамогу ў ім Дар’я яшчэ студэнткай была ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў.
Разважаючы пра будучыню акадэмічнай навукі, Дар’я лічыць, што яе сэнсам павінна заставацца чалавечнасць. «Навука для чалавека, а не чалавек для навукі», – лічыць яна. Мяняецца чалавечае мысленне і жыццё – мяняецца і літаратура. Філалогія дазваляе асэнсаваць, адрэфлексаваць гэты працэс. Кароткія фарматы могуць быць добрымі, і ўжо сустракаюцца даволі глыбокія рэчы са сферы псіхалогіі, біялогіі, фізікі і іншых сфер навуковых ведаў. Сучасныя кароткія фарматы і кліпавае мысленне не пагроза «высокаму» літаратуразнаўству, а новы выклік і магчымасць. Вялізны пласт відэааглядаў, лекцый і кароткіх тэкстаў ад прафесійных філолагаў можа стаць мостам да першакрыніцы.
– Я ўпэўнена, што такія фарматы здольныя спрыяць гэтаму, – адзначае яна , маючы на ўвазе паўнавартаснае чытанне і глыбокі аналіз.
Дынамічныя змены ў мове – новыя словы, запазычанні, інтэрнэт-слэнг, з’яўленне якіх магчымае шмат у чым дзякуючы развіццю новых тэхналогій і сацыяльных сетак – Дар’я ставіцца да іх як да натуральнага працэсу. Лексіка, на яе думку, самы рухомы ўзровень мовы, і яе эвалюцыя адлюстроўвае змены ў грамадстве, а не дэградацыю.
Класіка, з яе пункту гледжання, не мае патрэбы ў штучнай «абароне». Тое, што можа не зачапіць школьніка, здольнае стаць адкрыццём для дарослага чалавека з дапытлівым розумам. Задача выкладчыка не навязваць, а мякка паказваць магчымасці, якія адкрывае дыялог з вялікай літаратурай.
– Класічная літаратура гаворыць сама за сябе і сама за сябе пастаіць. Пазнаваць жыццё і сябе праз дыялог з вялікай літаратурай – занадта эфектыўны і захапляльны занятак, каб мець патрэбу ў абароне, – акцэнтуе Дар’я.
Размова з Дар’яй Давыдзенка пакідае адчуванне спакойнай упэўненасці. Не ў тым, што ўсё вядома, а ў тым, што працэс пазнання бясконца захапляльны. Бо філалогія – гэта гісторыя не пра захаванне зацвярдзелых догмаў, а пра жывы дыялог. Дыялог з тэкстам, са студэнтам, з эпохай. Яе пазіцыя здымае лішняе хваляванне за лёс мовы і літаратуры, нагадваючы, што іх сіла – у адаптыўнасці і глыбіні. Галоўная задача сёння не адгароджвацца ад новых фарматаў і змен, а выкарыстоўваць іх як інструмент, заўсёды памятаючы пра мэту: каб чалавек мог сустрэцца з вялікім тэкстам і праз яго лепш зразумець сябе і свет. Філалогія, застаючыся вернай сваёй навуковай строгасці, становіцца мостам паміж вечным і актуальным.
Марыя КАРКВЕЛІС
