Дні адчыненых дзвярэй у БДУ – гэта магчымасць убачыць універсітэт знутры і зразумець, ці падыходзіць табе гэты шлях. Яны праходзяць у фармаце сустрэч, прэзентацый, майстар-класаў і нефармальных зносін. Абітурыенты могуць пазнаёміцца з факультэтамі і спецыяльнасцямі, задац ь пы танні вы клад чы кам , с т удэн там і прадстаўнікам прыёмных камісій, даведацца пра асаблівасці ўступных экзаменаў, навучальнага працэсу і жыцця па-за вучобай. Такі фармат дазваляе не проста атрымаць інфармацыю, але і параўнаць розныя напрамкі, пабачыць адрозненні ў атмасферы факультэтаў і зразумець, дзе ўзнікае адчуванне «свайго» месца. Менавіта ў гэтым кантэксце асабістыя ўражанні і жывыя эмоцыі важнейшыя за сухія факты.
Студэнты – абітурыентам: дапамога з першых рук
Важную ролю ў арганізацыі такіх мерапрыемстваў іграюць студэнты-валанцёры. Для многіх з іх удзел у днях адчыненых дзвярэй – гэта спосаб вярнуць тую падтрымку, якую яны самі атрымалі некалькі гадоў таму. Студэнт першага курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук, будучы псіхолаг, Яраслаў Кірычук узгадвае, што яго ўласнае знаёмства з факультэтам пачалося менавіта з такога мерапрыемства:
– Я стаў валанцёрам, таму што памятаю, як у свой час сам абітурыентам прыйшоў на факультэт на дзень адчыненых дзвярэй. Тады мне вельмі дапамаглі: падказалі, куды ісці, распавялі, што і дзе будзе праходзіць. Цяпер я хачу дапамагчы іншым, – распавядае Яраслаў.
У дзень мерапрыемства валанцёры суправаджаюць гасцей, дапамагаюць арыентавацца ў будынку, знаходзіць аўдыторыі для майстар-класаў, адказваюць на пытанні і ўдзельнічаюць у саміх занятках. Для абітурыентаў гэта асабліва важна: зносіны са студэнтамі здымаюць напружанне і разбураюць вобраз «недаступнага» ўніверсітэта.
Веды праз вопыт
Менавіта жывыя зносіны і асабістыя ўражанні становяцца для многіх вырашальным фактарам у выбары будучай спецыяльнасці. Ксенія Новікава, вучаніца 10 класа з Маладзечна, прызнаецца, што пакуль не вызначылася канчаткова, але дзень адчыненых дзвярэй дапамог ёй лепш зразумець свае інтарэсы:
– Пакуль дакладна не ведаю, ці буду паступаць на ФФСН. Я прыехала паглядзець на спецыяльнасць «сацыялогія». Яна пра ўсё, і таму мне спадабалася. Тут мне таксама сказалі, што гэта шырокая спецыяльнасць, і гэта пацвердзіла маю думку. Якраз такое мне і трэба, – дзеліцца Ксенія.
Па яе словах, ніякая інфармацыя на сайце не можа замяніць асабістай прысутнасці:
– Мне важна прыехаць ва ўніверсітэт, а не проста пачытаць пра яго. Цікава пагутарыць з людзьмі, убачыць іх, даведацца шчырае меркаванне. Я была яшчэ на дні адчыненых дзвярэй факультэта міжнародных адносін – там зусім іншая атмасфера, больш афіцыйная. На ФФСН усё па-іншаму, больш расслаблена. Гэта дапамагае адчуць адрозненні. Такія мерапрыемствы сапраўды дапамагаюць зрабіць выбар.
Ксенія адзначае, што сярод яе аднакласнікаў такія паездкі пакуль не вельмі папулярныя, аднак для яе гэта магчымасць не толькі даведацца пра прафесію, але і пашырыць кола зносін, пазнаёміцца з новым горадам і ўніверсітэцкім асяроддзем.
Свядомы выбар пачынаецца з сустрэчы
У юрыдычным каледжы БДУ фармат зносін з абітурыентамі выбудаваны максімальна інфарматыўна. Намеснік дырэктара па вучэбнай працы юрыдычнага каледжа БДУ Ніна Урублеўская падкрэслівае, што галоўная задача такіх сустрэч – дапамагчы зрабіць усвядомлены выбар:
– Я раблю прэзентацыю каледжа і праводжу інфармаванне па паступленні. Складанага ў працы з абітурыентамі нічога няма, гэта цікава – дапамагаць людзям вызначыцца. Фармат звычайна традыцыйны, таму што конкурс вялікі і абітурыентам патрэбная канкрэтная інфармацыя, – адзначае яна.
Па словах Ніны Урублеўскай, ніякая інфармацыя на сайце не можа замяніць асабістай прысутнасці. Нават самы падрабязны сайт, прэзентацыі і відэаролікі не даюць поўнага ўяўлення пра тое, якім на самай справе з’яўляецца факультэт і ўніверсітэт у цэлым. Асабістая прысутнасць дазваляе ўбачыць аўдыторыі, паназіраць за зносінамі студэнтаў і выкладчыкаў, адчуць тэмп і рытм універсітэцкага жыцця. Менавіта ў такіх дэталях фарміруецца сапраўднае ўражанне, і яго немагчыма атрымаць праз экран. Акрамя таго, магчымасць задаць пытанне наўпрост і адразу атрымаць жывы, шчыры адказ дапамагае абітурыентам пазбавіцца ад сумненняў і страхаў, якія часта суправаджаюць выбар будучай прафесіі:
– Адна справа – пачытаць на сайце, і зусім іншая – прыйсці, убачыць, дзе знаходзіцца навучальная ўстанова, паглядзець на навучальны працэс, пранікнуцца ўніверсітэцкім духам. Гэта вельмі карысна. І, вядома, пазней я бачу ў спісах залічаных навучэнцаў тых, хто наведваў дні адчыненых дзвярэй.
Калі важна не толькі чаму, але і з кім вучышся
Для старшакласнікаў , якія ўжо вызначыліся з напрамкам, такія мерапрыемствы становяцца вырашальным пунктам ва ўласным выбары . Абітурыентка факультэта журналістыкі Паліна Саўлоўская прызнаецца, што пасля дня адчыненых дзвярэй яе сумневы зніклі канчаткова:
– Мае меркаванне пра БДУ моцна змянілася: я канчаткова пераканалася ў выбары спецыяльнасці. Я больш падрабязна даведалася пра асаблівасці ўступных экзаменаў і жыццё факультэта. З’явілася матывацыя яшчэ больш рыхтавацца да ЦЭ і ЦТ, а таксама да ўступных выпрабаванняў, – кажа Паліна.
Асаблівае значэнне для яе мелі зносіны са студэнтамі і выкладчыкамі. Па словах Паліны, такія размовы аказаліся не проста інфарматыўнымі, але і псіхалагічна важнымі. Студэнты дзяліліся асабістым вопытам паступлення, распавядалі пра першыя цяжкасці і дасягненні, пра тое, як праходзіць вучоба і жыццё па-за вучобай. Гэта дазволіла ўбачыць рэальны шлях ад абітурыента да будучага спецыяліста і зразумець, што ўсе этапы – пераадольныя . Выкладчыкі , у сваю чаргу, дапамаглі сфарміраваць уяўленне пра ўзровень патрабаванняў, падыход да навучання і зацікаўленасць у студэнтах. Усё гэта стварыла адчуванне адкрытасці і падтрымкі, асабліва каштоўнае на этапе прыняцця рашэння:
– Гэта было вельмі карысна. Асабліва зносіны са студэнтамі, бо літаральна пару гадоў таму яны былі ў такім жа становішчы, як я цяпер. Пасля размоў мне стала больш спакойна. Гэтыя людзі стараліся паступіць, вучыліся, пісалі матэрыялы, і ў іх атрымалася. Спадзяюся, што ў мяне таксама атрымаецца.
Кажучы пра крытэрыі выбару ўніверсітэта, Паліна падкрэслівае не толькі ўзровень адукацыі, але і атмасферу. Для яе важна адчуваць сябе часткай супольнасці, дзе цэняць ініцыятыву, узаемную падтрымку і прафесійны рост. Атмасфера даверу і ўцягнутасці, пра якую гавораць і студэнты, і выкладчыкі, фарміруе жаданне не проста вучыцца, а развівацца, спрабаваць сябе ў прафесіі яшчэ падчас навучання. Калі факультэт успрымаецца як вялікая каманда аднадумцаў, узнікае ўнутраная матывацыя працаваць больш старанна і імкнуцца да высокіх вынікаў. Менавіта такое спалучэнне моцнай акадэмічнай базы і цёплага ўніверсітэцкага асяроддзя стала для Паліны вырашальным:
– Калі выкладчыкі і студэнты кажуць, што журфак – гэта адна вялікая сям’я, вельмі хочацца стаць яе часткай. У журфака БДУ шмат паспяховых выпускнікоў, а гэта значыць, што тут даюць моцныя веды. Мне хочацца стаць добрым спецыялістам у сферы журналістыкі.
Гісторыі абітурыентаў, студэнтаў і арганізатараў паказваюць: дзень адчыненых дзвярэй – гэта не фармальнае мерапрыемства, а важны этап на шляху да будучай прафесіі. Тут сустракаюцца чаканні і рэальнасць, фарміруюцца першыя ўніверсітэцкія сувязі і з’яўляецца ўпэўненасць ва ўласным выбары.
Дні адчыненых дзвярэй у Беларускім дзяржаўным універсітэце будуць праходзіць да красавіка ўключна. Актуальную інфармацыю пра даты і фармат мерапрыемстваў на канкрэтных факультэтах можна знайсці на афіцыйным сайце БДУ.
Ксенія СМІРНОВА
